Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
СУЧАСНАЯ ЛІТАРАТУРА каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
ПРАДМОВА
Беларуская літаратура, нягледзячы на сумныя прагнозы і прадказанні, працягвае жыць і развівацца. У полі зроку праблемнага разгляду, прадстаўленага на старонках гэтай кнігі, — нацыянальная проза і паэзія мяжы XX і XXI стагоддзяў. Аўтары калектыўнай манаграфіі — навукоўцы аддзела сучаснай беларускай літаратуры Інстыптута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБеларусі — дзеляцца сваімі назіраннямі і развагамі аб стане і перспектывах нацыянальнага прыгожага пісьменства. Гэта выданне не прэтэндуе на панарамнасць і завершанасць агляду, таму што прадметам навуковага аналізу з’яўляецца пераважна бягучы літаратурны працэс, які знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Аўтары спыняюць увагу на сутнасных акцэнтах, праблемных стыках, структурных узаемадачыненнях — праз такія своеасаблівыя бліц-здымкі мастацкай рэальнасці выразна праглядае «незавершаная сучаснасць» (М. Бахцін), каштоўная некранутасцю сваіх сувязей і ўплываў. Пры гэтым метадалагічнай асновай даследавання з’яўляецца спалучэнне канкрэтна-аналітычнага, тэарэтычнага і гісторыка-функцыянальнага падыходаў, што ў сваю чаргу забяспечвае канцэптуальны і прагнастычны характар навуковых высноў.
Структурна кніга падзяляецца на дзве часткі: першую з іх складаюць раздзелы, прысвечаныя сучаснай паэзіі, у другой прапанаваны аналіз празаічна арганізаваных жанраў літаратуры. Разгляд фарміравання і развіцця найноўшых тэндэнцый сучаснай літаратуры, абгрунтаванне этнакультурных, гістарычных і эстэтычных уплываў адбываецца
праз вызначэнне іманентных сацыяльных сувязей і залежнасцей.
Вывучэнню творчых здабыткаў айчыннага вершаскладання прысвечана праца Л. М. Гарэлік, дзе прадстаўлены франтальны агляд сучаснай беларускай паэзіі як сістэмнай з’явы, прааналізаваны жанравыя асаблівасці і выяўленчыя магчымасці мастацтва слова. I. Г. Баўтрэль зацікаўлена і абгрунтавана разважае пра творчы патэнцыял традыцыйнага вершаскладання, засяроджвае пільную ўвагу на генезісе беларускага санета. Н. М. Пыско аддае свае навуковыя сімпатыі даследаванню авангардных плыняў сучаснай паэзіі, эпатажных фарматворчых эксперыментаў і «экзатычных» жанраў (лімэрык, хоку, танка і інш.).
Роздум С. А. Андраюка аб творчасці I. Пташнікава дае аўтару магчымасць заглыбіцца ў дыялектыку заканамернасцей і выпадковасцей чалавечага жыцця і на падставе канкрэктных тэкстуальных прыкладаў прасачыць глыбінныя ўзаемазалежнасці асабістых чалавечых лёсаў і сацыяльна-гістарычных абставін. В. М. Стральцову цікавяць спосабы ўгрунтавання факта ў літаратурную рэальнасць, а таксама мэтазгоднасць выкарыстання, прынцыпы адбору і арганізацыі дакументальных матэрыялаў у літаратурным тэксце. Праца Дз. Ф. Клябанава прысвечана праблемам сучаснай публіцыстыкі, яе ідэйным, жанравым і мастацкім асаблівасцям. A. М. Лапата-Загорскі засяроджвае ўвагу на асаблівасцях модусу мастацкага твора (модус у дадзеным выпадку разумеецца як наджанравая характарыстыка літаратурнага працэсу на скрыжаванні «аўтар—твор—чытач»).
Варта адзначыць міждысцыплінарны характар шэрага даследаванняў, у якіх разглядаюцца асобныя пытанні сацыялогіі, філасофіі, псіхалогіі творчасці.
Адкрытая, інфармацыйна насычаная прастора сусветнай культуры — гэта тая аб’ектыўная рэальнасць, у кантэксце якой ствараецца, існуе беларуская літаратура на рубяжы XX—XXI стагоддзяў. Яна працягвае — шляхам складаных узаемазалежнасцей і ўзаемаўплываў, прыцягненняў і адштурхоўванняў — літаратуру папярэднюю. I, як ва ўсе часы, з’ява гэта шматузроўневая, сярод складнікаў, якія 4
ўплываюць на працэс стварэння літаратурнага твора — індывідуальныя характарыстыкі творчай асобы (склад, тып), канкрэтная біяграфія пісьменніка (падзейная і псіхалагічная канва), месца і становішча нацыянальнай літаратуры ў сусветным літаратурным працэсе. Пры гэтым асобна трэба вылучыць істотную ролю сацыяльна-гістарычных факгараў.
Жанравы абсяг беларускай літаратуры мяжы XX— XXI стагоддзяў досыць размаіты. У адной мастацкай прасторы перакрыжоўваецца творчасць розных па манеры, стылістыцы, светапогляду пісьменнікаў: традыцыяналістаў, пострэалістаў, мадэрністаў, постмадэрністаў, «чыстых» белетрыстаў, непахісных інтэлектуалаў, цвярозых кан’юнктуршчыкаў і інш.
Танальнасць, змест, тэматычныя абсягі, абрысы і контуры літаратуры ўвесь час змяняюцца, рухаюцца, удакладняюцца. Гэтыя імклівыя дынамічныя працэсы часам абсалютна няўлоўныя, а часам уражваюць сваёй маштабнасцю. Аднак якімі б ні былі змены, як бы ні здзіўлялі метамарфозы ды трансфармацыі — гэта ўсё ж такі адна і тая ж літаратура, адзін і той жа спосаб мастацкага спасціжэння жыцця, які характэрны менавіта гэтаму, канкрэтнаму, у дадзеным выпадку беларускаму, тыпу нацыянальнай культуры.
Працэс актыўнай змены літаратурных прыярытэтаў, які назіраўся ў 1990-я гады, справакаваў у новай літаратурнай генерацыі востры імпульс адштурхоўвання ад творчага вопыту «патрыярхаў» прыгожага пісьменства (сітуацыя, тыповасць якой засведчана ў гісторыі шмат якіх літаратур У перыяды гістарычнага пералому). У традыцыйным разуменні прадмет літаратуры, яе тэмы, вобразы, героі — гэта аб’ектыўная пазалітаратурная рэальнасць, праўду пра якую дадзена адкрыць пісьменніцкаму слову; для аўтараў «новай хвалі» сама літаратура адначасова і аб’ект, і прадмет, і самадастатковая, самастойная частка рэальнасці, якая існуе ў выглядзе тэксту. Але як бы там ні было, мастацкае слова з цягам часу неяк само па сабе пазбаўляецца ад знешне накладзеных крытэрыяў, канцэпцый, адзнак, кан’юнктуры, застаецца толькі тое, што вытрымала выпрабаванне сапраўднасцю і часам.
У працэсе стварэння кнігі аўтары ставілі перад сабой задачу дапамагчы чытачу ў разуменні найноўшых тэндэнцый нацыянальнай літаратуры, зрабіць назіранні над працэсамі і з’явамі, не асэнсаванымі яшчэ спецыялістамі-філолагамі і літаратурна-мастацкай крытыкай. Інавацыйныя напрацоўкі могуць быць выкарыстаны для далейшых навуковых даследаванняў, пры напісанні падручнікаў і дапаможнікаў, у практыцы выкладання ў ВНУ і агульнаадукацыйных школах.
Яшчэ не забыліся гарачыя дэбаты, шматлікасцю якіх пазначаны рубеж двух тысячагоддзяў. Сусветная грамадскасць, усхваляваная ўрачыстасцю моманту, яшчэ раз усур’ёз задумалася над глабальнымі праблемамі чалавецтва. Сярод думак «пра цудоўнае і вечнае» былі, вядома ж, развагі і пра літаратуру. Пісьменнікі, крытыкі, выдаўцы, журналісты, чыноўнікі ад культуры і проста дасведчаныя грамадзяне апантана спрачаліся пра тое, якой яна будзе, літаратура будучага, ці ёсць наогул гэта будучыня ў кнігі, ці патрэбная яна будзе, ці захавае сваю каштоўнасць, ці не выштурхнуць яе з ужытку шматлікія сродкі мас-медыя? А калі ўсё ж захаваецца — у якім стане і выглядзе?
Даць абгрунтаваныя адказы на пытанні, якія ставяць перад чытачом сустрэчы з сённяшняй літаратурнай рэальнасцю, — гэта і ёсць асноўная мэта нашай кнігі.
Частка першая
Раздзел 1
ЭСТЭТЫКА ГАРМАНІЧНА-КАНТРАСТНАГА
АДЛЮСТРАВАННЯ СВЕТУ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ
На сумежжы XX—XXI стагоддзяў каардынаты мастацкіх пошукаў у беларускай паэзіі вылучаюцца шырынёй тэматычных абсягаў, жанрава-стылявой і рытмікаінтанацыйнай разнастайнасцю, што дазваляе засяродзіць увагу на дзвюх асноўных мадэлях гарманічна-кантрастнага адлюстравання рэальнасці. У адной з іх перавага аддаецца гарманічнаму суладдзю думак і пачуццяў, у другой — пераважаюць кантрастна-вобразныя малюнкі навакольнага свету, драматызм і трагедыйнасць жыццёвых стасункаў.
1
Устойлівасць тэндэнцыі гарманічнага, рамантычна ўзвышанага адлюстравання ўнутранага свету асобы даволі экспліцытна праяўляецца ў лірычнай паэзіі, дзе суб’ектыўнае і аб’ектыўнае зліваюцца ў адзіным парыве творчага натхнення, здольнага спыніць імгненне, прымусіць застыць у зачараванасці перад высокай красой:
Жыццю векавечна ў далоні Гады за гадамі страсаць.
Узросту не мае Гармонія, He ведае межаў Краса.
Свяціць на сцяжынцы й найвузенькай Святлу чалавечай душы, Пакуль ёй жывільная Музыка Нябёснай крынічкай гучыць.
[37, с. 51]
Піетэт Гармоніі, Красы існуе ў паэтычным уяўленні Н. Мацяш у непарыўным звязку з арыентацыяй на «святло чалавечай душы» як памкненне да ідэалу, інтэнцыя маральнай і духоўнай дасканаласці асобы.
«Паколькі лірычная паэзія — самы суб’ектыўны від паэзіі, — разважаў Ф. В. Шэлінг, — у ёй па неабходнасці пераважае свабода. Гэта від паэзіі, які мае найменш прымусовы характар. Ёй дазваляюцца самыя смелыя ўхіленні ад звычайнай паслядоўнасці думкі, прычым патрабуецца толькі сувязь у душы паэта або слухача, а не сувязь аб’ектыўнага, або знешняга характару. У эпасе ўсё строга непарыўна, у лірычным творы непарыўнасць знішчана, як у музыцы, дзе маецца пастаянная разнастайнасць і дзе немагчымая сапраўдная непарыўнасць паміж адным тонам і наступным, тады як, наадварот, у колерах усе адрозненні зліваюцца ў адну агульную масу, быццам адлітыя з аднаго кавалка» [59, с. 415—416],
Звяртаючы ўвагу на спецыфічную блізкасць лірычнай паэзіі да музыкі, Ф. Шэлінг тым самым падкрэсліваў суб’ектыўнасць лірычнага перажывання як выявы разняволенасці духу.
Экспліцытнай ілюстрацыяй да высновы філосафа з’яўляецца верш М. Стральцова «Вось гэта музыка сама» (у кнізе «Мой свеце ясны», 1986):
Вось гэта музыка сама Сабе гучыць. Ёй справы мала, Што дзесьці водгуку няма, Што недзе музыкі не стала.
Як бы не ведае мяжы, Як бы сама сябе люляе I ўжо на нейкім рубяжы Сябе самую адмаўляе.
I ўжо не музыка чутна, Калі нясвойскаю ахвотай Грыміць раскатам перуна, Трапеча гулам самалёта,
Калі ў правалах іукаў тых, У страшнай роспачы канання Трымценне струнаў залатых — Як лёс або наканаванне!
[56, с. 58]
і
У кантынууме суб’ектыўнага лірычнага перажывання адлюстроўваецца гама настрояў, уражанняў: стан душэўнай раўнавагі, выкліканы гучаннем музыкі, паступова трансфармуецца ў адчуванне дыскамфорту, трывогі. Касмічная прастора ўрываецца ў музыку чужародным гучаннем хаосу, гарманічнае бачанне свету парушаецца, набывае трагічную афарбоўку. «Трымценне струнаў залатых» апошнімі акордамі падкрэслівае трансцэндэнтнасць гармоніі, прыгажосці, мастацтва, прыналежнасці да вечнасці; дыскрэтнае ўздзеянне сусветных катаклізмаў і наканаванасць лёсу асобы, мастака прымушае задумацца над недасканаласцю нашага існавання ў касмічнай прасторы.