Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

Стамбул

Горад і ўспаміны
Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
175.45 МБ
АРХАН ПАМУК
TAKSIM TUNEL
ГОРАД I ЎСПАМІНЫ (/J
Orhan Pamuk
ISTANBUL
Hatiralar ve §ehir
Серыя «Noblesse Oblige»
Apxah Памук
СТАМБУЛ
Горад і ўспаміны
Перакладзтурэцкай
Мінск Выдавец A. М. Янушкевіч 2018
УДК 821.512.161
ББК 84(5Туц)-44
П15
Серыя заснавана ў 2017 годзе
Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч
Пераклад з турэцкай Таццяны Урублеўскай-Токер паводле выдання: Orhan Pamuk. Istanbul. Hatiralar ve §ehir.
Yapi Kredi Yayinlan. 2003.
Памук, A.
П15 Стамбул. Горад i ўспаміны / Архан Памук ; пер. з тур. Т. I. Урублеўскай-Токер. — Мінск: A. М. Янушкевіч, 2018. — 500 с.: іл. — (Серыя «Noblesse Oblige»).
ISBN 978-985-7165-92-6.
«Стамбул. Горад і ўспаміны» — адна з самых вядомых кніг славутага турэцкага пісьменніка Архана Памука. Менавіта за атмасферу Стамбула, якая прысутнічае ў творах Памука, ён і атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2006 годзе.
Пісьменнік стварыў нязвыклую кнігу: раман-аўтабіяграфія, сямейная сага, энцыклапедыя горада, альбом з цудоўнымі здымкамі і гравюрамі. Аўтар вядзе чытача за руку па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі роднага горада, не бачнага турыстам, схаванага ад мімалётных разявак... Як Дублін — Джойсам, Буэнас-Айрэс — Борхесам, так Стамбул услаўлены Памукам.
УДК 821.512.161
ББК 84(5Туц)-44
ISBN 978-985-7165-92-6
© 2003, Yapi Kredi Kiiltiir Sanat Yayincilik Ticaret ve Sanayi A. S. All rights reserved © Урублеўская-Токер T. L, пераклад на беларускую мову, 2018
© Выданне на беларускай мове, афармленне. Выдавец A. М. Янушкевіч, 2018
Майму бацьку Гюндзюзу Памуку (1925-2002)
Прыгажосць пейзажу—уягоным смутку Ахмет Расім
Тут жыхары робяць смутак сваёй асалодай Ях’я Кемаль
1.	Іншы Архан
3 самага дзяцінства недзе ў куточку маёй свядомасці доўгія гады жыла вера ў тое, што сярод стамбульскіх вуліц, у іншым доме, падобным да нашага, жыве ва ўсім падобны да мяне, маё блізня, адзін у адзін — я, іншы Архан. Я не памятаю, адкуль і як узнікла ў мяне такая думка. Хутчэй за ўсё гэтая ідэя нарадзілася як вынік бясконцага перапляцення памылак, выпадковасцей, ілюзій і страхаў. I каб растлумачыць, што я адчуваў, калі яна бліскала ў маёй галаве, я павінен расказаць аб адным з першых момантаў, калі я выразна адчуў яе.
Мяне пяцігадовага неяк раз адправілі ў іншы дом. Мама і тата пасля ўсіх спрэчак і расстанняў нарэшце сустрэліся ў Парыжы, а нас са старэйшым братам, пакінутых у Стамбуле, разлучылі. Брат застаўся ў Нішанташыў удоме Памукаў, з бабуляй і шматлікай сям’ёй. А мяне адправілі ў Джыхангір, да цёткі. У доме, дзе мяне сустрэлі з любоўю і ўсмешкамі, на сцяне ў белай рамцы вісеў партрэт маленькага хлопчыка. Часам цётка або яе муж паказвалі на гэты партрэт і ўсміхаліся: «Глядзі, гэта ты». I праўда, сімпатычны хлопчык з вялікімі вачамі на здымку крыху нагадваў мяне. На галаве ў яго была адна з маіх кепак, у якіх я хадзіў на вуліцу. Але, зноў жа, я ведаў,
* У турэцкай мове нормай з'яўляецца націск на апошні склад, але не паўсюль. Галосныя, на якія падае націск, вылучаны курсівам. — Тут і далей заўвагі перакладчыцы.
што гэта быў не мой партрэт. (Насамрэч гэта была прывезеная з Еўропы кічавая рэпрадукцыя з сімпатычным хлопчыкам.) I я ўвесь час думаў: ці не быў гэта той, іншы Архан, які жыве ў іншым доме?
Але цяпер я і сам апынуўся ў іншым доме. Нібыта каб магчы сустрэць свайго двайніка, які жыве ў іншым доме ў Стамбуле, я таксама мусіў перабрацца ў іншы дом, аднак гэтая сустрэча зусім не радавала мяне. Я хацеў вярнуцца ў свой сапраўдны дом, дом Памукаў. Калі мне казалі, што на сцяне вісіць мой партрэт, мае думкі трошкі блыталіся, я, мой партрэт, малюнак, падобны да мяне, мой двайнік, той іншы дом, усе вобразы перамешваліся, і я хацеў вярнуцца дадому, быць толькі там з усёй маёй шматлікай сям’ёй.
Маё жаданне спраўдзілася, і ў хуткім часе я вярнуўся ў дом Памукаў. Аднак вобраз іншага Архана, які жыве He­
дзе ў іншым доме ў Стамбуле, ніколі не пакідаў мяне. У дзяцінстве, у раннім юнацтве гэтая чароўная згадка хавалася ў глыбіні душы і надоўга заставалася са мной. Аднойчы мне прабеглі мурашкі па скуры ад думкі, што, пакуль я зімовымі вечарамі гуляю па вуліцах Стамбула, пазіраю на аранжавыя плямы святла, уяўляю сабе спакойных і шчаслівых людзей, іх размеранае жыццё, імкнуся разгледзець, што адбываецца за іх вокнамі, у адным з дамоў жыве той іншы Архан. Чым болып я сталеў, тым больш гэты вобраз рабіўся фантазіяй, а фантазія ператваралася ў свет мрояў. У снах час ад часу я крычаў, калі бачыў кашмары з тым іншым Арханам — мы сустракаліся заўжды ў іншым доме, або часам мы з дзіўнай бязлітаснай вытрымкай моўчкі глядзелі адзін на аднаго. У такія хвіліны паміж сном і явай я яшчэ шчыльней прывязваўся да сваёй падушкі, дома, вуліцы, месца, дзе я жыву. Аднак у моманты, калі я адчуваў сябе няшчасным, я ўяўляў, як перабіраюся ў іншы дом, у іншае жыццё, туды, дзе жыве іншы Архан, тады мне трошкі верылася, што я сам — гэта ён і мог бы мець ягонае шчасце. Гэтыя мроі так мяне супакойвалі, што неабходнасць перабірацца ў іншы дом знікала сама сабой.
Мы падышлі да галоўнага: ад самага нараджэння я ніколі не разлучаўся з гэтымі дамамі, вуліцамі, кварталамі. I праз пяцьдзясят гадоў (нягледзячы на тое, што мне давялося пажыць і ў іншых раёнах Стамбула) я жыву ў доме Памукаў, там, дзе маці ўзяла мяне на рукі і ўпершыню паказала навакольны свет, дзе былі зроблены мае першыя здымкі, і я ўпэўнены, што гэта неяк звязана з суцяшальнай думкай пра таго іншага Архана. Мне здаецца, што асаблівасць майго аповеду пра сябе, а значыць, і пра Стамбул якраз і палягае ў тым, каб у эпоху вялікіх перасяленняў і эмігранцкай творчасці застацца жыць пяцьдзясят гадоў на адным месцы, больш таго — у адным доме. «Выйдзі хоць на хвілінку на вуліцу, схадзі куды-небудзь, прагуляйся», — сказала б мне, як заўжды са смуткам, мама.
Ёсць пісьменнікі, такія як Конрад, Набокаў, Найпал, якія змянілі мову, радзіму, пакінулі свой народ, культуру, кантынент і нават зрабіліся часткай іншай цывілізацыі, і з поспехам працягвалі пісаць. Я ўпэўнены, таксама як іх творчыя асобы набіралі сілу ў выгнанні і вандроўках, мяне сфарміравала прывязанасць да аднаго дома, вуліцы, краявіду, горада. I такая прывязанасць да Стамбула — гэта як лёс горада ў характары чалавека.
Флабер, які прыехаў у горад за сто два гады да майго нараджэння і быў уражаны яго мнагалюднасцю і разнастайнасцю, у адным са сваіх лістоў пісаў, што верыць — праз сто гадоў Канстанцінопаль зробіцца сталіцай свету. Але Асманская імперыя заняпала і знікла, і гэтае прароцтва збылося дакладна наадварот. Калі я нарадзіўся, Стамбул займаў самае нязначнае за ўсе дзве тысячы гадоў сваёй гісторыі становішча ў свеце, ён перажываў найвышэйшы пік слабасці, беднасці, ізаляцыі. Пачуццё
страты Асманскай імперыі, галеча, смутак, што навяваюць раскіданыя паўсюль руіны, на ўсё жыццё сталі для мяне адзнакамі Стамбула. Маё жыццё, як і жыццё іншых стамбульцаў, прайшло паміж змаганнем з гэтым смуткам і, урэшце, яго прыняццем.
Кожны, хто задумваецца пра сэнс свайго існавання, хоць раз у жыцці задаецца пытаннем, што азначаюць месца і час яго нараджэння. Якое значэнне мае тое, што мы нарадзіліся менавіта ў гэтым куточку свету, менавіта ў гэты дзень? Нам, нібы ў латарэі, выпадаюць і гэтая сям’я, і гэтая краіна, і гэты горад, і мяркуецца, што мы іх палюбім, і мы ўрэшце прывязваемся да іх самай глыбокай любоўю, але ці быў гэты выбар правільны? Часамі я лічу сябе няшчасным, што нарадзіўся ў Стамбуле, які звядае і старэе ў праху мізэрных абломкаў імперыі, прыгнечаны, убогі, маркотны. (Праўда, унутраны голас кажа, што вось гэта і было сапраўднай удачай.)
Што тычыцца багацця, то зноў часамі я лічу сябе шчасліўцам, бо нарадзіўся ў Стамбуле ў заможнай сям’і. (I нешта часам падказвае, што я памыляюся.) Часта я разумею, што, як і маё цела (каб жа я быў крыху мажнейшы і прыгажэйшы) і мой пол (цікава, ці мне менш дакучалі б пытанні сэксу, калі б я быў жанчынай?), на якія я пераканаў сябе не наракаць, дакладна гэтак жа маім бясспрэчным лёсам зрабіўся і Стамбул, дзе я нарадзіўся і правёў усё маё жыццё. Гэтая кніга — пра гэты лёс...
Я нарадзіўся 7 ліпеня 1952 года ў Стамбуле, у маленькай прыватнай бальніцы, што ў раёне Мода, крыху пасля поўначы. У начных калідорах і ва ўсім сусвеце панавала ціша. На нашай планеце, акрамя італьянскага вулкана Стамбаліні, які за два дні да таго раптам пачаў вывяргаць попел і полымя, больш нічога надзвычайнага не адбывалася. У газетах побач з нататкамі пра турэцкіх салдатаў, якія змагаліся ў Паўночнай Карэі, мільгалі паведамленні пра заснаваныя на амерыканскіх крыніцах
падазрэнні аб тым, што паўночнікі рыхтуюцца ўжыць біялагічную зброю.
За некалькі гадзін да родаў мама, як і большасць стамбульцаў, уважліва чытала іншыя, гарадскія, навіны: два дні таму ў раёне Ланга пры спробе ноччу забрацца ў дом праз акно туалета быў заўважаны злодзей-рэцыдывіст у жахлівай масцы, вартаўнікі і адважныя жыхары студэнцкага інтэрната «Конья» гналіся за ім па вуліцах, пакуль не загналі на склад піламатэрыялаў, дзе ён пасля лаянкі на адрас паліцыі скончыў жыццё самагубствам, а ўчора яго цела апазнаў адзін прадпрымальнік, які пацвердзіў, што гэта той самы бандыт, які летась узброены, сярод яснага дня абрабаваў ягоную краму ў раёне Харбіе.
Мама ў бальніцы чытала гэтыя навіны зусім адна, таму што тата, якяна расказвала мне праз шмат гадоў з лёгкай ноткай горычы і крыўды, занудзіўся чакаць майго з’яўлення і пайшоў сустрэцца з сябрамі. I толькі маміна сястра познім вечарам пералезла праз садовую агароджу і прабралася да яе ў палату. Мама, калі ўпершыню ўбачыла мяне, падумала, што ў параўнанні з братам, старэйшым за мяне на два гады, я зусім кволы, худы і дробны.
Уласна, я мусіў напісаць: «Мама казала, што яна так падумала». У турэцкай мове сны, казкі або тое, сведкам чаго ты сам не быў, апавядаюцца маім любімым мінулым суб’ектыўным часам з канчаткам -ті§, які вельмі пасуе і для расказаў пра часы, калі дзіця было ў калысцы, вазку або толькі-толькі пачынала хадзіць. Пра гэты першы жыццёвы досвед нам расказваюць бацькі праз шмат гадоў, і мы з прыемнымі дрыжыкамі слухаем уласную гісторыю, нібыта чуем, як нехта іншы прамаўляе першыя словы, бачым, як той іншы робіць першыя крокі.