Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
Я паспрабаваў, вузел за вузлом, сплесці адну за адной ніткі патрыятызму, разбурэння, еўрапеізацыі, паэзіі, краявіду ў адзін аповед пра тое, як у гады крушэння Асманскай імперыі і стварэння Турэцкай Рэспублікі двое стамбульскіх сяброў, паэт і пісьменнік, натхніліся двума парыжскімі сябрамі, паэтам і пісьменнікам. Час ад часу я несвядома заблытваў гэтыя ніткі, бо ў канцы аповеду імкнуўся раскрыць, што такім чынам на свет з’явілася пэўная ідэя, вобраз, які пасля пашырыўся і замацаваўся ў свядомасці стамбульцаў. Гэты вобраз узнік ля гарадскіх муроў, у амаль нікому не патрэбных, запоўненых убогім жытлом жабрацкіх кварталах, яго дарэчы было б назваць «смуткам руін»; гэты смутак найвастрэй адчуваецца ў гарадскіх краявідах, якія, калі глядзець на іх звонку (як Танпынар), дарэчы было б назваць каларытнымі. Смутак, упершыню заўважаны ў каларытным краявідзе, аказаўся тым самым смуткам, у якім праз страты і збядненне яшчэ сто гадоў будуць жыць стамбульцы.
27. Каларыт гарадскіх ускраін
Англійскі пісьменнік і гісторык мастацтва Джон Рэскін у кнізе «Сем светачаў архітэктуры», у раздзеле «Светач памяці», разважае пра каларыт, уласцівы прыродзе, і кажа, што ў параўнанні з прадуманай, сапраўды класічнай прыгажосцю гэты від прыгожага ў архітэктуры адрозніваецца «выпадковасцю». 3 гэтага пункту гледжання «каларыт» або «маляўнічасць» у планах архітэктурнага пейзажу не былі асновай яго прыгажосці і наогул праяўляліся дзе-небудзь далей ад цэнтра. Таму Рэскін лічыць, што прыгажосць архітэктурнага твора можна назваць каларытнай толькі праз сотні гадоў, калі яго сцены аплятуць розныя расліны, навокал вырасце трава, а марскія хвалі, скалы і нават аблокі зробяцца яго натуральным працягам. Ён кажа пра выпадковую прыгажосць, якой няма ў першапачатковым выглядзе будынка або ў тым, што аўтар хацеў нам паказаць, — яна раскрываецца пры позірку зусім з іншага ракурсу, у перспектыве, створанай для нас гісторыяй.
To бок, калі я бачу мячэць Сулейманіе, яе лініі, яе вытанчаныя абрысы, што збягаюць ад вяршыні да падмурка, яе прасторны ўнутраны дворык у абрамленні маленькіх купалоў, прапорцыі яе сцен і яе залаў, амаль музычнае сугучча яе масіўных мінарэтаў і маленькіх арак, выдатна абранае для яе месца на пагорку, яе бездакорны белы колер і прастату свінцовых купалоў, то цешуся
яе прыгажосцю, а не каларытнасцю маляўнічага краявіду. Бо, хоць і мінула чатырыста гадоў з дня яе пабудовы, усё адно бачная цэласнасць Сулейманіе, яе першапачатковая задума, бачна тое, што яе стваральнік хацеў паказаць гледачу. Надзвычайнасць стамбульскага краявіду вынікае не толькі са знакамітых сілуэтаў горада — акрамя Сулейманіе ў сэрцы горада ёсць яшчэ Ая-Сафія і так званыя «султанскія мячэці», пабудаваныя на замову ўладароў Явуз-Султан-Селім, Беязыт і іншыя, — старажытныя пабудовы, яны ўражваюць сваёй першароднай прыгажосцю і бляскам. Прыгажосць гэтых будынкаў мы можам назваць каларытнай перадусім тады, калі мы бачым іх у прасвеце паміж дамамі, з якога-небудзь завулка, схаванага ў зарасніку інжыру, або калі з асалодай назіраем за гульнёй святла, адлюстраванага морам на іх сценах.
А вось аддаленыя кварталы раскрываюць перад стамбульцам прыгажосць, схаваную ў зарослых травой, агорнутых зелянінай, увітых рознымі раслінамі і нават парослых дрэвамі руінах гарадскіх муроў або, як гэта было ў маім дзяцінстве, муроў і вежаў крэпасцей Румеліхісары і Анадалухісары. Такая прыгажосць узнікае часцей за ўсё на ўскраінах, з разбітай пахілай крыніцы, з аблупленага паўразбуранага старога драўлянага асабняка, з руін стогадовага газавага завода, са з’едзеных часам сцен мячэці, з пачарнелых ад старасці і ўвітых паўзучымі раслінамі драўляных сцен, з незвычайнага перапляцення галін чынары, і ўзнікае выпадкова. А ў маім дзяцінстве гэтая «каларытная» прыгажосць падчас кожнай прагулкі па ўскраінах, нібы карціна, прыцягвала позірк вандроўніка і прымушала спыняцца так часта, што ў пэўны момант яе ўжо нельга было называць выпадковай: усе гэтыя смутныя руіны, зболыпага зніклыя цяпер, былі душой Стамбула. Але праз гады «адкрыць» тое, што я называю душой горада, і прызнаць гэта «асноўнай рысай» яго
прыгажосці можна толькі вельмі складаным, заблытаным і поўным выпадковасцей шляхам.
Перш за ўсё, трэба быць «чужынцам» для гэтых бедных, запоўненых руінамі мясцін, каб атрымліваць асалоду ад выпадковай прыроднай прыгажосці ўскраін, іх руін, парослых травой і дрэвамі. Разбураная сцяна, драўляны будынак ордэну дэрвішаў, апусцелы і занядбаны праз тое, што сам ордэн забаранілі, крыніца, з крана якой ужо даўно не цячэ вада, майстэрня, якая стаіць тут ужо восемдзесят гадоў і ў якой даўно ўжо ніхто нічога не вырабляе, пустыя дамы, з якіх пад нацыяналістычным ціскам былі выгнаныя грэкі, армяне і яўрэі, разбураныя пахілыя будынкі, якія крыху завальваюцца на бок, нібы кідаюць выклік перспектыве (а некаторыя з іх, як гэта любяць маляваць карыкатурысты, прытуляюцца адзін да аднаго), будынкі з абсунутымі дахамі, эркерамі і аконнымі праёмамі — мясцовым жыхарам усё гэта не здаецца правільным і прыгожым, для іх яно — знак галечы, бездапаможнасці, безвыходнасці і нядбайнасці. Тут толь-
кі нетутэйшыя могуць з асалодай глядзець на ўбоства ўскраінных кварталаў, на выпадковую «прыгажосць» занядбаных гістарычных мясцін і могуць ацаніць каларыт гэтых руін. (Вось і жыхары Рыма не цікавяцца яго руінамі, а госці з Паўночнай Еўропы, наадварот, захапляюцца і фатаграфуюць іх.) Ях’я Кемаль і Танпынар заўзята ўзносілі «бедныя ўскраіны Стамбула» і традыцыйны лад жыцця гарадскіх ваколіц, яны бедавалі аб тым, што гэтая «спрадвечная» культура знікае пад націскам еўрапеізацыі, цанілі «прыгожыя» віды гэтых кварталаў, спрабавалі давесці, што людзі тут захоўваюць рамесную мараль і працоўнае выхаванне, якія засталіся нам ад «нашых продкаў і прашчураў», — а між тым Ях’я Кемаль жыў у Перы, адным з кварталаў, дзе, як ён казаў, «не чуваць азану», і непадалёк — Танпынар, у значна больш камфортным Беяглу, пра які ён нязменна гаварыў з пагардай, амаль што з агідай. Прыгадайма словы Вальтэра Беньяміна, па-
водле якіх экзатычным і каларытным у горадзе цікавіцца хто заўгодна, толькі не яго жыхары, і тады мы зразумеем, што нашыя пісьменнікі-патрыёты маглі разглядзець прыгажосць тых мясцін, дзе самі былі чужынцамі. Гэтая сітуацыя нагадвае іншую, у якой апынуўся вялікі японскі пісьменнік Танідзакі: у кнізе «Пахвала ценю» ён грунтоўна, ва ўсіх падрабязнасцях, распісаў, як упарадкаваны традыцыйны японскі дом, а пасля прызнаваўся сваёй жонцы, што сам ніколі не змог бы жыць у такім доме, бо ў ім няма еўрапейскага камфорту.
Але калі менавіта такая непаслядоўная пазіцыя і зрабіла Танпынара і Ях’ю Кемаля стамбульцамі ў поўным сэнсе гэтага слова, выходзіць, знайсці ў горадзе яго каларытную прыгажосць могуць не толькі яго наведнікі? Самай адметнай рысай Стамбула аказваецца акурат тое, што яго жыхары глядзяць на свой горад то праз еўрапейскія, то праз усходнія акуляры. Першыя апавяданні пра гісторыю Стамбула мясцовыя газеты падавалі ў выглядзе дзіўных, мудрагелістых гісторый, якія французы называлі bizarreries і якія так падабаліся англійскаму перакладчыку «Казак тысячы і адной ночы» Рычарду Бертану або Нервалю. Непараўнальным майстрам «дзівацтваў», у якіх гісторыя Стамбула выглядала як гісторыя нейкай іншай цывілізацыі, быў, безумоўна, Рашат Экрэм Качу. Нават у маім дзяцінстве, у часы найбольшай ізаляцыі Стамбула ад свету, людзі тут адчувалі сябе ў нечым абсалютна чужымі. Горад у вачах сваіх жыхароў выглядаў то занадта ўсходнім, то залішне еўрапейскім, і ад гэтага ў іх узнікаў лёгкі неспакой і хваляванне: а ці належаць яны самі гэтаму гораду?
* Здаецца, Памук згадвае Танідзакі зусім не выпадкова — гісторыя жыцця японскага пісьменніка вельмі падобная да ўласнай гісторыі аўтара гэтага рамана, ён таксама паходзіў з некалі заможнай сям’і і таксама быў вымушаны самастойна, без вялікіх грошай, прабіваць сабе дарогу да славы і прызнання.
Ях’я Кемаль і Танпынар жылі ў адным канцы Стамбула (у еўрапеізаванай Перы), а сапраўды прыгожыя, народныя, смутныя і каларытныя віды знайшлі ў зусім іншым яго кутку (у яго старых ускраінных кварталах), а потым ужо стамбульцы, у жаданні зразумець саміх сябе і сфарміраваць цэльны вобраз свайго горада, перанялі і распаўсюдзілі гэтую карціну. Вобраз такога ўскраіннага квартала спачатку быў растыражаваны кансерватыўнымі газетамі і часопісамі ў трыццатыя і саракавыя гады дваццатага стагоддзя, ён вельмі часта з’яўляўся на спрошчаных копіях з гравюр еўрапейскіх мастакоў. Гэтыя выявы — а хто іх аўтар, у якім стагоддзі і дзе яны створаныя, не паведамлялася ніколі, ад шырокай чытацкай аўдыторыі хавалася, што гэта каларытныя мроі еўрапейца, — суправаджаліся чорна-белымі вугальнымі малюнкамі стамбульскіх мастакоў з краявідамі вузенькіх вулачак. Сярод краявідаў гэтых традыцыйных бедных кварталаў
мне больш за ўсё падабаюцца малюнкі Хаджы Алі Рызы як самыя простыя і найменш «экзатычныя».
Творчасць Хаджы Алі Рызы прыпадала на канец XIX — пачатак XX стагоддзя, і яго, у адрозненне ад турыстаў, цікавілі не паказныя сілуэты Стамбула або гульня святла на гарадскіх мурах і сценах мячэцяў — прадметам яго ўвагі былі гарадскія вуліцы, дзе мадэрнізацыя была разгарнулася і спынілася, а еўрапеізацыя нават і не пачыналася, вуліцы, якія праз шмат гадоў паказаў і Ара Гюлер на сваіх здымках. На гэтых чорна-белых фатаграфіях Стамбул выяўлены як месца, дзе нягледзячы на ўсю ўпартасць еўрапеізатараў цячэ традыцыйнае жыццё, дзе старое разбураецца таксама, як і новае, і зліваецца ў адзінай мелодыі галечы і сціпласці, дзе краявіды, як і твары людзей, вельмі і вельмі смутныя; асабліва на здымках 1950 і 1960-х гадоў вельмі паэтычна і пранікнёна перададзеная адмысловая тэкстура старэння і ападанне пялёсткаў былога глянцу з будынкаў часоў асманскай еўрапеізацыі — банкаў, кантор, дзяржаўных устаноў. Альбом Ары Гюлера «Страчаны Стамбул» і яго цудоўныя фатаграфіі аб’ядналі Беяглу і Стамбул майго дзяцінства — трамваі, брук, вулічныя аб’явы і яго чорна-белую атмасферу — з каларытам гарадскіх ускраін, які толькі падкрэслівае яго стомленасць, старэнне год ад году і смутак.
Гэты вобраз ускраіннага далёкага квартала, «беднага, але поўнага пачуцця ўласнай годнасці, са сваёй ідэнтычнасцю» асабліва часта з’яўляўся ў газетах падчас Рамазана ў калонках «Гісторыя» і «Стамбул» на старых гравюрах, і, хоць новыя выдаўцы ўсё часцей замянялі чорна-белыя малюнкі больш грубымі копіямі, народ палюбіў яго ўсёй душой. Майстрам гэтай справы быў Рашат Экрем Качу, ён ілюстраваў сваю «Энцыклапедыю Стамбула» і папулярныя гістарычныя калонкі ў газетах не рэпрадукцыямі невядома чыіх гравюр, а агрубленымі малюнкамі, зробленымі з іх (таму што вырабіць