• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    3 папярэдняга досведу я ведаў, што ўмяшанне «псуе» намаз. Старая з усіх сіл, нібы нічога не здарылася, працягвала маліцца, каб не перапыняць намаз, але мне, з аднаго боку, гэта здавалася прытворствам або гульнёй (бо цяпер яна толькі рабіла выгляд, што выконвае намаз), з іншага — яе рашучасць цалкам аддацца свайму занятку трымалася на духоўнай моцы, і я пачынаў наш «двубой воляў». Яна вельмі мяне любіла, пры любой нагодзе брала на рукі і песціла, а незнаёмым на вуліцы, калі яны казалі, што я вельмі мілы, прадстаўляла мяне «сваім унукам»; але пры ўмяшанні Бога ў нашыя адносіны я адчуваў той самы неспакой, які выклікалі ва ўсёй нашай сям’і занадта пабожныя людзі. Я з павагай ставіўся да яе рашучасці працягваць намаз, але калі яна паказвала
    сваю прывязанасць да нейкага іншага, вонкавага быцця, я пачынаў непакоіцца, і гэта пужала мяне. Мой страх быў не страхам свецкай турэцкай буржуазіі перад Богам, а страхам перад гневам тых, хто занадта моцна верыць у Бога.
    Бывала, што падчас намазу Эсму-ханым з іншага пакоя клікала дзеля чагосьці мая мама або тэлефон разрываўся ў чаканні, пакуль яна здыме трубку. У такія моманты маім першым парывам было пабегчы да мамы і сказаць, што яна выконвае намаз. Часам я ад шчырасці так і рабіў, але часам, усё ад таго самага дзіўнага неспакою і ад жадання зрабіць што-небудзь дрэннае, змяшанага з рэўнасцю, я проста стаяў і чакаў, што будзе далей. У гэтым было і жаданне вызначыць, ці нашая служанка больш прывязаная да нас, ці да Бога, і паспаборнічаць з тым светам, дзе блукалі яе думкі і адкуль яна часам вярталася з гнеўнымі пагрозамі.
    «Калі будзеш торгаць мяне за хустку падчас намазу, твае рукі адсохнуць!» — казала Эсма-ханым. Я зноў цягнуў яе за хустку, але ні рука, ні што іншае не адсыхала. Тым не менш я ў пэўны момант спыняў гульню, падобна да дарослых, якія, хоць і не верылі «ва ўсё такое», на ўсялякі выпадак не трацілі асцярожнасці. Цяпер не адсохла — не значыць, што не адсохне потым. Як і ўсе члены майго абачлівага сямейства, я ў пэўны момант хаваў свае абыякавасць і іронію ў дачыненні да рэлігіі — акрамя таго, што багабойнасці вернікаў я не разумеў і таму абыходзіў маўчаннем, іх перакананні і рэлігійныя звычаі я звязваў з іх беднасцю, але стараўся асабліва не падкрэсліваць гэтага.
    Яны, мне здавалася, раз-пораз згадваюць імя Бога менавіта таму, што бедныя. Дома пра кагосьці пабожнага, хто выконваў намаз належныя пяць разоў на дзень, <азалі са здзіўленнем і пагардай, быццам пра чалавека, які толькі што прыехаў з глухой вёскі, але тут напрошвалася і яшчэ адна выснова: яны застаюцца беднымі, можа, гаму, што так моцна вераць у Бога.
    Уяўны вобраз Бога як паважнай асобы ў белым лакрывале я развіць далей не мог, у свой паўсвядомы страх і асцярожнасць я асабліва не паглыбляўся, і мае з ім адносіны заставаліся на ўзроўні пазбягання, прычынай гэтаму было і тое, што дома ніхто не даваў мне адпаведнага выхавання. Магчыма, яны і самі не ведалі таго, чаму трэба было мяне вучыць. Дома я не бачыў нікога са сваякоў, хто б выконваў намаз, трымаў пост або чытаў малітвы. У гэтым сэнсе мае сваякі жылі, нібы французскія буржуа, яны даўно аддаліліся ад рэлігіі, але канчаткова звесці з ёй рахункі баяліся.
    Гэты рэлігійны прагал, што мог выглядаць як беспрынцыповасць, цынізм ці бязбожнасць на фоне свецкага энтузіязму Рэспублікі Атацюрка з яго рухам у адваротным кірунку, здаваўся захапленнем еўрапеізацыяй і ўсім су-
    часным, і таму гэтая духоўная лянота, з гонарам выцягнутая ў патрэбны час на сцягах «ідэалізму», заблішчэла і згасла. Але ў духоўнай карціне сямейнага жыцця месца рэлігіі не заняло нішто такое ж глыбокае, і яна заставалася гэтак жа пустыннай, як смутныя прасторы на месцы бессардэчна спаленых драўляных асабнякоў, парослыя папараццю і ўсыпаныя друзам.
    Гэтая пустата запаўнялася, як і задавольвалася мая цікаўнасць (навошта ж пабудавалі ўсе гэтыя мячэці), перакананнямі нашых дамашніх слуг і іх рэлігійнай завядзёнкай. 3 усіх гэтых «дакранешся — рука адсохне», «мову адняло», «прыляцеў анёл і забраў яго на нябёсы», «не ўставай з левай нагі» было няцяжка зрабіць выснову, што рэлігія з’яўляецца чымсьці накшталт набору забабонаў або «сляпой веры». Анучкі, прывязаныя на грабніцах шэйхаў, свечкі, запаленыя ў мемарыяльным парку Сафубабы ў Джыхангіры, «знахарскія лекі», што слугі варылі сабе на кухні, замест таго каб паказацца доктару, прыказкі, прымаўкі, праклёны і парады, што прасачыліся ў наш рэспубліканскі і еўрапеізаваны дом са шматвяковай гісторыі дэрвішскіх суполак і ордэнаў, зрабілі наша жыццё падобным на вясёлую гульню ў класікі, калі на адны клеткі наступаць забараняецца, а праз іншыя трэба пераскокваць. Нават цяпер, на вялікай плошчы, на ходніку ці ў калідоры я раптам трапляю ў пэўны крызіс веры і пачынаю перасоўвацца подскакам, бо нельга ж наступаць на лініі паміж пліткамі або на чорныя квадраты.
    Мноства павер’яў і забаронаў, што занялі месца рэлігіі, у маёй галаве часам блыталася з мамінымі павучаннямі накшталт «не паказвай пальцам». Яна казала: «Не адчыняй разам дзверы і акно, будзе скразняк», — і я доўгі час быў перакананы, што існуе нейкі Скразняк-баба, зусім як той Сафу-баба, чый дух лепш не турбаваць.
    Рэлігію, якую адчайнае становішча ніжэйшых класаў звяло да набору дзіўных і часам забаўных правіл з іх ці то
    ўсходняй, ці то заходняй, нязвычнай музыкальнасцю і логікай, нам было прасцей прыняць у нашым будзённым жыцці, чым бачыць у ёй Божы зварот да свету і да нашага сумлення праз кнігі, правілы і прарокаў. Hi мая бабуля. ні наступнае пакаленне — мае дзядзькі, цёткі або тата з мамай — не трымалі пост аніводнага дня, але заходу совца ў месяц Рамазан яны чакалі з такой самай нецярплівасцю, як і тыя, хто пасціў. Зімой, калі вечар наступаў знянацку і заспяваў маю бабулю і яе гасцей за гульнёй у безік ці покер, іфтар ператвараўся ў чаяванне з гарачымі булкамі паміж партыямі; калі набліжаўся заход сонца, гэтыя вясёлыя бабулькі, якія за гульнёй у карты ўвесь час нешта елі, пераставалі ўмінаць свае прысмакі, а побач са сталом, за якім ішла гульня, з дбайнасцю пабожнага заможнага дому накрываўся яшчэ адзін стол, застаўлены разнастайнымі сочывамі, сырамі, маслінамі, пірагамі ды кілбасамі, па радыё гук нэя абвяшчаў набліжэнне іфтару,
    і бабуліны госці нецярпліва, нібыта ад самай раніцы нічога не еўшы, пыталіся: «Ну, колькі яшчэ там часу?», — а калі чуўся гарматны стрэл, яны, пасля кароткага чакання, падчас якога кухар з’ядаў сёе-тое на кухні, самі з прагнасцю пачыналі есці. Нават сёння варта мне толькі пачуць па радыё гук нэя, як ужо цякуць слінкі.
    Першы візіт у мячэць паказаў, што мае шаблонныя ўяўленні пра рэлігію наогул і пра іслам у прыватнасці былі збольшага правільныя. Гэта была неафіцыйная экскурсія: аднойчы пасля абеду, калі дома нікагусенькі не было, наша служанка Эсма-ханым, не з вялікай любові да набажэнства, а хутчэй таму, што засумавала ў чатырох сценах, без дазволу адправілася ў мячэць і ўзяла мяне з сабой. У мячэці Тэшвікіе было чалавек дваццаць-трыццаць прыслугі заможных насельнікаў Нішанташы, пакаёўкі, кухары, швейцары, а таксама гаспадары маленькіх крамак з бакавых вулачак; яны прыйшлі не столькі дзеля набажэнства, колькі дзеля таго, каб у сяброўскай атмасферы пасядзець на дыванах ды, у чаканні намазу, пашаптацца і абмяняцца апошнімі плёткамі. Памятаю, што, пакуль яны выконвалі намаз, я блукаў паміж імі, бегаў па ціхіх закутках мячэці і гуляў у нейкія гульні, і пры гэтым ніхто з іх, хоць таварыства было досыць вялікае, не спыніў і не папракнуў мяне, а многія, як і заўжды ў маім дзяцінстве, вельмі ласкава ўсміхаліся. Я ўбачыў яшчэ раз, што рэлігія — доля беднякоў, але і прыйшоў да высновы, што, насуперак газетным карыкатурам і рэспубліканскім перакананням маіх сваякоў, рэлігійныя людзі цалкам бяскрыўдныя.
    Пры ўсёй чысціні і дабрыні гэтых людзей, з пагардлівага да іх стаўлення, якое ў нашым доме раз-пораз змянялася аўтарытарнай злосцю, я разумеў, што супярэчнасці ў іх вераваннях ускладняюць ажыццяўленне вялікіх праектаў мадэрнізацыі, еўрапеізацыі і прагрэсу. Права ўладарыць над гэтымі «цёмнымі людзьмі» і рашуча су-
    працьстаяць іх прывязанасці да гэтых дзіўных догмаў нам давалі не толькі нашы грошы і ўласнасць, але і наша еўрапеізаванасць і «пазітывісцкі» светапогляд, гэтага патрабавалі не толькі нашы асабістыя інтарэсы, але і інтарэсы радзімы. Калі бабуля даведвалася, што які-небудзь электрык перапыніў сваю працу і пайшоў на намаз, яна адпускала з’едлівыя заўвагі, і нават мой дзіцячы розум мог сцяміць: у яе на мэце быў не гэты дробны рамонт, пад прыцэл траплялі тыя традыцыі і звычаі, што трымалі нас у мінулым.
    Пасля газетных артыкулаў, напісаных паслядоўнікамі Атацюрка, карыкатурных выяў захутаных у чорныя пакрывалы жанчын і барадатых фанатыкаў з ружанцамі ў руках, школьных цырымоній у гонар Пакутніка Рэвалюцыі Кубілая ў мяне з’яўлялася пачуццё, што гэтыя мілыя забабоны беднякоў могуць аднойчы дасягнуць жахлівых маштабаў і нанесці шкоду нам, а таксама дзяржаве і айчыне, якія належалі нам, здавалася, крыху больш, чым ім, і наш клас я лічыў кіруючым з поўным правам. У тыя часы я прыходзіў да высновы, што «панскае» становішча нам забяспечвае менавіта наша еўрапеізаванасць і сучаснасць, а не толькі наша багагде і матэматычна-апантаны інжынерны дух, якім поўнілася ўсё ў нашым доме. I я з пагардай ставіўся да сем’яў, якія, нягледзячы на тое што былі такія ж багатыя, як мы, еўрапеізаванымі, як мы, не былі. У наступныя гады, з развіццём дэмакратыі ў краіне, у Стамбул з правінцыі пачалі перабірацца і паказваць сябе «ў свеце» багачы, на якіх не паўплывала ні заходняя культура, ні свецкія погляды, некаторыя з іх пры гэтым былі багацейшыя за нас, і гэта ў нашай сям’і, значна збяднелай пасля камерцыйных няўдач бацькі і ягонага брата, выклікала гнеў і расчараванне: калі мы маем права на багацце, што знікае з нашых рук, на прывілеі і камфорт праз нашу еўрапеізаванасць, то чым тады растлумачыць багацце
    гэтых, як іх называлі некаторыя левыя, «таўстасумаў», якія пра многія духоўныя пытанні (тады я нічога не ведаў ні пра Румі, ні пра тонкасці суфізму, ні пра вялікую персідскую культуру) разважаюць як шафёры і кухары ды яшчэ і падбухторваюць да вайсковага перавароту? Еўрапеізаваныя стамбульскія буржуа ўсе апошнія сорак гадоў падтрымлівалі Анкару з яе вайсковымі пераваротамі і ўмяшаннем арміі ў палітыку не таму, што былі супраць левых радыкалаў (досыць моцнага левага руху, дарэчы, у Турцыі ніколі не было), а менавіта праз