Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Лірычны герой у вершах С. Законнікава да сярэдзіны 1980-х гадоў адчувае сябе поўнасцю шчаслівым чалавекам. Адзін з асноўных матываў — памяць мінулай вайны, але
ўражанні далёкіх вогненных гадоў як бы прыглушаныя часам і нярэдка бачацца праз музейныя экспанаты, надпісы на абелісках, пажоўклыя фотаздымкі на сценах у асірацелай хаце («У Брэсцкай крэпасці», «Між пажоўклых старонак кнігі жыцця...», «Жаўцеюць на сценах партрэты у рамках...» і інш.).
Па меры таго як роздум паэта паглыбляецца, становіцца ўсё больш засяроджана-філасофскім, узмацняецца драматызм лірычнага суперажывання, пачуцці набываюць натуральнасць, нязмушанасць. Паэт падыходзіць да асэнсавання глабальных пытанняў адносна выжывання чалавецтва на планеце, такой маленькай і безабароннай, але размова пра гэта пойдзе далей.
Эстэтычныя адносіны да прыроды, на думку В. Козіч, сцвярджаюцца толькі ў XVIII стагоддзі. «Да гэтага, — сведчыць аўтар кнігі «Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе», — пейзаж у фальклоры — антрапамарфічны, у эпасе — міфалагічны. XIX стагоддзе — час найбольш гарманічны ва ўзаемаадносінах героя і пейзажу ў літаратурных творах. Дзейнічае прынцып так званага псіхалагічнага паралелізму. Гэта значыць прырода выступае як сродак мастацкай выразнасці, яна або канфліктуе, або гарманіруе з унутраным станам чалавека. Адным словам, пейзаж падпарадкаваны чалавеку, яго жаданням, эмоцыям» [30, с. 48],
Чалавек у паэзіі 1960-х — сярэдзіны 1980-х гадоў пераважна згарманізаваны з навакольным асяроддзем, малюнкі пейзажу падпарадкаваныя, як правіла, яго настрою, пачуццям і перажыванням. Прага гармоніі, хараства характэрная не толькі для тагачаснай лірыкі С. Законнікава. Светлыя пачуцці перапаўняюць душу лірычнага героя ў вершах многіх паэтаў. Звернемся, аднак, да творчасці Г. Пашкова, асноўным прынцыпам якога ў розныя гады заставалася патрабаванне гарманічнай завершанасці (кнігі «Кляновік», 1975; «Дыстанцыя небяспекі», 1979; «Гравюры дарог», 1981; «Зямлю слухаю», 1983; «Маналог на кастрышчы», 1986; «Крокі», 1988; «Люблю, спадзяюся, жыву...», 1990). У роздуме паэта, як правіла, перавага аддаецца рэальнаму і рамантычна ўзнёсламу бачанню свету. Жыц20
цёвыя вытокі і грамадзянскія перакананні акрэсліваюцца ў непарыўнай прапарцыянальнай залежнасці, афарбаваныя ў светлыя колеры («3 нас кожны мае...»):
3 нас кожны мае
вечаровы сум пад ліпамі дуплястымі хаціны...
3 нас кожны мае
светлую ад дум, як і жыццё, адну навек, Радзіму.
[43, с. 70]
Лірычны герой Г. Пашкова не пазбаўлены аўтабіяграфізму. Ён жыве клопатам і трывогамі аўтара, амаль не канфліктуе з паўсядзённай рэальнасцю, прымае яе такой, як ёсць. Асабліва для ранняй лірыкі характэрныя мажорны настрой, захапленне і радасць, светлыя колеры: «Радзіма увайшла ў мяне святлом, // вялікім, // бессмяротным запаветам» («Жыву адзіным запаветам»); «Млее спелае лета. // Сонца. // Крыніца ў бары. // Гэтак шчасліва і светла // жаўра звініць на зары» («Млее спелае лета...») [43, с. 38, 39].
Маральны імператыў паэта заяўлены ў вершы «Не дай мне, Божа, старцам стаць душою...» Найбольшай небяспекай бачыцца страта сумлення, грамадзянскай смеласці, ачарсцвеласць душы, абыякавасць да чужога болю і памяці мінулай вайны (адзін з асноўных матываў у творчасці Г. Пашкова).
Пасля чарнобыльскай аварыі спакойная лірычная плынь нярэдка пазначаецца драматызмам часу, чуюцца «трывогі і любві // у мокрых травах // крокі» [43, с. 264] («Сняцца ноччу мне гэткія сны...», «Палешукі», «Страх», «Жанчыны», «Язміну росны пах», «Каменная валошка», «Сонца і стронцый»). Трывожны пагляд звернуты да адзінокай, пакінутай бацькоўскай хаты — жывой повязі «сэрца і часоў» розных людскіх пакаленняў. Аднак і ў вершах канца 1980-х — 1990-х гадоў пераважаюць малюнкі прыроды, цалкам згарманізаваныя з настроем і пачуццямі чалавека: «Светлая радасць жыцця // кроплямі сонца іскрыцца»
(«Гэтаму будзе працяг») [43, с. 263]. Прагай гармоніі, захапленнем прыгажосцю навакольнага свету асабліва пазначаны згадкі юнацтва, вобразы бесклапотнай маладосці («Імгненная юнацтва прыгажосць...», «Сцежка юнацтва»). Пейзажныя замалёўкі неабсяжнасцю повязі часу і прасторы сцвярджаюць прыналежнасць чалавека да космасу, далучанасць да вечнасці, падкрэсліваюць непарыўнасць спрадвечных зямных і духоўных асноў быцця («Снегапад вяртання»):
Так было.
Было ужо калісьці.
He згадаць, калі гэта было. А сягоння снегападам чыстым У душы шчасліва ажыло.
[43, с. 262]
Відавочна, што ідэалізаваныя, сентыментальна пастаральныя, рамантычна ўзвышаныя малюнкі сельскай прыроды — не самамэта. Прадметна-дэталізаваныя вобразныя рэаліі лірычнага жывапісу, як правіла, вылучаюцца касмаганічнасцю, эпічнай шырынёй і ў той жа час суб’ектыўнасцю ўражанняў і настрою. Узаемадачыненні чалавека і прыроды пазначаны духоўнасцю асобы, праз асабістае люструюцца выявы нацыянальнага менталітэту.
Так, для лірычнага героя А. Камароўскага ў кнізе «Валошкі памяці» (2002) духоўнымі арыенцірамі, своеасаблівымі крытэрыямі вымярэння прыгажосці роднай зямлі і маральнага вобліку сумленных і працавітых людзей застаюцца незабыўныя вобразы коласаўскіх герояў і сама гістарычная постаць выдатнага сына беларускага народа — Якуба Коласа, чыя духоўная прысутнасць вызначае асноўны змест і рытміка-інтанацыйную танальнасць многіх вершаў, напаўняе іх светлай энергетыкай. У вершах і прысвячэннях, змешчаных у названай кнізе, «ажываюць» «мілыя вобразы роднага краю», звязаныя назаўсёды з памяццю народнага паэта Беларусі («У Мікалаеўшчыне», «Прыстанька», «Зямля мая...», «Акінчыцы», «Ля музея Якуба Коласа», «Аблокі дзяцінства»), Сучаснаспь паяднана з далёкай і блізкай гісторыяй, традыцыйнае бачанне свету — з пошукамі 22
наватарскіх падыходаў, што асабліва характэрна для паэтыкі А. Камароўскага. Смеласць метафар, касмаганічнасць вобразаў, насычанасць каляровай гамы, зменлівасць святла і ценяў, каранёвая рыфма, заснаваная на этымалагічнай сугучнасці лексем, адрывістыя, рубленыя інтанацыі, напружаная дынаміка рухаў і пачуццяў — усё гэта сведчанне мастацкіх пошукаў на сумежжы розных літаратурных плыняў («Крык», «Футбол»). Прадметная дэталізацыя вобразных рэалій, зварот да фальклору, рамантычная мэтанакіраванасць, імпрэсіянісцкая размытасць уяўленняў, пачуццёвасць інтанацыйнага прамаўлення асабліва выразна бачацца ў вершах «Валошкі», «Хата з забітымі вокнамі», «Ёсць рачулка...»:
Ёсць рачулка маленькая Ловаць...
Зоры ноччу там невадам ловяць Ціш зямную... А раніцай лотаць Пачынае пялёсткамі лопаць.
Прыгажосць у русалчыным выглядзе На ваду месяц-лодачку выведзе...
На сярэдзіну самую выедзе —
Зорка з косаў у рэчку выпадзе.
Аняменне растане лёгкае:
Рэха спелае і далёкае
Б'ецца, рвецца, па лесе лётае, Як лясун адзічэлы, галёкае.
[23, с. 63]
Багатая фантазія прымушае паэта шукаць вобразныя навацыі ў невычэрпных крыніцах вусна-паэтычнай народнай творчасці.
Над усведамленнем недасканаласці побыту сучаснага соцыуму, нягодамі і неспрыяльнымі стасункамі асабістага лёсу ўзрушана і шчыра, аптымістычным акордам гучаць і светлыя радкі Н. Мацяш, у якіх адкрываецца спрадвечная прага ідэалу — любові, дабра, хараства: «Душа, як зорачка вячэрняя, // Усходзіць радасці настрэчу» («Душа ўзалочана і ўчэрнена...»); «Усё было: і сон, і парыванне, // Высокі ўзлёт, і марнасці сіло, //1 нараканне, і самаз’яднанне. // Нянавісці ніколі не было» («Усё было...») [37, с. 87, 176],
Лірычная гераіня Н. Мацяш сапраўды пазбаўлена ўсялякай схільнасці да мізантропіі. Якія б каляіны не даводзілася пераадольваць на жыццёвым шляху, яна мужна і цярпліва прымае наканаванне лёсу. Душа яе застаецца адкрытай для радасці і зямнога хараства. Цвярозае стаўленне да не заўсёды прывабнай будзённасці побыту нярэдка падштурхоўвае паэтэсу да стварэння віртуальнай рэальнасці як душэўнага самаадхлання. Адсюль і рэфлексійнасць лірычнага перажывання, асабліва адчувальнага ў лірыцы кахання, гутарка пра якую пойдзе значна далей. Пакуль прадметам для роздуму застаецца ўзаемасувязь «экалогіі душы» чалавечай асобы і прыроднага асяроддзя.
Варта яшчэ раз падкрэсліць, што ў творах паэтаў прызыву 1960—1970-х гадоў пераважаюць светлыя мелодыі жыцця пры ўсіх яго неспрыяльных варунках (вершы Р. Баравіковай, В. Вярбы, Н. Загорскай, С. Законнікава, В. Іпатавай, В. Коўтун, Н. Мацяш, М. Стральцова, Я. Янішчыц).
Аднак відавочна, што адкрываць цуд у звычайных, здавалася б, будзённых з’явах прыроды здольныя не толькі паэты названага прызыву, але і тыя, хто дэбютаваў у 1980—1990-я гады: В. Аколава, I. Багдановіч, А. Бадак, Л. Галубовіч, А. Канапелька, М. Кандратаў, 3. Марозаў, Т. Мушынская, А. Пісьмянкоў і інш., што пацвярджаюць вышэй прыведзеныя вершы.
Да творчасці А. Пісьмянкова неабходна звярнуцца яшчэ раз. Юнацкія летуценні, мроі, скіраваныя ў касмічныя сферы, памкненне «чытаць» зоры», што назіралася ў першых кнігах вершаў «Белы камень» (1983) і «Чытаю зоры» (1988), у трэцяй яго кнізе «Планіда» (1994) прыкметна саступаюць месца больш цвярозаму і разважліваму разуменню стасункаў чалавека і прыроды, чалавека і грамадства. 3 гэтай прычыны многія грамадска-сацыяльныя ўзаемадачыненні паўстаюць не толькі ў прывідна-ружовым асвятленні. Паэт спускаецца з завоблачных вышынь на грэшную зямлю і бачыць перад сабой далёкую ад ідыліі, суровую прозу паўсядзённага побыту, дзе часам вельмі непрыглядна, нават пачварна пераплецены дабро і зло, гісторыя і сучаснасць:
I ў Хоцімску,
і ў Тураве,
і ў Глуску Адно сумуем мы па-беларуску. На жаль, на свеце ўсё нявечнае I ўсё на свеце незваротнае, А намі столькі ўжо знявечана Свайго, святога, роднага!
I мары ў нас патрушчаны, I храмы з ветрам пушчаны.
Глянь,
смерць плыве над пушчамі, Рукою д’ябла спушчана.
Глядзім услед мы абыякава — Ніякія!
Завём Якуба Якавам.
I ў Хоцімску,
і ў Тураве,
і ў Глуску Сумуем мы яшчэ па-беларуску.
[45, с. 26]
У вершы А. Пісьмянкова падкрэсліваецца пэўная заканамернасць, калі парушаная ў глабальных маштабах гармонія разнастайных узаемадачыненняў чалавека і прыроды трансфармуецца ў сваю супрацьлегласць. Наступствы дысгармоніі ў прыродзе існуюць у непасрэднай, прамой прапарцыянальнай залежнасці з «экалогіяй» душы асобы і бездухоўнасцю соцыуму. Канфлікты і парадоксы рэчаіснасці становяцца сацыяльнай дамінантай і ўсё больш прыцягваюць увагу мастакоў незалежна ад іх узросту, набываючы кантрастнае адлюстраванне ў творах прыгожага пісьменства (кнігі паэзіі В. Гардзея «Межань», 1999; А. Канапелькі «Летазлічэнне», 1999; Н. Маеўскай «Падаюць даспелыя ранеты», 2001).