Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
Сон гэта ці не сон, а раніцай ён амаль заўжды забывае, нібы свае мроі, тое, як сярод ночы яго абудзілі карабельныя сірэны. Толькі дзеці і падобныя на дзяцей дарослыя памятаюць начныя гудкі ў тумане. I вось у разгар самага звычайнага дня, калі вы стаіце ў чарзе на пошце ці абедаеце, проста ў вас над вухам адзін з іх раптам кажа другому: «А мяне мінулай ноччу абудзілі карабельныя сірэны».
У такія моманты я адчуваю, што з самага дзяцінства ў туманныя ночы я бачыў тыя самыя сны, што і мільёны іншых стамбульцаў, якія жывуць на басфорскіх узгорках.
Раскажу яшчэ пра адну трагедыю, якая, нібы гісторыя з палаючымі танкерамі, глыбока ўелася ў памяць мне і дагэтуль вяртаецца ў трывожных снах да насельнікаў басфорскіх віл. У адну з такіх туманных начэй, калі быць дакладным — у чатыры гадзіны пяцьдзясят восем хвілін раніцы 4 верасня 1963 года, калі бачнасць складала не больш за дзесяць метраў, 5500-тонны савецкі грузавы карабель «Архангельск», які перавозіў армейскі рыштунак з Наварасійска на Кубу, у Балтыліманы пратараніў бераг і на дзесяць метраў урэзаўся ўглыб сушы, адным махам былі знішчаныя дзве драўляныя вілы, тры чалавекі загінулі*.
«Нас абудзіў страшэнны грукат. Мы думалі, што ў наш дом ударыла маланка і раскалола яго напалам. Адно толькі воляй лёсу мы засталіся на цэлай палове. Калі мы крыху набраліся смеласці, мы падняліся на трэці паверх, у гасцёўню, дзе hoc у нос сутыкнуліся з велізарным грузавым караблём».
Газеты суправадзілі словы ацалелых жыхароў фатаграфіямі той самай гасцёўні: партрэт дзеда-пашы на сцяне, талерка з вінаградам на буфеце, дыван, што нібы заслона звісае над пустэчай там, дзе раней была другая палова пакоя, і гайдаецца на ветры, падстаўкі для кніг, таблічкі з арабскай каліграфіяй у рамачках, перакуленая канапа і сярод усяго гэтага — нос карабля смерці. Гэтыя фатаграфіі былі невыносна жахлівыя і разам
* Прычынай трагедыі стала тое, што лоцман, які з берага кіраваў праходам карабля праз Басфор, даваў каманды па-руску, а не па-англійску, як таго патрабуюць правілы. Калі на радары раптам з’явілася невялічкае судна, з якім мог сутыкнуцца «Архангельск», ён пераблытаў каманды «лева на борт» і «права на борт», і карабель развярнуўся носам да берага.
з тым прывабныя — там, дзе карабель пасеяў смерць, усе рэчы былі падобныя на рэчы з нашага дома: знаёмыя крэслы, буфеты, падстаўкі для кніг, шырмы, сталы і канапы. Я гартаю падшыўку газет трыццацігадовай даўніны і зноў чытаю пра прыгожую дзяўчыну, ліцэістку, якая незадоўга да гэтага заручылася з каханым, а яе жыццё абарвалася ў гэтай аварыі, пра тое, аб чым у вечар напярэдадні трагедыі яна размаўляла з тымі, каму наканавана было выжыць, пра боль яе жаніха, хлопца з таго самага квартала, які знайшоў яе цела сярод абломкаў, — і ўспамінаю, як цэлы Стамбул шмат дзён узгадваў гэтую трагедыю.
У той час насельніцтва Стамбула налічвала не дзесяць мільёнаў, як цяпер, а ўсяго мільён, і таму аварыі на Басфоры не губляліся ў чалавечай мітусні як шараговыя гарадскія беды, іх пераказвалі з вуснаў у вусны, пакуль яны не ператвараліся ў сапраўдныя эпічныя аповеды. Дзіўная рэч: вельмі многія мае знаёмыя, як толькі даведваліся, што я пішу нешта пра Стамбул, пачыналі згадваць тыя даўнія катастрофы на Басфоры з настальгіяй і амаль са слязамі на вачах, нібы ўспаміналі слаўнае мінулае, а таксама настойвалі, каб я пераказаў трагічныя падзеі, вядомыя менавіта ім.
Ты, казалі мне, абавязкова павінен напісаць пра тое, як улетку 1966 года, хіба ў ліпені, маторны катар, які вёз па Басфоры членаў Таварыства турэцка-нямецкай дружбы, паміж Енікёем і Бейкозам сутыкнуўся з дызелем, які ішоў у Мармуровае мора з грузам дроў на борце, і патануў, у выніку чаго трынаццаць чалавек знайшлі сваю смерць у цёмных басфорскіх водах.
Яшчэ мне трэба напісаць, як аднойчы на вачах аднаго майго знаёмага, які пакорліва стаяў на балконе сваёй вілы і лічыў караблі, румынскі танкер «Плаешці» падбіў невялікае рыбалавецкае судна, а яно тут жа раскалолася напалам і імгненна затанула.
Таксама я не павінен забыцца і расказаць, як праз некалькі гадоў пасля гэтага іншы румынскі танкер («Індэпендэнт») сутыкнуўся з грэчаскім сухагрузам «Эўрыялі» проста насупраць вакзала Хейдарпаша, паліва пачало выцякаць, загарэлася, і танкер выбухнуў з такім страшэнным грукатам, што прачнуліся ўсе. Ая і не забыўся: нягледзячы на тое, што аварыя здарылася за некалькі кіламетраў ад месца, дзе мы жылі, у нашым квартале выбухам павыбівала палову шыб, і вуліцы былі ўсыпаныя шклянымі аскепкамі.
А вось яшчэ выпадак: 15 лістапада 1991 года ліванскі карабель-быдлавоз «Рабуніён» вёз з Румыніі больш за дваццаць тысяч бараноў, ён сутыкнуўся з філіпінскім грузавым суднам «Мадона Лілі», якое перавозіла пшаніцу з Новага Арлеана ў Расію, і патануў разам з усімі баранамі. Лічаным жывёлам удалося саскочыць з карабля і даплысці да берага, дзе іх выцягнулі з вады гарадскія жыхары, якія ў прыбярэжнай чайхане пілі каву і чыталі газеты, аднак дваццаць тысяч няшчасных бараноў дагэтуль чакаюць таго, хто выцягне іх з глыбінь Басфора. Гэта адбылося проста пад другім стамбульскім мостам, вядомым як мост Фаціх, а вось аб распаўсюджанай з 1970-х гадоў сярод стамбульцаў звычцы скакаць з першага, Басфорскага, моста і так чыніць самагубства я расказваць не буду. Бо, пакуль я пісаў гэтую кнігу, я пачаў з былой дзіцячай прыемнасцю праглядаць падшыўкі старых газет, і ў адной з іх, той, што выходзіла незадоўга да майго нараджэння, я наткнуўся на адну навіну, а яна нагадала мне пра значна болын пашыраны спосаб знайсці сваю смерць у Басфоры, чым скок з моста. Вось яна:
«Аўтамабіль зваліўся ў мора каля Румеліхісары. Нягледзячы на тое, што пошукі вяліся цэлы дзень (24 мая 1952 года), ні аўтамабіль, ні тых, хто быў у ім, знайсці не ўдалося. Калі аўтамабіль яшчэ быў у паветры, кіроўца адчыніў дзверы і крычаў: "Памажыце!” — аднак
з невядомай прычыны ён зноў зачыніў дзверцы і разам з машынай пайшоў на дно. Мяркуецца, што аўтамабіль знесла цячэннем на глыбіню».
А вось што пісалі газеты праз сорак пяць гадоў, 3 лістапада 1997 года:
«Кампанія з дзевяці чалавек на аўтамабілі вярталася з вяселля і мелася скласці зарок ля грабніцы Тэлібабы, калі п’яны кіроўца страціў кіраванне і вылецеў з дарогі ў мора каля Тараб’і. Аварыя забрала жыццё маці дваіх дзяцей».
Колькі такіх гісторый мне даводзілася бачыць, чытаць і чуць за ўвесь гэты час! Колькі б ні падала ў Басфор машын, іх пасажырам не было вяртання з яго глыбокіх водаў. Сярод іх былі дзеці, якія гаманілі і крычалі; закаханыя, якія сварыліся; п’яныя, якія строілі дурня; мужы, галовы сем’яў, якія спяшаліся дадому; юнакі, якія правяралі тармазы ў новай машыны; летуценныя кіроўцы; самагубцы; пажылыя дзядзькі, якія дрэнна бачылі ў цемры; сябры, якія пілі гарбату на пірсе, а потым давалі пярэдні ход замест задняга і не паспявалі зразумець, як гэта адбылося; былы міністр фінансаў Шафік і яго прыгожая сакратарка; паліцэйскія, якія разглядалі караблі на Басфоры і лічылі іх; неспрактыкаваны кіроўца, які ўзяў без дазволу службовую машыну на фабрыцы і хацеў пракаціць сваю сям’ю; вытворца нейлонавых панчох, знаёмы нашага далёкага сваяка; бацька і сын, апранутыя ў дажджавікі аднаго колеру; вядомы гангстар з Беяглу і яго каханка; сям’я з Коньі, якая ўпершыню ўбачыла Басфорскі мост, — калі машына падае ў ваду, яна не ідзе адразу каменем на дно і нейкае імгненне трымаецца на вадзе. Калі б гэта ні адбывалася — пры дзённым святле, святле вулічных ліхтароў або святле з кавярняў, — у той кароткі момант усе, хто стаіць на бяспечным беразе Басфора, бачаць жах на тварах тых, хто хочаш ня хочаш апынецца ў яго глыбінях. Потым машына паволі хаваецца ў цёмных і свавольных водах.
Хачу нагадаць, што, як толькі машына пачынае тануць, у ёй немагчыма адчыніць дзверы — гэтаму перашкаджае ціск вады, якая паспела трапіць усярэдзіну. Быў час, калі машыны пачалі падаць у Басфор занадта часта, і тады адзін кемлівы журналіст зрабіў вельмі разумную рэч: ён надрукаваў для сваіх чытачоў памятку з выразнымі зразумелымі ілюстрацыямі.
«Як выбрацца з машыны, якая ўпала ў Басфор?
1. He панікуйце. Зачыніце вокны і чакайце, пакуль машына добра напоўніцца вадой. Адамкніце замкі дзвярэй. Усе людзі ў машыне павінны сядзець нерухома.
2. Калі машына працягвае апускацца на дно, пацягніце ручны тормаз.
3. Калі вада запоўніць аўтамабіль амаль цалкам, прыцісніцеся да ягонага даху і набярыце ў лёгкія як найболей паветра, паволі адчыніце дзверы і асцярожна выбірайцеся з машыны».
Я ж хачу дадаць чацвёрты пункт: пераканайцеся, што ваш плашч не зачапіўся за рычаг ручнога тормаза, і вы зможаце падняцца на паверхню вады. Калі вы ўмееце плаваць і зможаце дабрацца да паверхні, то, нягледзячы на ўвесь гарадскі смутак, вы адразу заўважыце, наколькі Басфор прыгожы, а жыццё — цудоўнае.
23. Жэрар дэ Нерваль у Стамбуле: вандроўка па Беяглу
Дэталі некаторых малюнкаў Мелінга выклікаюць у мяне трымценне. Мастак бачыў і адлюстраваў тыя ўзгоркі, на якіх цяпер пракладзены стамбульскія вуліцы, дарогі, месцяцца дамы, кварталы, дзе прайшло маё дзяцінства і ўсё маё жыццё, такімі, якімі яны былі, пакуль там яшчэ ніхто не пасяліўся, без аніводнага будынка. Узброены лупай, я разглядаю карціны Мелінга: пустыя ўзгоркі, парослыя таполямі і кіпарысамі, адно з агародамі там, дзе пазней узнімуцца Йылдыз, Мачка, Тэшвікіе — і мяне агортвае пачуццё, быццам я бачу выпаленыя пустэчы, сады вакол спаленых асабнякоў, разбураныя сцены, акведукі, руіны, і гэтае пачуццё нагадвае горыч, з якой колішнія жыхары Стамбула глядзелі б навокал сёння. Бачыць, што месца, якое з самага дзяцінства ты лічыў цэнтрам свайго жыцця і ўсяго свайго сусвету, пунктам, адкуль пачынаюцца ўсе твае веды, незадоўга да гэтага насамрэч не існавала (за сто гадоў да твайго нараджэння) — амаль як бачыць, што здарыцца з нашым светам пасля нашага сыходу, — ажно да нясцерпнасці трывожна і ўзрушальна. Доўгі жыццёвы досвед прымушае мяне здрыгануцца, бо што значаць усе сувязі паміж людзьмі, збудаваныя крок за крокам, усе рэчы, сабраныя адна за адной, перад абліччам часу.
Такі самы жах я адчуў, калі натрапіў на адно месца ў раздзеле, прысвечаным Стамбулу, з кнігі Жэрара