Архан Памук
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск 2018
Пакуль я прыспешваў руку, каб ухапіць гэтую сцэну сямейнага шчасця, мама з татам сядзелі і не варушыліся, нібы перад фатографам, аднак часам перакідваліся парай слоў. Нехта з іх дзяліўся навіной, якую толькі што прачытаў у газеце, а іншы, пасля доўгага маўчання, выказваў свае меркаванні з гэтай нагоды, а мог і нічога не сказаць. Іншы раз гучаў дыялог, напрыклад, мы з мамай абмяркоўвалі якую-небудзь тэму, а тата, які выцягнуўся на канапе і, здавалася, зусім намі не цікавіўся, праз досыць доўгі час нешта хутка прамаўляў, і выяўлялася, што ён сачыў за нашай размовай ад самага пачатку. Доўгія маўчанні парушаліся кароткімі заўвагамі пра жахлівы савецкі карабель з радарамі, што праходзіць па Басфоры, бачны ва ўсю даўжыню з вокнаў нашага дома ў Бешыкташы, на пагорку Серэнджэбей, або пра буслоў («Буслы ляцяць!»), што з прыходам вясны мігруюць з Афрыкі ў Еўропу проста перад нашымі вачыма. Але я ведаў, што спакой і шчасце, падораныя мне гэтымі хвілінамі маўчання, калі мы ўсе разам сядзелі ў гасцёўні і кожны з нас быў занураны ў свой унутраны свет, былі мімалётнымі. Самымі хуткімі рухамі, на якія была здоль-
ная рука, я наносіў апошнія штрыхі, калі раптам з жахам заўважаў, што, захоплены адно маляваннем бацькоў, ніколі не звяртаю ўвагі на некаторыя дэталі іх постацей. Вось сядзіць мама, яе твар свеціцца ці то аптымізмам, ці то шчасцем, на носе — акуляры, у руках — пруткі, яна лічыць петлі, нітка з воўны, спачатку заціснутая ў руцэ, цягнецца ўніз, аж да самай яе пяткі, і хаваецца ў пластыкавым пакеце, дзе яднаецца з клубком. Я, у спробе зрабіць найболып дакладны малюнак, доўга-доўга гляджу на маміну нагу ў пантофлі, яна застыла побач з гэтым празрыстым пакетам і не варухнецца, хоць мама размаўляе з татам, хоць блукае недзе ў сваіх думках, а мяне ахопліваюць дзіўныя дрыжыкі: у нашых руках і нагах, нават у нашых галовах было нешта рэчыўнае, нешта ад тых ваз, у якія мама ставіла рамонкі або рускус, ад журнальных столікаў ці ад узорыстых талерак з Ізніка, што вісяць на сцяне. Як бы ўдала мы ні імітавалі шчаслівую сям’ю, колькі б я, быццам той глядач у тэатры, ні рабіў выгляд, нібы веру ў тое, што бачу, — у нечым мы ўсе трое, тут, у нашай гасцёўні, нагадвалі рэчы, якімі была перапоўненая тая бабуліна гасцёўня-музей.
Я вельмі любіў гэтыя хвіліны супольнага маўчання, як і нашы рэдкія сямейныя гульні (картачную ў «Чорнага Пятра», ці ў лато — на Новы год), і таму стараўся як мага хутчэй скончыць свой малюнак, каб не прапусціць такі цудоўны момант. Хуткія, як мне здавалася, рухі пэндзля я спрабаваў пераймаць у Маціса, а рэчы — з інтэр’ераў Банара, часам, пакуль я зарысоўваў дываны і фіранкі на сваёй карціне маленькімі коскамі і арабескамі, на вуліцы пачынала цямнець, і тады я заўважаў, што таршэр ва ўзгалоўі татавай канапы пачынае свяціць ярчэй. Неўзабаве я назіраў, як вечаровы змрок афарбоўваў Басфор і неба над ім у прывабны цёмна-сіні колер, як па той бок вялікага акна, што выходзіла на Басфор, у аранжавым святле таршэра ўжо не было відаць ні басфорскага краявіду,
ні паромаў, ні параходаў лініі Бешыкташ-Ускюдар, ні дыму з іх труб, — і я бачыў толькі адлюстраванне нашага пакоя.
Я дагэтуль, калі іду вечаровай вуліцай або гляджу на яе з акна, люблю ўзірацца ў аранжавае святло за іншымі вокнамі, у іншыя інтэр’еры. Часам дзе-небудзь я бачу адзінокую жанчыну, якая варожыць на картах, — калісьці мама доўгімі зімовымі вечарамі, калі тата не прыходзіў дадому, гадзінамі сядзела за сталом у такой самай позе, курыла і цярпліва раскладвала пасьянс. Часам у сціплым маленькім паўпадвальным памяшканні, асветленым такім самым, як у нас, аранжавым святлом, я бачу сям’ю, якая з размовамі сабралася разам пры вячэры; звонку яны выглядаюць шчаслівымі — раблю я наіўную выснову. У Стамбуле часцей, чым дзе-небудзь яшчэ, замежныя падарожнікі забываюць, што горад робяць горадам не толькі ягоныя парадныя віды, але і яго прыватнае жыццё, унутраныя краявіды яго кватэр і дамоў.
30. Дым параходаў на Басфоры
Параходная навігацыя ў Міжземным моры значна наблізіла Стамбул другой паловы XIX стагоддзя да еўрапейскіх сталіц, і ў горад пацягнуліся шматлікія еўрапейскія вандроўнікі — яны хутка дабіраліся сюды, спехам рабілі запісы, а потым паводле іх літаратурнай спадчыны стамбульскія пісьменнікі складалі і развівалі ўласнае бачанне Стамбула, акрамя таго, у пэўным сэнсе нечакана змяніўся і гарадскі пейзаж. Была створана фірма, яна спачатку называлася «Хайрые», але потым назву змянілі на «Гарадскія лініі», бо менавіта так яе празвалі ў народзе, у кожнай вёсачцы на Басфоры пабудавалі прыстань, параходы пачалі хадзіць па праліве туды і сюды, і так змяніўся не толькі басфорскі краявід — перамянілася ўся панарама Стамбула. (Прыгадайма хоць бы, што прыкметай гэтых перамен стала французскае слова vapur, якое паспяхова замацавалася і ў турэцкай літаратурнай мове, і ў будзённым гарадскім ужытку.) Я маю на ўвазе, што перамены спрычыніліся не толькі да з’яўлення ажыўленых плошчаў вакол прыстаней і да росту вёсак на беразе Басфора і Залатога Рога, якія ў хуткім часе сталі часткай горада і якія я пастаянна згадваю ў сваім аповедзе. (Калі не было прыстаней і параходаў, да большасці басфорскіх вёсак і дарогі не было.)
Параходы пачалі перавозіць пасажыраў уверх і ўніз па Басфоры і неўзабаве зрабіліся неад’емнай часткай будзённага жыцця цэлага горада, так што для стамбульцаў,
якія ўбачылі такія яго мясціны, як Дзявочая вежа, Ая-Сафія, крэпасць Румеліхісары, Галацкі мост адначасова і адчулі, што яны ўсе разам жывуць у адным вялікім горадзе, самі параходы ператварыліся ў свайго роду сцяг, сімвал. Усе стамбульцы любяць параходы «Гарадскіх ліній» і прывязаныя да іх не менш, чым венецыянцы — да сваіх vaporetto (маленькіх vapur-аў), яны з асаблівай пяшчотай і ўвагай ставяцца да розных іх відаў і мадэляў, а таксама выдаюць альбомы з іх фатаграфіямі. Гацье піша, што ў кожнай стамбульскай цырульні на сцяне вісіць карціна з параходам. Мой тата здалёк пазнаваў сілуэт любога з тых параходаў, якія выйшлі на рэйд і лічыліся самымі шыкоўнымі тады, калі сам ён быў яшчэ хлопчыкам і юнаком, — калі імгненна, а калі і крыху падумаўшы, тата пералічваў назвы і нумары, што для мяне гучалі, як вершы: «Іншырах-53», «Каландар-67», «Тарзі Невін-47», «Камер-59»...
Калі я задаваў пытанні, тата па парадку пералічваў адрозненні гэтых, з выгляду падобных адно на адно, суднаў. Дзякуючы гэтым тлумачэнням, а тата даваў іх то падчас нашай выправы на Басфор, то калі цэлы праліў быў адным суцэльным заторам, — у гасцёўні, у нашым доме ў Бешыкташы, я пачаў звяртаць увагу на іх асаблівасці: у аднаго быў выступ, падобны на горб, у іншага — вельмі доўгая труба, яшчэ адзін меў нос, падобны на птушыную дзюбу, той — мажную карму, а гэты — крыху хіліўся на адзін борт, калі яго цягнула плынню, але часцей за ўсё мне не ўдавалася іх адрозніць. Затое я мог адрозніць параход «Пашабахчэ», сабраны ў год майго нараджэння, у 1952-м, у Італіі, у горадзе Таранта, ад двух іншых яго братоў англійскай вытворчасці, назвы якіх таксама заканчваліся на «-бахчэ», — «Фенэрбахчэ» і «Далмабахчэ», — я, зусім як і мой тата, уважлівым позіркам выдзяляў яго плоскую трубу; я пачаў лічыць яго
сваім шчаслівым караблём: я і дагэтуль не страціў звычкі радавацца так, нібы мне выпаў шчаслівы лік, кожны раз, калі я бадзяюся ў задуменні па вуліцах і раптам у віры будзённага гарадскога жыцця, ці то ў прасвеце мора паміж дамамі, ці то праз вакно бачу яго.
Дым з параходных труб стаў самым вялікім укладам басфорскіх караблёў у стамбульскі краявід. Мне вельмі падабалася дадаваць да сваіх басфорскіх пейзажаў чорныя слупы вугальнага дыму, якія змяняліся ў залежнасці ад месца, дзе знаходзіўся параход, ад яго мадэлі, ад плыняў на Басфоры і ў першую чаргу, вядома, ад ветру. Перад тым як густа змочваць пэндзаль фарбай і пазначаць дым з параходных труб, трэба было цалкам скончыць карціну і нават даць ёй крыху падсохнуць. Мне здавалася, што дым з трубы — гэта нібы асабістая пячатка парахода, што так ён ставіць подпіс пад гатовым, завершаным сусветам, зусім як я, калі недзе збоку падпісваю сваю карціну. Калі дым згушчаўся і ператвараўся ў воблака, я адчуваў, што на ўвесь мой стамбульскі свет кладзецца цёмная заслона.
Я люблю, прагульваючыся па беразе Басфора або ідучы на параходзе, апынуцца пад густымі клубамі дыму, выпушчанымі з трубы іншага парахода, люблю адчуваць, як па волі ветру на мой твар тонкай павуцінкай кладзецца ледзь заўважны дожджык з часцінак сажы, люблю ўдыхаць пах дыму, складзенага з мільёнаў чорных крапінак вугальнага «куродыму», люблю глядзець, як з труб параходаў, што прыстаюць ля Галацкага моста, адначасова ўздымаецца дым і развейваецца над горадам.
Вельмі часта, калі я ў запале завяршаў карціну і ўвенчваў Басфор дымам з параходных труб, у мяне ўзнікала ад-
на і тая самая праблема з яго размяшчэннем (часам я дадаваў так многа дыму, што псаваў усё палатно), і таму я імкнуўся запамінаць усе тыя разнастайныя формы, якія набываўдым, выпушчаны басфорскімі параходамі, пакуль ён круціўся, рассейваўся і знікаў, каб перанесці іх на будучыя карціны. Але з апошнімі жарснымі ўдарамі пэндзля я настолькі занураўся ў сам гэты малюнак, што начыста забываў пра ўсе дымавыя аблокі, якія бачыў наяве.
Больш за ўсё мне падабаўся той «бездакорны» абрыс дыму, які ўзнікаў пры крыху ветраным надвор’і, — ён прыўзнімаўся пад вуглом прыкладна сорак пяць градусаў, а пасля, перш чым канчаткова развеяцца, нейкі час вісеў у паветры паралельна мору, і яго вытанчаная лінія пазначала курс, які судна ўзяло на Басфоры. У тонкім вугальна-чорным дымку, выпушчаным параходам ля прыстані ў зацішнае надвор’е, адчуваецца той самы смутак, што і ў дыму з трубы беднай маленькай хаціны. А яшчэ я любіў завіткі і спіралі дыму, што крэслілі над Басфорам абрысы арабскіх літар, калі вецер ці параход злёгку мянялі кірунак. Аднак з гэтымі забаўнымі выпадковымі
фігурамі я страчваў душэўны спакой — дым параходаў Гарадскіх ліній на маіх басфорскіх пейзажах быў асноўным элементам, які падкрэсліваў смутак і краявіду, і карціны. А самым рэдкім відовішчам быў моцны густы дым, пакінуты якім-небудзь суднам, што пятляла па Басфоры ў абсалютна бязветраны дзень, — ён цягнуўся за караблём, і ўсе гэтыя колцы доўга-доўга віселі ў небе смутным следам яго падарожжа. Мне таксама падабаліся цёмныя клубы густога дыму, што зліваюцца з нізкімі грознымі навальнічнымі хмарамі на даляглядзе, зусім як на карцінах Тэрнера. I ўсё ж я, калі дадаваў карціне апошнія штрыхі, адно воблака дыму або некалькі — для некалькіх параходаў, крэсліў не толькі тое, што з такой прыемнасцю назіраў, — мне прыгадваліся пейзажы імпрэсіяністаў, Манэ, Сіслея, Пісаро, блакітнаватае воблака на карціне Манэ «Вакзал Сэн-Лазар» або радасныя, з абсалютна іншага сусвету, падобныя на шарыкі марожанага, аблокі Дзюфі.