Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Агульнае ў іх — дыскрэтнае адчуванне часу, што нібы замарудзіў свой бег, спыніў адлік у самыя драматычнанапружаныя моманты быцця асобы, на якіх пастаянна канцэнтруецца ўвага аўтараў. Створаная паэтамі мастацкая мадэль свету мае два храналагічныя вымярэнні — да таго і пасля таго. Век чалавечы, на думку В. Гардзея, нібы
струк гароху, падзяляецца на дзве палавіны: «У першай палове — настрой адмысловы, // Другая палова — для мук» [17, с. 29]. Мяжа найвышэйшай узрушанасці, за якой, здавалася, абрываюцца ўсе мары і спадзяванні, пазначана каардынатамі трагічных і драматычных стасункаў найперш асабістага лёсу. У В. Гардзея эпіцэнтрам адліку часу, найвышэйшым болевым парогам з’яўляюцца трагедыі ў сям’і, страты дарагіх людзей: «Лёс вырваў з пагляду майго // I сына-салдата, і брата, // I брата яшчэ аднаго» [17, с. 22]. Як і ў В. Гардзея, у кнігах А. Канапелькі і Н. Маеўскай драматызм лірычнага перажывання (няспраўджанае каханне, неўладкаванасць жаночай долі) узмацняецца неспрыяльнымі перыпетыямі грамадскага кшталту. Цяжкім гнётам кладзецца на душу трывога за лёс Беларусі, бацькоўскай зямлі, засыпанай радыеактыўнай атрутай, болем адклікаецца непрымальнае стаўленне да роднай мовы, культуры.
Лірычны герой і гераіні названых кніг — гараджане, але пастаянна, наяве і ў сне адчуваюць сваю прысутнасць у бацькоўскай хаце, на сцяжынках дзяцінства і юнацтва. Малюнкі сельскіх краявідаў — той фон, на якім высвечваюцца самыя тонкія зрухі душы, адкрываюцца запаветныя думкі і пачуцці асобы, што гучаць ва ўнісон з настроем прыроды і дэтэрмінуюцца праекцыяй мінулага на сучаснасць: «Да суму вечнага прыкуты, // Над прорвай памяці вішу» [17, с. 25], Асноўныя колеры мастакоўскай палітры — шэрыя, цёмныя, змрочныя, што асабліва характэрна для вершаў В. Гардзея: «Кажуць, я пясняр журбы і змроку, // Хоць душа і рвецца да святла». Душа, «замёрзлая з адчаю» [17, с. 15, 27], запраграміраваная на добрае і светлае, настойліва шукала спакою, але не знаходзіла яго ў напоўненай дысанансамі, кантрастамі паўсядзённай рэчаіснасці: «Ранак поўны светлага настрою, // Ды святлынь прызначана не мне»; «Гляджу ў акно: не свеціцца ў акне // Надзеі лепшай родавая зорка» [17, с. 22, 23].
3 дапамогай бінарна-апазіцыйных вобразна-сінтаксічных канструкцый, у якіх адлюстроўваюцца адпаведныя з’явы прыроды (ноч — дзень; вечар — раніца; хмары, дождж, туман — сонца, месяц, зоры; гром, пярун — цішыня; змрок, цемра — святло; смутак, трывога, гаркота, боль — радасць;
смех — слёзы; любоў — нянавісць і інш.), узмацняецца нагнятанне эмоцый, адкрываецца шырокая перспектыва выявы суб’ектыўных перажыванняў асобы і кантрастнагарманічнага ўспрымання паўсядзённай рэальнасці. Шкала душэўнага стану лірычнага героя ў большасці выпадкаў пазначана рэфлексійнасцю, нагнятаннем эмоцый, падключанасцю да негатыву. Пастаянная неабходнасць прагі святла, прыгажосці сутыкаецца з гнётам акалічнасцей і немагчымасцю рэалізацыі. Канфліктныя сітуацыі, супярэчнасці нашага побыту, якія, як правіла, ствараюць адчуванне дыскамфорту, якраз і з’яўляюцца сутнасцю хаокасмічнай гармоніі.
«Сум імпрэсій неўтаймоўных, // Горыч сімвалаў сляпых» [17, с. 42], адчуванне гнёту акалічнасцей (трывога, адчай, нуда, адзінота, непрыкаянасць), на чым грунтуецца мастацкая светабудова В. Гардзея, цалкам укладваюцца ў традыцыйныя рамкі рытмічнай арганізацыі верша, што ніколькі, аднак, не перашкаджае бачыць у яго паэтыцы пэўныя мадыфікацыі вобразна-сінтаксічных структур і выявы стану душы асобы, блізкія да аналагаў у творах экзістэнцыялістаў і экспрэсіяністаў.
He надта ласкавая жаночая доля, няспраўджанае каханне, «морак начы», адзінота не перашкаджаюць, аднак, лірычным гераіням Н. Маеўскай і А. Канапелькі спадзявацца на лепшае, захапляцца прыгажосцю навакольнага свету, што з маленства, з першым дыханнем стаў неад’емнай часцінкай свядомасці і сведчаннем далучанасці да Душы Сусвету:
Ноч такая цёплая, сухая, Стогне сад ад паўнаты жыцця. Месяц лёгкі ў небе пазяхае, Марывам ахутаны прасцяг. Прыгажосць зямная так узрушыць! Я выходжу, нібы з небыцця, I баюся цішыню парушыць... Дзесьці нараджаецца дзіця.
[35, с. 43]
Гарманічная завершанасць жыццёвых трагедый і драм чалавечага побыту, дакладней, «трагедыі лірычны эпілог» 27
(А. Пысін) бачыцца ў мацярынстве, у працягу жыцця. Для А. Канапелькі мацярынства — гэта рэалізацыя самых светлых спадзяванняў, найвышэйшы дарунак лёсу і сведчанне найбольшай эмацыйнай узрушанасці, выплеснутай у паэтычных радках верша «Мая маленькая дачушка»:
А ты расці, ты зайку гушкай, расчэсвай лялькам завіткі, мая маленькая дачушка, жыцця праменьчык трапяткі.
[24, с. 84]
Дачушка — «жыцця праменьчык трапяткі» — сагравае збалелае сэрца, напаўняе душу святлом, усяляе надзею, дае сілы выстаяць, узняцца над сямейнымі драмамі і бытавымі цяжкасцямі. Глыбіня сямейных драм, наступствы няспраўджанага кахання, якія адлюстроўваюцца ў вершах А. Канапелькі і Н. Маеўскай, — сведчанне душэўных стрэсаў не толькі асабістага характару, але і выява сацыяльна-бытавога і духоўнага кшталту сучаснага соцыуму.
Нават такі эпатажны паэт, як С. Адамовіч, пачынаў сваю творчасць з гарманічнага адлюстравання свету. Менавіта гэты прынцып пакладзены ў аснову многіх вершаў з кнігі «Кальварыйскія клёны» (1990): «Ядлоўцаваму кусту», «Глянцавіты, зялёны брусьнічнік...», «Тамсама ўсё квітнее...», «Размова зь яшчаркай на прыдарожнай крушні», «Кальварыйскія клёны асеньнія», «Перуны адгрымелі...»1 і інш. У гэтых вершах яго лірычны герой — сапраўднае дзіця прыроды, якому родныя і блізкія і «шэры чмель», і працавітая пчала, і «рудавокі матыль»:
Сястра мая, шэрая яшчарка, ня бойся маёй далані. я брат тваіх вымерлых прашчураў, а больш я ня маю радні.
Я неба ня прагну высокага, сястра, я люблю спачываць на ўскраіне поля шырокага і песьню пра волю сьпяваць.
[1, С. 15]
1	Правапіс арыгінала захоўваецца.
С. Адамовіч у вершы «Размова зь яшчаркай на прыдарожнай крушні», як некалі У. Караткевіч (вершы «Сырцовыя цагліны», «3 падсветам», «Праменьчык», «Цяга» і інш.), падкрэслівае адзінства чалавека і прыроды, чалавека як часцінкі макрасвету і яго крэўнае сваяцтва з кожнай жывой істотай. Паэт звяртае ўвагу таксама і на агульнасць адной з псіхалагічных рыс лірычнага героя і прадстаўніцы фауны — яшчаркі — памкненне да волі, што стане лейтматывам яго творчасці.
Лірычны герой першай кнігі С. Адамовіча — летуценны юнак, які пачувае сябе шчаслівым у гэтым неабсяжным свеце. Пакуль яшчэ нішто не выклікае дыскамфорту ў душы. Яму добра і ўтульна пад сонцам, дзе ўсё квітнее і радуе сваім хараством. Паэт шырока звяртаецца да вобразаў антычнай міфалогіі:
Тамсама ўсё квітнее вішня й бэз, а гордыя асьверы крэсьляць неба, там богавым аблокам не пасьпець ад воч людзкіх схаваць запрэжку Фэба.
Тамсама ўсё шархучая трава, і шэры чмель, і пыл, і скрып атосы, і ровар, нахілёны да слупа, і я бягу. расхрыстаны і босы.
[1, с. 14]
Пачуцці перапаўняюць сэрца закаханага рамантыка, каханая бачыцца ў вобразе біблейскай жанчыны. Яна як бы далучаная да вечнасці («і шчасьліваму сэрцу ў грудзях немагч ы.ма і цесна, // бо чакаеш, блакітная, ў садзе зялёным, Рахіль!» [1, с. 28]). 3 юнацкім максімалізмам, на поўны голас ён абвяшчае адну са сваіх эстэтычных тэзаў: «і пісаць буду сьмела і звонка // пра ўсё тое, што ў сьвеце люблю» [1, с. 13]. Яшчэ больш выразна спавядае паэт свае эстэтычныя перакананні ў вершы «Як я люблю, зямля...» (з кнігі «Зямля Ханаан», 1993):
Як я люблю, зямля, тваю аздобу, што прарастае ў травах і лясах, дубоў малых упартую худобу, пад бокам шышку ў сініх верасах.
Люблю шукаць гармонію ў лістоце асіны дрогкай. у калючках ёлкі, сасны крывой, што вырасла ў балоце, люблю кустоў зялёныя суполкі... Бо, як сказаў паэт, навошта колас, калі ня ў модзе сіні васілёк?
Я за цябе, зямля, ўздымаю голас, ідля цябе я свой цягну вазок.
[1, С. 40]
Паэт шукае гармонію, як правіла, там, дзе іншыя не могуць яе заўважыць, там, дзе яна выклікае сумненне. Далей лірычны герой С. Адамовіча (кнігі «Зваротныя правакацыі», 1994; «Каханьне пад акупацыяй», 1996; «Сьпіраль Бруна», 1998; «Дрэва нашай свабоды», 1997—1998) усё часцей пускаецца ў нялёгкае плаванне супраць цячэння, канфліктуючы з грамадскім асяроддзем.
Духоўнае наталенне кожнага чалавечага індывідууму пачынаецца з маленства, з калыскі, калі крок за крокам, паступова ўдыхаецца атмасфера побыту, характэрнага для таго асяроддзя, у якім падрастае дзіця. 3 народна-песенных скарбаў вясковай культуры прарастала, можна сказаць, уся беларуская літаратура. He выпадкова адна з аповесцей Я. Сіпакова мае назву «Усе мы з хат».
Вяртанне да вытокаў, непарыўныя кантакты з бацькоўскай зямлёй, сцяжынкамі дзяцінства і юнацтва, з вяскоўцамі — неабходныя, як паветра або глыток сцюдзёнай вады ў спёку. Вёска нараджала таленавітых людзей, закладвала і ўмацоўвала асновы таленту, фарміравала светапогляд большасці беларускіх пісьменнікаў. Толькі тут, сярод блізкіх людзей, на ўлонні сельскай прыроды ёсць магчымасць падключыцца да светлай энергетыкі, да невычарпальных пакуль яшчэ запасаў народнай мудрасці, неабходнай для найбольш поўнай рэалізацыі духоўнага і творчага патэнцыялу (да прыкладу, вершы Н. Галіноўскай «Табе, вёска» і «На роднай зямлі»):
За спіною — дарогі, саставы...
Я дзівуюся лёгкасці ног. О гаючыя родныя травы, Вы знімаеце стому дарог! Я ад вашага паху жывею.
Я — другая на гэтай зямлі. Тут і вецер па-іншаму вее, Тут і травы ярчэй расцвілі. Тут жаўрук, як нідзе, галасісты, Прывітальную цягне за двох. I з душою, асвежанай, чыстай Я ступаю на родны парог.
[47, с. 144]
Кажуць, у роднай хаце і сцены памагаюць. Духоўнага наталення вельмі не хапае тым, што па нейкіх прычынах, нібы Герастрат, разбурылі свой запаветны Храм пакаленнямі продкаў назапашанай светлай энергетыкі. Дыскрэтнасць, секулярызацыя гістарычнай памяці, радаводу ў значнай ступені збядняе, абмяжоўвае ўспрыманне наступных пакаленняў, пазбаўленых магчымасці далучыцца да духоўнасці продкаў.
Большасць беларускіх пісьменнікаў, узгадаваных вёскай, якія змянілі ўклад жыцця на гарадскі, у душы назаўсёды засталіся вяскоўцамі. Напрыклад, у творчасці Я. Янішчыц вёска займае значнае месца. Тут, у маляўнічых куточках Палесся, на берагах Ясельды, у вёсках Рудка і Велясніца прайшло дзяцінства і юнацтва, у Парэччы яна вучылася ў школе, і чуйныя настаўнікі рана ўбачылі і падтрымалі талент сваёй вучаніцы.