Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
Іншым разам, зноў пасля абеду, я, пераапрануты ў піжаму, выцягнуўся пад коўдрай і размаўляў з мішкам, які быў у мяне, колькі я сябе памятаю. I зноў я адчуў тое самае ацвярдзенне. Чароўную сутнасць новага прыемнага пачуцця я зразумець не мог, але і не хацеў, каб іншыя ўбачылі перамену ў маім целе, якая ўзнікла акурат у той момант, калі я сказаў мядзведзю: «Я цябе з’ем». Дзіўнае ацвярдзенне ўзнікала зноў, калі я хапаў свайго мядзве-
дзіка, да якога не быў асабліва прывязаны, і паўтараў сваю пагрозу. Словы «я цябе з’ем» я часцей за ўсё чуў у самыя жахлівыя моманты казак, якія расказвала мама. Вядомыя ў класічнай іранскай літаратуры сваякі шайтанаў і джынаў — дзівы, — якіх чатырыста гадоў таму малявалі як маленькіх жахлівых пачварак з хвастамі, перабраўшыся ў сучасную турэцкую мову і ў нашы казкі, зрабіліся велізарнымі дзівамі. Я даведаўся, як выглядае дзіў, з ілюстрацыі на вокладцы маленькай кніжачкі, скарочанага выдання «Казак дзеда Каркута». На ёй паўголая, дакладна як той індзеец, пачвара мела выгляд моцнага і крыху агіднага валадара сусвету.
Словы «я цябе з’ем» з чутых мною маміных казак азначалі намер праглынуць, забіць, знішчыць. Акурат у тым часе мой дзядзька набыў невялічкі кінапраектар, на Новы год і на іншыя святы з фатаграфічнай крамы ў Нішанташы ён браў напракат кароткія, на дзесяць-дванаццаць хвілін.
мультфільмы (Шарло, Уолт Дысней, Лорэл і Хардзі) і круціў іх для ўсёй сям’і на белай сцяне над камінам (фатаграфіі дзядулі і бабулі пры гэтым урачыста здымалі). А вось мультфільм Уолта Дыснея з асабістай недатыкальнай дзядзькавай калекцыі мы глядзелі толькі два разы, і ўсё праз мяне. У ім вялізны, памерам з дом, тупы, нязграбны і злосны дзіў ганяўся за маленькай мышкай Мікі, мышаня хавалася на дне калодзежа, дзіў адным махам вырываў калодзеж з зямлі і выпіваў яго нібы шклянку вады, і, як толькі мышаня апыналася ў пашчы дзіва, Архан пачынаў голасна раўці што ёсць сілы. Мяне дагэтуль палохае карціна Гоі з музея Прада, «Сатурн, які пажырае сваіх дзяцей», — на ёй мне бачыцца дзіў, які схапіў маленькага чалавечка і запхаў сабе ў рот.
Аднойчы, зноў калі мяне па абедзе паклалі спаць і я са спушчанымі штанамі і цвёрдай піпкай пужаў і адначасова лашчыў свайго мядзведзіка, тата нечакана расчыніў дзверы і нейкі час глядзеў на мяне. Зачыняў ён дзверы значна асцярожней, чым расчыніў, і з павагай, якую я адчуў нават тады. Між тым дамоў тата прыходзіў на абед і каб крыху адпачыць, а перад тым, як вярнуцца на працу, ён зазіраў у мой пакой і цалаваў мяне. Пакрысе ў мяне з’яўлялася адчуванне, што я рабіў нешта дрэннае і, што яшчэ горш, рабіў гэта дзеля ўласнай асалоды, і адчуванне гэтае азмрочвала саму думку пра асалоду.
Гэта прыйшло мне ў галаву яшчэ раз, калі мяне ў ванне мыла нянька, нанятая пасля таго, як мама сышла з дому ў выніку адной з бясконцых сварак з бацькам. Памятаю, як нянька далёкім ад замілавання голасам сказала, што я «як сабака», а асалоду мне прыносілі вада, яе гарачыня і само мыццё.
Я баяўся і саромеўся такіх рэакцый свайго цела не толькі таму, што не мог іх кантраляваць. Горш было, што я лічыў, быццам гэтае ацвярдзенне — прыкрасць, якая здаралася толькі са мною. Толькі праз шэсць-сем га-
доў, у сярэдняй школе, апынуўшыся ў класе, дзе хлопцы вучыліся асобна ад дзяўчат, я пачаў прыслухоўвацца да дзіцячых размоў кшталту «ў мяне ўстаў» і зразумеў, што такое ацвярдзенне ўласцівае не толькі мне. А пакуль, перапужаны тым, што ацвярдзенне і сапсаванасць уласцівыя мне аднаму, я зрабіў выснову аб неабходнасці хаваць сваю «сапсаванасць». Ад гэтага пайшла і мая звычка жыць у прыдуманым свеце, межы якога былі зачыненыя для ўсіх. Апрача ацвярдзення, якое са мной здаралася рэдка, галоўнай крыніцай уласнай сапсаванасці я лічыў недарэчныя фантазіі, а ўзнікалі яны часта проста ад нуды, і тады я ўяўляў, што жыву не ў пакоях кватэры-музея, а ў нейкім зусім іншым месцы, і я сам — нехта іншы. Уцячы ў гэты таемна схаваны ў маёй галаве другі свет было вельмі проста: седзячы ў бабулінай вялікай гасцёўні, я, напрыклад, уяўляў, што знаходжуся на борце падводнай лодкі. Якраз тады мяне ўпершыню ў жыцці звадзілі ў кіно — у прапахлым пылам кінатэатры «Палац» у Беяглу я паглядзеў нямую экранізацыю па матывах «Дваццаці тысяч лье пад вадой» Жуля Верна, ад якой рабілася ніякавата. Паўцёмныя сцэны чорна-белага фільма, зацененыя адсекі падлодкі, за межы якіх дзеянне так і не выйшла, — усё гэта нагадала мне наш дом. Я пакуль не мог прачытаць субтытраў, таму шмат чаго не зразумеў, але ці не такім самым чынам я чытаў коміксы майго брата? Тое, што я прапусціў, дадумвалася сілай майго ўяўлення вельмі проста. (I дагэтуль, калі я чытаю кнігі, мне значна важней правільна ўявіць сабе гэта, чым зразумець.) Усё мноства сусветаў, што я ствараў адным толькі рухам думкі, было, у адрозненне ад «ацвярдзення», абсалютна падуладнае мне, я з лёгкасцю кантраляваў яго і ўваходзіў туды, нібы ва ўсвядомлены сон. Сілай уяўлення я ўмомант сціраў з шырокага стала пад вялікай жырандоляй усё яго амаль барочнае аздабленне, перламутравую інкрустацыю, разныя ўзоры і іншыя ўпрыгажэнні,
а замест яго ўзнікала велізарная гара, як у тых коміксах, што я «чытаў», і нібыта на гэтай высокай і дзіўнай гары існавала нейкая іншая цывілізацыя. Астатнія прадметы ў пакоі таксама адзін за адным рабіліся гарамі, а я лётаў паміж імі, як аэраплан, увесь час набіраючы хуткасць.
«Не гайдай так нагамі, галава ўжо круціцца!» -— звычайна казала бабуля, якая сядзела насупраць.
Я больш не гайдаў нагамі, але мой аэраплан ныраў у воблака дыму ад цыгарэты ў бабулінай руцэ, як у туман, і знікаў у ім; а я апынаўся ў лесе, сярод лістоты і мноства розных зайцаў, змеяў і львоў, абрысы якіх я раней бачыў ва ўзорах дываноў, адтуль я пускаўся ў прыгоды з комік-
саў: распальваў пажар, забіваў некалькіх чалавек, ускокваў на каня, згадваў, як раскідваў братавы шарыкі, пакуль ён быў у школе... Адным вухам я прыслухоўваўся да гукаў у доме і чуў, як грукаюць дзверы ліфта, а значыць, швейцар Ісмаіл паднімаецца на наш паверх, пры гэтым я пускаўся ў новыя прыгоды сярод паўголых індзейцаў. Мне падабалася падпальваць дамы, паліваць свінцовым дажджом людзей, што засталіся ў агні, або прыдумваць, як самому ўратавацца з ахопленага агнём дома, выкапаўшы тунэль, падабалася фіранкай, што прапахла цыгарэтным дымам, прыціснуць да аконнай шыбы муху і паволі душыць яе, а калі мёртвая муха падала ў дзіркі на панэлі каларыфера, я ўяўляў, што гэта бандыт, які знайшоў сваё заслужанае пакаранне. Да сарака пяці гадоў у салодкія моманты паміж сном і абуджэннем я заўжды кагосьці забіваў, бо ведаў што ад такіх думак мне зробіцца лягчэй. Іншы раз гэта былі мае сваякі, нават такія блізкія, як мой брат, а часам — палітыкі, пісьменнікі, дробныя гандляры, аднак большасць з іх былі проста прыдуманыя людзі. I ўсіх іх я прашу выбачыць мне за гэта. Я, чалавек, які шчыра любіць і шануе катоў, у хвіліны бязвер’я, пустаты і страты ўсіх надзей, пакуль ніхто не бачыць, здзекаваўся з іх і смяяўся з гэтага, пасля саромеўся сваіх учынкаў, і cappa маё напаўнялася жалем да бедных жывёл. Праз дваццаць пяць гадоў, падчас службы ў войску, калі ўся рота пасля абеду запальвала цыгарэты і заводзіла размовы пра сёе-тое, я ўяўляў, што ўсе гэтыя сямсот пяцьдзясят хлопцаў здалёк так падобныя адзін на аднаго, сядзяць з адарванымі галовамі, а іх акрываўленыя страваводы паволі раскачваюцца ў празрыста-блакітнай, салодкай ад тытунёвага дыму, прасторы вялікай сталовай... «Не гайдай нагамі, братка, хопіць, надакучыў», — казаў тады мне нехта з баявых таварышаў.
У дзяцінстве гэты друті свет, як і «ацвярдзенне», быў маім сакрэтам, я верыў, што, калі схаваю яго, нічога
прыкрага не здарыцца, і, здаецца, толькі бацька здагадваўся пра яго існаванне.
Калі я згадваў, як у хвіліну гневу і ўзбуджэння адарваў мядзведзіку адзінае ацалелае вока або як выцягнуў праз дзірачку ў яго з жывата крыху саломы, ад чаго ён схуднеў; або як ад празмернай любасці і ўзбуджэння трэці раз зламаў трэці раз купленую мне цацку (футбаліста ростам з палец, які біў нагой нібы па мячы, калі націснуць кнопку на галаве), а потым схаваў яго знявечанае цела і ўяўляў, як ён ляжыць там у смяротных пакутах; або калі я з бояззю прыгадваў шчырыя, нібы пра Бога, апавяданні нашай служанкі Эсмы-ханым пра спрытных, як тхары, зладзеяў, што разгульвалі па даху суседняга дома, тата раптам казаў: «Скажы, пра што думаеш, — дам чвэрць ліры».
Пакуль я моўчкі вырашаў, як быць: сказаць усё, як ёсць, або расказаць крыху па-іншаму, або схлусіць, тата з усмешкай дадаваў: «Усё! Адразу трэба было расказваць».
А можа, тата і сам жыве ў гэтым другім свеце? А можа, я памыляюся, калі думаю, што гэты дзіўны лад у маёй галаве, які, як я даведаўся праз шмат год, даўно вядомы як схільнасць да фантазій, уласцівы толькі мне? Я пазбягаў задаваць сабе гэтае пытанне не толькі таму, што мае думкі знікалі, калі я адчуваў занепакоенасць у татавых словах, але і праз здольнасць забываць тое, што непакоіла мяне.
Я лічыў фантазіі толькі сваім дзівацтвам, але хаваў тое, што адбываецца ў маёй галаве, і з іншай прычыны: вярнуцца ў мой другі свет было лягчэй лёгкага. Я садзіўся насупраць бабулі, утаропліваў вочы ў промні святла, што прабіваліся скрозь фіранкі, лыпаў вейкамі, і перада мной узнікалі промні карабельных пражэктараў на Басфоры, раптам яны ператвараліся ў чырвоныя касмічныя караблі, гэтак я мог уявіць сабе што заўгодна, а пасля, нібы выключаеш святло, выходзячы з пакою («Выключы святло!» я ў дзяцінстве чуў ледзь не часцей за ўсё), я выключаў фантазію і спакойна вяртаўся ў звычайны свет.
Розніца паміж чалавекам, якому падабаецца ўяўляць сябе Напалеонам, і чалавекам, які думае, што ён і ёсць Напалеон, акурат такая, як паміж шчаслівым летуценнікам і няшчасным шызафрэнікам. Я вельмі добра разумею шызафрэнічных людзей, якія не могуць не жыць у прыдуманым свеце, прыкрываючыся іншым абліччам, але я спачуваю ім і (у глыбіні душы) адчуваю сваю перавагу, бо не з’яўляюся вязнем свету фантазій і магу вяр-
тацца ў шчаслівы і трывалы «сапраўдны» свет. Я хаваўся ў сваім другім свеце або думаў, што магу апынуцца на месцы іншага Архана, які жыве недзе ў Стамбуле ў іншым доме, таму, што жыццё ў доме-музеі, у яго гасцёўнях і калідорах, сярод дываноў (цярпець не магу дываны), у таварыстве захопленых матэматыкай і красвордамі пазітывістаў наганяла на мяне нуду; таму, што наш дом быў сумны і цёмны, набіты рэчамі, а не напоўнены сардэчнасцю, любоўю, жывапісам, літаратурай і казкамі (потым сваякі ў адзін голас казалі, што гэта не так), а не таму, што я не быў шчаслівы.