Шляхам пошукаў i адкрыццяў
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі
Памер: 167с.
2013
Ноч у замку. Варам дыша, Парнасць вее ад зямлі, I паблісквае-пыша
Хмара цёмная ўдалі...
Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць.
Жах маланка! А за ёю
Біць пярун пачаў, страляць.
— Дзед, глядзі: унь вежа збіта!
Бач, агні як абвілі!
— Эге ж, хлопча: не забыта Тая праўда на зямлі.
Увогуле маляўнічую панараму архітэктурнага ансамбля Нясвіжа як мастацкага цэлага стваралі некалькі вышынных дамінант, якія мелі агульную стылістыку. Гэта вежы палацава-замкавага комплексу Радзівілаў, гарадской ратушы, касцёлаў езуітаў, бернардзінцаў і бенедыкцінак. Частка з іх пры розных абставінах была пашкоджана ці цалкам знікла на працягу XIX — XX стст. Але пасля надання Нясвіжу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці еўрапейскага ўзроўню больш-менш удала рэстаўраваны вярхі «замкавых» вежаў, ратушнай вежы, якімі замацаваны візуальныя акцэнты
прасторава-сілуэтнай кампазіцыі горада. Аднак, да апошняга часу чарга не дайшла да аднаўлення каштоўнага помніка айчыннай гісторыі і культуры — архітэктурнага ансамбля былога кляштара бенедыкцінак. Нягледзячы на сваю гістарычную і эстэтычную інфармацыйную насычанасць, а таксама адносна неблагую захаванасць, гэты аб’ект пакуль застаецца ў баку ад турыстычных маршрутаў, што цалкам несправядліва1.
Першым агульным намаганнем князя М.-К. Радзівіла Сіроткі разам з жонкай Эльжбетай Яўхіміяй з роду Вішнявецкіх было менавіта заснаванне і будаўніцтва ў Нясвіжы мураванага комплексу касцёла і кляштара жаночага ордэна бенедыкцінак. Матывацыяй чарговага этапа будаўнічай дзейнасці Сіроткі было яго жаданне «асадзіць» ў Нясвіжы законніц ордэна бенедыкцінак з мэтай выхавання і адукацыі «паненак шляхецкага паходжання» каталіцкага веравызнання, у першую чаргу — прадстаўніц жаночай паловы роду Радзівілаў. Ордэн бенедыкцінак вызначаўся высокім узроўнем духоўнасці і культуры. Гісторыя існавання ордэна на зямлі Нясвіжа ахоплівае без малага тры з паловай стагоддзі і ад самага пачатку мела, як бачым, «жаночы» твар. Невыпадкова, што вялікае штучнае возера, што агінае з поўдня тэрыторыю кляштара, раней называлася «Паненскім».
Для прыцягнення ў Нясвіж місіі бенедыкцінак з іх галоўнай рэзідэнцыі ў Хелмне князь надаў законніцам надзвычай багаты фундуш, каб стварыць для іх трывалую эканамічную базу, — фальварак Гавезна (цяпер вёска Вішнявец Стаўбцоўскага раёна) з 170 валокамі зямлі. Да патрабаванняў бенедыкцінак Радзівіл Сіротка ставіўся надзвычай чула і ўважліва. Ён прапанаваў, каб «самі панны, калі Бог паможа, па парадзе тых, хто разумее, выбяруць месца пад кляштар, а затым ужо, у адпаведнасці з месцам, і форма будынка кляштара імі вызначыцца»2.
Пад будаўніцтва кляштара было вылучана 11 моргаў гарадской тэрыторыі, якую кіраўніца ордэна ў Рэчы Паспалітай Магдалена Мартэнская ў лістападзе 1590 г. вызначыла сама. Ёю, разам з князем і яго архітэктарам (верагодна, Д.-М. Бернардоні) былі абумоўлены планіровачныя асаблівасці будучага збудавання, якое павінна было спалучаць
і кляштарныя, і свецкія адукацыйна-выхаваўчыя функцыі. Ужо існаваўшыя на той час рэзідэнцыі бенедыкцінак у Польшчы мелі, на погляд М. Мартэнскай, «стыль старасвецкі» (маецца на ўвазе гатычны стыль. — Т. Г.). Таму ў Нясвіжы, маючы магчымасць ствараць адпачатку і ўлічыць усё неабходнае, сукупна была распрацавана прынцыпова новая канцэпцыя кляштарнага комплексу, якая апярэджвала свой час. Па падліках «муратараў і геометраў некаторых свядомых», як адзначаў у сваіх нататках сам князь, быў складзены папярэдні рахунак будаўніцтва, на якое на працягу 5 гадоў (1590 — 1595) Сіротка выдаткаваў 7000 польскіх злотых. Праз 7 гадоў ён дадаткова вылучыў яшчэ 2000 злотых на ўтрыманне будынкаў3.
Спачатку 10 законніц-бенедыкцінак, што прыбылі ў Нясвіж у верасні 1591 г., жылі ў прыстасаваных драўляных будынках. Фундаменты мураванага кляштарнага комплексу былі закладзены ў маі 1593 г., але ўжо праз тры гады, у кастрычніку 1596 г., бенедыкцінкі размясціліся ў новым збудаванні, якое адпавядала іх патрэбам і статуту ордэна. Сярод манашак былі прадстаўніцы самых вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага: Слушкаў, Войнаў, Тышкевічаў і інш., якія пры паступленні ў кляштар павінны былі ўносіць грашовы «пасаг». У кляштары пастаянна выхоўвалася таксама 25 свецкіх паненак, якіх манашкі навучалі мовам, музыцы, мастацкаму шыццю і інш.
Касцёл і двухпавярховы кляштар узводзіліся адначасова і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль з Е-падобнай кампазіцыяй плану. Як падкрэсліваецца ў візітацыі комплексу за 1848 г.: «...залы кляштарныя з касцёлам мурам звязаны»4. Касцёл, асвечаны ў гонар св. Яўхіміі 12 чэрвеня 1597 г. жмудскім біскупам Мельхіёрам Гедройцам, уяўляе аднанефавы аб’ём з неглыбокім трансептам, які ўтварае ў плане святыні лацінскі крыж, але гэтая структура схавана ў аб’ёме кляштара. Звонку сяродкрыжжа першапачаткова было падкрэслена невялікай вежачкай з купалком. 3 усходу ад сцен кляштара выступае гранёная апсіда прэсбітэрыя — прыкмета гатычнай спадчыны. У адну лінію з алтарнай сцяной зроблены невялікія простакутныя сакрысціі.
Як можна бачыць на гравюры Нясвіжа 1600 г. Тамаша Макоўскага і на яго ж ілюстрацыі да «Панегірыка братоў Скарульскіх» князю М.-К. Радзівілу Сіротцы 1604 г., касцёл на той час нязначна выступаў з захаду за чырвоную лінію кляштара і меў бязвежавы фасад, завершаны трохвугольным франтонам5. Па баках фасад фланкіравалі невялікія круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі, добра вядомыя па помніках беларускай готыкі і рэнесансу. Такія ж вежачкі па баках фасада меў першапачаткова не толькі нясвіжскі касцёл езуітаў Божага Цела, але і першы фарны касцёл горада, закладзены яшчэ да прыезда архітэктара-італьянца Д.-М. Бернардоні ў Нясвіж. Але італьянскі дойлід пад уплывам князя быў вымушаны аддаць даніну мясцовай традыцыі. Трыадзінства месца, часу і творчага падыходу дазваляюць аднесці і гэты выдатны архітэктурны помнік, як і некаторыя іншыя са спадчыны Сіроткі, да аўтарства яго прыдворнага архітэктара Бернардоні, хаця дакладных гістарычных дакументаў у пацверджанне гэтаму пакуль што не знойдзена.
Да касцёла з поўначы і поўдня прылягаюць Г-падобныя крылы кляштара, якія ствараюць амаль сіметрычны франтальны фасад ўсяго комплексу, што надае яму параднасць і строгую ўрачыстасць. Але на самой справе бакавыя крылы комплексу неаднолькавыя і несіметрычныя, што абумоўлена іх розным функцыянальным прызначэннем. Паўднёвае крыло, дзе жылі манашкі, большае па памерах, мае калідорную сістэму планіроўкі і больш разнастайную структуру памяшканняў. Тут на першым паверсе знаходзіліся асобны ўваход у кляштар, капліца для манашак, гасцінныя «ізбы», сталовая і кухня, «месцьі сакрэтныя», а на другім паверсе — келлі манашак і ігуменні, бібліятэка, капітула і навіцыят. Меншае па памерах паўночнае крыло комплексу, прызначанае для «паненак свецкіх», што выхоўваліся пры кляштары, мела асобны ўваход з тарца будынка, калідорна-галерэйную сістэму планіроўкі з часткова аднабаковым размяшчэннем жылых і вучэбных памяшканняў. Відавочна, што рознасць функцый паміж крыламі комплексу і іх ізаляванасць паміж сабою былі прадугледжаны першапачаткова. Трапіць з аднаго крыла ў другое можна было праз сутарэнні пад касцёлам,
але падземны ход знаходзіўся пад кантролем. Менавіта патрэба ў функцыянальнай ізаляванасці паміж свецкай і манастырскай часткамі і спарадзіла адкрытасць, незамкнёнасць планіровачнай кампазіцыі комплексу, што на той час было першаадкрыццём6.
Характэрна, што ў дадзеным збудаванні ў аснову пакладзены патрабаванні рэлігійных правіл, а не абарончая функцыя, якая найперш была ўласціва дойлідству папярэдняга часу7. Нават калегіум езуітаў, пабудаваны тым жа італьянскім дойлідам, падобны да рэнесансных палацаў з унутранымі дворыкамі, абкружанымі аркаднымі галерэямі, сваёй замкнёнасцю больш нагадваў абарончае збудаванне, чым ансамбль бенедыкцінскага кляштара. I ўсё ж кляштар бенедыкцінак таксама меў пэўнае абарончае прызначэнне. Ён размяшчаўся пры падыходзе да Нясвіжа з боку Слуцка і Клецка і з’яўляўся адным з пунктаў гарадскіх умацаванняў. У візітацыі манастырскага комплексу, што знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў навуковай бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта, адзначана: «...кляштар на ўзгорку, з вежай пры ўваходзе з паўночнага боку, а з іншых бакоў валамі і равамі абкружаны»8. Да таго ж ён абнесены магутнай мураванай сцяной. Такім чынам тут фартыфікацыйныя прыстасаванні былі вынесены за межы комплексу, каб надаць яму большую ўнутраную планіровачную свабоду, абумоўленую толькі «мірнай» рэлігійна-адукацыйнай функцыяй. Такі падыход адлюстраваў тэндэнцыю да стварэння адкрытых рэпрэзентатыўных архітэктурных ансамбляў эпохі барока.
Яшчэ адно сведчанне імкнення ізаляваць манашак ад свецкіх паненак можна ўбачыць у незвычайнай арганізацыі ўнутранай прасторы самой святыні. Адразу па-за трансептам неф пасярэдзіне вышыні падзелены на два ярусы, перакрытыя магутнымі «старасвецкімі» скляпеннямі з распалубкамі, без падпружных арак. Верхні ярус, агароджаны драўлянай разной балюстрадай, прызначаўся для манашак-бенедыкцінак.
На працягу свайго існавання кляштарны комплекс бенедыкцінак зазнаў яшчэ шмат перабудоў і рамонтаў. Мы вылучым два найбольш буйныя будаўнічыя этапы ў яго гісторыі, якія храналагічна адпавядаюць істотным зменам
у архітэктурным абліччьі княжаскай рэзідэнцыі і ўсяго горада. У першай палове XVIII ст. (да 1733 г.) цалкам перабудаваны галоўны фасад касцёла: разабраны круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі, неф прасторава падоўжаны на захад, за чырвонай лініяй кляштара ўтвораны квадратны ў плане аб’ём з магутнымі сценамі, які ўвянчала шмат’ярусная вежа, падобная на вежы нясвіжскага замка. Гэтае падабенства дазваляе лічыць, што азначаныя перабудовы выкананы пад кіраўніцтвам Казіміра Антонія Ждановіча, прыдворнага архітэктара князя М. К. Радзівіла Рыбанькі, які ўзнаўляў княжаскую рэзідэнцыю пасля разбурэнняў Паўночнай вайны ў першай палове XVIII ст.
Вуглы прыбудаванай часткі, не звязанай перавязкай з асноўным мурам, каб яна магла трывала несці магутную вежу, мусілі ўзмацніць на абодвух ярусах ніжняга чацверыка так званымі «езуіцкімі» скляпеннямі, у якіх распалубкі сыходзяцца па дыяганалі вугла. Гэта робіць скляпенне больш лёгкім і адначасова прасторава больш «жорсткім», устойлівым. У распалубках-люнетах на абодвух ярусах размешчаны вокны. Дзякуючы гэтаму прыёму змянілася ўся кампазіцыя галоўнага фасада з цэнтральна-восевай, якой была раней, на двухвосевую, што падкрэслена і размяшчэннем пілястраў. Цяпер вежа не існуе, але яе можна бачыць на малюнку Н. Орды 1876 г.9 Намі выяўлены архіўны абмерны чарцёж вежы, зроблены ў 1879 г. пасля таго, як яе пашкодзіла маланка10. Пазней вежу разабралі. Два верхнія васьмігранныя ярусы мелі аднолькавае сячэнне, але даволі значна скарачаліся па вышыні і завяршаліся фігурным барочным купалам з двух’яруснай «банькай»-сігнатуркай. Такое вырашэнне надавала вежы масіўнасць і веліч, але адначасова дынамічнасць і маляўнічасць. У дэкоры выкарыстаны элементы ордэрнай пластыкі, характэрнай для сталага барока.