Шляхам пошукаў i адкрыццяў
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі
Памер: 167с.
2013
5. Адзін куш вялікі срэбраны, абсаджаны старымі талерамі.
6. Бурдзюк срэбраны пазалочаны, з кветкамі і ланцужком срэбраным.
7. Фаерка срэбраная на трох ножках. У сярэдзіне лямпа.
8. Каламар (чарнільніца. — А. Я.) на стол... у заставе Ў Гданьску.
9. Люстэрка 4-граннае вялікае, з рамай срэбранай пазалочанай.
Зэгары (гадзіннікі. — А. Я.) і люстры
1. Зэгар вялікі, пазалочаны, асабліва прыгожы, на якім Атлант трымае свет.
2. Зэгар вялікі, французскі, пазалочаны, з эмалямі, адбівае гадзіны, з компасам, на п’едэстале, мною куплены.
3. Зэгар вялікі, перспектыва (від) начная.
4. Зэгар пазалочаны, на п’едэстале з эбенавага дрэва, наверсе — галерэйка з камянямі.
5. Зэгарак акруглы, без боя, як свет.
6. Зэгарак малы, з боем, вісячы ў дрэве.
7. Зэгарак пазалочаны, акруглы, малы, вісячы з анёлкам на компасе (дарожны? — А. Я.).
8. Зэгар Precmetalowy 4-хгранны, вялікі, з компасам наверсе (пераносны, карэтны? — А. Я.).
9. Зэгар бронзавы акруглы, на ім «Укрыжаванне».
10. Зэгар большы, акруглы, вісячы, са срэбранымі анёлкамі, з перпендыкулярам і са шклом.
11. Зэгар Precmetalowy 4-гранны пасрэбраны, з трыма слупамі.
12. Зэгар сталовы Precmetalowy 4-гранны, пазалочаны, адбівае гадзіны.
13. Зэгар з хлопчыкам, які трымае герб Радзівілаў, крышталь de Roche, ардынацкі.
14. Люстра бронзавая, з зэгарам, пазалочаная, да яе эсаў (ражкоў. — А. Я.) вялікіх 8, між іх галовак анёлкаў 4, нехапае 3-х анёлкаў; эсаў меншых 8, нехапае двух галовак; эсаў яшчэ меншых — 8, эсаў яшчэ меншых з галоўкамі — 8. Асоба вялікая, на версе... Асоб 8, якія трымаюць трубкі для свечак, адной нехапае.
Варкабніцы (дошкн для гульні ў шашкі. — А. Я.).
1. Варкабніца сярэбраная пазалочаная з яшмамі, на сподзе — аксаміт кармазынавы, золатам гафтаваны. Са скарбца Льва Сапегі мне падараваны.
2. Варкабніца, абсаджана слановай косцю ўнутры, з Нумізмата срэбранымі пазалочанымі каралёў польскіх, уся гісторыя польская.
3. Варкабніца, слановай косцю усаджана.
4. Варкабніца з косці зубра.
Шкатулы
1. Шкатула з Numizmata старасвецкімі, ардынацкая, абіта аксамітам і срэбрам.
2. Шкатула драўляная з Numizmata.
3. Шкатула ардынацкая старасвецкая з кіпарысу, апраўлена ў пазалочанае срэбра.
Заўвагі
1 Сыракомля У. Добрыя весці. — Мінск, 1993. — С. 221.
2 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). — Ф. 694. — Воп. 2. — Адз. зах. 2701/2.
3 НГАБ. — Ф. 694. — Воп. 2. — Адз. зах. 4977.
4 Гл. пра гэта: Karkucinska W. Anna z Sanguszkow Radziwillowa.. — Warszawa, 2000. — S. 14.
5 Тут яўна маецца на ўвазе Катажына Сабеская, маці канцлера Караля Станіслава Радзівіла.
6 Сыракомля У. Добрыя весці... — С. 269.
7 НГАБ. — Ф. 694. — Воп. 2. — Адз. зах. 5955.
8 Сыракомля У Добрыя весці... — С. 272-273.
9 Сыракомля У Добрыя весці... — С. 276-278.
10 Цыт. па: Сыракомля У. Добрыя весці... — С. 279.
11 НГАБ. — Ф. 694. — Bon. 1. — Адз. зах. 55, л. 93.
12 Сыракомля У Добрыя весці... — С. 278.
13 Ordynek — парадак, строй.
А. Скеп’ян
МАСТАЦКІЯ ТКАНІНЫ Ў ЗБОРАХ РАДЗІВІЛАў
Сярод шматлікіх пазіцый у мастацкіх калекцый, якія збіраліся Радзівіламі на працягу многіх пакаленняў, не апошняя месца займаюць мастацкія тканіны, пад якімі мы часцей за ўсё маем на ўвазе тканыя вырабы з воўны, ядваба (шоўка) з дадаткам залатой і срэбранай ніці. У розныя гістарычныя перыяды маглі выступаць пад назвамі «аррасы, шпалеры, габелены». У крыніцах, а для нас гэта розныя інвентары маёмасці прадстаўнікоў дзвюх галін Радзівілаў: нясвіжскай і біржайскай, яны на працягу XVI — XVIII ст. сустракаюцца пад назвай шпалеры. Менавіта гэтым азначэннем мы і будзем карыстацца. У сувязі з музеефікацыяй Нясвіжскага замка ў навуковай і папулярнай літаратуры ўсё часцей узнікае тэма «радзівілаўскіх шпалер» і абставін, звязаных з іх стварэннем. У сваёй працы «Радзівілаўскі Нясвіж» В. Бажэнава разгледзела асноўныя версіі іх стварэння, сюжэтнай лініі і стана захаванасці на дадзены момант1. Мы хацелі б пагаварыць пра тыя творы, што папярэднічалі ім ў інтэр’ерах радзівілаўскіх рэзідэнцый.
Прыход новых павеваў заходнееўрапейскай культуры ў першую чаргу насіў для прадстаўнікоў арыстакратыі беларускіх зямель ВКЛ вонкавы характар, і на першым этапе, амаль не закранаў сферу рэлігіі і светапогляду. Павялічэнне колькасці кантактаў з імператарскім дваром Габсбургаў, замежных падарожжаў прадстаўнікоў шляхты ВКЛ (адным з першых быў Солтан Аляксандравіч у 1467 — 1469гг.2) прыводзіла і да з’яўлення ў шляхецкіх рэзідэнцыях твораў заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Праяўлялася гэта ў выкарыстанні новых матэрыялаў у будаўніцтве, змяненні фасонаў вопраткі, аздаблення ўнутранай прасторы жылля. 3 20-х гг. XVI ст. сцены акрамя роспісу па тынкоўцы пачалі дэкаравацца самымі рознымі матэрыяламі: ад дрэва і тканін розных гатункаў да скуры (курдыбанаў). Трэба заўважыць, што пакрыццё сцен дыванамі і іх імітацыямі, цяжкімі тканінамі, першапачаткова насіла ўтылітарны характар — прыкрыць шчыліны ў драўляных сценах і зрабіць больш цёплымі каменныя і тынкаваныя сцены. Тканіны (апоны, абіцці, запоны, шпалеры) былі рознага гатунку: шаўковыя і паўшаўковыя (адамашак, ядваб, аксаміт, кітайка), ваўняныя (кір, фалендыш, мураўскае і люнскае сукно).
3 пачаткам фарміравання магнатэрыі, прадстаўнікі якой у сваёй большасці выходзілі з ліку паноў радных, што займалі вышэйшыя дзяржаўныя ўрады, пачынае ўзрастаць і роля іх атачэння і жылля. У Вільні пачынаюць будавацца двары з цаглянымі палацамі, што падзяляліся на рэпрэзентацыйную і жылую часткі, якія раней не вылучаліся ў шляхецкім жыллі.
Парадныя залы пачалі патрабавацца ў сувязі з неабходнасцю рэпрэзентацыі грамадскага становішча вышэйшых ураднікаў. Адным з спосабаў паказу сваёй заможнасці і ўплывовасці была дэманстрацыя мастацкіх збораў тканін, жывапісных твораў, зброі, кніжных і нумізматычных збораў. Іх наяўнасць была адным з абавязковых атрыбутаў шляхецкага жылля, тым, што адрознівала яго ад мяшчанскага3.
Мастацкія тканіны (з пэўнай тэматыкай) тыпу шпалер замаўляліся магнатамі за мяжою праз гандлёвых агентаў у Гданьску ці непасрэдна ў Італіі, Галандыі. Многія карысталіся паслугамі кракаўскай гандлёвай фірмы Мантэлупі, якая мела свае прадстаўніцтвы ў Кракаве і Гродне.
Радзівілы хутчэй за ўсё ішлі за агульнымі тэндэнцыямі ў модзе. Мастацкія сродкі сталі і сродкамі палітычнай барацьбы. Нельга забываць, што канец 20-х гг. XVI ст. прайшоў пад знакам барацьбы за ўплыў у дзяржаве паміж А. Гаштольдам, К. I. Астрожскім і М. Радзівілам. Усе вышэйшыя ўраднікі прэтэндавалі на месца першай асобы ў дзяржаве і пры вялікім князі літоўскім Жыгімонце Старым, а значыць імкнуліся ад-
павядаць свайму статусу. У адрозненні ад К. I. Астрожскага, які, будучы праваслаўным, прытрымліваўся традыцыйнага ладу жыцця, М. Радзівіл і А. Гаштольд як каталікі былі болып адкрыты ўплыву заходнееўрапейскіх традыцый. Нельга забываць і пра выезд М. Радзівіла на Венскі кангрэс ў 1515 г. Тады імператарскі двор быў ўражаны пышнасцю адзення, вытанчанасцю густаў і выхавання літоўскіх шляхцічаў. Ужо на той момант канцлер мог прывезці з Вены прадметы раскошы, у тым ліку і габелены.
Шпалеры з XVII ст. пачаліся вырабляцца і ў Беларусі. У інвентарах яны фігуруюць як апоны наметнічай (тканыя з ўзорамі, сюжэтам. — A. С.) работы, койданаўскай работы ці проста мясцовыя. Упершыню яны згадваюцца ў спісе рухомай маёмасці 80-х гг. XVI ст.
Цяжка сказаць ці прынесла Барбара Радзівіл у пасагу папаўненне да знакамітага збору шпалер А. Гаштольда. Вопіс маёмасці, які яна ў верасні 1544 г. перадала ў каралеўскую скарбніцу пасля бяздзетнай смерці свайго мужа Станіслава Гаштольда, утрымлівае і шпалеры: «...ороп kotoryi ро Stenam zabywaiut weneckych у prostych4». Тут выразна відаць розніцу паміж кавалкамі тканіны, няхай і каштоўнай, ядвабнай, і шпалерамі. У квіце5 пагаштольдаўскіх рэчаў удакладняецца, што названыя апоны былі «оропу wloskia s zlotem і bez zlota po scenach roboty goronskye6». Больш падрабязная інфармацыя пра сюжэты і памеры гэтых шпалер ў рэестры, складзеным падскарбіям літоўскім Іванам Гарнастаям, адсутнічае. Даследаванні вавельскіх збораў, куды патрапіла і частка габеленаў Гаштольдаў, паказала, што яны мелі гербавыя картушы, якія пазней былі выразаны ці затканы каралеўскімі ініцыяламі ці гербавай сімволікай.
У той жа час у радзівілаўскіх зборах у канцы XVI ст. ужо існавала пэўная колькасць шпалер і апонаў, якія вызначаліся старымі, з біблейскімі ці міфалагічнымі сюжэтамі: «staro swieckich z twarzami»7.
Цікавыя звесткі пра сюжэты шпалер з магнацкіх збораў падае рэестр 1560 г. удавы Гарнастая княгіні Марыі Жаслаўскай, дзе сярод розных тканін і дываноў пералічваецца і каля 10 шпалер. Тут мы ўжо маем хаця і скромнае, але
апісанне: «...запона пестрая, другая запона зеленая простая, третея зелена паска, чатвертая з золотом, человек на ней з невестою утканы», «...запона первая пестрая, другая з мужнкамн зеленая, третея з кветцем зеленая, трн невелнкнх з золотом», «запона долгая пестрая, другая зеленая з мужнком, третея запона з кветем велнкая, чатвертая зеленая пасня, пятая з золотам в пахолке»8. Як бачна, малюнкі (напрыклад, вердзюр з раслінным арнаментам /кветкі/) і сюжэты (ад міфалагічных сцен да рэлігійных /пасія — мукі Хрыстовы/) вельмі розныя.
Нярэдка на мастацкіх тканінах сустракалася гербавая сімволіка, асобныя літары. Акрамя пэўных сентыментальных вартасцей, захавання генеалагічнай памяці пра родных «па кудзелі» і «па мячу», яна несла на сабе некалькі розных функцый. Прадмет, аздоблены гербам, з’яўляўся знакам, сімвалам, носьбітам інфармацыі пра ўласніка і яго акружэнне — быў своеасаблівай візітоўкай. Менавіта таму выкарыстанне такой сімволікі сустракаецца перш за ўсё на прадметах з парадных пакояў — гербавай кафлі, каменных табліцах, дзвярах і тканінах, што ўпрыгожвалі сцены. Вельмі шырока гербавая сімволіка была прадстаўлены ў шматлікіх маёнтках Радзівілаў. Выявы арла размяшчаліся на флюгерах, засоўках, над дзвярыма ў парадных памяшканнях, маляваліся на столі ў мармуровым пакоі нясвіжскага замку (работа Кабуза Птака)9. Прыкладна ў 1540 — пачатку 1550 —х гг. шпалеры з выявай родавага герба замовіў у Фландрыі М. Радзівіл «Чорны» (да ўнукаў іх дайшло чатыры)10, верагодна, зробленых па тым жа прынцыпе, што і гербавыя габелены Жыгімонта Аўгуста. У 1554 г. у брэсцкім замку парадную залу перад прыездам вялікага князя літоўскага ўпрыгожылі сюжэтныя шпалеры «Лютэр сярод электараў» і «Хрост Хрыста ў Іардане»11. Фактычна гэта стала публічнай дэманстрацыяй рэлігійных перакананняў брэсцкага ваяводы і канцлера ВКЛ.