Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

Стамбул

Горад і ўспаміны
Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
175.45 МБ
Кожны новы позірк на фатаграфіі вучыў мяне важнасці жыцця і выхапленых з яго рэдкіх момантаў, устаўленых у рамкі і захаваных гэтак ад уздзеяння часу. Іншы раз, гледзячы, як мой дзядзька б’ецца з маім братам над рашэннем матэматычнай задачы, я пераводзіў позірк на ягоны здымак, зроблены трыццаць гадоў таму, або, назіраючы, як тата праглядае газету і прыслухоўваецца да жартаў у гасцёўні, што я мог зразумець з усмешкі на ягоным твары, я заўважаў фатаграфію, дзе ён — пяцігадовы, як і я, хлопчык з доўгімі, нібы ў дзяўчынкі, валасамі, і гэта абуджала ўва мне ўражанне, што праз сузіранне жыцця, спыненага ў рамках, нам даецца нагода адчуць гэтую яго асаблівую важнасць. Бывала, пры аповедзе пра заўчасна памерлага дзеда, як пра нейкага заснавальніка дзяржавы, бабуля паказвала ў бок развешаных па сценах і раскладзеных па сталах рамак, але гэты яе жэст толькі акцэнтаваў увагу на дылеме паміж будзённым жыццём
і непаўторнасцю моманту, паміж звычайнасцю і строгім пратаколам. У душы я разумеў важнасць і сэнс гэтых асаблівых імгненняў, што хаваліся ў рамках і супраціўляліся цячэнню часу і прамінанню людзей і рэчаў, але разам з тым яны выклікалі ў мяне пачуццё смутку.
У раннім дзяцінстве я вельмі любіў, калі ўся сям’я з вясёлымі размовамі збіралася на вячэру, любіў святочныя абеды ў дзень заканчэння посту і на Курбан-байрам, а таксама навагоднія частаванні, пасля якіх мы ўсе разам гулялі ў лато. Праз гады я кожны раз казаў, што ў наступным годзе ўжо не прыйду святкаваць Новы год, але ўсё адно прыходзіў. Гэтыя супольныя застоллі, жарты, усмешкі дзядзькі пасля пары чарак ракы або гарэлкі, а бабулі — пасля глыточка піва, з аднаго боку, дарылі мне адчуванне большай забаўнасці жыцця тут, па-за фотарамкамі, а з другога — ілюзію таго, што шчасце — гэта пачуццё сямейнага даверу да блізкіх, весялосць і спакой.
L
Зрэшты, колькі я сябе памятаю, я заўважаў, што мае сваякі, тыя самыя, што сядзелі разам пры святочным стале, елі, смяяліся, весяліліся, потым распальвалі сваркі за маёмасць-нерухомасць і паводзіліся ў іх надзвычай бязлітасна. Мама, калі мы заставаліся з ёй сам-насам у нашай кватэры, гнеўна расказвала нам з братам, якія прыкрасці робяць нам — нашай маленькай сям’і з чатырох чалавек, частцы вялікага клана — «ваш дзядзька», «ваша цётка», «ваша бабуля». Праз падзел маёмасці, пакета акцый канатнай фабрыкі або паверхаў у доме ўзнікалі працяглыя спрэчкі, скандалы і крыўды. У жартаўлівай атмасферы бабулінай гасцёўні я, можа, на нейкі час і забываўся пра ўсе гэтыя цёмныя гісторыі, падобныя да расколінак на тонкім шкле рамак з фатаграфіямі шчаслівых момантаў, выстаўленых на піяніна, але нават у самым юным веку я адчуваў, што гэтыя жарцікі хаваюць у сабе крыўдныя намёкі і звядзенне рахункаў. Я заўважаў, што нават слу-
жанкі асобных сем’яў (напрыклад, наша Эсма-ханым), захопленыя тым самым духам барацьбы, сварыліся, у дадатак да сваіх асноўных абавязкаў, з якой-небудзь іншай служанкай (напрыклад, з цётчынай пакаёўкай Ікбал).
«Ты ведаеш, што сказаў Айдын?» — казала мама чарговай раніцы за снеданнем. «I што ж ён сказаў?» — спачатку з цікаўнасцю азываўся тата. Выслухаўшы мамін аповед, ён словамі: «Кінь дурное, Богам прашу», — закрываў тэму і занураўся ў сваю газету. Нават калі я не заўважаў, што нашу сям’ю, якая несла ў сабе нешта ад вялікіх традыцыйных асманскіх сем’яў Стамбула, дзе ўсе жылі разам у вялікім драўляным асабняку, паціху-патроху разбуралі гэтыя разлады, я адчуваў гэта па няўдалых праектах майго бацькі і ягонага брата, што пастаянна прагаралі і ствараліся зноў, а таксама штораз часцейшых бацькавых ад’ездах і знікненнях. Зрэдку мы з мамай хадзілі наведаць «другую бабулю», маміну маму, якая жыла ў раёне Шышл!. Пакуль мы з братам гулялі-забаўляліся ў пакоях бабулінага дома, напоўненых прывідамі, мама расказвала ёй, што справы з кожным разам ідуць усё горш, а бабуля ў адказ раіла ёй праяўляць спакой і стрыманасць і, каб мама нават не думала вяртацца дадому, пераконвала нас, што трохпавярховы пыльны дом, у якім яна жыла адна, зусім не такі прывабны, як выглядае.
Мой тата, апроч кароткіх успышак гневу, быў вельмі задаволены сваім жыццём, самім сабой, сваёй мужчынскай прыгажосцю, розумам і лёсам, ён з пэўнай дзяціннасцю, якой ніколі не мог пазбавіцца, і прыемнасцю на твары выстаўляў сваё шчасце напаказ. Памятаю, дома ён пастаянна насвістваў розныя мелодыі, любаваўся сабой у люстры і, выціскаючы ў далонь лімон, намазваў ім валасы замест брыльянціну. Ён вельмі любіў жарты, слоўныя гульні і розыгрышы, чытаў напамяць вершы і з прыемнасцю паказваў сваю дасціпнасць, яму падабаліся далёкія падарожжы на самалёце. Ён быў не з тых бацькоў, якія
робяць заўвагі, нешта забараняюць або раздаюць пакаранні. Асабліва ў раннім дзяцінстве, падчас нашых з ім доўгіх прагулак з паўсюднымі знаёмствамі, я адчуваў, што свет — гэта прыемнае месца, у якое чалавек прыйшоў, каб быць шчаслівым.
Калі тата пазбягаў аповедаў пра зло, варожасць або проста сумныя рэчы навакольнага свету, то мама, у сваю чаргу, ссунуўшы бровы, перасцерагала нас ад гэтых небяспечнасцей, а яе шматлікія забароны служылі захадамі супраць цёмных бакоў жыцця. 3 ёй было не так весела, як з татам, але ён пры першай магчымасці знікаў з дому, а мама праводзіла з намі значна больш часу, і таму я вельмі залежаў ад яе любові і пяшчоты. Тое, што я вымушаны супернічаць за гэтую любоў са старэйшым братам, я вывучыў як прапісную ісціну жыцця яшчэ ў несвядомым узросце. Лютая барацьба і суперніцтва з братам за маміну любоў у значнай ступені замяніла сабой тую магчымую шкоду, якую б прынесла мне супрацьстаянне аўтарытэту, моцы і ўладзе бацькі. Тады я, вядома, не мог зразумець гэта так, як цяпер. Таму што наша з братам суперніцтва, прынамсі спачатку, ніколі не выяўлялася адкрыта, гэта заўжды была частка гульні, і, як належыць гульцам, мы ўяўлялі сябе кімсьці іншым. У бальшыні выпадкаў нашыя сутычкі былі не паміж Арханам і Шаўкетам, а паміж футбалістам або героем, з якім атаясамліваў сябе я, і футбалістам або героем, з якім атаясамліваў сябе ён. Быццам ужываючыся ва ўяўных або рэальных персанажаў, якія зацята ваююць між сабою, мы цалкам уцягваліся ў гульню і сваркі, якія звычайна канчаліся кроўю і слязамі, і начыста забываліся, што гэта мы, двое братоў, б’емся, малоцім і заўзята абражаем адзін аднаго. Брат, які ўсё жыццё цікавіўся статыстыкай поспеху і дэталёвымі апісаннямі перамог вачыма пераможцаў, праз гады падлічыў, што, як вынікала з яго слоў, у дзевяноста працэнтах нашых гульняў і войнаў перамог менавіта ён.
Як толькі на душы рабілася смутна, я адчуваў сябе няшчасным або проста нудзіўся, я, не кажучы нікому ні слова, выходзіўз кватэры і цягнуўся ўніз, пагуляць са стрыечным братам, або, значна часцей, ішоў наверх, да бабулі. (Аднойчы мама сказала: «У дзяцінстве ты ніколі не скардзіўся, як іншыя дзеці, што табе нудна».) Нягледзячы на тое, што ўсе паверхі былі падобныя адзін да аднаго, а большасць рэчаў, ад сервізаўда цукарніц, ад крэслаў да попельніц, былі проста аднолькавыя, кожны з іх падаваўся мне абсалютна іншай краінай, цэлым новым сусветам. Насуперак смутнай атмасферы перапоўненай рэчамі бабулінай вялікай гасцёўні, а можа, і дзякуючы ёй, я вельмі любіў прыходзіць у гэтую гасцёўню-музей, гуляць там, марыць у ценю вазаў, фатаграфій у рамках і нізкіх столікаў, уяўляць, што гэта нейкае зусім іншае месца.
Вечарамі, калі пры святле лямпаў тут збіралася ўся сям’я, у маім уяўленні бабуліна кватэра рабілася капітанскім мосцікам велізарнага карабля, што ідзе скрозь шторм. Мы ўсе, капітан, каманда і пасажыры, непакоіліся, што хвалі робяцца штораз болыпыя, і я ганарыўся тым, што лёс нашага карабля і нас усіх цалкам залежыць
ад мяне. У гэтыя фантазіі пераносілася шмат з таго, што я прыдумваў сабе, лежачы ноччу ў ложку, калі да майго слыху даляталі журботныя ўздыхі параходных сірэн з Басфора. Насуперак такім фантазіям, што вельмі нагадвалі коміксы майго брата, я адчуваў, зусім як у роздумах пра Бога, што наш лёс не супадае з лёсам гарадскога натоўпу выключна таму, што мы багатыя. Аднак у наступныя гады, калі з кожным банкруцтвам бацькі і яго брата, з кожным падзелам нерухомасці і маёмасці, з кожным разладам паміж мамай і татам усё вялікае сямейства і наша маленькая сям’я праз дробныя расколінкі тут і там крышыліся, драбнелі, бяднелі і імкліва знікалі, з кожным наведаннем бабулінай кватэры ў маёй душы ўсё больш абуджаўся смутак. Прыгнечанасць, разгубленасць і смутак, якія прыйшлі ў Стамбул пасля падзення Асманскай імперыі, з іншых прычын і з пэўным спазненнем урэшце дабраліся і да нас.
3.	«я»
У шчаслівыя моманты, а іх у маім дзяцінстве было многа-многа, я адчуваў, што гэта не я сам, а сусвет добры, прыгожы, прыемны, сонечны. Нясмачная або нелюбімая ежа, укол шпрыцам у руку, драўляная клетка (якую чамусьці называлі «манеж»), дзе мяне знявольвалі зусім маленькага, каб я не ўцёк і не згубіўся, а я раз’юшана грыз свае драўляныя «кайданы», або адзін з самых жахлівых успамінаў дзяцінства, калі я заціснуў палец дзверцамі дзядзькавай машыны і праплакаў некалькі гадзін (а потым быў жахлівы візіт да доктара на рэнтген), —
ва ўсім гэтым я спазнаваў не самога сябе, а зло і непрыемнасці, якіх трэба пазбягаць. Аднак пробліскі самасвядомасці, фантазіі і перажыванні паволі абуджалі ўва мне пачуццё маёй самасці, майго «я», крыху падобнае на пачуццё віны.
Калі брат, старэйшы за мяне на два гады, пайшоў у школу, я, ад маіх чатырох да шасці, зусім аддаліўся ад сяброўства з ім і ад пачуцця еднасці, што ўзнікла паміж намі. У гэтыя два школьныя гады я адчуваў сябе вельмі добра, таму што амаль цэлы дзень быў свабодны ад яго моцы і не адчуваў суперніцтва з ім, дом Памукаў быў цалкам у маім распараджэнні, і ўся маміна ўвага і пяшчота таксама даставаліся мне аднаму. Тады я таксама адкрыў для сябе адзіноту, тады набраўся і першых незабыўных трапяткіх успамінаў.
Майму брату куплялі коміксы, і я спачатку прасіў яго прачытаць словы герояў, а пасля, калі ён быў у школе, адкрываў іх і «чытаў» сам, прыгадваючы тое, што пачуў ад яго. Адным цудоўным цёплым папалуднем мяне паклалі спаць пасля абеду, але я заснуў не адразу і ўзяўся разглядаць комікс пра каўбояў. Раптам я заўважыў, што мой пісюн, які мама называла піпкай, цвярдзее. Гэта здарылася, калі я разглядаў карцінку з паўголым індзейцам. На індзейцу не было нічога, акрамя танюткай вяроўкі на поясе, з якой, каб прыкрыць яго «піпку», звешваўся падобны на сцяг шматок гладкай тканіны, пасярэдзіне якога быў намаляваны круг.