• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    Сіла Мелінга у тым, што ён спалучае ў сваіх карцінах прастадушнасць, нібы запазычаную ў найлепшых ісламскіхмініяцюрыстаўабоперанятуюзпершыхгадоўзалато-
    га веку Стамбула, і такую пэўнасць і дакладнасць момантаў штодзённага жыцця, архітэктурных і тапаграфічных дэталяў, якіх не змог дасягнуць ніводзін мастак Усходу. Від на Дзявочую вежу, на Ускюдар з Пэры, на ўсе пункты, пазначаныя на карце Мелінга, від з месца за сорак крокаў ад будынка ў Джыхангіры, дзе знаходзіцца мой кабінет і дзе я цяпер пішу гэтыя радкі, і з пагорка Топханэ, адкуль бачны той самы палац Топкапы, што глядзіцца ў вокны намаляванай Мелінгам кавярні, від на Стамбул з гары Эюп — усё гэта знаёмыя нам, звычайныя краявіды, але разам з тым гэта і пейзажы страчанага раю. Гэты рай складаецца не проста з палацаў асманскіх уладароў і шэрагу рыбацкіх вёсачак часоў Візантыі, ён узнік тады, калі яго прызналі месцам, прыдатным для жыцця, і калі асманская архітэктура, натхнёная заходнімі ўзорамі, адмовілася ад сціпласці і строгасці ліній. I ранейшыя стагоддзі, да праўлення Селіма III, праз карціны Мелінга здаюцца мне такімі далёкімі.
    Я бяру прыклад з Маргарыт Юрсенар, яна вывучала гравюры Рыма і Венецыі, створаныя Піранезі за трыц-
    цаць гадоў да Мелінга, і «пад лупай» разглядаю намаляваныя Мелінгам віды Стамбула, на якіх мяне ўражвае штодзённае жыццё яго насельнікаў. Вось сантыметр за сантыметрам выведзеныя драбнюткія падрабязнасці крыніцы ў Топханэ і плошчы вакол яе, вось у левым куце прымасціўся гандляр кавунамі (кавуновыя развалы і зазывалы-прадаўцы і сёння такія самыя, як тады). А вось яшчэ адзін прадавец кавуноў — унізе, пасярэдзіне, яго пастава на крэсле вартая вашай увагі. Крыніца ў Топханэ вылучалася сярод іншых стамбульскіх манументаў асаблівай вытанчанасцю, таму Мелінг і надаў ёй столькі ўвагі, яна ў тым часе, як бачым на малюнку, стаяла на пагорку; а сёння яна апынулася нібы ў яме ў выніку таго, што плошчу вакол яе спачатку замасцілі брукам, а потым пакрылі некалькімі пластамі асфальту. Наш мастак любіў
    у кожным кутку горада, у кожным ягоным садзе назіраць за дзецьмі, якія трымаюць за руку сваіх мам (як засведчыў праз пяцьдзясят гадоў Тэафіль Гацье, жанчыны часта бралі з сабой сваіх дзяцей, таму што жанчыны з дзецьмі выклікалі больш павагі, чым адзінокія жанчыны, і іх менш турбавалі); у кожным кутку горада, зусім як сёння, можна заўважыць млявых вулічных гандляроў, якія прадаюць самыя розныя рэчы, адзенне і ежу; а вось юнак, які стаіць на прыстані побач з вілай у Бешыкташы, ён закінуў вуду ў спакойнае мора (я так люблю Мелінга, і таму ў мяне язык не паварочваецца сказаць, што ў Бешыкташы ля берага ніколі не бывае такой спакойнай вады); за дзесяць-пятнаццаць крокаў ад юнака двое загадкавых людзей схіліліся адно да аднаго (я змясціў іх на вокладцы аднаго з турэцкіх выданняў «Белай крэпасці»); вось
    на ўзгорку Кандылі гаспадар дрэсіраванага мядзведзя прымушае свайго гадаванца скакаць, побач стукае ў бубен яго памочнік; па плошчы Султан-Ахмет (для Мелінга гэта Іпадром), убаку ад натоўпу, што ў цэнтры, паволі, з тыпова стамбульскім безуважным выглядам брыдзе чалавек, ён вядзе за сабой нагружанага каня; у іншым куце той самай карціны павярнуўся да натоўпу спінай прадавец сімітаў, любімых турэцкіх абаранкаў, і абаранкі ў яго ляжаць на такім жа трыножніку, якімі карысталіся гандляры ў гады майго дзяцінства... Праз нейкі час некаторыя дэталі забываюцца, і мне вельмі падабаецца зноў адкрываць іх для сябе.
    У адрозненне ад людзей на карцінах Піранезі, стамбульцаў Мелінга, на фоне якіх бы велічных будынкаў або пейзажаўяны ні стаялі, не прыдушвае ні архітэктура, ні пры-
    рода. Хоць Мелінг, як і Піранезі, любіць перспектыву, але на яго карцінах няма драматызму (нават на той, дзе выяўленая бойка лодачнікаў на беразе Топханэ!). На людзей у Піранезі цісне разбуральная драматычная архітэктура, яна зводзіць іх да ўзроўню пачварных жабракоў і калек, уціснутых у дзіўныя строі. На карцінах Мелінга нішто не прыцягвае да сябе наш позірк, паўсюль у гарызантальнай
    плоскасці разгортваецца жыццё цудоўнага і шчаслівага свету. Дасягнуць гэтага яму дазваляе не столькі майстэрства і грацыёзнасць уласнага пэндзля, колькі геаграфія і архітэктура Стамбула. I, каб адчуць гэта, яму спатрэбілася пражыць у Стамбуле васямнаццаць гадоў.
    На момант ад’езду Мелінга са Стамбула ў гэтым гора-
    дзе прайшла палова яго жыцця. I гэтыя васямнаццаць гадоў былі не гадамі вучобы, а часам, калі складваўся ягоны
    светапогляд, калі яму даводзілася змагацца за свой хлеб і калі з’явіліся яго першыя карціны. Таму ён бачыў Стамбул вачыма яго жыхароў і заўважаў тыя самыя, што і яны, моманты і рэчы. Мелінг зусім не цікавіўся чароўнай атмасферай экзотыкі, якую шукалі ў Стамбуле праз трыццаць-сорак гадоў пасля яго такія выдатныя мастакі і гравёры, як Уільям Генры Бартлет («Прыгажосці Басфора», 1835), Томас Алам («Канстанцінопаль і віды сямі цэркваў Малой Азіі», 1839) і Эжэн Фландэн («Усход», 1853). Мелінг застаўся абыякавым і да выдання казак «Тысячы і адной ночы», якія неўзабаве ператварыліся ў стэрэатыпныя вобразы ў духу даволі распаўсюджанага тады, асабліва ў Францыі, усходняга рамантызму, таму ён і не захапляецца гульнёй святла і ценю, такой зручнай для стварэння рамантычнай атмасферы, не малюе эфектныя аблокі і смугу, не імкнецца паказаць горад і яго насельнікаў больш круглявымі, мудрагелістымі, тоўстымі, вытанчанымі або змрочнымі, чым яны былі на самай справе.
    Мелінг глядзіць на горад з сярэдзіны. Але стамбульскі народ у тыя часы не ўмеў маляваць сябе і свой горад, яны гэтым ніколі не цікавіліся, таму заходняе выяўленчае мастацтва надае гэтым бесстароннім карцінам нотку адчужанасці. Мелінг бачыць Стамбул вачыма яго жыхара, але малюе яго як бесстаронні еўрапеец, таму мы бачым адначасова і знаёмы нам горад, з краявідамі і будынкамі якога звязана шмат успамінаў, і непаўторны, адзіны і таму такі незабыўны свет.
    Пры кожным вяртанні да гэтых карцін я бачу назаўжды страчаны свет, і тады маю душу напаўняе звыклы смутак. Аднак гэты адзіны амаль «правільны» з вядомых мне поглядаў на той страчаны свет пацвярджае, што мой Стамбул ніколі не быў экзатычным, «чароўным» або дзіўным, што ў ім было шмат бачанага мной самім на Басфоры і што ён быў усяго толькі адзіным у сваім родзе, і карціны Мелінга кожны раз дораць мне гэтае суцяшэнне.
    8.	Мама, тата і іх знікненні
    Часам тата з’язджаў далёка. I мы доўга яго не бачылі. Дзіўным чынам мы не адчувалі яго адсутнасць у першыя дні. Потым мы з жалем разумелі, што таты няма і што мы даўно ўжо да гэтага прызвычаіліся, як бывае, калі раптам хопішся даўно згубленага або скрадзенага ровара ці заўважыш, што твой аднакласнік перастаў хадзіць у школу. Чаму бацька з’ехаў і калі ён вернецца, нам не казалі. Мы з братам адчувалі, што пытанняў пра гэта нам задаваць не трэба, мы з лёгкасцю бралі прыклад з іншых. Мы ўсе — дзядзькі і цёткі са сваімі сем’ямі, бабуля, кухары, прыслуга — жылі разам у вялікім доме, таму на адсутнасць бацькі забыцца было нельга, але не задаваць пытанняў пры сустрэчы — проста. Часам мы ўспаміналі забыты смутак, калі служанка Эсма-ханым залішне пяшчотна нас абдымала, бабулін кухар Беюр з паўслова выконваў нашыя замовы або дзядзька Айдын з празмерным энтузіязмам вывозіў нас нядзельнай раніцай пакатацца па Басфоры на «Доджы-52».
    Бывала, я адчуваў, што справы ідуць зусім дрэнна, калі мама з раніцы садзілася да тэлефона і пачынала падоўгу размаўляць са сваімі сёстрамі, сяброўкамі і мамай, нашай другой бабуляй. На ёй быў крэмавы з чырвонымі гваздзікамі хатні халат, яна садзілася на крэсла і закідвала нагу за нагу, тады на ім узнікалі разнастайныя выгіны і звівы, што вельмі мяне займала, а скрозь халат віднелі-
    ся цялеснага колеру прыгожая начная кашуля і прыгожая маміна шыя, і мне хацелася залезці да яе на калені, пакуль яна размаўляла па тэлефоне, прыціснуцца да яе валасоў, шыі, грудзей. Праз гады, пасля жорсткай сваркі з бацькам за сталом, мама з гневам кінула мне ў твар, маўляў, я атрымліваю задавальненне ад гэтай жудаснай атмасферы, якой атруцілі ўвесь дом іхныя з бацькам сваркі.
    Чакаючы, пакуль мама зоймецца мной, я сядзеў за яе туалетным столікам, застаўленым пудраніцамі, памадамі, лакамі для пазногцяў, бутэлечкамі з парфумай, адэкалонамі, ружавай вадой і міндальным алеем, я заўзята корпаўся ў скрыначках, гуляў з разнастайнымі пінцэтамі, нажніцамі, пілачкамі для пазногцяў, алоўкамі для броваў, шчотачкамі ў форме ручак, грабянцамі і ўсякімі рознымі вострымі прыладамі, я разглядаў мае і братавы дзіцячыя фатаграфіі, што ляжалі пад шклом (на адной з іх
    мама ў тым самым халаце падносіла да майго рота лыжку, а я сядзеў на дзіцячым крэсельцы, і ў нас былі такія радасныя ўсмешкі, якія сустракаюцца толькі ў рэкламе дзіцячага харчавання), і думаў, што фатаграфіі не могуць перадаць майго шчаслівага ўскрыку.
    Потым, каб выратавацца ад нуды і смутку, што паволі напаўзалі на мяне, я пачынаў гуляць у адну гульню і зусім не падазраваў, што праз шмат гадоў буду рабіць нешта падобнае ў сваіх раманах. Я ссоўваў на сярэдзіну мамінага туалетнага століка ўсе флаконы, што стаялі з абодвух бакоў люстра, шчоткі для валасоў і аздобленую кветкамі скрыначку, яна была замкнёная і ніколі не адчынялася, потым набліжаў галаву да сярэдзіны трумо і разам раскрываў абедзве яго створкі так, што мая галава адбівалася ў іх глыбокай і халоднай шкляной бясконцасці тысячамі дрыготкіх Арханаў. Гледзячы на самыя блізкія і самыя вялікія адлюстраванні, я са здзіўленнем разглядаў сваю патыліцу, якая, аказваецца, формай падобная на востры канец яйка, і вушы, адно з якіх, зусім як у таты, было дзіўным чынам большае за другое. У самых блізкіх і самых вялікіх адбітках я ніколі не пазнаваў сваю патыліцу, мяне бянтэжыла яе завостранасць і яйкападобнасць, а таксама тое, што, дакладна як у таты, адно вуха ў мяне было больш адтапыранае за другое. Яшчэ цікавей было ўяўляць, што маё цела — гэта хтосьці іншы, каго я гадамі цягаю за сабой. Дагэтуль не магу без дрыжыкаў глядзець на сваю шыю. У трох люстэрках адбіваўся не толькі мой профіль, там былі дзясяткі і сотні Арханаў, адлюстраваныя кожны крыху па-рознаму і таму непадобныя адзін да аднаго; мне вельмі падабалася самазадаволена глядзець, як усе яны, ад вялікіх да самых маленькіх, па-рабску паўтараюць кожны рух маёй рукі. Я прымушаў іх рабіць самыя разнастайныя рухі, пакуль не пераконваўся, што ўсе яны беспярэчна падпарадкоўваюцца мне, як рабы. Часам я спрабаваў разглядзець у зялёнай бясконцас-