Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
У такую раннюю гадзіну параходы гарадскіх ліній яшчэ не хадзілі, і Басфор, які віднеўся за мінарэтамі мячэці Джыхангір, за стрэхамі і комінамі чатырохі пяціпавярховых будынкаў — старых драўляных дамоў, якія ў бліжэйшыя дзесяць гадоў згараць ушчэнт, — не асветлены ліхтарамі і пражэктарамі, быў пагружаны ў поўную цемру. Часам яе прарывалі ліхтары пад’ёмных кранаў, якія стаялі на азіяцкім беразе, ля прыстані Хейдарпаша, пражэктары грузавога судна, якое праходзіла бясшумна, няпэўнае святло месяца ці фары выпадковай маторнай лодкі, і тады можна было ўбачыць гіганцкія ржавыя
ТП
шаланды, аброслыя мідыямі і багавіннем, самотную рыбацкую лодку і белую, нібы прывід, Дзявочую вежу. Але ўвесь астатні час Басфор пакрывала таямнічая цемра. Нават калі, задоўга да ўзыходу сонца на азіяцкім беразе, дамы і парослыя кіпарысамі, аблепленыя могілкамі ўзгоркі злёгку асвятляліся, Басфор заставаўся цёмным, і мне здавалася, што цемра гэтыя воды праглынула назаўжды.
У начной цемры, пакуль галава была занятая сваёй таямнічай гульнёй у паўтарэнне і запамінаннем, вока чаплялася за які-небудзь аб’ект у павольным цячэнні Басфора — дзіўны карабель або рыбалавецкае судна, якое зранку адправілася на промысел. Мая свядомасць ніяк не рэагавала на іх, але вочы звыкла працягвалі сачыць за імі, нібы кантралявалі іх, і супакойваліся толькі тады, калі апазнавалі тое, што было перад імі: так, казаў я сам сабе, гэта грузавое судна, а гэта — рыбалавецкае судна з выключанымі ліхтарамі, а вось пасажырскі катар, які перавозіць першых пасажыраў з азіяцкага берага на еўрапейскі, так, ідзе стары сухагруз з якога-небудзь далёкага савецкага порту...
Адной такой раніцай, калі я пад коўдрай уцягваў галаву ў плечы ад холаду і вучыў на памяць верш, мае вочы раптам уразіла нешта такое, чаго дагэтуль яны ніколі не бачылі. Вельмі добра памятаю, як я тады забыўся на заціснутую ў руцэ кнігу ды так і застыў у змярцвенні. 3 начной цемры ўздымалася і вырастала над морам таямнічая грамадзіна, дзіў, сапраўдны левіяфан, ён нібы напаўзаў проста на бліжэйшы да мора ўзгорак, акурат той, з якога я за ім назіраў; сваімі памерамі ён нагадваў прывід з маіх кашмараў — савецкі баявы карабель! Велізарная плывучая крэпасць вырастала, нібы ў казцы, з чорнай смугі начнога туману! Ён ішоў бязгучна, з прыглушанымі турбінамі, але быў такі магутны, што нават пры яго ціхім ходзе ў нас дрыжалі аконныя рамы і драўляныя маснічы-
ны на падлозе, у цемры на кухні пагруквалі нядбайна павешаныя пячныя шчыпцы, рондалі і джэзвы, а ў цёплых пакоях, дзе спалі мама, тата і брат, дрыжалі шыбы, брук на дарожцы, што вяла да мора, і сметніцы ля дзвярэй ціхаціха трэсліся і бразгаталі, нібы ў нашым спакойным квартале ў гэты ранішні час адбыўся невялікі землятрус. Значыць, тое, аб чым шапталіся стамбульцы ў часы халоднай вайны, было праўдай: пасля поўначы па Басфоры бязгучна праходзілі рускія ваенныя караблі.
У пэўны момант мяне агарнула трывожнае пачуццё адказнасці. Цэлы горад спаў, і, выходзіць, толькі я адзін бачыў, як гэты велізарны савецкі карабель накіроўваецца невядома куды, і хто ведае, якіх бед ён там наробіць. Я мусіў папярэдзіць, падняць на ногі ўвесь Стамбул, увесь свет! Больш за тое, такая сітуацыя нагадвала гісторыі з дзіцячых часопісаў, у якіх адважныя хлапчукі пагеройску своечасова паднімалі трывогу і гэтым ратавалі начны горад, ахоплены сном, ад селю, пажару або нападу варожай арміі. Але вылазіць з цёплага ложка, які я ледзьве сагрэў, не было ніякага жадання.
Ахоплены трывогай, я шукаў нейкае выйсце і ў паніцы зрабіў нешта такое, што пасля зрабілася маёй звычкай: з усёй увагай, якую мая свядомасць аддавала запамінанню верша, я «палічыў» савецкі ваенны карабель! Што я хачу гэтым сказаць? Зусім як легендарныя амерыканскія шпіёны, якія з вокнаўдома на адным са стамбульскіх пагоркаў рабілі фотаздымкі кожнага карабля камуністаў, варта яму было толькі з’явіцца на Басфоры (яшчэ адзін вельмі праўдападобны стамбульскі міф часоў халоднай вайны), я зафіксаваў убачаны карабель ва ўсіх падрабязнасцях, толькі зрабіў гэта ў памяці. Я ў думках супаставіў гэты карабель з іншымі, з басфорскімі плынямі і ледзьве не з хуткасцю кручэння Зямлі: палічыў і такім чынам ператварыў гэтага дзіва ў звычайную рэч. Я добра ведаў, што прывесці да катастрофы могуць толькі няўлічаныя,
незаўважаныя рэчы з невядомымі прыкметамі. Я пачаў лічыць караблі, якія праходзілі праз Басфор, — не толькі савецкія, а наогул усе «вартыя ўвагі», так я спрабаваў узяць пад кантроль сваю трывогу і раўнавагу ў свеце. Тыя, хто праз усе школьныя гады нястомна паўтараў нам, што наш цудоўны Басфор — ключ да заваявання сусвету, геапалітычнае сэрца Зямлі, і таму завалодаць ім імкнуцца ўсе нацыі і арміі планеты, а перадусім рускія, мелі рацыю.
Усё сваё жыццё я жыў на тых стамбульскіх узгорках, з якіх заўсёды быў бачны Басфор, хай нават часам агляд крыху загароджвалі дамы, купалы мячэцяў і вяршыні іншых пагоркаў. Магчымасць бачыць Басфор, нават здалёку, мае для стамбульцаў свайго роду духоўную значнасць, таму вокны, якія выходзяць на яго, становяцца ў нашых дамах чымсьці накшталт міхраба ў мячэці, алтара ў царкве ці тэвы ў сінагозе: канапы, крэслы і абедзенны стол па-
варочваюць у той бок. Іншым вынікам цягі да сузірання Басфора са свайго дома стала тое, што падарожнік з карабля, на якім ён заходзіць у Стамбул праз Мармуровае мора, бачыць мільёны прагных вокнаў, якія бязлітасна перакрываюць адно аднаму від, абы толькі самім мець бесперашкодны агляд.
Такое дзівацтва, як звычка лічыць караблі на Басфоры, уласцівая не толькі мне аднаму — калі я падзяліўся ёй і сваімі трывогамі з іншымі, то высветліў, што вельмі многія стамбульцы самых розных узростаў маюць такую самую схільнасць і што ледзь не большасць з нас, занятыя сваімі звычайнымі справамі, з акна ці з балкона кідаюць позірк на Басфор: ці не насоўваецца на нас нейкая катастрофа, смерць або іншая трасца, якая ўсё перакуліць дагары нагамі — і лічаць караблі. Напрыклад, адзін мой далёкі родзіч жыў у Бешыкташы, куды праз некалькі гадоў перабраліся і мы, яго дом у квартале Серэнджэбей стаяў на ўзгорку, а з вокнаў было добра відаць Басфор, і ён запісваў звесткі аб усіх караблях, што праходзілі паўз яго, у спецыяльны сшытак, нібы гэта было яго працоўным абавязкам. У ліцэі ў мяне быў аднакласнік, якому варта было ўбачыць любое падазронае судна — старое, іржавае, пабітае або з незразумелым сцягам, — як ён пачынаў усіх запэўніваць, што яно ўпотай вязе з Савецкага Саюза ці то зброю для паўстанцаў у тую або іншую краіну, ці то нафту, каб скалануць сусветныя рынкі.
Вядома, звычку глядзець у акно можна лічыць і пэўным відам забавы ў датэлевізійную эпоху, якой можна было няблага прабавіць час. Краявіды Басфора дораць свайму сузіральніку бязмежную асалоду, што таксама трэба браць пад увагу. Аднак за маёй цікаўнасцю да падліку караблёў, як і за падобным дзівацтвам многіх маіх знаёмых, крыецца падсвядомы страх насельнікаў Стамбула. Горад, куды некалі сцякаліся ўсе багацці Блізкага Усходу, у выніку войнаў Асманскай імперыі з еўрапей-
скімі краінамі і Расіяй страціў сваю ваенную моц і пакрысе пачаў ператварацца ў беднае і смутнае места, якое знікала ў руінах, а самі стамбульцы рабіліся ўсё болып замкнёнымі і нацыяналістычна настроенымі, яны з вялікай насцярожанасцю пачалі ставіцца да ўсяго новага і чужога, што прыходзіла звонку, з далёкіх месцаў, з Захаду. Акрамя таго, стамбульцы, у сваім дзяцінстве я адчуваў гэта вельмі добра, з той самай прычыны ўжо сто пяцьдзясят гадоў не могуць пазбавіцца страху, што ў любы момант наш горад можа сутыкнуцца з якой заўгодна катастрофай, з новай паразай і спусташэннем.
Часам я думаю, што мне хочацца як мага хутчэй вярнуцца ў Стамбул, бо тут я зноў магу лічыць караблі. А часам мне здаецца, што калі б я не лічыў караблі на Басфоры, то смутак і пачуццё страты, рассеяныя па ўсім горадзе, агарнулі б мяне яшчэ хутчэй. Магчыма, смутак — немінучая доля чалавека, які, як я, пражыў у Стамбуле ўсё жыццё. Тым важней цвёрдая рашучасць супрацьстаяць смутку, што ўзнікае пры гультайскім сузіранні Басфора ў акне, але з пачуццём выканання свайго абавязку.
Катастрофамі, якія стамбульцы ўспаміналі часцей за ўсё і з жахам чакалі іх паўтарэння, былі, несумненна, крушэнні караблёў на Басфоры. Цэлы горад ядналі яны адным моцным пачуццём супольнасці. У глыбіні душы мне падабаліся гэтыя катастрофы, бо яны разбуралі звыклы парадак рэчаў, а нам, па сутнасці, не прычынялі ніякай шкоды, але разам з прыемнасцю я перажываў і пачуццё віны.
Аднойчы ноччу два нафтавыя танкеры сутыкнуліся проста пасярод Басфора, успыхнуў пажар і яны абодва выбухнулі, ад страшэннага грукату я прачнуўся, па языках полымя і чорным дыме, што завалок зорнае неба, я зразумеў, што адбылося; мне тады было толькі восем гадоў, але я не столькі спалохаўся, колькі быў узрушаны
чаканнем відовішча. Трохі пазней з тэлефонных размоў мы даведаліся, што здэтанавалі нафтасховішчы на беразе, агонь распаўсюдзіўся па ўсім Басфоры і «ўсё, літаральна ўсё гарыць». Як заўсёды падчас вялікіх цікавых пажараў, спачатку мы заўважылі асобныя языкі полымя і клубы дыму, потым да нас дайшлі разнастайныя, збольшага ілжывыя, чуткі, і, нарэшце, нас ахапіла нястрымнае жаданне, насуперак усім пярэчанням мам і цётак, паглядзець на пажар зблізку.
Наш дзядзька расштурхаў нас, запхаў у машыну і кружным шляхам, за басфорскімі пагоркамі, павёз да Тараб’і. Узбярэжную дарогу ля будоўлі новага вялікага гатэля перакрыла паліцыя — памятаю, што гэта засмуціла і ўзрушыла мяне не менш, чым сам пажар. Потым, у школе, я з зайздрасцю слухаў выхвальны аповед аднаго з маіх аднакласнікаў пра тое, як паліцыя прапусціла іх з бацькам за кардон, калі той крыкнуў: «Прэса!» — і паказаўрэдакцыйнае пасведчанне. Ая той восеньскай ноччу 1960 года да самай раніцы заставаўся на піку эмоцый і глядзеў на басфорскі пажар з натоўпу стамбульцаў, якія высыпалі на вуліцу ў халатах, піжамах, спехам нацягнутых нагавіцах і тапачках, з немаўлятамі на руках, з пакетамі і торбамі. Неўзабаве ў натоўпе невядома адкуль з’явіліся вулічныя гандляры, якія прапаноўвалі прысутным халву, абаранкі, ваду, семкі, катлеты і шэрбет; у наступныя гады я бачыў іх у натоўпе разявак на кожным вялікім басфорскім пажары.