Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Пазней, калі паэтэса стала гараджанкай, яна так і не прыжылася на гарадскім асфальце — душа па-ранейшаму гарнулася да вёскі. У горадзе ёй было няўтульна і адзінока.
Толькі тут, на вясковых вуліцах, у гурце родных і блізкіх людзей, сумленных і шчырых, дасціпных і працавітых, яна пачувалася разняволена і камфортна, забываліся бытавыя няўвязкі гарадскога побыту, згрызоты і зайздрасць, нагаворы і кпіны нядобразычліўцаў. У вёсцы заўсёды знаходзіліся лекі для душы: добрае слова, лагодная ўсмешка, мудрае выслоўе, дасціпны жарт, вясёлая прыпеўка. Усё гэта ўваходзіла ў творчасць паэтэсы, сведчыла пра духоўныя асновы, маральную трываласць і непаўторнасць яе мастацкага мыслення. 3 натуры, з вясковых вуліц і хат прыйшлі ў яе вершы, паэмы, апавяданні постаці людзей, чый лёс няўмольна скалечыла вайна: «Майская балада», «У бабулі
Паланеі», «Сава і Марыя», «Балада вернасці», «Пасля вайны», «Салдаткі», паэма «Ягадны Хутар». Асабліва яркія, дасціпныя эпізоды вясковага побыту, пададзеныя дзе з гумарам, са спагадай, а дзе і з сарказмам, адкрываюцца ў мала даследаваных пакуль яшчэ апавяданнях Я. Янішчыц. У характары кожнага з яе герояў адлюстроўваецца пэўная рыса нацыянальнага характару: «Антаніна? Не-э, Антон Сцяпанавіч!», «Чобаты, або Ісцінны аповяд Хвядоры Загаруйкі, як яе муж назад дахаты вярнуўся», «Адно толькі ліха, што вароны каркаюць», «Бомбачка», «Прашу апублікаваць» і інш.
Удзячныя землякі па праву ганарацца талентам, народжаным на іх Палескай зямлі, і беражліва ўшаноўваюць памяць Я. Янішчыц. Дзякуючы такім энтузіястам, як настаўніца Антаніна Паўлаўна Сідарук, у Парэччы, у школе, дзе вучылася Жэня, у 1998 годзе створаны музей яе памяці, у экспазіцыі якога грунтоўна прадстаўлены жыццёвы і творчы шлях паэтэсы — ад першых сшыткаў вучнёўскіх сачыненняў і вершаў да апошніх твораў. 20 лістапада 2003 года ўпершыню ў школе прайшлі янішчыцкія чытанні. Гасцінныя гаспадары, вучні і настаўнікі хлебам і соллю віталі гасцей з Мазыра, Пінска, Мінска. Была падрыхтавана цікавая праграма, якая пачалася з экскурсіі ў музей. Натхнёна і ўзрушана Антаніна Паўлаўна гаварыла пра былую вучаніцу іх школы. Потым гучалі вершы Я. Янішчыц, вучні пад кіраўніцтвам таленавітага музыкі Леаніда Пятровіча і ў яго музычным суправаджэнні спявалі песні на словы паэтэсы. Выступалі навукоўцы, настаўнікі, паэты Валянціна Коўтун, Васіль Жуковіч, Анатоль Шушко. Вершы чытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.
На чьгтанні былі запрошаны маці Яўгеніі Янішчыц Марыя Андрэеўна Патапчук і сын Андрэй Сцяпанавіч Янішчыц. Дасціпна і жыва вялі праграму чытанняў старшыня міжнароднага жаночага фонду Святой Ефрасінні Полацкай, вядомая пісьменніца Валянціна Міхайлаўна Коўтун (арганізатар паездкі на Піншчыну) і настаўніца Антаніна Паўлаўна Сідарук.
Усё гэта сведчыць пра духоўныя сувязі паэзіі з жыццём народа, першаасновай якіх ад старажытнасці і да су32
часнасці з’яўляюцца ўзаемадачыненні чалавека і прыроды, пры гэтым найбольш гарманічнымі, як правіла, з’яўляюцца сельскія пейзажы.
Назіранні за тымі зменамі, якія адбываюцца ў настраёвасці, уражаннях, вобразна-тэматычным і рытміка-інтанацыйным ладзе беларускай паэзіі на парозе XXI стагоддзя, дазваляюць зрабіпь выснову, што тэма горада становіцца ці не адной з галоўных. Нагадаем, што яна не новая ў беларускай літаратуры і яшчэ на пачатку XX стагоддзя прагучала ў нізцы «Места» М. Багдановіча. «У гэтай нізцы, — зазначала Т. Чабан, адзін з вядомых і таленавітых крытыкаў, — упершыню Пегас беларускай паэзіі «звярнуў на вулкі з прывольных палявых дарог». Багдановіч адкрыў у нацыянальнай літаратуры урбаністычную тэматыку, і менавіта дзякуючы яму Вільня станавілася для беларускай паэзіі амаль тым, чым Пецярбург для рускай: вобразамсімвалам нацыянальнага горада ў адзінстве мінуўшчыны і сучаснасці, «чароўных прынад» і драматычных кантрастаў» [57, с. 496].
Выявы горада ў М. Багдановіча («Вулкі Вільні ззяюць і гулка грымяць», «У Вільні», «За дахамі места памеркла нябёс пазалота», «На глухіх вулках ноч глухая», «Завіруха»), як і ў А. Блока («Город в красные пределы...», «Вечность броснла в город...», «По городу бегал черный человечек...», «Там — в улнце стоял какой-то дом...»), падаюцца ў рэчышчы імпрэсіяністычнай і сімвалісцкай літаратурных плыняў: калейдаскапічнасць, зменлівасць, часам няпэўнасць і расплывістасць уражанняў, зіхоткія блікі святла і ценяў. Цемень, змрок становяцца выявай адпаведнага настрою: «На глухіх вулках — ноч глухая. // He менш глухі людскі натоўп» [7, с. 99].
Горад — маленькі своеасаблівы сусвет у бязмежнай касмічнай прасторы, які жыве па сваіх біялагічных, маральна-этычных і эстэтычных законах. Тут жывуць і кахаюць, смяюцца і плачуць, нараджаюцца і паміраюць. «Багдановіч, адначасна з А. Блокам, — слушна зазначала Т. Чабан, — усвядоміў горад як канцэнтрацыю прыроднай і народнай стыхіі — «мора гора», гневу, болю, адчуў пагрозны падземны гул стыхіі» [7, с. 497],
Віленскія матывы працягваюць гучаць у беларускай паэзіі розных гадоў, найперш у творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка.
Вільня ўвайшла ў іх жыццё не толькі як гісторыкаасветніцкі і духоўны цэнтр нацыянальнага адраджэння, асяродак беларускай культуры і рэвалюцыйных традыцый, але і як горад іхняй маладосці.
Вільня, ахутаная завесай дажджу, нагадала У. Караткевічу («Вільня ў дождж») старую гравюру, на якой у штрыхах дахаў, контураў званіц і вежаў, абрысах старасвецкіх муроў праступаюць напластаванні культуры мінулых стагоддзяў, адчуваецца поступ гісторыі беларускага горада, якому лёсам наканавана была вялікая гістарычная місія, але, на жаль, спадзяванні кожны раз перакрэсліваліся нейкай сімвалічнай няўмольнай старэчай рукой:
Вільня ў дождж, як старая гравюра ў «Тэцы Віленьскай»: Праз завесу дажджу — кожны дах у штрыхах, як страха, Крадуць даль туманы. Ўсё у звівах, нібы на паперы вяленевай, Ўсё з шматлікіх штрыхоў. ўсё ў касых характэрных штрыхах.
Ўсё з дакладнай штрыхоўкі гравёра: завеса туману, Пляма вежы, забытай у дождж на вяршыні гары, I акрэслены контур званіцы вялікага Яна,
I, ля ног яго, пастка з цямноцця і цэглы — Муры.
Я не ведаю, дэман які над гравюрай пануе пахмура?
I чые гэта вочы халодныя ў віслых мяшках Разглядаюць яе? I чыя гэта крэсліць крыжамі гравюру, 3 жыл-вяровак, старэчая, злая, сухая рука?
[26, с. 233]
Вільня нязменна прыцягвае ўвагу і сучасных паэтаў. Асветніцкае мінулае, «дух спрадвечны Адраджэння», водгулле сівой даўніны, адгрымелых гістарычных баталій чуецца пад напластаваннямі розных гістарычных эпох, што засведчана ў вершах I. Багдановіч «Кавярня. Верасень. Вяргіні», «Віленская беларуская гімназія», «Беларуская крыніца» («Горад, дзе аблічна, вы-яўна, вы-моўна // Жыве Беларусь» [6, с. 24]), В. Дэбіша «Вільня», Г. Булыкі «Дзве сталіцы» і інш.
У канцы XX стагоддзя спадзяванні на духоўнае адраджэнне нацыі заканамерна звязваюцца са сталіцай Беларусі — Мінскам. Але чарговыя хвалі адраджэнскага ўздыму, на жаль, вельмі хутка пайшлі на спад. У вершы Г. Булыкі «Менскі скразняк» для ідэі нацыянальнага адраджэння знойдзена адэкватная паралель — сімвалічны вобраз скразняку, якому, аднак, не хапае прасторы і моцы, каб вырасці ў шквал сапраўднага гістарычнага абнаўлення, стаць сведчаннем абуджанай нацыянальнай годнасці беларусаў:
Гарадскім скразнякам
не хапае прасторы
Размахнуцца ў вятры, Замахнуцца на лёс. Перспектывы праспектаў Развейвае горад
На няўтульны бясконцы крыштальны мароз.
Плошча — шкло ветравое.
Надзея шкляная.
Летні лёд вітражоў.
Заблуканы скразняк.
I куды ён імкнецца?
Каго ён шукае?
He знаходзіць нідзе.
He сустрэне ніяк.
[15, с. 44]
Сучасны горад, пазбаўлены нацыянальных прыкмет, абязлічаны стандартнымі меркамі, жорсткі, бяздушны, абыякавы да чужой бяды — такім ён бачыцца ў вершы Г. Каржанеўскай «Горад»:
— А-у-у...
Гукаю не ў дрымучым лесе —
Тут горад у бетоне і жалезе.
Ён прыручаць даўно не мае звычкі:
Гвалтуе ды ў палонніцы бярэ.
Свіцяцца на паверхах лямпы-знічкі, Ганяе вецер смецце па дварэ.
[27, с. 17]
Лірычнай гераіні адзінока і няўтульна сярод хаосу бетону і жалеза, сярод паўсюднага панавання казённых стандартаў. Само сабой абвострана драматычна ставіцца зака-
намернае пытанне: «Няўжо забетаніраваны й сэрцы // У горадзе, // што стаў радзімай мне?» [27, с. 17].
Гэта пытанне, звернутае паэтэсай і да сябе, і да чытача, з’яўляецца адным з асноўных у філасофскім роздуме мысляроў напрыканцы XX стагоддзя.
Аналагічны настрой выклікаюць гарадскія ландшафты, уніфікаваныя, абязлічаныя казённымі стандартамі, у лірычнага героя М. Кандратава ў вершах «Гляджу заўжды з балючым смуткам...» і «Калі вясна зноў вернецца у горад...»:
Калі вясна зноў вернецца у горад, яна заўважыць дрэўцы маладыя. Ім будуць людзі падразаць галіны, калі яны спрабуюць разрасціся «занадта ўшыр» альбо «занадта ўгору» па мерках дзікаватага Пракруста. А дрэвы так падобны на людзей!
[25, с. 13]
У гэтых радках М. Кандратава адкрываецца натурфіласофія гарадскога пейзажу, якая грунтуецца на даследаванні непасрэдных кантактаў чалавека і прыроды. Сапраўды, дрэвы, як і людзі, маюць сваю непаўторную індывідуальнасць, і ўсялякія бяздумныя спробы падагнаць іх пад адзін капыл, укласці ў пракрустава ложа стандарту абарочваюцца гвалтам і здзекам над прыродай і непрадказальнымі наступствамі:
Гляджу заўжды: з балючым смуткам, як дрэвы паабапал вуліц узносяць, скардзячыся небу, уцінкі тоўстыя галін, нібы знявечаныя рукі.
Яны трываюць моўчкі боль.
Якую простую пакуту
прыдумаў розум без пачуццяў, якім кіруе толькі мэта.
Калі уладу возьме ён
над цэлым горадам, — напэўна, аднойчы горад задыхнецца ад бессардэчнасці і смогу.
[25, с. 12]
Пейзажная лірыка мінулых дзесяцігоддзяў, да сярэдзіны 1980-х, як правіла, абмяжоўваецца малюнкамі сельскай прыроды, якія ўражваюць неабсяжнасцю прасторы, прыгажосцю ландшафту, пластычнасцю і дынамізмам, зменлівасцю святла і ценяў, поліфанічнасцю і паліхроміяй. У іх адкрываецца хараство навакольнага свету і поўная згарманізаванасць чалавека і прыроды, што ў такіх выпадках выконвае стваральную функцыю. У канцы ж 1980-х — 1990-х разбуральныя працэсы закранулі ўсе сферы побыту чалавека і грамадства, не абмінулі і прыроду. У паэзіі выразна і настойліва загучалі урбаністычныя матывы. Адна з прычын — пастаянныя змены, якім падвяргаецца нават вясковы лад жыцця. Сучасная вёска поўніцца кантрастамі. Заасфальтаваныя вуліцы, узведзеныя гмахі катэджаў, суперсучасныя гандлёвыя цэнтры, а побач вёскі, дзе ў старэнькіх хацінах дажываюць век нямоглыя адзінокія дзяды і бабулькі, якія ўсё жыццё паляпшалі сваёй працай дзяржаўны дабрабыт. Зачыняюцца сельскія школы, бо няма вучняў, моладзь не застаецца ў вёсках, якія старэюць і знаходзяцца на мяжы вымірання. Разбуральныя працэсы вядуць да наступстваў, у выніку якіх вёска перастае быць захавальніцай духоўных і культурных скарбаў беларускага народа. Гэтыя акалічнасці не засталіся па-за ўвагай сучаснай літаратуры, у тым ліку паэзіі.