Шляхам пошукаў i адкрыццяў
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі
Памер: 167с.
2013
Культурная панарама Нясвіжа ва ўсе гістарычныя перыяды добра адлюстроўвала асноўныя спецыфічныя рысы, уласцівыя беларускай культуры ў цэлым: шматканфесіянальнасць, поліэтнічнасць, актыўны дыялог розных культурных і нацыянальных традыцый. На працягу XVI — пачатку XX ст. Нясвіж адыгрываў важную ролю ва ўмацаванні і развіцці польскай культуры Беларусі.
У беларускім літаратуразнаўстве ўжо стала дастаткова агульнапрынятай думка пра шматмоўны, неадназначны спосаб існавання літаратурнай традыцыі ў Беларусі на працягу амаль што поўтысячагоддзя. Дастаткова ўспомніць, напрыклад, назвы такіх работ, як «Шматмоўная паэзія Вялікага княства Літоўскага эпохі Рэнесансу» С. Кавалёва1 ці «Шматмоўная літаратура Беларусі XIX стагоддзя» I. Штэйнера2. У якасці важнай метадалагічнай канцэпцыі, што дапамагае асэнсаваць вельмі спецыфічную культуру Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), а таксама былых яго зямель у больш познія часы як «дзяржаўнасць, культуру, цывілізацыю, якая загінула і ніколі не ўваскрэсне і непасрэдным пераемнікам якой не мае права лічыць сябе ні адна з дзяржаў і нацый, што змяшчаецца на раненшых яго землях» , прапануецца ідэя яе прынцыповай гетэрагеннасці, адначасова «шматскладовасці» і ў той жа час «непадзельнасці»4. Гэта канцэпцыя, на наш погляд, цалкам адэкватная і для іншых сфер культуры на нашых землях.
Як вядома, значную ролю ў культурным жыцці Беларусі яшчэ з XVI ст. адыгрывала польская мова. В. Антаневіч, характарызуючы беларускую музыку эпохі рамантызму, абсалютна слушна адзначае, што «польскасць» — неад’емны атрыбут шматвяковага сацыяльнага і культурнага жыцця беларускага этнасу — склала ў канчатковым выніку спецыфічную рысу беларускай прафесійна-творчай дзейнасці, беларускай кампазітарскай творчасці. Тэрытарыяльная і працяглая гістарычная блізкасць польскага і беларускага этнасаў (пры ўсёй складанасці і супярэчлівасці міжэтнічных адносін), ідэнтычнасць гістарычных лёсаў у XIX ст. і адпаведная агульнасць сацыяльна-этнічных уяўленняў і імкненняў абумовілі падабенства духоўна-светапоглядных, эмацыянальных і мастацкіх «прызм» успрымання, арганічнасць «польскага элемента» для беларускай мастацкай практыкі эпохі рамантызму на этапе першаснага праяўлення нацыянальна-адметных рыс прафесійна-творчай практыкі»5. Яе высновы з’яўляюцца безумоўна дзейснымі для ўсіх мастацтваў Беларусі, прычым не толькі ў эпоху рамантызму, але і ў іншыя перыяды.
Нясвіж — рэзідэнцыя Радзівілаў — заўсёды быў адным з важных цэнтраў польскай культурнай традыцыі ў ВКЛ. Менавіта Мікалай Радзівіл Чорны, найважнейшы прапагандыст і мецэнат пратэстанцтва на нашых землях, стаў актыўна спрыяць з’яўленню польскамоўных паэтычных твораў, публікацыі і распаўсюджванню польскіх канцыяналаў (Брэсцкі 1558 г., Нясвіжскі 1563 г.) і г. д. У гуртку пратэстанцкіх інтэлектуалаў, сабраных Радзівілам, былі ўпершыню перакладзены на польскую мову з іўрыта, арамейскай і грэчаскай мовы поўныя тэксты Бібліі, што ляглі ў аснову двух фундаментальных яе выданняў — кальвінскага Брэсцкага (1563 г.), падрыхтаванага па мадэлі гугенотскай Бібліі, і арыянскага Нясвіжскага (1572 г.). Па словах С. Кавалёва, «у ВКЛ, а не ў Польшчы былі выдадзены першыя пераклады на польскую мову Цыцэрона, Кальвіна, Э. Ратэрдамскага, А. Фрыча-Маджэўскага, А. Паляка. Заўважым, што пры ўсім пры гэтым ні ў Княстве, ні ў Кароне польская мова ў той час не мела статуса дзяржаўнай: дзяржаўнымі мовамі там былі адпаведна старабеларуская і лацінская»6. Па падлі-
ках Ю. Лабынцава, у XVI ст. у Беларусі «больш за ўсё надрукавана кніг на польскай мове, чвэрць — на “славенскай” і старабеларускай мове, па адной на грэчаскай і італьянскай»7.
Добра ведаў польскую паэзію і нямала сам пісаў па-польску Сімяон Полацкі, адзін з найбольш вядомых культурных дзеячаў Беларусі XVII ст. Напомнім, што першая, віленская версія славутага падручніка беларускага музыканта Міколы Дылецкага (70-я гг. XVII ст.) таксама была польскамоўнай. Дзякуючы ім, а таксама цэлай плеядзе іншых адукаваных беларусаў і ўкраінцаў уздзеянне польскай культуры шырока распаўсюдзілася і ў Маскоўскай дзяржаве.
He менш важную ролю адыгралі ўраджэнцы Беларусі ў фарміраванні польскай культурнай традыцыі XVIII ст. Гэтыя часы — перыяд панавання саксонскай дынастыі — слушна разглядаюцца як глыбокі крызіс польскай нацыянальнай свядомасці. Як вядома, Аўгуст II проста не ведаў польскай мовы, таму пры яго двары прынята было размаўляць выключна па-французску ці па-нямецку. Для яго сына, Аўгуста III, зачараванага дваром Людовіка XIV, французская мова была адзінай сапраўднай мовай для ўладароў; такі погляд нізводзіў польскую мову на ўзровень другаснай, «простай», «неарыстакратычнай»8. У такіх умовах менавіта на так званых «крэсах» польская культурная традыцыя падтрымлівался, развівалася далей. У першай палове XVIII ст. адзіным у Рэчы Паспалітай тэатрам, які працаваў амаль выключна на польскай мове, быў нясвіжскі тэатр Уршулі Радзівіл. Гэта была ўсвядомленая палітыка гаспадарыні тэатра, якая свабодна валодала рознымі еўрапейскімі мовамі, аднак у сваіх пастаноўках ужывала менавіта польскую мову. Вялікі ўнёсак у польскую літаратуру зрабілі беларусы, што пісалі на польскай мове: Ф. Князьнін, Ф. Багамолец, А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч, I. Быкоўскі, Ф. Карпінскі і інш.9 Прынцыповую ролю адыгралі беларускія культурныя цэнтры ў фарміраванні польскага опернага мастацтва ў канцы XVIII ст. Як вядома, першыя польскія оперы з’явіліся амаль адначасова ў трох цэнтрах: пры каралеўскім двары ў Варшаве (іх творцамі былі славак Мацей Каменьскі, італьянец Гаэтані), радзівілаўскім двары ў Нясвіжы (славутая «Агатка» Я. Голанда на тэкст М. Радзівіла), двары гетмана
М. Агінскага ў Слоніме (творы самога гетмана)10. У вытокаў польскай камернай лірыкі стаяць рамансы М. Кл. Агінскага, А. Г. Радзівіла.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пачынаецца новы, дастаткова парадаксальны этап у культурным развіцці Беларусі. Сучасныя гісторыкі адзначаюць, што менавіта з канца XVIII ст. паланізацыя і акаталічванне на беларускіх землях «адбываліся з небывалым раней размахам»11. Расійскія ўлады ў той час успрымалі тэрыторыю былога ВКЛ як нешта абсалютна чужое, польскае па сваёй сутнасці. Тады ж пачынаецца фарміраванне і досыць устойлівай антыпольскай тэндэнцыі ў расійскай гістарычнай, публіцыстычнай і мастацкай думцы. Па слушнай заўвазе М. Нікалаева, «у гістарыяграфіі Расіі — спадкаемцы Вялікага Княства з усёй яго тэрыторыяй, насельніцтвам, рэсурсамі і помнікамі — заўсёды прысутнічалі нейкія хваравітыя да яго адносіны, пачуццё нечага штучнага, амаль ненатуральнага. Яшчэ ў 1816 г. М. Карамзін гаварыў аб сумесі “прытворнага сяброўства” і “натуральнай, узаемнай нянавісці адна да адной” паміж Літвой і Расіяй, праз сто гадоў А. Прэснякоў піша аб “непазбежнай варожасці” Усходняй і Заходняй Русі»12.
У пачатку XIX ст. актыўна фарміруецца і абсалютна процілеглая ідэалагема — аб велічы, неверагоднай мужнасці, дэмакратызме былой Рэчы Паспалітай, якая стала своеасаблівым адказам на пачуццё нацыянальнай прыніжанасці. Амаль с пачаткаў свайго фарміравання гэта ідэалагема мела яркі прапольскі характар, менавіта яна стала імпульсам да ўсіх так званых «польскіх паўстанняў» XIX ст. Як не дзіўна, фарміраванне гэтай ідэалагемы праходзіла як раз сіламі прыроджаных беларусаў: яе своеасаблівай «іконай», ідэалам мужнасці, барацьбы за свабоду стаў Тадэвуш Касцюшка; шмат што зрабіў для яе распаўсюджвання і папулярызацыі берасцейскі шляхціч, сакратар Касцюшкі ў час паўстання, Юльян Урсын Нямцевіч. Нямцэвіч стварыў паэтычны зборнік «Spiewy historyczne» — своеасаблівы спеўны дапаможнік па гісторыі былой Рэчы Паспалітай, які В. Рудзінскі назваў «свайго рода польскім евангеллем, рыфмаваным падручнікам гісторыі Полыпчы, па якому ў тыя часы вучылася маладое
пакаленне». Маленькі Станіслаў Манюшка, напрыклад, ужо ў 5 гадоў ведаў усе песні Нямцэвіча на памяць13. Думаецца, адной з прычын такіх актыўных сімпатый да Полыпчы на землях былога ВКЛ было, між іншым, успрыняцце яе як пакутніцы, несправедліва і гвалтоўна знішчанай.
У сярэдзіне XIX ст. польская культура ў Беларусі квітнее. А. Цвікевіч характарызуе 50 — 60-я гг. XIX ст. як перыяд «усебаковага ўзросту культуры, праўда, культуры польскай, але слаўнай і адбіваўшай прамень свайго росквіту далёка на ўсход»14. Шмат якія класічныя дасягненні польскай традыцыі звязаны з дзейнасцю этнічных беларусаў; дастаткова ўспомніць такія імёны, як А. Міцкевіч, У. Сыракомля, С. Манюшка і інш. Рэзкая змена агульнай сітуацыі адбываецца толькі пасля паўстання 1863 г. Царскі ўрад прымае шэраг захадаў па русіфікацыі не толькі былых зямель ВКЛ, але і Царства Польскага: у 80-я гг. забараняецца выкладанне на польскай мове, адміністратыўна Царства Польскае пераўтвараецца ў адну з правінцый Расійскай імперыі, у якасці афіцыйнай яго назовы прапануецца тэрмін «Прывісленскі край»15. У 1864 г. на тэрыторыі былога ВКЛ знішчаецца польскі тэатр, як драматычны, так і музычны, — адзін з важнейшых і найболып уплывовых культурна-асветніцкіх інстытутаў таго часу16.
Новы росквіт польскай традыцыі ў Беларусі звязаны з тымі ж падзеямі, што і пачатак фарміравання самастойнай беларускай культуры — з некаторай дэмакратызацыяй Расійскай імперыі і, у прыватнасці, з адменай абмежаванняў для нацыянальных культур. У 1906 г. у Нясвіжы распачало сваю дзейнасць таварыства «Oswiata», мэтай якога стала «выхаванне жыхароў гэтага рэгіёну, асабліва дзяцей, у польскім духу, а таксама ўзмацненне і распаўсюджванне на гэтых землях польскай культуры, мовы і нацыянальнай свядомасці». У 1909 г. на хвалі знішчэння польскіх асветніцкіх арганізацый у Расійскай імперыі (былі зачынены Мінскае, Віленскае, Кіеўскае аналагічныя таварыствы) нясвіжскае таварыства перайшло да нелегальнай дзейнасці17. Эстафету «Oswiaty» перанялі іншыя польскія культурныя таварыствы. Так, у архівах захаваліся звесткі аб нейкім таварыстве «Ognisko polskie», якое працавала ў Нясвіжы ў 1908 — 1909 гг.
Таварыства ставіла шмат п’ес, у ім нават была спецыяльная секцыя «Kolko dramatyczne». Прыблізна ў той жа час польскія сцэнічныя і музычныя прадстаўленні арганізоўвала таксама «Stowarzyszenie Rzemieslnikow Chrzescjan». 29 снежня 1909 г. у зале ратушы на карысць гэтага аб’яднання адбыўся канцэрт, у першым аддзяленні якога была паказана аднаактная аперэтка Манюшкі «Латарэя» пад кіраўніцтвам пана С. Казуры (мясцовы арганіст) з удзелам «вядомых салістаў Варшаўскай кансерваторыі С. Бальчэўскай (сапрана), I. Казенава (тэнар), 3. Зындрам-Касцялкоўскага (бас)»; у другім аддзяленні тыя ж салісты спявалі арыі з опер «Дон-Жуан» Моцарта і «Фліс» Манюшкі. 6 студзеня 1910 г., зноў у ратушы, «аматары драматычнага мастацтва з “Stowarzyszenia Rzemieslnikow Chrzescjan”» выканалі «народную п’есу са спевамі і танцамі ў двух актах “На нашай глебе” Ганны з Бардзкіх Карватовай». 14 ліпеня 1913 г. аматарамі, як заўсёды, у зале ратушы, быў пастаўлены спектакль «Сюртук н сярмяга» О. Гутоўскага, у якім удзельнічаў хор пад кіраўніцтвам К. Пейча. Адбываліся таксама і канцэрты (гл. Дадатак)18. Цікава, што ва ўсіх афішах пасля сур’ёзнай часткі адзначаны танцы.