• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбул Горад і ўспаміны Архан Памук

    Стамбул

    Горад і ўспаміны
    Архан Памук

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск 2018
    175.45 МБ
    У гэты момант свайго расказу мама — а яна раз-пораз прыгадвала тую гісторыю, магчыма, таму, што ведала,
    %,—.7	•
    як яна раздражняе мяне, — як заўжды, спачатку ўсміхалася, потым вытрымлівала паўзу, зацягвалася цыгарэтай і нават не гледзячы на мяне, але заўжды задаволеным тонам дадавала: «3 той пары не было ніводнай раніцы, каб ты сказаў: “Я хворы, у школу не пайду”».
    «Значыць, кажу цяпер! — у запале раптам выкрыкваўя. — Нагі маёй не будзе на архітэктурным!»
    «Ну і што ты будзеш рабіць? Як я, цэлымі днямі дома сядзець?»
    У мяне ўсярэдзіне пакрысе расло жаданне пасварыцца з мамай, ляснуць дзвярыма і выскачыць з дому, каб доўга-доўга аднаму бадзяцца па начной цемры вузкіх вулак Беяглу, курыць і пераконваць сябе, нібы п’яны або вар’ят, што ненавіджу ўсіх і ўсё. Тады я мог блукаць гадзінамі, ісці куды вочы глядзяць, пазіраць на вітрыны, вокны рэстаранаў і паўцёмных кавярань, на масты, фасады кінатэатраў, афішы і рэкламныя плакаты, на бруд, слоту і кроплі
    дажджу, што падалі ў цёмныя лужыны на ходніках, на неонавыя лямпы, святло фар і банды сабак, што рыюцца ў сметніках, — і раптам пасярод самага далёкага квартала, на самай вузкай і смутнай вулцы, мяне ахоплівала жаданне як мага хутчэй бегчы дадому і нешта напісаць пра вобразы гэтага горада, пра яго цёмны дух, яго стракатасць, таямнічасць і стому. Некалі амаль так у маёй душы закіпала пачуццё, сумесь шчасця, радасці і захаплення, а разам з ім расло неадольнае жаданне маляваць, толькі цяпер я абсалютна не ведаў, што мне рабіць.
    «Гэта ліфт падымаецца?» — спытала мама.
    Мы абое прыслухаліся, але гуку, падобнага на гул матора, не пачулі: тата не прыехаў. Я нейкі час глядзеў на маму, а яна з дзіўным для мяне спакоем засяродзілася на сваіх картах. У дзяцінстве кожны раз, калі я глядзеў на маміны рукі і плечы, у яе жэстах было нешта такое, што скоўвала мяне, калі я не адчуваў яе пяшчоты, ад іх мне
    было балюча, але цяпер я ніяк не мог даўмецца, чым былі тыя яе рухі. I я адчуваў, што заблытаўся паміж бязмежнай любоўю да яе і неверагоднай злосцю. За чатыры месяцы да таго мама пасля доўгага расследавання знайшла ў Меджыдыекёі кватэру, дзе тата сустракаўся са сваёй каханкай, вельмі спрытна яна выманіла ў швейцара ключ, увайшла ў пустую кватэру, і яе вачам адкрылася карціна, якую пасля яна апісала мне з неверагоднай стрыманасцю. Як і дома на ложку, на падушцы ляжала дакладна такая самая татава піжама, а на начным століку, гэтаксама, як дома, узвышалася вежа з кніг па брыджы, якія тата тады ўзяўся чытаць.
    Мама доўгі час не дзялілася ўбачаным ні з кім — праз колькі месяцаў аднойчы ўвечары яна з ранейшай цярплівасцю раскладвала пасьянс, курыла і краем вока пазірала на экран тэлевізара, а калі я выйшаў са свайго пакоя і загаварыў з ёй, яна раптам вылажыла мне ўсё. Яна заўважыла, што мне зусім не хочацца ўсё гэта слухаць, і перапыніла гісторыю на паўслове, але кожны раз, калі я ўзгадваў яе і тое, што існуе дом, дзе тата штодня бавіць пэўны час, ува мне прачыналася нейкае метафізічнае пачуццё, і па спіне бегалі мурашкі. Здавалася, быццам тата зрабіў тое, чаго не ўдалося мне: ён знайшоў у горадзе свайго двайніка, сваё блізня, і кожны дзень сустракаўся не з каханкай, а з ім; праз гэтую ілюзію я адчуваў нейкую загану ў сваёй душы і ў сваім жыцці.
    «У рэшце рэшт ты павінен скончыць хоць які ўніверсітэт, — сказала мама, працягваючы картачную гульню. — Жывапісам на жыццё не заробіш, табе давядзецца працаваць. Цяпер і мы не такія багатыя, як раней».
    «Няпраўда», — адказаў я, бо сам сабе ўжо даўно падлічыў: нават калі я ні дня ў жыцці не буду працаваць, бацькавых грошай мне ўсё адно хопіць.
    «Значыць, ты спадзяешся зарабляць жывапісам?»
    Лютасць, з якой мама раздушыла цыгарэту ў попельніцы, лёгкая насмешка і паблажлівасць у яе голасе, а таксама і абыякавасць, з якой яна пераварочвала карты, абмяркоўваючы пры гэтым такую важную для мяне тэму, — усё гэта давала зразумець, што мы поўным ходам набліжаемся да адной з тых сварак, якія штовечар успыхвалі паміж маці і сынам.
    «Тут табе не Парыж, тут Стамбул, — амаль урачыста сказала мама. — Хай бы ты быў і самым лепшым на свеце мастаком, ніхто цябе не прызнае. Ты застанешся адзін-адзінюткі. I ніхто не зразумее, чаму ты закінуў усё дзеля таго, каб стаць мастаком, калі ў цябе былі такія бліскучыя перспектывы. Калі б у нас было багатае грамадства, дзе шануюць мастацтва і жывапіс, тады яшчэ куды ні йшло... Але нават у Еўропе ўсе ведаюць, што Ван Гог і Гаген былі крыху таго».
    Вядома, і да мамінага вуха даляталі татавы байкі з экзістэнцыялісцкай літаратуры, якую ён проста глытаў у 1950-я. I каб праверыць дакладнасць гэтых звестак, мама часта заглядвала ў патрапаны энцыклапедычны слоўнік з пажаўцелымі старонкамі, таму я з’едліва заўважыў:
    «Гэта ў тваім Petite Larousse напісана, што ўсе мастакі — вар’яты?»
    «Не ведаю, сынок. Здольны і працавіты мастак, калі яму пашанцуе, можа быць, і праславіцца ў Еўропе. А вось у Турцыі ты абавязкова станеш вар’ятам. Глядзі, не крыўдуй, але зразумей і мяне — я кажу ўсё гэта, каб ты потым не пакутаваў».
    Я быў гатовы лопнуць ад злосці: якога чорта, кожнае з гэтых словаў кранала мяне за жывое, а яна выказвала іх мімаходзь, раскладваючы пасьянс.
    «А з чаго б я крыўдаваў?» — спытаўся я, бо, пэўна, хацеў яшчэ больш пякельных слоў.
    «Я не хачу, каб хтосьці падумаў, што ты перажываеш душэўныя цяжкасці, — сказала мама, — і таму я не расказ-
    ваю сваім сябрам, што ты перастаў хадзіць на заняткі. Яны не змогуць зразумець, чаму такі чалавек, як ты, захацеў стаць мастаком і кінуў універсітэт. Яны вырашаць, што ты крануўся з розуму, будуць разводзіць плёткі».
    «Можаш ім расказваць абсалютна ўсё, — сказаў я. — Я ўсё хачу кінуць, абы толькі не быць такім самым дурнем, як яны».
    «Не, гэтага ты не зробіш, — сказала мама. — У дзяцінстве ты ў рэшце рэшт браў партфель і подскакам бег у школу».
    «Цяпер я зразумеў, што не хачу быць архітэктарам».
    «Правучыся яшчэ два гады, атрымай універсітэцкі дыплом, а потым захочаш — будзеш архітэктарам, захочаш — мастаком».
    «Не».
    «А ведаеш, што кажа Нурджыхан пра твой адыход з архітэктурнага? — спытала мама, я вельмі добра разумеў, што яна хоча памучыць мяне. — Нурджыхан кажа, ты так моцна злуешся, бо цябе хвалююць нашы з татам сваркі, гэта праз яго распусныя прыгоды ты не ходзіш ва ўніверсітэт».
    «Мяне не цікавіць думка тваіх велікасвецкіх сяброў з курынымі мазгамі!» — крыкнуўя так, быццам не памятаў сябе ад гневу. Кожны раз адбывалася дзіўная рэч: маме падабалася злаваць мяне сваімі размовамі, і нягледзячы на гэта я лез у гульню, але ў канцы ўсё адно трапляў у пастку, толькі вось я ніколі не страчваў галавы ў віры сапраўднага гневу.
    «Ты вельмі ганарлівы, сынок, — казала мама. — Але мне гэта падабаецца. Гонар — самае галоўнае ў жыцці, а зусім не мастацтва-дзівацтва. У Еўропе многія становяцца мастакамі праз гонар і фанабэрыстасць. Але там да іх не ставяцца як да махляроў ці рамеснікаў, там мастак — вельмі важная асоба. Але ці зможаш ты тут быць мастаком і пры гэтым захаваць свой гонар? Гэтыя людзі нічо-
    
    га не разумеюць у мастацтве, а ты, каб дамагчыся ў іх прызнання і прадаваць ім карціны, будзеш вымушаны рабалепстваваць і перад дзяржавай, і перад багацеямі, і, самае горшае, перад гэтымі недавукамі-журналістамі. Ты зможаш так жыць?»
    Злы і раз’юшаны, я адчуў галавакружную сілу, пад уздзеяннем якой я выходзіў з сябе; яе глыбіня нават цяпер адгукаецца ўва мне нейкім дзіўным гарачым пачуццём, мне хацелася выскачыць з дому і пабегчы па вуліцах. Пры гэтым я ведаў, што яшчэ колькі хвілін буду працягваць сваю дзіўную знішчальную, бунтоўную гарачую слоўную перапалку з мамай, якая прычыняла моцны боль кожнаму з нас, і толькі пасля самых грубых слоў я лясну дзвярыма, выскачу ў брудную цёмную ноч і пабягу па вузкіх вулках. I ногі самі панясуць мяне па раструшчаных ходніках са згаслымі або цьмянымі ліхтарамі, па вузкіх брукаваных смутных вуліцах, і там я буду доўга-доўга цягацца, адчуваючы ненармальнае шчасце гэтых няшчасных, брудных і бедных мясцін, і марыць, і прагнуць аднойчы зрабіць нешта вялікае, і бачыць перад сабой калейдаскоп вобразаў, ілюзій, мрой, поўны ціхай жабрацкай радасці.
    «Флабер таксама ўсё жыццё праседзеў дома побач з маці! — працягвала мама тым самым паўспачувальным, паўпаблажлівым тонам, які яшчэ болып злаваў мяне, тым часам уважліва пераварочваючы карты. — Але я не хачу, каб ты праспаў усё жыццё дома, побач са мной. Там Францыя. Калі скажуць, што ты — вялікі мастак, ніхто табе папярок дарогі не ўстане. А тут: кінуў школу, усё жыццё жыве з маці. Канец мастака вядомы: карчма або вар’ятня. Ты і сам ведаеш, што станеш няшчасным, калі паспрабуеш быць толькі мастаком. Павер мне, калі ў цябе будзе прафесія, праца, з якой ты адчуеш сябе ўпэўнена і зможаш зарабляць грошы, то і жывапіс прынясе табе значна большую асалоду».
    Чаму ў хвіліны гора, гневу і тугі мне так падабалася блукаць і марыць сярод начных вуліц? Чаму я любіў не залітыя сонцам краявіды Стамбула, якія так падабаюцца турыстам і якія так часта змяшчаюць на паштоўках, а ўжо забытыя ўсімі пустынныя брукаваныя пейзажы паўцёмных вузкіх вулак, надвячоркі, халодныя зімовыя вечары, цьмяныя цені мінакоў у бляклым святле ліхтароў?
    «Сынок, ты разумееш, што калі ты не станеш архітэктарам ці не зоймешся якой-небудзь іншай справай, якая прыносіла б табе грошы, ты станеш адным з гэтых няшчасных, мітуслівых і запалоханых турэцкіх мастакоў, гатовых есці з рук у багатых і моцных. I ты цудоўна ведаеш, што ў гэтай краіне ніхто не можа пракарміцца жывапісам. Ты будзеш гібець і марнець, прыніжацца, ганьбаваць сябе, і ўсё жыццё ты правядзеш у страху, мітусні і крыўдзе на свет. Хіба такога жыцця варты такі як ты, разумны, прыгожы малады чалавек з багатым унутраным светам?»
    Сам сабе я ўяўляў, як спускаюся ў Бешыкташ і, замест таго каб сесці на маршрутку, іду пешшу ўздоўж сцяны палаца Далмабахчэ да самага стадыёна. Мне падабалася начамі прагульвацца пад платанамі ўздоўж гэтай высачэзнай, не менш за дваццаць метраў, тоўстай сцяны, з пачарнелага ад часу і парослага мохам каменю. Калі ў хвіліны гневу я адчуваў прыліў энергіі, нібы ў скронях штораз мацней білася кроў, то казаў сам сабе: «Хвілін за дванаццаць я ўзбяруся на гэты пагорак і дабяруся з Далмабахчэ да Таксіма»*.