• Газеты, часопісы і г.д.
  • Шляхам пошукаў i адкрыццяў Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі

    Шляхам пошукаў i адкрыццяў

    Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі

    Памер: 167с.
    2013
    48.84 МБ
    Новы этап будаўніцтва комплексу наступіў у 1760-я гг., пры князі К.-С. Радзівіле Пане Каханку. У 1763 г. ансамбль дапоўніла надбрамная вежа ў стылі позняга беларускага (віленскага) барока. Цікава, што ў «Рэестры прыходу і расходу касцёла і кляштара бенедыкцінак нясвіжскіх», які ахоплівае 1733 — 1811 гг., пяць разоў упамінаецца архітэктар з Вільні
    і паказваецца аплата за яго працу, але прозвішча не называецца11. Магчыма, ён і ёсць аўтар надбрамнай вежы. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне мае ўнутры чатыры ярусы, а звонку — тры, якія паступова змяншаюцца па памерах і падзелены развітымі прафіляванымі карнізамі. Багацце і маляўнічасць дэкаратыўнай аздобы ўгару ўзрастае, вуглы аформлены разнастайнымі пілястрамі, вокны — фігурнымі абрамленнямі. Завяршае вежу прыгожы барочны купалок. Драўляныя дзверы ў браме з абодвух бакоў аздоблены памастацку выкананымі каванымі металічнымі накладкамі. Да ўваходу з боку горада вядзе адмысловая лесвіца, якая складаецца з некалькіх невялікіх ступеньчатых пандусаў, што нібыта сцякаюць па пакатым узгорку. Напэўна, па ёй падымаўся да брамы апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які наведаў Нясвіж і кляштар бенедыкцінак у 1784 г. (дарэчы, падобную лесвіцу з ступеньчатых пандусаў стварыў некалі вялікі Мікеланджэла ў музеі Ватыкана).
    Дзве маляўнічыя вежы бенедыкцінскага комплексу стваралі выразную сілуэтную кампазіцыю ў панараме горада. Цяпер засталася толькі адна з іх. Падчас ліквідацыі кляштара ў 1876 г. зроблена яго наступнае інвентарнае апісанне: «1. Касцёл двухпавярховы, мураваны, са скляпеннямі, пабудаваны ў 1590 г., крыты меддзю, даўжынёю 40, шырынёю 10 сажняў, у ім вокнаў з жалезнымі кратамі 4, без кратаў 3, дзвярэй 4, на касцёле трохпавярховая мураваная вежа, у ёй зроблены гадзіннік; 2. Мураваная чатырохпавярховая вежа са скляпеннямі, дах жалезны, 3x3 сажні, дзверы 1; 3. Кляштар мураваны двухпавярховы, крыты меддзю, жалезам, чарапіцай, 20 х 24 сажні, у ім пакояў 48, кухня 1, пякарня 1, лесвіц мураваных 4, драўляных 1, печаў для гатавання ежы 2, галандскіх 47, калідораў 10, сенцаў 4, вокнаў з жалезнымі кратамі 85, без кратаў 47, дзвярэй 56, падлогі ў пакоях драўляныя, у калідорах цагляныя, пад будынкам мураваных склепаў 2...»12. У свой час у адным з гэтых склепаў былі пахаваны жонка Радзівіла Сіроткі і дзве іх дачкі, там знаходзіліся іх алебастравыя надмагіллі13.
    Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў архітэктуры комплексу манастыра бенедыкцінак у Нясвіжы канца XVI ст.
    архаічныя готыка-рэнесансныя формы непаўторна спалучыліся з новым разуменнем ансамбля і новым характарам дэкаратыўнай пластыкі, уласцівымі для барока. У 1877 г. нясвіжскі кляштар бенедыкцінак скасаваны і перададзены ваеннаму ведамству Расійскай імперыі, касцёл пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. У 1920 — 1945 гг. кляштар зноў дзейнічаў. Пазней тут размешчаны педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа (цяпер каледж). Багатая гісторыя старажытнага помніка з’яўляецца абгрунтаваннем неабходнасці яго рэстаўрацыі і годнага ўключэння ў агульны горадабудаўнічы ансамбль Нясвіжа.
    Двор палацава-замкавага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы Малюнак Н. Орды. 1876 г.
    Касцёл св. Яўхіміі і кляштар бенедыкцінак у Нясвіжы. Малюнак Н. Орды. 1876 г.
    Заўвагі
    1	Гл. пра гэта: Габрусь Т. Малавядомы архітэктурны помнік Нясвіжа // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1981. — № 1. — С. 33-37.
    2	Bematowicz Т. Kosciol і klasztor benedyktynek w Nieswiezu // Biuletyn Historii Sztuki: RLVII. — Warszawa, 1997. — N 4. — S. 128.
    3	Там жа. — S. 129.
    4	Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Ф. 1781. — Воп. 27. — Спр. 283, арк. 1-2.
    5	Jakubowski J. Tomasz Makowski, stycharz i kartograf nieswiezski. — Warszawa, 1923.
    6	Гл. пра гэта: Габрусь T. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мінск, 2001. — С. 73-76.
    7	Габрусь Т. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мінск, 2007. — С. 103-104.
    8	Навуковая бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта. — АР. — Ф. 4. — Спр. 2318.
    9	Katalog rysunkow architektonicznych ze zbiorow Muzeum Narodowego w Krakowie. —T. I: Rysunki Napoleona Ordy. — Warszawa, 1975. — S. 382.
    10	Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (г. Масква).— Ф. 349. — Воп. 19. — Спр. 4409.
    11	Гл. пра гэта: Bematowicz Т. Kosciol і klasztor benedyktynek w Nieswiezu...
    12	Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (г. Санкт-Пецярбург). — Ф. 821. — Воп. 125. — Спр. 2925, арк. 80-82.
    13	Гл. пра гэта: Tauroginski В. Z dziejow Nieswieza. — Warszawa, 1937. — S. 46-54.
    S® gs ss as gs
    О. Баженова 
    В. Дадзіёмава
    МУЗЫЧНАЯ БЕЛАРУСЬ СВЕТУ: АЙЧЫННЫЯ МуЗЫКАНТЫ ПА-ЗА МЕЖАМІ
    РАДЗІМЫ
    Нясвіжскія мастацка-асветніцкія імпрэзы, што ладзіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад апекай дзяржаўных устаноў, здзейснілі (акрамя галоўнага — узнаўлення сотняў музычных помнікаў, якія прэзентуюць усе этапы гісторыі айчыннага музычнага мастацтва) надзвычай важную місію — увасабленне ідэі багатай на таленты беларускай зямлі, што шчодра даруе ўласныя музычныя здабыткі культурам розных краін і народаў.
    Сапраўды, Беларусь можна называць радзімай рыцарскага народа і нацыі — у самым шырокім, катэгарыяльным яе паняцці, якое ўлучае ўсе этнічныя, саслоўныя і канфесіянальныя групы, усе генерацыі, якія жылі і жывуць на нашай зямлі. Бо ў розныя эпохі, з часоў мангола-татарскіх і крыжацкіх нашэсцяў да Вялікай айчыннай — беларускі народ, аддаючы лепшых сыноў сваіх, ратаваў свет ад варожай агрэсіі; ён гасцінна прымаў выхадцаў з розных краін; а яшчэ — заўжды ахвярна дзяліўся дасягненнямі выбітных прадстаўнікоў айчыннага мастацтва: ад Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага да Адама Міцкевіча і Марка Шагала.
    Зрэшты, адток з Беларусі яе слынных ураджэнцаў, выяўляючы тыпалагічныя асаблівасці нашай культуры — донара і перакладчыка ў дыялогу еўрапейскага захаду і ўсходу — мелі, канешне, і негатыўныя наступствы: большасць з ураджэнцаў нашага краю, якія пакінулі яго ў розныя эпохі і па розных прычынах, маглі б стаць носьбітамі
    менавіта беларускай нацыянальнай ідэі, у тым ліку і ў музычным мастацтве...
    Насамрэч жа здзейснілася іншае: дасягненнямі музыкантаў з Беларусі ўпрыгожылася музычная скарбонка іншых народаў. Асабліва заўважна акрэсленая тэндэнцыя ў руху талентаў з Беларусі ў Расію. Дастаткова ўзгадаць XVII ст., калі руская культура ўзбагацілася творчымі набыткамі Мікалая Дылецкага, Аляксандра Мезенца. У XVIII ст. гэта быў Восіп Казлоўскі, у XIX ст. — Антон Абрамовіч, Канстанцін Горскі...
    Так, Мікалай Дылецкі (1629 — каля 1680) прынёс у рускую музычную культуру, а дакладней, у тэорыю і практыку шматгалосага спеву, ужо добра распрацаваную не толькі ў тагачаснай Вільне, сталіцы Вялікага княства Літоўскага (дзе музыкант вучыўся і працаваў), але і ва ўсёй Беларусі, што складала большасць земляў краіны.
    У літаратуры, прысвечанай гэтаму музыканту, пакуль дыскуціруецца пытанне яго этнічнай прыналежнасці і веравызнання: адны лічаць яго ўкраінцам, другія — літоўцам ці літвінам-беларусам, прадстаўніком ці праваслаўнай, ці ўніяцкай, ці каталіцкай канфесіі1. Ураджэнец Кіева, Дылецкі атрымаў адукацыю ў Вільні, жыў і працаваў у гэтым горадзе. Бываў таксама ў Варшаве і Кракаве, а з 1675 г. пасяліўся ў Расіі. Тут, у Маскве і Смаленску, разгарнулася яго асветніцкая дзейнасць і была выдадзена фундаментальная праца «Мусікійская граматыка». Дылецкі працуе пры рускім двары, кіруе харавымі калектывамі, піша музыку і распаўсюджвае свае творы, якія ў вялікай меры спрыяюць увядзенню шматгалосага спеву ў рускую музычную культуру. Гэтую працу здзяйснялі і вучні ды паслядоўнікі Дылецкага, перш за ўсё В. Цітоў (аўтар музыкі для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага), а таксама С. Бяляеў, В. Вінаградаў, М. Калашнікаў і інш.
    Увогуле ж лёс Дылецкага быў падобны на лёсы тых беларускіх, дзеячаў, якія ў выніку руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. патрапілі ў Расію з беларускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх зямель. Першым у гэтым шэрагу згадваецца Сімяон Полацкі, якога Дылецкі, магчыма, ведаў асабіста
    і чые працы, несумненна, былі яму знаёмы. Як і Сімяон Полацкі, а пазней Восіп Казлоўскі, Дылецкі стаў носьбітам і правадніком новых, заходніх тэндэнцый у культуры Расіі.
    Узгаданы кампазітар Восіп Антонавіч Казлоўскі (1757 — 1831) — заснавальнік некалькіх новых напрамкаў у рускай музыцы, аўтар славутага гімна «Гром победы, раздавайся», мноства харавых, аркестравых, музычна-тэатральных, камерных твораў. Нарадзіўся Казлоўскі на Слаўгарадчыне (хутар Казлоўскі каля былога Прапойска) у сям’і беларускіх дваран. Гэтыя звесткі дакументальна пацвярджаюцца запісам у метрычнай кнізе, знойдзенай беларускім пісьменнікам і гісторыкам А. Бабровічам у вёсцы Сакалова Слаўгарадскага раёна2.
    3 культурай Беларусі былі звязаны розныя этапы жыцця і творчасці кампазітара. Так, у 1770 — 80-я гг. Казлоўскі разам са сваім вучнем, будучым кампазітарам М. Кл. Агінскім наведваў Слонім, рэзідэнцыю М. Каз. Агінскага, чый велізарны тэатр не мог не ўразіць маладога музыканта. Магчыма, слонімскія оперныя пастаноўкі, а таксама бліскучыя канцэрты тамтэйшай капэлы (як і ранейшыя варшаўскія ўражанні) паўплывалі на фарміраванне слыхавога вопыту кампазітара, яго мастацкіх арыенціраў, а таксама цікавасці да музычнасцэнічнай і сімфанічнай творчасці, якая праявілася ў болып позні, рускі перыяд яго дзейнасці. У Слоніме Казлоўскі мог пачуць і многія камерна-вакальныя і інструментальныя творы заходнееўрапейскіх аўтараў, а таксама песні самога М. Каз. Агінскага. He спыняе Казлоўскі сваіх кантактаў з Міхалам Клеафасам Агінскім, які трапіў у Пецярбург пасля вяртання з эміграцыі. У 1802 г. Казлоўскі вырашыў апублікаваць два зборнікі твораў Агінскага, у адзін з якіх увайшлі паланэзы, у другі — рамансы на італьянскія і французскія тэксты. Яшчэ раней, у 1800 г., Агінскі склаў і апублікаваў на ўласныя сродкі два зборнікі паланэзаў і рамансаў Казлоўскага. Ёсць і іншыя сведчанні творчых кантактаў двух музыкантаў.
    Асабістае і творчае сяброўства двух музыкантаў працягвалася і ў Залессі — маёнтку Агінскага, дзе Казлоўскі наведваў свайго былога вучня. Паводле ўспамінаў сучаснікаў.