• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    Шышлі ці Бебека нагледжвалі сімпатычных дзяўчат, а тады прытарможвалі перад імі і запрашалі пакатацца; такое запрашэнне ў іх называлася «кручок», калі дзяўчаты яго «заглыналі» і сядалі ў машыну, яны ўжо пачыналі марыць пра небывалыя сэксуальныя прыгоды. У выхадныя яны раз’язджалі па ваколіцах Мачкі, Нішанташы, Таксіма і Харбіе са сваімі «кручкамі», бо хацелі пазнаёміцца з дзяўчатамі, якія, як і яны самі, вучыліся ў замежных ліцэях, кожную зіму ездзілі на дзесяць дзён пакатацца на лыжах на Улудагу, а летам адпачывалі ў Суадзіе ці Эрэнкёі. Часам і я ўдзельнічаў у гэтых ловах «на кручок» і заўсёды здзіўляўся, як некаторыя дзяўчаты з першага позірку вызначалі, што мы — такія самыя бяскрыўдныя дзеці, як і яны самі, і адразу бязбоязна сядалі ў машыну. Памятаю, аднойчы да нас у машыну селі дзве дзяўчыны — так, быццам забірацца ў першы стрэчны раскошны аўтамабіль было самай звычайнай справай, мы крыху пагаварылі пра сёе-тое, потым зайшлі ў клуб, выпілі ліманаду і кока-колы і шчасна разышліся назаўжды. Акрамя гэтых сяброў, якія, як і я, жылі ў Нішанташы і з якімі мы пастаянна гулялі ў покер, у мяне былі іншыя прыяцелі — з імі я часам сустракаўся, каб згуляць у шахматы або пінгпонг, пагаварыць пра жывапіс і пра мастацтва наогул, але тых і гэтых я ніколі не знаёміў між сабою і не ладзіў супольных сустрэч.
    3 кожным з маіх прыяцеляў я быў іншым чалавекам, з іншым гумарам, іншым голасам, іншай мараллю. Я, нібы хамелеон, мяняўся з кожным новым асяроддзем, але гэта не было чымсьці прадуманым, падступным і цынічным. Як правіла, мае асобы ўзнікалі самі сабой падчас размоў з сябрамі, варта было толькі захапіцца якой-небудзь тэмай. 3 добрым чалавекам я імгненна рабіўся добрым, з дрэнным — дрэнным, з дзіваком — дзіваком, і, мяркую, гэтая выгодная здольнасць не дазволіла мне пасля дваццаці гадоў стаць пагардліва-насмешлівым
    цынікам, як гэта здарылася з многімі маімі сябрамі. Любой цікавай мне тэмай я захапляўся шчыра і ўсім сэрцам быў адданы ёй.
    Гэта, зрэшты, не перашкаджала мне час ад часу гадзінамі строіць дурня. Бывала, што я бесперапынна жартаваў, здзекаваўся, смяяўся і хіхікаў. Як правіла, гэта здаралася ў Роберт-каледжы, калі падчас асабліва нудных урокаў у мяне адключаліся тармазы: неўзабаве я пачынаў нашэптваць жарты так, каб цэлы клас мог іх пачуць, яшчэ болыіі я натхняўся, калі бачыў, што аказаўся тым самым апавядальнікам, чые «досціпы» слухалі болвш уважліва, чым настаўніка, стрэлы свайго гумару я накіроўваў у бок нудных турэцкіх настаўнікаў. Мы адчувалі, што некаторым з іх было неспакойна ад выкладання ў амерыканскай школе, што яны некаторых вучняў лічылі «шпіёнамі», якія даносяць на іх амерыканцам, што турэцкія настаўнікі, якія раз-пораз выкрыквалі нудныя патрыятычныя прамовы, у параўнанні з амерыканцамі былі абыякавыя, стомленыя, старыя і млявыя, што яны ўжо не любяць ні нас, ні сябе, ні жыццё. У адрозненне ад добразычлівых і прыязных амерыканцаў, першае, што ім прыходзіла ў галаву — прымусіць вывучыць на памяць і пакараць, і таму большасць ненавідзела гэтых настаўнікаў з душамі бюракратаў.
    Амерыканскія настаўнікі, пераважна маладзейшыя за турэцкіх, лічылі сваіх турэцкіх вучняў значна болып наіўнымі і добранамернымі, чым тыя былі насамрэч, самі яны з усёй наіўнасцю і добранамернасцю прагнулі пазнаёміць нас з цудамі заходняй цывілізацыі, так што ў сваім адукацыйным запале даходзілі часам амаль да рэлігійнага экстазу, і час ад часу ніхто ў класе не ведаў, плакаць нам або смяяцца. Некаторыя амерыканцы прыехалі ў Турцыю на покліч сэрца, каб даваць асвету непісьменным дзецям з беднай краіны трэцяга свету, большасць з іх нарадзілася ў саракавыя гады і прытрымлівалася левых ідэй, гэта на-
    шы амерыканскія настаўнікі давалі нам чытаць Брэхта, каментавалі Шэкспіра з левых пазіцый, а калі разбіралі які-небудзь літаратурны твор, то імкнуліся давесці, што крыніцай любога зла з’яўляецца «дрэннае» грамадства, якое збівае з тропу добрых людзей. Адзін з настаўнікаў, калі каментаваў нейкі літаратурны твор і хацеў паказаць нам, як грамадства «адпрэчвае» тых, хто не жадае жыць паводле яго меркі, раз за разам паўтараў: You are pushed', пару жартаўнікоў з класа час ад часу адказвалі яму: Yes, sir, you are pushed, — толькі амерыканскі настаўнік і не падазраваў, што апошняе слова гучыць гэтаксама, як і адна з абраз у турэцкай мове, якая азначае гея. Аднак цэлы клас не мог душыцца ад смеху толькі таму, што гэта была абраза, — многія вучні ў душы моцна злавалі на амерыканскіх настаўнікаў, і цяпер іх гнеў прарываўся вонкі. Гэтая сарамлівая варожасць да амерыканцаў была вельмі сугучная нацыяналістычнай і левай атмасферы
    тых гадоў, а яшчэ яна вельмі моцна дурыла галаву нашым бліскучым вучням, якія паходзілі з правінцый Анатоліі і вучыліся толькі таму, што атрымалі стыпендыю. Гэта былі вучні з бедных сем’яў, яны здавалі вельмі складаныя экзамены, каб здабыць прывілеяванае права вучыцца ў амерыканскім ліцэі, большасць з іх былі сапраўды кемлівымі і працавітымі, і, з аднаго боку, яны былі зачараваныя амерыканскай культурай, ідэяй свабоды, а яшчэ больш — магчымасцю паехаць у Амерыку і вучыцца ва ўніверсітэце і, можа быць, застацца там назаўжды; з другога боку, ім цяжка ўдавалася стрымліваць гнеў да амерыканцаў, добра падагрэты вайной у В’етнаме. У маіх сяброў, дзяцей з багатых, заможных ці з такіх, як мая, стамбульскіх сем’яў, гэткіх душэўных пакут не было ўвогуле: яны разглядалі навучанне ў Роберт-каледжы проста як першы крок на шляху да будучага кіравання вялікай турэцкай фірмай або прадстаўніцтвам замежнай кампаніі ў Турцыі.
    Што да мяне, то я наогул не ведаў, кім стану, але на пытанні пра гэта адказваў, што не хачу з’язджаць са Стамбула і буду вывучаць архітэктуру. Быць архітэктарам задумаў не толькі я сам — уся сям’я вельмі даўно сышлася на такім рашэнні.
    У мяне, як у дзядулі, таты і яго брата, былі здольнасці да дакладных навук, і таму я павінен быў вывучаць інжынерную справу ў Стамбульскім тэхнічным універсітэце, але раз ужо ў мяне былі такія здольнасці да малявання, вывучаць там архітэктуру мне пасавала значна больш. He памятаю, хто першы так падумаў і хто выказаў гэтае простае і лагічнае выйсце, але ўжо ў ліцэі я звыкся з гэтым і быў глыбока перакананы, што так яно і будзе. З’ехаць са Стамбула мне нават у галаву не прыходзіла. I зусім не таму, што я горача любіў гэты горад, і не таму, што быў закаханы ў яго свядома, ці там паводле нейкай страсці, — я інстынктыўна ў найвышэйшай ступені
    
    ленаваўся закінуць свае звычкі і родныя мясціны, сваё асяроддзе, наваколле, дом, квартал. Ужо тады я пачаў дазнавацца, што я — адзін з тых людзей, якія могуць ледзь не сто гадоў запар кожны дзень апранацца ў той самы касцюм, есці тое самае і лунаць у свеце сваіх шалёных мрояў.
    Пра галоўнае — пра тое, кім я буду, чым ёсць жыццё і чым яно мусіць быць, — мы ў той час часта гутарылі з татам, калі ўдвух выпраўляліся ў нядзельныя ранішнія аўтамабільныя паездкі. Тата быў дырэктарам у «Айгазе»*, таму штораніцы ў нядзелю пад маркай інспекцыі нейкага будаўніцтва якога-небудзь газасховішча ў Бююкчэкмеджэ ці Амбарлы, неабходнасці наведаць бабулю, з’ездзіць купіць што-небудзь або проста выехаць
    Самая буйная газавая кампанія ў Турцыі.
    на прагулку па Басфоры ён садзіў мяне ў сваю машыну («Форд-Таўрус» 1966 года), уключаў радыё і ціснуў на газ.
    У канцы 1960-х — пачатку 1970-х праспекты Стамбула раніцай у нядзелю былі пустыя, і пакуль мы ехалі па вуліцах ды кварталах, дзе дагэтуль яшчэ ніколі не былі, у машыне гучала «лёгкая заходняя музыка» («Бітлз», Сільві Вартан, Том Джонс і г. д.), а тата расказваў мне, што самае лепшае — гэта жыць так, як табе падказвае сэрца, што грошы — не мэта, а сродак, якім прынагодна трэба скарыстацца, каб стаць шчаслівым, расказваў, як пісаў вершы ў нумары гатэля, калі ён быў пакінуў сям’ю і з’ехаў у Парыж, як перакладаў на турэцкую мову вершы Поля Валеры і як праз некалькі гадоў, па дарозе ў Амерыку, чамадан, набіты гэтымі вершамі і перакладамі, у яго скралі. Я ведаў, што ніколі не змагу забыць усяго таго, што ён расказваў мне, пераскокваючы з тэмы на тэму ў такт музычнаму рытму, па ходзе паслядоўнай, нібы ў серыяле, змены гарадскога пейзажу, або паводле
    сюжэта яго гісторый, як у 1950-я гады яму часта здаралася бачыць на парыжскіх вуліцах Жана-Поля Сартра, як будаваўся Дом сям’і Памукаў і як збанкрутавала яго першае прадпрыемства. Тата звяртаў маю ўвагу то на цудоўны краявід, то на прыгожую жанчыну на ходніку, а я ўсё слухаў ягоныя гісторыі і мудрыя жыццёвыя парады, якія ён даваў мне без націску, лёгка і ненаўмысна, слухаў і глядзеў на свінцовыя ў гэты зімовы ранак стамбульскія краявіды, што праплывалі за акном. Машыны едуць па Галацкім мосце, ускраінныя кварталы ў атачэнні пакуль не разбураных драўляных асабнякоў, вузкія вулкі, натоўп, які ідзе на футбольны матч, буксір з тонкай трубой цягне па Басфоры гружаныя вугалем баржы — я адчуваў, як гэтыя карціны зліваюцца ў маёй свядомасці са словамі бацькі, якога я ўважліва слухаў, — напрыклад, што чалавек мусіць кантраляваць свае інстынкты, трывогі і навязлівыя ідэі, што жыццё, у сутнасці, вельмі хут-
    ка прамінае, і добра, калі ты ведаеш, чаго хочаш, і што чалавек здольны раскрыць свету глыбіні сваёй душы, калі ўмее толькі пісаць, маляваць і крэсліць. Неўзабаве музыка, якую я слухаў, стамбульскія краявіды, што праплывалі за вокнамі машыны, татава ўсмешка: «Ну што, збочым вось тут?», — атмасфера вузкіх брукаваных вулачак, дзе на ходніку тата пакідаў машыну, зліваліся ў маёй галаве, і я адчуваў, што мы ніколі не зможам знайсці адказаў на галоўныя пытанні жыцця, але нам трэба іх задаваць; што мы не зможам цалкам зразумець сэнс жыцця і сутнасць шчасця або што яны хаваюцца там, дзе мы і не думалі шукаць; і што акрамя гэтых турбот ёсць не менш важныя рэчы — пакуль мы заклапочаныя сваімі турботамі, пакуль ганяемся ці то за прыемнасцямі жыцця, ці то за яго сэнсам, за вокнамі нашых машын, дамоў, караблёў застаюцца вось гэтыя краявіды, і жыццё, зусім як музыка, карціна ці гісторыя, адстуквае свой рытм і заканчваецца, але гарадскія пейзажы, што праплываюць перад нашымі вачыма, нават праз гады, нібы ўспаміны, вяртаюцца да нас у марах і застаюцца назаўжды.