• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    «Мы ўсе спачуваем Фейзіе Мадэнджы. У яе дом у Бебеку праніклі зладзеі, але што яны скралі, невядома. Ці зможа паліцыя разгадаць загадку гэтага ўзлому?»
    «Айсель Мадра мінулым летам так і не змагла выкупацца ў моры з прычыны аперацыі на гландах. Гэтым летам на востраве Куручэшме яна раскашавала, але была крыху заклапочаная. Чаму? Ах, лепш не пытайцеся...»
    * Літаральна «Вечар».
    «Муазез Іпар адправілася ў Рым. Яшчэ ніколі падарожжа не прыносіла столькі радасці гэтай стамбульскай свецкай ільвіцы. Цікава, чаму? Няўжо прычынай быў яе спадарожнік?»
    «Семіраміс Сарыай летнія месяцы правяла на востраве Бююкада, а цяпер вяртаецца на сваю вілу на Капры. Адтуль, вядома, як рукой сягнуць да Парыжа, дзе яна адкрые некалькі карцінных выстаў. Ці чакаць нам выставы скульптур?»
    «Стамбульскі свет нехта сурочыў! Шмат хто з тых, чые імёны згадваліся ў нашай калонцы, адно за адным трапляюць на аперацыйны стол. Вось і Харыка Гюрсой, якую мы літаральна днямі бачылі такой вясёлай на вечарынцы ўЧамлыджы, удоме нябожчыка Рушэна Эшрэфа...»
    «А-а-а, Харыка, аказваецца, таксама выразала гланды», — штосьці накшталт гэтага казала потым мама.
    «Яна б лепш спачатку павыразала свае бародаўкі на твары», — бессардэчна азываўся тата, але далей гэтую тэму не развіваў.
    3 гэткіх размоў я разумеў, што некаторыя «свецкія львы», імёны якіх газетныя плеткары часам называлі, а часам толькі намякалі на іх, былі нашымі знаёмымі, і мне здавалася, што мама зайздросціць таму, як жывуць людзі, нашмат багацейшыя за нас. Маміна раздражненне, выкліканае іх багаццем, часам выдаваў тон, якім яна казала, што тыя «трапілі ў газеты». У самім слове «трапілі» быў і недавер да стамбульскіх газет, дзе было шмат ілжывых навін, і глыбокае, чыста стамбульскае перакананне ў тым, што багатыя людзі не павінны прыцягваць да сябе такой празмернай увагі.
    Памятаю, як у маім дзяцінстве і раннім юнацтве не толькі мама — вельмі многія прадстаўнікі стамбульскай буржуазіі часцей паўнамёкам і значна радзей адкрыта казалі, што багатыя людзі мусяць утойваць сваё багацце і палітычны ўплыў, калі яны ў іх ёсць. Характэрнае для
    стамбульскіх багачоў той пары меркаванне вынікала не з патрабавання сціпласці замест ганарлівасці і не з вернасці пратэстанцкай маралі працы і ашчаджання, яго крыніцай быў страх перад дзяржавай. На працягу многіх стагоддзяў асманскія султаны, а значыць, і дзяржава, разглядалі ўсіх, хто празмерна разбагацеў, — амаль заўжды гэта былі вяльможы, надзеленыя і палітычнай уладай, —як пагрозу для сябе, з такімі распраўляліся на любой падставе, іх маёмасць канфіскоўвалі. А яўрэі, якія ў апошнія стагоддзі існавання Асманскай імперыі разбагацелі да такой ступені, што выдавалі пазыкі дзяржаве, армяне і грэкі, якія займаліся дробным гандлем і рамесніцтвам, — усе яны вельмі добра памяталі тыя неспакойныя часы, калі падчас Другой сусветнай вайны праз падатак на ўласнасць яны былі бязлітасна пазбаўленыя маёмасці і фабрык, калі падчас падзей 6 і 7 верасня 1955 года раз’юшаны натоўп спаліў іх крамы.
    На гэтым фоне правінцыйныя землеўласнікі і другое пакаленне прамыслоўцаў, якія перабіраліся ў Стамбул з правінцыі, былі больш адважнымі, чым стамбульскія багачы, калі выстаўлялі напаказ маёмасць і фінансавыя магчымасці, калі выхваляліся дастаткам. Вядома, стамбульскія сем’і, абцяжараныя страхам перад дзяржавай, або тыя, хто, як мы, легкадумна страцілі багацце, заробленае першым пакаленнем, кпілі з такіх людзей і лічылі, што «ім яшчэ адгукнецца». Адным з тых, каму, на думку стамбульскіх багачоў, «яшчэ адгукнецца», быў Сакып Сабанджь;, галава другой сярод багатых турэцкіх сем’яў, сын багача з Аданы, які перабраўся ў Стамбул. Праз легкадумнасць, дзіўныя погляды і экстравагантныя паводзіны за вочы з яго кпілі ўсе (але газеты баяліся страціць яго рэкламу і не маглі пісаць аб ім у жартаўлівым тоне). Тым не менш правінцыйная смеласць і схільнасць выстаўляць дастатак напаказ дапамаглі яму на пачатку 1990-х, як некалі Генры Клэю Фрыку з Нью-Ёрка,
    ператварыць свой дом у найлепшы прыватны музей Стамбула.
    Іншай прычынай, з якой стамбульскія багачы часоў майго дзяцінства хавалі свой дастатак у чатырох сценах, не рабілі з яго ні прыватных калекцый, ні музеяў, быў цалкам справядлівы страх, што іх багацце будуць лічыць «несумленна набытым». Дзяржава і чыноўнікі, што стаялі за ёй, паўсюль хціва ўтыкалі свой hoc, а значны капітал немагчыма было набыць без узаемавыгаднага супрацоўніцтва з палітыкамі — таму былі ўсе падставы меркаваць, што кожны, нават «самы добранамерны» багач мае цёмныя, ганебныя плямы ў асабістай мінуласці. Мой тата, які быў вымушаны, пасля таго як скончыліся грошы, пакінутыя дзядулем, доўгія гады працаваць на Вехбі Коча", дома парадзіраваў правінцыйны акцэнт свайго боса і падпускаў шпількі аб разумовых здольнасцях яго сына, якому не ставала бацькавай кемлівасці, але гэта эыло яшчэ не ўсё: моцна раззлаваны, тата казаў, што гэткі дастатак вырас з голаду, дэфіцыту і чэргаў Другой сусветнай вайны.
    У гады майго дзяцінства і юнацтва на стамбульскіх багачоў не было прынята глядзець як на ўпэўненых у сабе людзей, якія здабылі грошы дзякуючы ўласным здольнасцям або «гандлёвай жылцы» і працягваюць зарабляць тымі самымі метадамі; у іх бачылі тых, хто скарыстаў свой шанец, хто з дапамогай хабараў заручыўся падтрымкай чыноўнікаў і дзяржавы і таму добра падняўся, хто прачнуўся казачна багатым і рэшту жыцця імкнецца схаваць і абараніць свае капіталы (пасля 1990-х гэткага страху стала менш), а галоўнае — падаць справу так, нібыта ўсё належыць ім з поўным правам. Ім, каб здабыць багацце, не патрэбная была інтэлектуальная дзейнасць, таму яны асабліва не цікавіліся кнігамі, шмат не чыталі, не гу-
    * Іншы турэцкі мільянер.
    лялі ў шахматы або нешта падобнае. Пасля ўсталявання Рэспублікі ідэі асманскага перыяду, згодна з якімі чалавек мог вывучыцца, набыць добрую адукацыю, а тады зрабіць кар’еру на дзяржаўнай службе і стаць багатым вяльможам, сышлі ў мінулае разам з суфійскай містыкай, манастырамі дэрвішаў і кнігамі, якія больш ніхто не чытаў, — пасля рэформы алфавіту ўся гэтая вытанчаная культура пачала забывацца і саступіла месца культуры еўрапейскай.
    У новых стамбульскіх багачоў, людзей недалёкіх і вельмі баязлівых, былі ўсе падставы сцерагчыся дзяржавы, і адзінае, што яны маглі зрабіць для таго, каб надаць свайму багаццю, якое большасці з іх не ўдавалася перадаць наступнаму пакаленню, статус законна набытага і пачувацца больш-менш спакойна, — гэта выставіць сябе людзьмі куды больш еўрапейскімі, чым яны былі насамрэч. Яны маглі сабе дазволіць касцюмы, рэчы
    і разнастайныя тэхнічныя навінкі з Еўропы (ад сокавыціскалак да электрабрытваў) і карысталіся імі, каб падкрэсліць гэта, яны паказвалі іх адно аднаму і тады адчувалі сябе шчаслівымі. Добрым прыкладам таго, якіх памераў магло дасягаць гэтае дзіўнае жаданне здавацца еўрапейцамі, могуць быць прадстаўнікі некаторых стамбульскіх сем’яў, якія гадамі жылі ў Стамбуле, адкрывалі свае справы, багацелі, і аднойчы, нягледзячы на тое што ім ужо не трэба было баяцца ні дзяржавы, ні законаў, прадавалі ўсе свае кампаніі, дамы і маёмасць (як гэта зрабіў блізкі знаёмы маёй цёткі, знакаміты журналіст і ўласнік газеты) з тым, каб перасяліцца ў самы звычайны раён Лондана і глядзець праз акно на сцяну суседняга будынка або ў тэлевізар, разабраць у якім удавалася няшмат, аднак знаходзіць гэта больш прывабным, чым жыць у Стамбуле ў доме з відам на Басфор. Іншыя, нібы рускія арыстакраты, выпісвалі з Еўропы гувернантак, каб тыя вучылі дзяцей замежнай мове, але ўва многіх знаёмых нам сем’ях гаспадар дома, як у рамане «Ганна Карэніна», заводзіў інтрыжку з гэтай гувернанткай.
    У Асманскай імперыі не было спадчыннай арыстакратыі, і ў часы Рэспублікі стамбульскім багачам было складана пацвердзіць, што яны і ёсць «самыя сапраўдныя», «іншыя», «асаблівыя». Толькі ў васьмідзясятых гадах дваццатага стагоддзя прыйшло разуменне, што збіранне артэфактаў асманскай культуры не супярэчыць еўрапейскасці і што капіталы можна ўкладваць у гэты «антыкварыят», — але да таго часу многія асманскія культурныя каштоўнасці былі знішчаныя ў агні разам з асабнякамі і віламі. Наша сям’я таксама некалі была багатай, нават цяпер мы ўсё яшчэ выглядаем заможнымі, і такія, як я, не лічаць багатых людзей «таямнічымі», мабыць таму, што дома ў нас расказвалі розныя забаўныя гісторыі і жарты пра характары і звычкі стамбульскіх багачоў, а галоўнае — пра тое, як яны здабылі сваё багадце
    (мая самая любімая гісторыя — пра чалавека, які падчас Першай сусветнай вайны прывёз у Стамбул цэлы карабель з цукрам, ён разбагацеў за адну ноч і да канца сваіх дзён пажынаў плады сваёй фартуны), але ўсё адно, калі я сутыкаюся з кімсьці з нашых далёкіх сваякоў, знаёмых, маміных або татавых сяброў дзяцінства, з кімсьці з нашых суседзяў па Нішанташы або з кімсьці са стамбульскіх багачоў, пра якіх намёкамі пішуць у калонцы «Вы чулі?», мяне ахоплівае цікаўнасць: як гэта — весці бездухоўнае жыццё, дзе няма месца культуры, з пачуццём нетрываласці і пустаты, якое ўзнікае тады, калі ты не ведаеш, што рабіць з усімі сваімі грашыма.
    Быў, напрыклад, у таты адзін знаёмы часоў яго маладосці, вельмі элегантны дзядзька: ён атрымаў у спадчыну ад свайго бацькі, пашы, які быў да таго ж і візірам Асманскай імперыі ў яе апошнія гады, такі велізарны капітал, што яму «не давялося працаваць аніводнага дня ў сваім жыцці» (тады ў Стамбуле гэта было доказам таго, што чалавек сапраўды багаты), але быў гэта камплімент або спачуванне, я ніяк не мог зразумець; болыпую частку дня ён нічога не рабіў, хіба што чытаў газету, седзячы ў сваім доме ў Нішанташы, або глядзеў праз акно на мінакоў; пасля абеду ён паволі апранаў самы шыкоўны касцюм, куплены ў Парыжы ці Мілане, галіўся, старанна прычэсваў вусы і выконваў адзіную за дзень работу — выпраўляўся ў гатэль «Хілтан», дзе пару гадзін запар піў гарбату ў холе або кафетэрыі: «Толькі тут я адчуваю сябе як у Еўропе», — сказаў ён неяк майму тату з такім сур’ёзным і сумным выглядам, нібы дзяліўся з ім важным сакрэтам, і такім тонам, нібы прасіў раздзяліць з ім яго глыбокі душэўны боль. Прадстаўніца таго самага пакалення, гэтым разам маміна сяброўка, вельмі багатая і вельмі тоўстая жанчына, якая, дарма што сама была падобная на малпу, пры сустрэчы казала кожнаму: «Як жывеш, мартышка?», так што мы з братам заўжды перадражнівалі яе; усё сваё жыццё яна