Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
скай пазіцыі. Ноткі скрухі, самоты перакрываюцца жыццесцвярджальнымі акордамі, аднак паэт не адгароджваўся ад пакут, не пакідаў іх без увагі. Гатоўнасць часткова перакласці цяжар пакут і спачування на ўласныя плечы, каб хоць у нейкай ступені аблегчыць долю, наканаваную чалавецтву, — падобная думка не новая ў літаратуры. Яна вядомая з глыбокай старажытнасці. Нагадаем міф пра старажытную багіню Эўною (думка Бога) у рамане А. Франса «Таіс», якая самаахвярна ўзваліла на сябе грахі свету, каб іх найменш засталося людзям, якіх яна вельмі любіла і дзеля якіх добраахвотна аддавала сябе на пакуты, цярпела прыніжэнне, гвалт, здзек, зведала ўсе цёмныя закуткі жыцця і жорсткасць чалавечай душы. Матыў хрысціянскай самаахвярнасці з’яўляецца адным з асноўных біблейскіх матываў.
Мысленне як творчы працэс бачылася A. С. Пушкіну не інакш як праз пакуты. У «Элегіі» выкладзены эстэтычныя патрабаванні, сугучныя тым, якія антычныя пісьменнікі і філосафы прад’яўлялі да трагедыі і іншых відаў мастацтва. Пакуты, аднак, не павінны гнётам цяжару класціся на душу гледача, калі размова ідзе пра антычную трагедыю. У прыватнасці, на думку Арыстоцеля, пакуты якраз і дапамагаюць выклікаць своеасаблівы стан катарсісу, ачышчэння душы. Дзеля таго, каб душэўная раўнавага наступіла, ад трагедыі, як і ад іншых відаў мастацтва, патрабавалі гарманічнай завершанасці. I. В. Гётэ пракаменціраваў некаторыя ўстаноўкі эстэтычнай тэорыі старажытнага мысліцеля наступным чынам: «Як мог Арыстоцель, які заўсёды гаварыў пра прадметнае, ... мець на ўвазе ўздзеянне, і прытым аддаленае, якое трагедыя зможа аказаць на гледача? Hi ў якім разе. Тут ён гаворыць зусім зразумела і правільна: калі трагедыя вычарпала сродкі, якія абуджаюць страх і спачуванне, яна павінна завяршыць сваю справу гарманічным прымірэннем гэтых страсцей. Пад катарсісам ён разумее менавіта супакойваючую завершанасць, якую патрабуе ад любога віду драматычнага мастацтва, ды і ад усіх, па сутнасці, паэтычных твораў» [5, с. 33],
Сам працэс творчага пераўвасаблення для А. Пушкіна — рэфлексія да самазабыцця, да самарастварэння ў Mac-
тацкіх вобразах — і ёсць сведчанне суперажывання («Порой опять гармонней упыось, // Над вымыслом слезамн обольюсь»). У заключных радках «Элегіі» абвешчаны гіпатэтычны імператыў творцы: любоў як неабходная патрэба душы, як крыніца натхнення ды яшчэ адно сведчанне гарманічнай завершанасці. Любоў на схіле веку ў дадзеным кантэксце трэба разумець не столькі як надзею і мару пра запозненае каханне, колькі як адзнаку высокай духоўнасці і гуманістычных памкненняў, як самарэалізацыю творчага патэнцыялу і ачышчэнне душы.
Бясспрэчна, паэзія A. С. Пушкіна нясе ў сабе такі агромністы запас духоўнай энергіі і такі магутны творчы патэнцыял, які да нашага часу засгаецца непераўзыдзеным крытэрыем вымярэння эстэтычнай вартасці і духоўных параметраў паэзіі XIX—XX стагоддзяў.
Такім чынам, «эстэтыка прадустаноўленай гармоніі» Плаціна з яе хаокасмічнай недасканаласцю, вечным беспарадкам і барацьбой супрацьлегласцей, Душа Свету паводле П. Каэльё, патрабаванне гарманічнай завершанасці паводле Арыстоцеля знайшлі свой адбітак не толькі ў лірыцы А. Пушкіна, але і ў сучаснай беларускай лірычнай паэзіі, асабліва пейзажнай, інтымнай, у творах хрысціянскага зместу.
Першааснову мастацкага адлюстравання свету складае прыродаапісальная лірыка, істотным зместам якой са старажытнасці і да нашых дзён з’яўляюцца стасункі хаокасмічнай гармоніі, прыгажосці і разам з тым недасканаласці свету, адухоўленасці гэтага свету прысутнасцю асобы чалавека, а дакладней, полімарфічныя ўзаемасувязі чалавека і навакольнага асяроддзя, чалавека і прыроды.
Беларуская паэзія XX стагоддзя дала выдатныя ўзоры прыродаапісальнай лірыкі (творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, В. Вярбы, Н. Гілевіча, С. Грахоўскага, С. Законнікава, В. Зуёнка, В. Іпатавай, В. Коўтун, Н. Мацяш, Г. Пашкова, А. Пісьмянкова, Я. Сіпакова, М. Стральцова, Я. Янішчыц і інш.), у якіх аднак захапленне краявідамі наўрад ці было самамэтай. Малюнкі прыроды «ажывалі», адухаўляліся прысут16
насцю чалавека, былі не толькі мастацкім фонам, на якім разгортваліся падзеі, але і выявай адэкватнага настрою, пачуццяў і перажыванняў лірычнага героя. Невыпадкова адна з кніг Н. Загорскай мае назву «Мне добра з вамі» (1989), дзе падкрэсліваюцца «зямныя асновы» псіхалагічнага стану чалавека, звязаныя з прысутнасцю ў людскім гурце.
Своеасаблівую функцыю даследавання духоўнага свету асобы, стану душы лірычнага героя ў пейзажнай лірыцы падкрэслівае А. Бельскі. «Без мастацкага адлюстравання прыроды, — зазначае даследчык, — немагчыма зразумець глыбінныя асновы, сутнасныя рысы і заканамернасці нацыянальна-паэтычнай свядомасці, а таксама індывідуальны характар светаўспрымання абсалютнай большасці беларускіх паэтаў. Разам з тым паэтычны пейзаж у многіх выпадках раскрывае ўнутраны псіхалагічна-працэсуальны рух пачуццяў ці адчуванняў чалавека, выяўляе прасторава-часавы лад мыслення, нясе ў сабе глыбокія філасофскія назіранні, рэфлексіі ці абагульненні. Акрамя іншага, вельмі часта мастацтва пейзажу беларускіх паэтаў — гэта па-сапраўднаму высокія і унікальныя ўзоры вобразнай жывапіснасці, той адзінанепаўторнай выяўленчасці, якая дасягаецца пры дапамозе пэўных спосабаў, прыёмаў і сродкаў паэтычнай мовы» [13, с. 1],
Праца A. I. Бельскага ўяўляе цікавасць не толькі актуальнасцю пастаноўкі праблемы. Упершыню цэласна вывучаны функцыі пейзажу як «высокай, сапраўды эфектыўнай формы мастацкага самараскрыцця асобы і выяўлення адносін да нацыянальнай рэчаіснасці», раскрыта духоўная сутнасць пейзажу, яго псіхалагізм. Узровень пейзажнага майстэрства слушна лічыцца даследчыкам эстэтычнай мерай паэзіі ўвогуле. Асаблівай увагі заслугоўваюць класіфікацыя разнавіднасцей пейзажу і іх характарыстыкі ў творах беларускай літаратуры. Даследчык вылучае некалькі тыпаў пейзажнага жывапісу як сведчанне адметнасці мыслення і разам з тым уплыву сусветных літаратурных традыцый. Так, для сентыменталісцкага пейзажу харакгэрныя эмацыянальна-пачуццёвая вобразнасць, сцішанасць фарбаў, ідылічны спдкой, смутак. Незвычайная
экспрэсіўнасць вобразнасці, павышаная эмацыйнасць, суб’ектыўна-псіхалагічная заглыбленасць, кантрастнасць пачуццяў чалавека і з’яў прыроды — рысы, уласцівыя рамантычным пейзажным замалёўкам. Рэалістычны пейзаж заснаваны на прадметнай дэталізацыі, зрокавай пластычнасці малюнка. Дынаміка, зменлівасць тонкіх суб’екгыўных уражанняў, колеры, адценні, гукапіс, меладычнасць складаюць своеасаблівасць паэтыкі імпрэсіянісцкага пейзажу. А. Бельскі спрабуе выявіць адметнасць імажынісцкіх, сімвалісцкіх і мадэрнісцкіх малюнкаў прыроды, асаблівасці вясковых і гарадскіх пейзажаў, каляндарных змен у прыродзе.
Беларуская паэзія пастаянна развіваецца ў рэчышчы асноўных літаратурных напрамкаў і плыняў свайго часу, што асабліва выразна засведчана ў пейзажнай лірыцы як першааснове мастацкага адлюстравання высокае красы, прагі гармоніі, ідэалу. Пейзажная лірыка — гэта выява нацыянальнага менталітэту беларусаў і сведчанне іх высокай духоўнасці. Народжаная пэўным часам, яна сапраўды вельмі разнастайная па форме і змесце, па мастацкай арыентацыі і блізкасці да розных літаратурных плыняў. Так, 1960—1980-я гады характарызуюцца ў асноўным традыцыйнай манерай выкладання думак і пачуццяў, гарманічным бачаннем свету. Найбольш адчувальныя коласаўская эпічнасць, купалаўскі лірызм, суб’ектыўнасць уражанняў М. Багдановіча. Перавага, як правіла, аддаецца рэалістычным, зрокава-пластычным і рамантычна ўзнёслым малюнкам сельскіх краявідаў, адухоўленым прысутнасцю асобы. He пазбаўленыя багацця колераў, дынамічнай змены блікаў святла і ценяў, яны тым не менш нярэдка робяць уражанне манатоннасці, ідылічна-сентыментальнай заспакоенасці. Прэваліруе, як правіла, мажорны настрой. Пераважная большасць паэтаў-сямідзесятнікаў — тыя, якія нарадзіліся пасля вайны, што вытлумачвае ў пэўнай меры іх аптымізм, радасць, захапленне, здзіўленне. Мастацкая зарыентаванасць гэтага літаратурнага пакалення дакладна расшыфравана С. Законнікавым: «Мы прыйшлі на зямлю, // як над ёй пасвятлела // Сонца, // чыста адмытае слёзамі ўдоў // Ад пякучага пылу, // крыві закарэлай, // 18
і
Ад куродыму // доўгіх ваенных гадоў» [21, с. 171], Гартаючы старонкі кніг («Бяседа», 1973; «Устань да сонца», 1976; «Пакуль жыве мая бяроза», 1981; «Вера, надзея, любоў», 1983), адчуваеш сапраўдныя цяпло, святло, дабрыню, што выпраменьваюцца яго паэтычнымі радкамі. Гукі лесу і поля, шалясценне травы пад подыхам ласкавага ветрыку, птушыны гармідар зліваюцца ў сапраўдную сімфонію жыцця. Зямля, жытнёвае поле, каласок пры дарозе, лугавыя травы, сасновы бор, бярозавы гай, ручай — усё асветлена і сагрэта шчодрымі сонечнымі промнямі. Паэт здолеўулавіць у неабсяжным свеце шматгалосае гучанне мелодый жыцця. Спяваюць не толькі птушкі, ценькаюць сініцы, выводзяць мудрагелістыя рулады салаўі, — але «Пяе світальнае паветра, // Крыніца шчодрыцца вадой...» («Дзівосы ўсюды прыкмячаю...») [21, с. 35]. Жыццё вызвоньвае на розныя лады. Звініць рака, звініць нават цішыня, але найболыц дзівосна звініць і зачароўвае родная мова: «Айчыны жытнёвае слова // Звініць у густой збажыне» [21, с. 91]. Гэта радкі з верша «Спявае жыта», назва якога красамоўна пацвярджае сказанае.
Уражанне такое, нібы няма канца здольнасці паэта захапляцца, здзіўляцца, ператвараць будзённае ў святочнае: «Бо нават будні дзень — // святочны, // Ён — // час зямнога адкрыцця» («Дзівосы ўсюды прыкмячаю...») [21, с. 35], Прырода, аднак, не самамэта, яна высвечвае самыя тонкія зрухі чалавечай душы, якая ў шматварыянтнай паэтавай імправізацыі набывае ўстойлівыя рысы хранатопа: «Душа праменнем сонечным // Прасвечана да дна» («Зялёная пара») [21, с. 93]; «Ад кляновага зарыва // ясна ў ваколлі, // I душа запалонена ціхім святлом» («Лістапад») [21, с. 131]. Нават лес, як і ўсё жывое ў прыродзе, мае душу («Душа лесу»). У гэтым паэт перакананы яшчэ з дзяцінства. Лес сагравае людзей цяплом, у кожную хату, зробленую з бярвёнаў, ён аддае часцінку ўласнай душы, таму беларускія хаты маюць добрую аўру, славяцца гасціннасцю і дабрынёй.