• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

    Сучасная літаратура

    каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 286с.
    Мінск 2008
    84.54 МБ
    Паэтыка М. Мятліцкага грунтуецца на прынцыпах кантрастнага адлюстравання чарнобыльскай рэальнасці. Антыноміі цяпла і холаду, былога і цяперашняга, святла і цемры, жыцця і смерці дапамагаюць стварыць анталагічную выяву чарнобыльскай бяды ў розных часавых іпастасях (паміж былым і сучасным); функцыю — суддзі, пракурора, суцяшальніка — у мастацка-дакументальнай вясковай хроніцы канца XX стагоддзя выконвае голас памяці. Так, у вышэй названым вершы выразна ажываюць вобразы маленства:
    Падасца: па масніцах рыпкі крок, Між вушакамі бацькавыя плечы (Асот займее профіль чалавечы)
    Сутуляцца і цешаць зноўку зрок. Клапотна так, уссеўшыся на ўслон, Мне бацька цацку новую штукуе. Сядзіць, у светлай памяці вякуе. I я забыў: між намі прорва дзён. Ля ног ягоных трэцца шэры кот I драпае маю былую цацку.
    I ўздрыгне боль, напомніўшы знянацку: Адзін асот...
    Калючы зла асот...
    [40, с. 262]
    У гэтым вершы, як і ў іншых, сумяшчаюцца два планы — рэальнага і ўяўнага, свядомага і падсвядомага, што сведчыць пра падключанасць мастацкіх пошукаў да пэўных літаратурных плыняў, найперш да сюррэалізму.
    Адсяленне з зоны ў паэзіі М. Мятліцкага набывае статус усенароднага бедства, якое вымяраецца велізарнымі матэрыяльнымі, маральнымі, духоўна-псіхалагічнымі стратамі і па маштабах стрэсавых сітуацый, масавасці чалавечых ахвяр прыроўніваецца хіба што да бежанства ў час вайны, землятрусу або іншых разбуральных катаклізмаў («Брыдуць яны — палоннікі журбы...», «Выгнаннік», «Заложнік», «Перасяленкі» і інш.):
    Брыдуць яны — палоннікі журбы, Выгнаннікі, заложнікі нядолі. Бясконцы шлях між ядзернай гульбы He кіне ў сэрца кропельку патолі. На веях зла пакінуты адны 3 Чарнобылем раскутым і злавечым, Спазналі цяжар не сваёй віны, Схаванай у прагрэсе чалавечым.
    I праўду адлучыўшы ад маны, Спаўна адчуўшы ўсе зямныя страты, Спыніліся і глянулі яны На гэты шлях, на вечны смутак кляты.
    [40, с. 256]
    Невыпадкова многія вершы, у якіх паэт спрабуе высветліць прычынна-выніковыя сувязі паміж справакаваным злом і яго наступствам, маюць вострапалемічны характар («Праклён», «Пытанні самому сабе» і інш.).
    Дакументальна-публіцыстычнай дакладнасцю вылучаецца цэлая галерэя постацей вяскоўцаў, дарагіх і блізкіх паэту людзей, абмаляваных з вялікім спачуваннем і сімпатыяй («Яніха», «Кацюша», «Антося», «Макрэна», «Аксінчык», «Зоя», «Чарадзейка», «Нюра», «Манька»), чые шчаслівыя і нешчаслівыя лёсы чорным крылом перакрэсліў шквал Чарнобыля, які адных заўчасна звёў у магілу, іншых раскідаў па свеце («Паміраюпь вяскоўцы мае...», «Перасяленкі» і інш.).
    Нялёгка прыжываюцца на новых месцах, на гарадскім асфальце выгнаннікі з разбураных гнёздаў. Адзінота і скруха запаланяюць душу, усе іх думкі, мары, памкненні там, ля пакінутых падвор’яў. Змест іх гутарак — былыя радасці і перажыванні:
    Яны ў самоце ля пад’ездаў Аб колішнім жыцці гавораць I дзён пакінутае вёскі Багата ў памяці азораць.
    I толькі золкая пустэча Начы, і хмурае дасвецце, I над затоенай пакутай Ўздыхне жалосна, тужна вецер.
    I хтось не выйдзе з іх уранні На збор пад выстылыя вокны.
    I здрыганецца дом панэльны, I ціхі здзіў астатніх войкне...
    [40, с. 276]
    У выяўленні трагедыйнасці лёсу «людзей з зоны», якія пастаянна балансуюць над прорвай, паміж быццём і небыццём, апраўданым бачыцца зварот да эсхаталагічных матываў. Вера ў перасяленне душ спрадвеку падтрымлівалася нашымі продкамі, узнаўленне яе характэрнае і для сучаснай літаратуры, у тым ліку паэзіі:
    Паміраюць вяскоўцы мае — Больш і болып скрушных вестак. Над кладамі, як смерць, устае Зжоўклы ветах.
    А прагляне дасветна зара, Дзень зачнецца відушчы —
    Разляцяцца па родных дварах Бессмяротніцы душы.
    [40, с. 244]
    Акрамя рэальных постацей вяскоўцаў, блудных дзяцей з зоны, паэзія М. Мятліцкага густа населеная зданямі, прывідамі «чорных людзей», прарэнтгененых радыеактыўным апраменьваннем. Невыпадкова ў вершы «Выгнаннік» на фоне мёртвага запусцення пакінутага жытла, як негатыў фотаплёнкі, вымалёўваецца прывідная постаць чорнага чалавека, заложніка ядзернага шаленства, у якога ёсць рэальны прататып. Верш прысвячаецца Аляксею Ярамчуку, аднак гэта вобраз не толькі ўзяты з натуры. У яго трагічнай містыфікацыі ёсць штосьці былінна-велічнае, незямное, штосьці ад купалаўскага Прарока як праявы трансцэндэнтнай, пазачасавай, гатовага ўзваліць на свае плечы цяжар агульнай бяды і адшукаць шлях да выратавання. Адрозненне, праўда, у тым, што купалаўскі Прарок адчувае ў сабе месіянскія ламкненні, якія прадвызначылі яго зварот да натоўпу. Выгнаннік М. Мятліцкага, як і ідэнтычная постаць з апошняга верша С. Ясеніна («Чорны чалавек»), з’яўляецца містычным наканаваннем трагічнага лёсу (у С. Ясеніна — лёсу асобы, у М. Мятліцкага — лёсу мёртвай, спустошанай зямлі):
    Дрыжала сонца...
    Чорны чалавек
    Ступаў таропка вусцішнай пустэчай Пакінутай пуціны чалавечай. Махала цемра крыламі варон. А ен ішоў —
    Багата згаслых дзён
    Злілося ў міг адзін у той хадзе. I прад сабой не бачыў свету ён, I чуў спіною —
    Смерць за ім ідзе.
    Адкуль ён выйшаў, чорны той хадок? Змарнелы твар — упалыя вачніцы. Вось ён стамлёна з мёртвае крыніцы Адпіў вады,
    Пасля падаўся ў бок
    Калішняга, ледзь кметнага жытла.
    Некаторыя інвектывы купалаўскага светапогляду ўгадваюцца ў згушчанай метафарычнасці, нагнятанні негатыўных змрочных фарбаў, пэўных лексемах і вобразных рэаліях. I разам з тым выразна бачыцца жахлівы фантом «Чорнага чалавека» С. Ясеніна, які мог прымроіцца толькі ў сферы рэфлексій, паміж быццём і нябытам. У гэтай постаці скандэнсаваныя магутныя затраты творчай энергіі, вобразная сімволіка, уключаная ў рэчышча сюррэалістычнай плыні, расшыфроўваецца на сумежжы свядомага, зрокава-ўспрымальнага і падсвядомага.
    Вёска Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе нарадзілася вядомая паэтэса Ала Канапелька, знаходзіцца непадалёку ад зоны адчужэння. Мяжа, што падзяліла суседнія вёскі, прайшла праз сэрца, адгукнулася невымерным болем у цыкле вершаў чарнобыльскай тэматыкі, якімі пачынаецца кніга «Летазлічэнне»; «Выйшла з белага саду...», «Засуха», «Небытаў», «Май 1986-га», «Праз Небытаў па беразе нябыту», «Зона» і інш.
    На вёсцы Небытаў, здавалася, замкнуўся свет:
    Край свету...
    О родны мой Небытаў!
    Купаюцца зоркі-русалкі ў вадзе.
    Якое высокае неба там — і вочы, і думкі крадзе!
    Стаіць май у садзе раззорана, трава маладая ў pace.
    Вялікая крыўда заворана, але што на ёй узрасце?
    Спяць ластаўкі ў гнёздах здарожана: вярнуліся з выраю ўдзень.
    Я ў неба гляджу заварожана —
    і слёзы, і мары крадзе.
    Узняўся пад зоры
    і небам стаў не птах, не Ікар — боль зямны.
    I, як на далоні, відны:
    край свету... у квецені Небытаў...
    Якое высокае неба там!
    У радках гэтага верша адкрываецца гама пачуццяў: кандэнсацыя болю, крыўды, замілаванасці і любові да роднай зямлі. Вяртанне да вытокаў, трывалая повязь з родным домам, з памяццю продкаў — неабходнае духоўнае наталенне лірычнай гераіні А. Канапелькі:
    Праз Небытаў па беразе нябыту іду ў свой храм — дубовы гай.
    Зямля яшчэ снягамі апавіта, а цені веснія ўжо ладзяць грай.
    He ўсе вядомы родныя магілы, даўно астылі на зямлі сляды... Склікае на прадвесні гаю мілы, як вырай, душы нашыя сюды.
    [24, с. 11]
    Сапраўды, шляхі Гасподнія неспазнаныя, і ўсе мы роўныя перад Богам, для яго не існуюць ні нашы ступені, ні званні, ні тытулы, пра што няварта забываць. Калі б мы памяталі пра сваю боскую, светлую сутнасць і жылі па законах Дабра і Справядлівасці, напэўна, значна менш было б вакол нас бруду, несумленнасці, цемрашальства. Менавіта ў бездухоўнасці сучаснага соцыуму шукае вытокі разбуральных катаклізмаў XX стагоддзя С. Законнікаў. Яго паэма «Чорная быль» магутнай сілай эмацыйнага ўздзеяння скіравана супраць людзей з брудным сумленнем — рабаўнікоў, якія імкнуцца разбагацець на чужой бядзе («Марадзёры»), ілжывасці чыноўнікаў пры ўладзе («Зона маўчання», «Выбух»), нашай недаравальнай бестурботнасці («Чаравічкі», «Дождж у Хойніках»).
    Трагедыйнасць лёсу беларускага народа, які перажыў чарнобыльскую бяду, у паэме «Чорная быль» бачыцца ў разнастайных выявах, але адной з самых выразных лостацей з’яўляецца бабулька, што наведалася да сваёй хаткі ў радыяцыйнай зоне, пабывала на дарагіх ёй магілках. Вынесены ёю з пакінутай хаты абразок святога Міколыўгодніка свеціцца радыяцыйным выпраменьваннем, якое бабулька прымае за добры знак Боскай волі. 3 уласцівай паэту назіральнасцю С. Законнікаў засяроджвае ўвагу на 54
    шматлікіх парадоксах чарнобыльскай рэальнасці. Спачуванне выклікаюць не толькі людзі, але і кожная жывая істота, знявечаная радыяцыяй. Як і ў «Ваўчынай яме» В. Быкава, у паэме «Чорная быль» маляўнічай ахвярай ядзернага шаленства з’яўляецца воўк. Падзяляючы ахвярны лёс з людзьмі, хворы і знясілены, бездапаможны лясны драпежнік прымушае паспачуваць яму.
    Увасабленнем мёртвай, засыпанай радыеактыўным попелам зоны ў паэме М. Башлакова «Лілея на цёмнай вадзе» з’яўляецца мёртвы вожык, якога прынесла жанчына ў чорным (сімвалічная выява наступстваў чарнобыльскай аварыі). Спагада да ўсяго жывога ў касмічнай прасторы — людзей, жывёл, птушак, дрэў, раслін, якія патрапілі пад кавадлу радыяцыі, — трывога за лёс будучых пакаленняў характэрныя для многіх твораў чарнобыльскай тэматыкі. Звернемся да аднаго з вершаў П. Шруба;
    Руды чарнобыльскі лес, Наваполацка жоўтыя хмары, пад Старобінам Эверэст і палеская Калахары, воды мёртвыя, што ні плёс, мовы крынічка вузкая — ці не замнога дзівос, зямля мая беларуская?
    [60, с. 35]
    Трывога за лёс Беларусі балючым суперажываннем адгукнулася ў кнізе В. Куртаніч «Начное сонца», дзе паэтэса ў адчаі і скрусе з прычыны чарнобыльскай бяды звяртаецца да Бога з даволі смелай просьбай, якая ўспрымаецца як выклік: «Перасялі на неба Беларусь, // Перш чым яе адрынуць марным хлудам» [32, с. 3], Аднак нават у стане крайняй узрушанасці, разгубленасці, адчаю паэтэса не перакрэслівае канчаткова веру і надзею на будучыню.
    Пакуль з людскіх сэрцаў канчаткова не вытручаны спагада, вера, надзея, любоў, — ёсць падставы для аптымізму. Ёсць упэўненасць, што Беларусь, як птушка Фенікс, адродзіцца з попелу, устане над руінамі мінулага. Але, на жаль, кожнае наступнае адраджэнне патрабуе ўсё большай ахвярнасці і намаганняў.