Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Паэты спрабуюць уявіць будучае нацыянальнае адраджэнне, але нярэдка яно бачыцца даволі супярэчлівым і сумніўным. Так, напрыклад, у вершы Ю. Нератка «Беларусам» — гэта ўраўненне з многімі невядомымі, для рашэння якога неабходна адказаць на пастаўленыя пытанні:
Пакуль здрабняем на зямным абрусе мы маналіт мінулага на друз, не згасне сонейка над Беларуссю!
...Але ці ведае яно пра Беларусь?
...Пакуль рунее жытняя палоска і пожню сцеражз саломы стог, нас не пакіне міласэрнасць Боска! ...Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў, пакуль нашчадкаў досвітак глядзім, нас не звязе ў нябыт Харона лодка! ...Але ці трэба гэта нам самім?
[41, с. 10]
Пачынаючы з канца 1970-х гадоў эйфарыя ўслаўлення дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ўсё часцей змяняецца сумненнямі наконт выключнай дабратворнасці і разумнага выкарыстання іх на патрэбы чалавецтва. Разам з тым увага скіроўваецца да таямніц чалавечай душы і іх непасрэднай залежнасці ад акаляючага асяроддзя. «Нам, // байцам тэхнічнага прагрэсу, // He забыцца б на прагрэс душы», — пісаў С. Законнікаў у вершы «Да пытання пра акаляючае асяроддзе» [21, с. 121]. Праўда, гэта сумненне, выказанае нібы між іншым, не пакідае глыбокага следу і не мяняе эмацыйнай настроенасці лірычнага перажывання, але нелыа не заўважыць, як пераканана і ўпэўнена паэт адстойвае свае пастулаты, палемізуючы з тымі, хто схільны ў агульную кучу безаблічнага, так званага акаляючага асяроддзя без разбору інтэграваць не толькі ўсё зробленае чалавечымі рукамі, але і ўсё жывое на планеце — тварэнне вышэйшага розуму («Дрэву, // красцы ведаю найменне — // Як жа родных іх агулам браць?» [21, с. 121]). Па-філасофску мудра расшыфраваны сэнс пэўных лексем, вызначана адрозненне паміж неарганічнымі і арганічны56
мі праявамі ў прыродзе: «Асяроддзе ёсць машын і прэсаў... // Пра прыроду ж гэтак... // He грашы» [21, с. 121],
У канцы 1980-х на поўны голас загаварылі пра экалагічныя праблемы, вастрыня пастаноўкі якіх не змяншаецца і ў 1990-я гады. I разам з тым на парадак дня было пастаўлена пытанне «экалогіі» душы чалавека, яго духоўнай сутнасці. Невыпадкова адна з кніг паэзіі С. Законнікава так і называецца «Сутнасць» (1987). Акрамя таго, ён выдаў кнігі паэзіі «Вечная далеч» (1987), «Заклінанне» (1991), «Святая воля» (1993).
У апошнія гады паэзія становіцца больш разважлівай, па-філасофску засяроджанай, мудрай. Мяняецца скіраванасць і эмацыйная афарбоўка мастацкага мыслення. Светлае, бясхмарнае ўспрыманне рэчаіснасці саступае месца канфліктна-драматычнаму і нават трагедыйнаму адлюстраванню стану сучаснага грамадства, трывожнай заклапочанасці з прычыны паглыблення яго бездухоўнасці. Душа цяпер не радуецца, а «трывогай плача», «шчыміць і тужыць», час пазбаўлены магчымасці супакоіць яе, бо «сталёвым крокам і маторным спевам» наўрад ці можна ачысціць душу ад навакольнага бруду. Гімн сталёвым крокам і маторным спевам — эйфарыя мінулых дзесяцігоддзяў. У 1990-я гады літаратура настойліва шукае іншыя лекі для збалелай душы беларуса, якую можна супакоіць толькі захаваннем суверэнітэту, статусу незалежнай дзяржавы, адраджэннем гістарычнай памяці, мовы і культуры народа, выхаваннем нацыянальнай і чалавечай годнасці. Гэта добра разумее С. Законнікаў, творчасць якога з самага пачатку постчарнобыльскай эры, як і ўся беларуская паэзія, набывае абвострана-публіцыстычнае гучанне, асабліва характэрнае для кнігі «Заклінанне». Асноўнымі, на поўны голас агучанымі, становяцца адраджэнскія матывы. Па-грамадзянску пафасныя, драматычна-напружаныя радкі многіх вершаў прамаўляюцца ў сугучнасці з часам, з гадамі не трацяць сваёй надзённасці і пераконваюць у бескампраміснасці і аб’ектыўнасці аўтарскай пазіцыі («Слова пра годнасць», «Змірыцца з гэтым я не мог...», «На дарозе між спелых калін...», «Наган», «Над вечным сном...»):
Ды ці ж можна ад роду свайго адцурацца, Ад дзядоўскіх крыжоў і магіл уцячы?!
Абачніцеся, людзі, каб разам трымацца
Каранёў, што пасобяць наш лёс зберагчы.
Беларусь!
Словам праўды сляпых, безгалосых,
Неразумных сыноў і дачок наталі.
Хай душа затрымціць, нібы дзятлінка ў росах, I тады пасвятлее на роднай зямлі.
[20, с. 10-11]
Відавочна, што хранатоп душы, які змяшчае ў сабе розныя часавыя вымярэнні, адэкватны высокім маральнаэтычным пастулатам паэта. Гуманістычныя памкненні разглядаюцца як выснова абавязковай устаноўкі на ўдасканаленне асобы, а разам з тым і грамадства. Невыпадкова ў лірычнай споведзі значнае месца займае роздум пра У Караткевіча і М. Стральцова, чыё жыццё было цалкам аддадзена бескарысліваму служэнню роднай літаратуры (трыпціх: «Заклінанне», «Апошні жнівень»), Памяці рэпрэсіраванага дзядзькі, паэта Сяргея Ракіты, прысвечаны трыпціх «Лесапавал». У асабістым лёсе С. Законнікава, як і ў агульным лёсе беларускага народа, скрыжоўваюцца старонкі гераічнай памяці мінулай вайны (бацька Іван Васільевіч — франтавік, пасля дырэктар школы, маці Валянціна Фёдараўна — былая партызанская сувязная, пасля настаўніца пачатковых класаў) і трагічныя падзеі масавых рэпрэсій, якія непасрэдным чынам закранулі сям’ю. Родны брат бацькі Сяргей Васільевіч (паэт Сяргей Ракіта) стаў ахвярай сталінскага беззаконня. Рэвалюцыйныя падзеі таксама не абмінулі, пэўным чынам адгукнуліся ў жыцці блізкіх людзей (дзед Васіль — дубровенскі камунар, дзед Хведар — пуцілаўскі рабочы). Усе гэтыя падзеі праз памяць старэйшага пакалення радкамі болю і смутку і разам з тым гонару за сваіх родных і блізкіх выліліся ў паэмах «Прарыў», «Кульмінацыя» (змешчаная ў кнізе «Сутнасць») і асабліва ў кнізе «Заклінанне».
3 гадамі ўсё часцей С. Законнікаў задумваецца над сэнсам жыцця, турбуецца пра тое, які след пакіне кожны з нас на зямлі, якая памяць застанецца нашчадкам, што чакае іх у будучым і ці пасвятлее нарэшце над нашай Бацькаўшчынай. Задумвацца над падобнымі пыганнямі прыспешвае час, асабліва ў сталым веку, калі жыццёвае кола ўсё цясней змыкаецца з вечнасцю. Успомнім, як коласаўскі Андрэй Лабановіч, малады настаўнік, таксама біўся над вечнай загадкай: дзеля чаго жыве чалавек? 3 аналагічнага пытання пачынаецца верш «Сутнасць», прысвечаны Аляксею Дудараву:
Прыходзім для чаго мы ў гэты свет, Што тут пакінуць назаўжды павінны? Пражыта многа, ды які твой след?
А час бяжыць, спяшаюцца хвіліны...
[22, с. 27[
Адназначнага адказу няма і не можа быць. Відавочна, што сам факт з’яўлення на грэшную зямлю кожнага з нас — не выпадковасць («Сакрэт»):
У гэтым ёсць нейкі сакрэт, Што я завітаў на зямлю, Змясціў неабачліва свет У слове адзіным: «Люблю...»
Здаецца, навошта было Сюды, дзе і подласць, і здзек?
I ўсё ж, як матыль на святло, Ляціць да жыцця чалавек.
[20, с. 67]
Напэўна, чалавецтву наканавана абжываць дзікую, халодную касмічную пустыню, сваёй прысутнасцю ствараць добры духоўны мікраклімат, аддаваць цяпло сваёй душы, любоўю расплачвацца за падараванае жыццё:
У гэтым ёсць нейкі сакрэт, Павінен, павінен ён быць, Каб грэшны і зменлівы свет He ведаць чаму, а любіць.
[20, с. 67]
Любоў, надзея, вера ў паэзіі С. Законнікава ўспрымаюцца як заклінанне ад усіх бед і як апошняе выратавальнае звяно перад пагрозай знішчальных катаклізмаў. Чалавек не можа існаваць без надзеі і веры. Пазбаўлены пэўных духоўных арыенціраў, ён пагружаецца ў мора змроку, становіцца індыферэнтным, перастае змагацца за сваю чалавечую і нацыянальную годнасць. У любові да сваёй зямлі, да сваіх родных і блізкіх, — сцвярджае С. Законнікаў, — найпершы ратунак ад нашага няпэўнага і трывожнага становішча. Паўторанае як заклінанне ці замова магічнае слова «люблю» становіцца лейтматывам не толькі кнігі «Заклінанне», але і ўсёй творчасці С. Законнікава. Вынесеныя ў пачатак кнігі, адпаведныя сентэнцыі прамаўляюцца як своеасаблівы эпіграф і сведчаць пра высокую духоўную запатрабаванасць мастацкай светабудовы С. Законнікава:
Дзе ўзяць той мёртвай і жывой вады, Каб імі пакрапіць маю зямлю?
I мушу, як замову ад бяды, Шаптаць адно-адзінае: «Люблю...»
[20, с. 5]
Творчасць паэта якраз і дапамагае яго сучаснікам захоўваць і памнажаць гэту любоў, каб пакінуць свой след на зямлі.
Найвышэйшай праявай духоўнасці асобы, яе своеасаблівага азарэння з’яўляецца стан закаханасці. Здольнасць кахаць сведчыць пра багацце і шчырасць душы. Каханне — дарунак лёсу, знак Боскае волі. Яно ўключае ў сябе шматлікія аспекты, найперш псіхалагічныя, маральна-этычныя, эстэтычныя, сацыяльныя, эратычныя, фізіялагічныя, сексуальныя. Духоўнасць кахання як найвышэйшае дасягненне цывілізацыі стала асноўным зместам псіхалагічнага трактата «Пра каханне» Стэндаля — выдатнага французскага пісьменніка XIX стагоддзя «Каханне — цуд цывілізацыі, — сцвярджаў ён. — У народаў дзікіх або занадта варварскіх мы знаходзім толькі фізічную любоў, і прытым вельмі грубую; а сарамлівасць дапамагае каханню шляхам уяўлсння: гэта ўсё роўна, што даць яму жыццё» [55, с. 60], Пісьменнік звяртаў увагу на нацыянальна-гістарычную афарбоў60
ку далікатных пачуццяў, на іх праявы ў розных народаў у розныя часы. Многія сентэнцыі і сёння, на пачатку XXI стагоддзя, выклікаюць цікавасць дасціпнай назіральнасцю аўтара: «Калі італьянец, пастаянна вагаючыся паміж нянавісцю і любоўю, жыве страсцямі, а француз — фанабэрыяй, то добрыя і прастадушныя нашчадкі старажытных германцаў галоўным чынам жывуць уяўленнем. Вы са здзіўленнем бачыце, як, ледзь паспеўшы пакончыць з самымі прамымі і неабходнымі для падтрымання жыцця грамадскімі інтарэсамі, яны пагружаюцца ў тое, што называюць сваёй філасофіяй; гэта нешта накшталт вар’яцтва, рахманага, мілага і, галоўнае, пазбаўленага ўсялякай горычы» [55, с. 147]. Пісьменнік прыводзіць шматлікія прыклады, якія пацвярджаюць, што каханне ў немцаў праяўляецца па-іншаму, чым, напрыклад, у французаў ці італьянцаў. «Немцы глядзяць на гэта пачуццё як на дабрачыннасць, як на эманацыю бажаства, як на нешта містычнае. Каханне ў іх не бывае жывым, парывістым, раўнівым, тыранічным, як у сэрцы італьянкі» [55, с. 149].
Безумоўна, эмансіпацыя да непазнавальнасці змяніла ўзаемадачыненні паміж закаханымі, але тым не менш некаторыя назіранні пісьменніка застаюцца слушнымі і на сумежжы тысячагоддзяў.
Сусветная літаратура стварыла непераўзыдзеныя вобразы каханых: Беатрычэ (А. Дантэ), Лауры (Ф. Пятрарка), Рамэа і Джульеты (У. Шэкспір), Джэйн Эйр і містэра Рочэстэра (Ш. Брантэ), Наташы Растовай і Ганны Карэнінай (Л. Талстой), Ядвісі і Андрэя Лабановіча (Якуб Колас), Паўлінкі (Янка Купала), Ганны Чарнушкі і Васіля Дзятла (I. Мележ).