Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
На працягу ўсяго стамбульскага падарожжа Гацье не перастае думаць пра свайго сябра, Нерваля, і гэта можна зразумець яшчэ з апісання яго паездкі на параходзе. Калі яны праходзяць паўз выспу Цытэра, Гацье ўспамінае аповед Нерваля пра ўбачаную некалі там шыбеніцу з мёртвым целам на ёй, загорнутым у прамасленую тканіну. (Пазней гэты вобраз, так любімы двума сябрамі, адзін з якіх павесіцца і сам, выкарыстае іх трэці сябар, Бадлер, у сваёй паэме «Падарожжа на востраў Цытэра».) Па прыездзе ў Стамбул Гацье, як некалі і сам Нерваль, каб яму было зручней вандраваць па горадзе, прымерае «аблічча мусульманіна». Ён, як і Нерваль, прыехаў у горад падчас Рамазана і таксама ўзяўся расхвальваць яго вечаровыя забавы. Як і ягоны сябар, Гацье
адпраўляецца ва Ускюдар , дзе назірае зікры, містычныя практыкі дэрвішаў, паслядоўнікаў ордэну Рыфаія, блукае па могілках (а сярод надмагілляў гуляюць дзеці!), глядзіць «Карагёза» ў тэатры ценяў, ходзіць па крамах і базарах, дзе з цікаўнасцю разглядае навакольных, і прыкладае пэўныя намаганні, каб убачыць выезд султана Абдул-Меджыда на пятнічную малітву. Гацье, як большасць заходніх вандроўнікаў, разважае пра мусульманскіх жанчын, якіх ён бачыў здалёк, пра іх закрытасць, недаступнасць і загадкавасць (асцярожней, кажа ён, не пытайцеся ў мужчын, як справы ў іх жонак). Але ён прызнае, што на гарадскіх вуліцах шмат жанчын і што некаторыя з іх нават сноўдаюць самі па сабе. Доўга і ва ўсіх падрабязнасцях ён апісвае палац Топкапы, мячэці, іпадром — усё, што Нерваль палічыў славутымі турыстычнымі мясцінамі і таму не расказаў пра іх. Усе заходнія вандроўнікі, якія наведвалі Стамбул у тыя часы, лічылі сваім абавязкам убачыць усе гэтыя месцы і асвятліць усе гэтыя тэмы, так што, магчыма, ролю Нерваля ў гэтым не варта перабольшваць. Кнігу Гацье асабліва прыемна чытаць дзякуючы ўпэўненасці аўтара ў сабе, яго назіральнасці і пачуццю гумару, нягледзячы на захапленне ўсім дзіўным і незвычайным, уласцівае еўрапейскаму журналісту — ён, там дзе гэта дарэчы, з дасведчанасцю бывалага чалавека паварочвае справу на жарт, — а таксама дзякуючы яго погляду мастака.
Тэафіль Гацье, пакуль у дзевятнаццаць гадоў ён не прачытаў паэтычны зборнік Гюго «Усходнія матывы», марыў стаць мастаком. А стаў выбітным мастацкім крытыкам свайго часу. Пры апісанні краявідаў і вобразаў Стамбула ён карыстаецца размаітым мастацкім лексіконам, чаго не рабіў ніводзін пісьменнік да яго. «Прыгажосць краявіду такая дзіўная, што звычайнаму чалавеку здаецца
* Раён Стамбула на азіяцкім беразе Басфора.
проста немагчымай», — кажа ён пра сілуэты Залатога Рога і Стамбула, бачныя з раўніны, дзе месціцца Галацкі манастыр дэрвішаў ордэна Меўлеві, то бок з таго самага месца, пра якое дзевяць год да таго пісаў Нерваль, з сучаснай плошчы Тунэль, канцавога прыпынку трамвая «Мачка-Тунэль», на які мы з мамай садзіліся падчас нашых прагулак па Беяглу; мінарэты, купалы, Ая-Сафію, мячэці Беязыт, Сулейманіе, Султан-Ахмет, аблокі, хвалі Залатога Рога, пакрыты кіпарысамі Сарайбурну і гульню святла ў «неверагодна тонкім перламутравым блакіце» над ім Гацье апісвае з асалодай мастака, які спрактыкавана вымалёўвае драбнюткія дэталі, і з упэўненасцю дасведчанага пісьменніка, так што нават чытач, які ніколі не бачыў гэты краявід, адчуе задавальненне. Сярод стамбульскіх пісьменнікаў Ахмет Хамдзі Танпынар найбольш тонка адчуваў, як змяняецца аблічча горада «ў суцэльнай гульні святла», і многае ён пераняў з мовы Гацье, з яго ўважлівых назіранняў за краявідамі Стамбула. У адным сваім артыкуле, напісаным у гады Другой сусветнай вайны, Танпынар нагадвае, што апісанні навакольнага свету і сюжэтныя лініі ў турэцкіх раманістаў вельмі бляклыя ў параўнанні з творамі еўрапейскіх пісьменнікаў, Стэндаля, Бальзака, Заля, у найвышэйшай ступені блізкімі да мастацкіх палотнаў, і што Гацье, акрамя ўсяго, быў мастаком.
Здольнасць Гацье выказаць у пачуццёвай форме ўсе фарбы, тонкасці і прыгажосць краявіду дазволіла яму з прагулак па стамбульскім «закуліссі», па вузкіх вулачках яго задворкаў, па «бедных ускраінах Стамбула» (як потым паэтычна скажа Ях’я Кемаль, уважлівы чытач і прыхільнік Гацье) стварыць бліскучы тэкст. Перад тым як выправіцца ў вандроўку па ўскраінных вуліцах, пад самыя гарадскія муры, Гацье піша, што сябры, якія наведвалі Стамбул да яго, папярэджвалі: цудоўныя краявіды горада, зусім як «тэатральныя дэкарацыі», патрабуюць
яркага святла і пэўнага ракурсу, а пры набліжэнні яны страчваюць сваю прывабнасць, краявід, што здалёк выклікае захапленне, на самай справе аказваецца «расквечаным палітрай сонца» лабірынтам вузкіх, стромкіх, брудных і безаблічных вуліц, хаатычным мноствам дамоў і дрэў.
Але Гацье змог убачыць смутную «прыгажосць» гэтага бруднага і хаатычнага свету. Ён, хоць і з пэўнай іроніяй, падзяляў захапленне рамантыкаў грэчаскімі і рымскімі руінамі, слядамі зніклых цывілізацый. У юнацтве Гацье, калі яшчэ марыў стаць мастаком, лічыў, што пустыя дамы ў тупіку Дуаен, у наваколлях Луўра, дзе непадалёк жыў Нерваль, дамы, якія Бальзак параўноўваў з магіламі, а таксама руіны царквы Сэн-Тама-дзю-Луўр у месячным сяйве выглядаюць вельмі прывабна.
Гацье пакінуў гасцініцу ў раёне, які сёння завецца Беяглу, спусціўся з Галацкага ўзгорка да Залатога Рога, перайшоў Галацкі мост, «мост, зроблены з лодак», — сказаў ён у 1853 годзе, і ў кампаніі французскага гіда накіраваўся ў бок Ункапаны, на паўночны захад, утлыб гарадскіх кварталаў: «Мы занурыліся ўлабірынт», — з запалам казаў ён. Чым далей заходзілі яны, тым больш адчувалі сваю самоту, за імі, пагыркваючы, беглі сабакі. Выцвілыя фарбы, счарнелае дрэва паўразваленых дамоў, паламаныя перасохлыя крыніцы, занядбаныя магільні з праваленымі стрэхамі — кожны раз, калі я чытаю гэта, я ўспамінаю, як у дзяцінстве мы праязджалі гэтыя месцы з татам на машыне, і думаю, што акрамя бруку на вуліцах за сто гадоў тут нічога не змянілася. Гацье, зусім як я, звярнуў увагу на цёмныя абліччы паўразваленых драўляныхдамоў, каменныя сцены, пустыя вуліцы, абавязковыя могілкавыя кіпарысы таму, што ўбачыў іх прыгажосць. Праз сто гадоў, ужо ў свае юныя гады, я сам прыйду і ўбачу гэтыя бедныя кварталы, пакуль яшчэ не закранутыя еўрапеізацыяй (а ў наступныя трыццаць гадоў буду з го-
рыччу назіраць, як іх знішчаюць пажары і шэрагі бетонных каробак), а пакуль Гацье, стомлены гэтым краявідам, працягваў свой шлях «ад адной вуліцы да вуліцы побач, ад адной плошчы да другой». Заклік да малітвы яму, як і мне ў дзяцінстве, здаваўся скіраваным да «сляпых, глухіх і нямых дамоў, якія самі сабой ціха разбураюцца» ў гэтых кварталах. Вуліцы з рэдкімі мінакамі, старой жанчынай, яшчаркай, што шустра знікае сярод камянёў, парай-тройкай хлапчукоў, якія кідаюць камяні ў рэзервуар перасохлай крыніцы — Гацье падалося, што яны проста сышлі з карціны Дзю Кампа, мастака, які прыязджаў у Стамбул за два гады да яго, разам з Флаберам, — ён сузірае з вельмі гарманічным пачуццём часу. Калі яму захацелася есці, выявілася, што ў гэтай частцы горада не хапае рэстаранаў і крам, тады ён назбіраў і прагна з’еў ягады шаўкоўніц, якія не паддаліся наступу бетону і расквечваюць гэтыя вуліцы як у маім дзяцінстве, так і сёння, калі я пішу гэтыя радкі. Гацье зацікавіўся грэчаскім кварталам у Самацьі, а таксама яўрэйскім кварталам Балат, вядомым як «гарадское гета»; нягледзячы на паўразбураны стан, жыццё ў іх вельмі нагадвала жыццё вялікага горада. Фасады дамоў у Балаце былі з’едзеныя расколінамі, нібы праказай, вуліцы — брудныя і небрукаваныя, а вось грэчаскія кварталы ў Фенэры ён знайшоў значна больш ахайнымі; падчас усіх гэтых вандровак, пры выглядзе візантыйскіх сцен і частак акведукаў сярод дамоў і дрэваў, ён робіць заўвагі не аб даўгавечнасці каменю і цэглы, а аб нетрываласці дрэва.
Самыя пранікнёныя месцы ў кнізе Гацье — заўважанае ім падчас гэтых стомных, але эпахальных прагулак сярод візантыйскіх муроў у бедных гарадскіх ускраінных кварталах. Ён вельмі жыва расказвае чытачу і пра таўшчыню гарадскіх муроў, і пра іх моц, пра іх разбураны стан, пра іх расколіны, пра тое, як час паволі раз’ядае іх: расколіны ідуць ад вяршыні вежы аж да самай зямлі (у дзяцінстве
яны палохалі мяне), ля падножжа раскіданыя каменныя абломкі (паміж візітамі Гацье і маімі моцны землятрус 1894 года пашкодзіў муры яшчэ больш), у расколінах зелянее трава, а на вяршынях вежаў пышна красуе інжыр, уздоўж паўразбураных муроў цягнуцца бязлюдныя ўскраінныя кварталы і павісае ціша бедных раёнаў. «Цяжка паверыць, што за гэтымі мёртвымі мурамі хаваецца жывы горад!» — усклікае Гацье. «Больш нідзе ў свеце вы не знойдзеце шляху болып меланхалічнага, чым гэтая дарога даўжынёй тры з паловай мілі, з аднаго боку якой цягнуцца руіны, а з другога — могілкі», — дадае ён у самым канцы сваёй доўгай прагулкі па аддаленых гарадскіх кварталах, па бедных ускраінах Стамбула.
Чаму ж я так цешуся, калі чую ад іншых, што Стамбул — смутны горад? Чаму я з такой стараннасцю спрабую растлумачыць чытачу, што пачуццё, якое дорыць мне горад, у якім я пражыў усё сваё жыццё, гэта пачуццё смутку?
У мяне няма ніякага сумневу, што апошнія сто пяцьдзясят гадоў (1850-2000) у Стамбуле пануе і запаўняе гарадское наваколле непазбыўны смутак, яго галоўнае пачуццё. Я спрабую растлумачыць, што гэтае пачуццё пачалі даследаваць як ідэю, пра яго пачалі гаварыць, да яго пачалі звяртацца ў выніку таго, што напісалі гэтыя шаноўныя французскія паэты (Гацье пад уплывам свайго меланхалічнага сябра Нерваля). Чаму ж для мяне і для горада так важна, што думалі пра мой горад, пра жыццё Стамбула і яго асаблівасці еўрапейцы, якіх я атаясамліваю з Гацье?
25. Вачыма еўрапейца
Мы ўсе ў пэўнай ступені заклапочаныя тым, што думаюць пра нас — як пра асобу і як пра суполку ў цэлым — замежнікі і незнаёмцы. Калі гэтая заклапочанасць будзе прычыняць нам боль, ускладняць нашы стасункі з рэальнасцю, зробіцца нашмат важнейшай за саму рэальнасць, тады мы сутыкнемся з сапраўднай праблемай. Часам я, гэтак як і іншыя пісьменнікі, чыё адно вока ўзіраецца на Захад, сам бываю збянтэжаны тым, якім выглядае мой горад у вачах еўрапейцаў, бо, як і многія стамбульцы, з болем у душы перажываю гэта.