Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў  Іштван Эркень

Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў

Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
44.69 МБ
— Але ўсё ж было, напэўна, і ў вашым жыцці нешта светлае, пра што прыемна ўспомніць?
— Нешта не прыпомню такога.
— Ну, напрыклад, нават з таго, як абыходзіцца з вамі стары Франё, відаць, што на працы вас цэняць.
— Ведама, цэняць, чаму ж не цаніць! Дзе яны другую такую дурніцу знойдуць? Сказалі: трэба зрабіць — і ведаюць наперад, што ўсё будзе зроблена як найлепей.
— Дык што, і ружаў вы не любілі?
— Во дзякуй, што напомнілі! He, ружы я ўсё сваё жыццё любіла.
— Раскажыце нам што-небудзь пра ружы.
— Пра ружы? А што ж пра іх расказваць?
— Даруйце, калі ласка. Недарэчна было прасіць пра гэта.
— Чаму недарэчна, гэта я такая бесталковая. Колькі сябе помню, нічога другога і не рабіла, акрамя як ружы даглядала, а ўсяго адно і ведаю пра іх, што няма за ружу прыгажэйшай кветкі на свеце.
— Дзякуй, гэтага і дастаткова. Можа, адпачняце крыху?
— Ваша праўда, змарылася я нешта. Але калі для вашага фільма яшчэ чаго трэба, то вы пытайцеся, не саромцеся.
— Паспіце. Вам не перашкодзіць, калі мы тут пабудзем?
— Мне цяпер ніхто не перашкодзіць.
— Ну то і паспіце, а мы пасядзім ціха.
ДРУГАЯ ПАЛОВА ДНЯ
Міка спала. Рэжысёр і аператар зашыліся ў кут, сядзелі, чакалі. Час цягнуўся марудна. Тэлевізійнікі не адважваліся ні размаўляць, ні курыць. Зрэдку заходзіла Мама, нізка нагіналася над дачкою, каб разгледзець яе твар, і зноў выходзіла. Зусім сцямнела, калі вярнуліся з работы Нуоферы. Стараючыся не шумець, яны прашмыгнулі на кухню і запалілі там святло. Цішыня стаяла глыбокая. Нават аўтобусы як быццам праносіліся не з такім шумам, каб не патрывожыць сонную.
Каля ўваходных дзвярэй пачуўся званок. Міка прачнулася. Аператар пайшоў адчыняць дзверы: гэта быў доктар Цісаі — у белым халаце, проста з бальніцы. На некалькі хвілін, пакуль ішоў агляд хворай, ён паслаў усіх у пярэднюю.
— Каб хоць не правароніць апошніх паведамленняў,— уздыхнуў Корам.
— У нас яшчэ дваццаць хвілін у запасе,— супакоіў
яі'о аператар, зірнуўшы на свой гадзіннік са святлівым цыферблатам.
Цісаі паклікаў іх: можна ўвайсці.
— Будзьце напагатове,— шапнуў ён.— Я таксама застануся пры ёй.
Міка не спала, аднак на гэты раз яна нават не павярнула галавы да тых, хто ўвайшоў.
— Хто там,— спыталася яна ледзь чутным, саслабелым голасам.
— Гэта мы, з тэлебачання.
— Паклічце Маму і Нуофераў. Няхай усе будуць сабраўшыся.
— Зараз,— з гатоўнасцю кінуўся да дзвярэй Аран.— I калі дазволіце, я прынясу тэлевізар.
— Нашто? Я ж яго ўсё роўна не гляджу.
— А раптам будзе што-небудзь цікавае?
— Мне цяпер ні да чога цікавасці няма.
Унеслі тэлевізар. Паставілі яго на крэсла супраць ложка. Аператар прывёў Маму, пасадзіў яе, потым прымусіў перасесці ў другое месца, каб яна не засланяла Марышкі. Прыйшлі Нуоферы і сталі ў дзвярах. Маладзіца старалася стрымаць слёзы. Аператар, скончыўшы падрыхтоўку, зноў адышоўся ў свой кут.
— Пачнём?
— У мяне ўсё гатова.
— Тады я ўключаю,—■ сказаў Аран і павярнуў рычажок.
Рэжысёр і аператар стаялі ззаду тэлевізара і толькі па дыктарскім тэксце здагадваліся, што адбываецца на экране.
Ага, гэта рэпартаж пра паводку. Плаціны мацуюць мяшкамі з пяском. Гаротнае становішча арабскіх бежанцаў. Пуск новай вытворчай лініі на электралямпавым заводзе. Паседжанне Акадэміі навук. I нарэшце!.. Дзякуй богу, перадача паспела ў час.
— Наш спецыяльны карэспандэнт паведамляе: у
Будафоку адкрылася першая міжнародная выстаўка ружаў і праводзіцца конкурс на званне найлепшай сартавальшчыцы.
Тэлевізар падсунулі як мага бліжэй да ложка Міка.
— Божа,— выдыхнула яна, стараючыся прыўзняць галаву. Вочы яе не адрываліся ад экрана.— Божа мой, гэта ж наша гаспадарка! Памажыце мне падняцца, калі ласка!
Прафесар абхапіў хворую за плечы, прыўзняў і падклаў ёй пад спіну складзеную ўдвая падушку.
— А вам усім добра відаць? — спыталася Марышка. Голас яе загучаў чыста, выразна, быццам са старога жалеза наждаком знялі ржу.— Глядзіце, Франё! А сцягоў, сцягоў колькі! Вунь яны, нашы ружы! Гэта Мефістофель, з вострава Маргіт. А гэта Шэвалье Дэльбор з поўдня Францыі, колер у яе непараўнаны, густа-чырвоны, як шкада, што на экране дрэнна відаць! А гэта — Чардаш, светла-светла-ружовая, таксама з вострава Маргіт, вывеў гэты сорт Бергер. Вунь тая жоўтая называецца Фламінга. Глядзіце, глядзіце, гэта Містэрыя, сарцавіна ў яе белая, а з краёў пялёсткі чырванеюць. Ах, да чаго ж няўдала паказана, гэта ж канадская Жамчужына мора, яна ўся так і пераліваецца з жоўтага ў бардова-чырвоны. Каб вы бачылі, наколькі яна прыгажэйшая жывая! А вунь Новая Еўропа, родам з Бона, з Германіі. Цяпер адзін за адным пайшлі шведскія сарты, а гэта нашы — Цытранела і Прынцэса Феры. Матачкі, ды гэта ж, мабыць, Кантар, мая напарніца! Яна прапанавала першая, каб нам выступіць на конкурсе з Паміраючым лебедзем, мы з ёй разам пра ўсё дамовіліся, шкада толькі, што дрэнна відаць, а сама кветка наша куды прыгажэйшая. Ружа ўся чыста белая, і толькі збоку пунсовая крапінка, гэта я прыдумала — прышчапіць ад чырвонага Таманга, як усё роўна кропля крыві ў тым месцы, дзе ў лебедзя рана. Хто ж выйшаў на першае месца, не мы часам? Куды ж Франё
дзеўся? А гэтага чалавека, каму прыз уручаюць, я зроду ў вочы не бачыла. Хто ведае, каб не захварэла я не ў пару, мо і нам якую-небудзь узнагароду прысудзілі б? Ах, ужо канец! Паказалі не надта ўдала, але ўсё роўна на душы добра, быццам я сама там пабыла. Дзякуй вам, маладыя людзі, ад усяго сэрца, і вам, пан прафесар, дзякуй. Дзякуй, мне нічога не трэба, я адчуваю сябе добра.
Урач зрабіў Марышцы ўнутрывенную ін’екцыю, але на гэты раз нікога не высылаў з пакоя. Вочы хворай былі расплюшчаныя. Коўдра падымалася і апускалася на жываце, вялікім, як у цяжарнай. Жыццё яшчэ тлела ў ёй, але сама яна ўсёй сваёй істотай ужо скіравалася кудысьці далёка-далёка...
Прафесар Цісаі прысеў каля хворай. Камера працавала без перапынку. Ніхто не рухаўся. Цішыня была абсалютная. Час як быццам запаволіў свой ход. Аператар глянуў на Арана, але той зрабіў яму знак не выключаць камеры, як ні зацягнецца гэтая паўза
Праз доўгі час Марышка загаварыла. Словы зляталі з губ ледзь улоўныя, як уздых:
— Паклічце да мяне Маму.
— Тут я, дачушка. Падаць табе што?
Ніякага адказу. Доктар Цісаі намацаў пульс хворай. Марышка ўсё яшчэ дыхала, толькі цяпер дыханне яе стала шумным. Вочы яе шырока расплюшчыліся, позірк быў скіраваны ў столь. Рэжысёр падышоў да ложка.
1	Пасля сюды былі ўманціраваны кадры, раней знятыя ў кветаводчай гаспадарцы «Першацвет». Кадры гэтыя таксама пакінулі неагучанымі, людзі рухаліся бясшумна, толькі губамі варушылі, як нямыя, а навокал раскінуліся неабсяжныя палі ружаў. Маўклівасць квітучых палеткаў і мёртвы спакой у доме Міка памацнялі адчуванне цішыні, быццам увесь свет змоўк на гэтыя хвіліны. Гэта адна з самых удалых мясцін у фільме.
— Прашу вас, збярыцеся з сіламі і, калі можаце, павярніцеся, калі ласка, да вашай матулі.
Міка памалу павярнула галаву, але не туды, дзе сядзела Мама і астатнія людзі; невідучымі вачыма яна ўтаропілася ў пустату.
— Шандар таксама тут?
— Тут я,— ледзь чутна выдыхнуў Нуофер.
— Няхай Шандар возьме Маму за руку.
— Сядайце побач са старой,— шэптам падказаў Аран,— і глядзіце ў аб’ектыў.
Усе ў пакоі, як згаварыўшыся, перайшлі на шэпт, быццам вымаўленае ўголас слова магло пашкодзіць хворай.
Нуофер падсеў на ложак да Мамы, узяў яе руку ў свае.
— Цяпер вы разам? — папыталася Міка.
— Разам мы, дачушка, разам,— паспяшалася супакоіць яе Мама.
— Мы сядзім поплеч,— дадаў Нуофер.
— Бачыш ты нас, Марышка? — ціха спыталася Мама.
Адказу так і не дачакаліся.
Усе ў пакоі замерлі; вось нарэшце ў хворай вырваўся глыбокі ўздых.
— Кончылася! — усхліпнула Мама.
Прафесар, знайшоўшы ў Марышкі пульс, адмоўна пакруціў галавою: не. Яшчэ не. Яшчэ жывая. Але Аран, быццам падпарадкоўваючыся інстынкту, беспамылкова ўлавіў набліжэнне рашучай хвіліны і зрабіў знак аператару. Каб самому не трапіць у кадр, рэжысёр прайшоў уздоўж сцяны да самых дзвярэй. Аператар з камерай зрабіў той самы манеўр. Ад дзвярэй Аран падаўся да ложка. Ен урэзаўся ў застылую кучку людзей, распіхаючы іх направа-налева, разлучыў жонку Нуофера і хлопчыка, Шандара і Маму.
Па ўтвораным праходзе за ім паволі пасоўвалася Ka-
мера, але вось і камера замерла, зусім блізка ад твару Марышкі.
Інстынкт не падвёў Арана. У гэты момант доктар Цісаі выпусціў руку Марышкі, падняўся і двойчы кіўнуў галавой. Смерць настала. I не было ў гэтым нічога, ад чаго робіцца страіпна ці вусцішна; заплюшчыліся вочы, упала набок галава, коўдра болей не падымалася і не ападала. Проста не стала чалавека. Апушчаныя павекі Міка — як кропка ў канцы фразы, на іх і спыніўся кадр.
Пахаванне прыпала на невясёлы, пахмурны дзень. Нізкія, чорныя хмары зацягнулі неба і сярод дня агарнулі горад цемрай,
Гэта прыглушанае асвятленне, бадай, найлепш адпавядала журботнай цырымоніі, але зусім не спрыяла здымкам.
Каля капліцы на могілках сабраўся такі вялізны натоўп праважатых, што тэлевізійнікі адразу падумалі, што пераблыталі час ці месца пахавання. Гэтулькі сваякоў, сяброў і знаёмых у Міка наўрад ці набярэцца. Калі рэжысёру і аператару ўдалося нарэшце прабіцца да ўваходу ў капліцу, іх спыніў нейкі стары, апрануты ў чорны парадны гарнітур.
—■ Вы часам не памыліліся? Тут хаваюць адну работніцу з кветаводчай гаспадаркі.
— Ці не Міка?
— Так і ёсць, Марышку Міка мы хаваем.
— Тады ўсё правільна, нам сюды.
Прыход работнікаў тэлебачання выклікаў перапалох. Дарослыя людзі — і мужчыны, і жанчыны — стараліся схавацца за суседа, і толькі дзеці не баяліся трапіць у кадр. Пачалося адпяванне нябожчыцы. Міка была пратэстанцкай веры. Малады пастар, якому пахавальная цырымонія пакуль яшчэ не стала руцінай, страшэнна нерваваўся перад наведзенай на яго тэлека-
мерай. Голас у яго зрываўся, а пад канец і зусім сеў
Труна як не ламалася пад цяжарам ружаў. Кветак было столькі, што за пахавальным катафалкам прыйшлося пусціць яшчэ адзін, нагружаны вянкамі і букетамі. Маму, якая праз жалобны вэлюм бачыла яшчэ горш, чым заўсёды, вёў да магілы Аран.
— Вы ўжо зрабіце так, каб мяне не было відаць у тэлевізары,— папрасіла яна.
— Вам не хочацца трапіць у кадр? А чаму?
— Плакаць я не ўмею, а суседзі потым, як убачаць, мне ўсе костачкі перамыюць.