• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    Флабер у першых радках рамана «Выхаванне пачуццяў» апісвае акурат такія клубы параходнага дыму, якімі я завяршаў свае карціны, і гэта адна з многіх прычын маёй вялікай любові да яго. Я зрабіў гэтую заўвагу падобна да таго, як у традыцыйнай асманскай музыцы «сола» выконваўся «ара таксім» — пераход да іншага прадмета, да іншай тэмы. Слова «таксім» абазначае «раздзяленне», «раскіданне», а яшчэ — «водападзел», і таму высокае роўнае месца, дзе за дзесяць гадоў да прыезду Нерваля ў Стамбул, калі яго позірк чапляўся за краявіды, гандляроў і могілкі, быў збудаваны водаразмеркавальны вузел, стамбульцы надалей пачалі называць Таксім. Яно і цяпер так завецца, месца, у ваколіцах якога я правёў усё жыццё. Але задоўга да таго, як яго пачалі назваць «Таксім», сюды, як некалі Нерваль, завітваў і Флабер.
    31.	Флабер у Стамбуле: Усход, Захад і пранцы
    Гюстаў Флабер прыбыў у Стамбул праз сем гадоў пасля Нерваля, у кастрычніку 1850 года, незадоўга перад гэтым, у Бейруце, ён падхапіў пранцы, разам з ім быў ягоны сябар, фатограф і мастак Максім дзю Кан, і яны правялі тут амаль пяць тыдняў. Пасля ад’езду, ужо з Афін, Флабер у лісце да свайго сябра Луі Буе піша: «...а трэба было б правесці шэсць месяцаў», але не варта ўспрымаць гэтыя словы ўсур’ёз, бо Флабер быў адным з тых, хто сумуе па ўсім, што засталося ў мінулым. Як лёгка зразумець з ягоных лістоў, тых, дзе побач з датай пазначана «Канстанцінопаль», з самага ад’езду з Францыі ён вельмі сумаваў па сваім доме ў Руане, па сваім кабінеце і мілай маці, якая выплакала ўсе вочы пры расстанні з сынам; яму хацелася як мага хутчэй вярнуцца дадому.
    Флабер, як і Нерваль падчас падарожжа на Усход, спачатку наведаў Егіпет, спыняўся ў Каіры, пасля ён адправіўся ў Ерусалім, а потым — у Ліван. I, як Нерваль, стомлены відамі суворага, страшнага, пачварнага, містычнага, экзатычнага Усходу, уласнымі мроямі, абрыдлай рэальнасцю, якая аказалася значна больш «арыентальнай», ён не вельмі зацікавіўся Стамбулам. (Спачатку ён меў намер спыніцца тут на тры месяцы.) Стамбул не быў тым Усходам, які шукаў Флабер, і гэта стала адной з прычын абыякавасці да яго. У лісце, напісаным Луі Буе
    са Стамбула, ён расказваў, як падчас паездкі па заходняй Анатоліі сузіраў навакольны краявід і ўзгадаў лорда Байрана. Гэта быўтойУсход, якім цікавіўся Байран: «Гэта яго Усход, загадкавы цюркскі Усход ятаганаў, албанскіх строяў і крацістых вокнаў з відам на сінія хвалі». Флабер жа аддаваў перавагу Усходу, «спечанаму з бедуінаў і пустыні, з пунсовых нетраў Афрыкі, з кракадзілаў, вярблюдаў і жырафаў».
    Да таго ж малады пісьменнік у свае дваццаць дзевяць гадоў падчас усходняга падарожжа назапасіў, асабліва
    
    ў Егіпце, столькі ідэй, што яму хапіла б на ўсё астатняе жыццё. 3 лістоў Флабера да маці і Буе зразумела, што яго думкі занятыя планамі на будучыню і кнігамі, якія ён збіраўся напісаць. (Сярод задуманых у гэтым падарожжы кніг быў і раман з назвай «Харэл-бей», у якім сустракаюцца цывілізаваны еўрапеец і ўсходні варвар, яны пакрысе робяцца падобнымі адзін да аднаго і ў рэшце рэшт мяняюцца месцамі .) Ужо ў гэтых лістах да маці Флабер сур’ёзна разглядае адзіную рэч — мастацтва, ён адчувае агіду
    * Падобны сюжэт выкарыстоўвае і сам Архан Памук у рамане «Белая крэпасць».
    да тых рэчаў, з якіх складаецца вакол яго прыдуманы свет, — буржуазнага ладу жыцця, шлюбу і тых, хто мае «камерцыйную жылку». Раз-пораз мне ў галаву прыходзяць радкі, якія ён занатаваў за сто два гады да майго нараджэння, калі блукаў па тых самых вулках, дзе пройдзе ўсё маё жыццё, і якія за стагоддзе зробяцца маральнай асновай мадэрнізму ўлітаратуры: «Начхаць мне на ўвесь свет, на будучыню, на тое, што скажуць, на якія-кольвек інстытуты і на саму літаратурную славу, пра якую я марыў бяссоннымі начамі даўным-даўно. Вось такі я і ёсць;
    такая ў мяне натура» (Ліст да маці, 15 снежня 1850 года, Канстанцінопаль).
    Чаму мяне так цікавіць, што казалі пра Стамбул еўрапейскія падарожнікі, што яны рабілі тут і пра што думалі, аб чым пісалі сваім маці? Часткова таму, што я калі-некалі атаясамліваю сябе з некаторымі з іх (з Нервалем, Флаберам, дэ Амічысам), таксама як калісьці мне трэба было атаясамліваць сябе з Утрыло, каб намаляваць Стамбул; у больш познія перыяды жыцця пад іх уплывам і ў спрэчках з імі я станавіўся самім сабой. А яшчэ таму, што пра даўняе аблічча Стамбула і яго штодзённае жыццё ад еўрапейскіх падарожнікаў я даведаўся больш, чым
    ад стамбульскіх пісьменнікаў, якія не звяртаюць ніякай увагі на свой горад.
    Называйце гэта як заўгодна: аблуда, фантазія або, як казалі раней, ідэалогія, але ў кожнага з нас у галаве ёсць пэўны, часткова нябачны, часткова чытэльны тэкст, паводле якога мы вызначаем сэнс усяго, што робім на працягу жыцця. У перапляценнях гэтага «сэнсадайнага» тэксту сведчанні еўрапейскіх падарожнікаў займаюць досыць шмат месца. Для такіх, як я, стамбульцаў, тых, хто належыць дзвюм розным культурам, двум розным сусветам адначасова, такі вось «еўрапейскі назіральнік» можа і не быць кімсьці сапраўдным, часам гэта проста гульня майго ўяўлення, мая мроя, нават ілюзія. Вось жа, мой розум не ўспрымае тэксты старой традыцыйнай культуры як адзін тэкст, і таму я адчуваю патрэбу ў такім чужынцу, які б сваім тэкстам, нататкамі, карцінай, фільмам растлумачыў мне маё жыццё і тое, як я жыву. Калі я адчуваю нястачу такога вось погляду з боку еўрапейца, я сам раблюся сваім уласным еўрапейцам.
    Стамбул ніколі не быў часткай нейкай еўрапейскай калоніі, і таму для падарожнікаў, якія пісалі пра яго, малявалі яго, здымалі пра яго фільмы, мінуласць горада, яго гісторыя заставаліся «экзатычным» матэрыялам, але мяне гэта не хвалюе і не засмучае. 3 тым самым захапленнем еўрапейскіх падарожнікаў я называю экзатычнымі іх страхі і думкі пра мяне, а чытаю іх збольшага не дзеля пацехі, новых ведаў ці ў жаданні ўбачыць горад іх вачыма, а дзеля таго, каб, выпадкова сутыкнуўшыся з іх светам, крыху ў ім пагасціць. Акрамя таго, яны завіталі сюды, у горад, які я называю сваім домам, з тым, каб пашырыць свае погляды, сувязі, межы сваёй дзяржавы або проста глянуць, што там — за імі; яны апісалі ўбачанае, і мой свет прасачыўся ў іх кнігі і карціны. Запісы, нататкі, параўнанні і ўяўленні менавіта тых еўрапейскіх падарожнікаў, якія прыязджалі сюды ў XIX стагоддзі, на-
    пісаныя больш падрабязна і больш зразумелай мовай, і калі чытаю асабліва іх, я разумею, што горад, які я называю «сваім», не такі ўжо і мой. Я ахвотна пагаджаюся з расчараваннем і няўпэўненасцю ў дачыненні да сябе і да месца, з якім я звязаны назаўжды. Падобна да таго, як я імкнуўся паглядзець на сілуэт Стамбула вачыма заходніх мастакоў, якія бачылі яго з тых жа месцаў, што і я, — з Галацкага пагорка або з Джыхангіра, дзе я пішу гэтыя радкі, — я, калі чытаю напісанае еўрапейскімі падарожнікамі пра Стамбул, часам атаясамліваю ўласны погляд з іх поглядам на розныя дэталі, падлічваю, узважваю, класіфікую, выношу свой прысуд, з поглядам, які часцей за ўсё адлюстроўвае іх уласныя мары, перакананні і жаданні. Гэтая мая няўпэўненасць, праз якую я аказваюся і суб’ектам, і аб’ектам заходняга позірку, з якой вагаюся паміж поглядам на горад знутры і звонку, адзін у адзін падобная да пачуцця, што ўзнікае, калі я ў задуменні ба-
    дзяюся па вуліцах — яна нараджае ўва мне слізкія, пярэстыя, супярэчлівыя думкі: я не адчуваю сябе ні цалкам мясцовым жыхаром, ні безумоўным чужынцам. I гэтаксама думаюць пра свой горад усе насельнікі Стамбула апошнія сто пяцьдзясят гадоў.
    I каб падмацаваць мае словы прыкладам, давайце пацікавімся членам Флабера — органам, які ў тым часе турбаваў яго больш за ўсё. На другі дзень пасля прыезду ў Стамбул наш гаротны пісьменнік прызнаецца ў лісце да Луі Буе, што праз хваробу, падхопленую ў Бейруце, у яго на члене з’явілася сем маленькіх шанкраў (пранцавых язваў), а цяпер яны злучыліся ў адзін вялікі. «Я штораніцы і штовечар націраю свой няшчасны член рознымі лекамі!» — піша Флабер са Стамбула. Ён разважае, ці атрымаў хваробу ад аднаго мараніта, ці «ад якой маладзенькай турэцкай спадарыні? Ад хрысціяніна ці ад мусульманкі?» I з уласцівым яму цынізмам Флабер працягвае: «Вось ён,
    новы ракурс усходняга пытання, пра які Revue des deux mondes не адважваецца нават марыць!» Тады ж у адным з лістоў да маці ён кажа, што ніколі не ажэніцца. Аднак падхопленая хвароба не была таму прычынай.
    У Стамбуле Флабер наведвае публічны дом, хоць яго ўсё яшчэ непакоілі пранцы, ад якіх неўзабаве пачалі выпадаць валасы, так што нават маці не адразу пазнала сына пры сустрэчы. Драгаман — гід-перакладчык — які ўсім еўрапейскім падарожнікам паказваў тое самае, прывёў яго ў «такое бруднае» месца ля Галацкай вежы, з «такімі агіднымі» жанчынамі, што яму адразу ж захацелася выйсці. Тады, як піша Флабер, гаспадыня дома, «мадам», адразу прапануе французскаму госцю яшчэ адну са сваіх дзяўчат. Яна аказваецца дзяўчынай шаснаццаці-сямнаццаці гадоў і вельмі падабаецца Флаберу. Але ісці з ім адмаўляецца. Насельніцы дома настойваюць — цікава, што робіць сам Флабер падчас гэтых угавораў, — і ўрэшце яны застаюцца сам-насам. Тады дзяўчына па-італьянску просіць яго паказаць свой орган, бо хоча ведаць, хворы ён ці не. «Я спалохаўся, што яна ўбачыць маю язву, і таму сказаў, што абражаны да глыбіні душы, а пасля адразу сышоў адтуль!» — піша Флабер.
    А між тым у самым пачатку падарожжа, у адной з бальніц Каіра, ён уважліва разглядаў хворых, якім лекар адным жэстам загадваў спусціць штаны і паказаць еўрапейскаму падарожніку пранцавыя язвы, убачанае ён занатоўваў у сшытак — з той самай увагай ён аглядаў карліка ў двары палаца Топкапы і рабіў нататкі пра яго рост, жэсты, убранне — як любое новае дзівацтва, брыдоту ці медычны казус, звязаныя з Усходам. Флабер прыехаў на Усход па незабыўныя краявіды і запас успамінаў, а таксама ён хацеў убачыць хваробы і дзівацтвы іншых,
    * Адзін з самых уплывовых французскіх літаратурных часопісаў, прысвечаны агляду Старога і Новага Свету.
    пры гэтым сваю хваробу і ўласныя дзівацтвы ён зусім не збіраўся выстаўляць напаказ. Эдвард Саід у сваёй бліскучай кнізе «Арыенталізм» — у Стамбуле яе, на жаль, чытаюць тыя, хто хоча пацешыць уласныя патрыятычныя пачуцці і яшчэ раз пераканацца, што, калі б не еўрапейцы, «Усход» быў бы дзівосным месцам — прысвячае Флаберу і Нервалю ў найвышэйшай ступені праніклівыя радкі, ён адсылае чытача да сцэны ў каірскай лякарні, але пра сцэну ў стамбульскім публічным доме, якая служыць дапаўненнем першай, нават не ўзгадвае. Можа быць, таму, што Стамбул не належаў калоніям еўрапейцаў. Між тым турэцкія нацыяналісты, як і еўрапейскія падарожнікі, лічылі, што пранцы распаўсюдзіліся па ўсім свеце пасля заваявання Амерыкі, што яны ўласцівыя тамтэйшай культуры, і таму называлі гэтую хваробу «французскай». Шамсацін Самі, чалавек албанскага паходжання, праз пяцьдзясят гадоў пасля падарожжа Флабера выдае ў Стамбуле першы турэцкі тлумачальны слоўнік, дзе піша, што пранцы «прыйшлі да нас з Еўропы». А вось Флабер у «Лексіконе прапісных ісцін», нібы ў адказ на пытанне, «хто яго заразіў», праз шмат гадоў робіць выснову, што хвароба заразная сама па сабе, гэтым разам без жартаў пра Усход і Захад: «Пранцы — усе ў большай ці меншай ступені заражаныя імі».