Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Відавочна, што вечная тэма прыцягвае ўвагу не толькі жанчын-паэтак. Паэты таксама даволі актыўна прычыняюцца да лірыкі кахання. Прыгадаем кнігі Г. Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці» (1986) і Л. Дранько-Майсюка «Стомленасць Парыжам» (1995), у якіх сабраны вершы пра каханне. Кажуць, што стомленасць, ды яшчэ Парыжам, у якім наўрад ці пабываў, — віртуальная мастацкая рэальнасць, містыфікацыя. А вось наконт пачуццяў кахання трэба сказаць (размова пра кнігу Л. Дранько-Майсюка), што ў іх прачытваецца прэтэнцыёзнасць, устаноўка
на элітарнасць, арыстакратызм. Аднак праз гэту элітарную вытанчанасць, як зазначае Л. Рублеўская, прабіваецца давідгарадоцкі дэмакратызм знаёмага побыту, згадваюцца шматлікія мясціны сучаснага Мінска («Над Прыпяццю і над Гарынню, // He дакранаючыся да зары, // Хрысціў ерусалімскай сінню // Свой век: што перайшоў за трыццаць тры»; «Калі званілі ў Кафедральным, // Спыніла Свіслач на хаду // У нейкім одуме астральным // Сваю зялёную ваду...» [18, с. 20, 36]).
Увогуле ў лірыцы кахання Л. Дранько-Майсюка пануе сапраўдная мазаіка стыляў, вобразаў, матываў, алюзій з розных антычных і біблейскіх крыніц, рэмінісцэнцый з сусветна вядомых літаратурных мастацкіх, музычных твораў: лілея каралеўская, вербена, вяргіня, хрызантэма, галінка глогу, магноліі, лаванда, майская ружа, гіяцынты, хрызаліт, персідская парча, віфлеемскі снег і г. д. Слых цешаць гукі багемнай музыкі. На падмостках тэатра бачыцца балетная ножка. Што тут скажаш — сапраўдная экзотыка і подых багемы. Аднак, пры ўсім пры тым перавага аддаецца не экзатычным малюнкам далёкіх заморскіх краін, а рэаліям беларускага побыту, нацыянальнай культуры, гісторыі: «А паўз тэатр правозілі «Пагоню» // I ўзносілі на жоўтае ЦэКа»; «Што беларусы — нацыя жаночая // He з бацькавай, а з матчынаю мовай» [18, с. 89, 87],
Над усёй пярэстасцю беларускага нацыянальнага каларыту, замежнай экзотыкі, антычнасці, біблейскіх вобразаў і сюжэтаў узвышаецца рэальны, зямны і адначасова ўзняты над паўсядзённай прыземленасцю вобраз Жанчыны, Каханай («Ты, як малітва да Бога...»):
Ты, як малітва да Бога, Недашаптаная мной, — Чыстага снегу знямога Над беларускай зімой! Бачыць такое магчыма Хіба што ў райскім агні, Дзе не старэюць жанчыны I не канчаюцца дні... Ты і ў калядную сцюжу Шчодрая на цеплыню, Кідаеш майскую ружу
Мне і марознаму дню. Ты — ад нямоты збавенне, Мой пурпуровы ўзвіў. Знай — і тваё нараджэнне Снег віфлеемскі спавіў.
[18, с. 93]
Каханая бачыцца ў нейкім незямным арэоле, спавітая німбам далучанасці да святых таямніц. Абавязковым фонам з’яўляецца музычнае суправаджэнне: чуецца то гучанне струны клавесіна, то плач раялю, а светлы плашч Каханай — не што іншае, як «праўдзівы плач // Каларатурнага сапрана» [18, с. 79].
«Зборнік «Стомленасць Парыжам», — слушна разважае Л. Рублеўская, — увасабляе пошук аўтарам гармоніі, і пошук удалы. Усё ўпісваецца ў межы стылістыкі: назва, фотаздымак аўтара, віртуозна выбудаваная паслядоўнасць твораў: напачатку дзённікі, затым «Вершы для А.», датаванне якіх пераклікаецца з датамі дзённікавых запісаў і пры жаданні могуць дапаўняцца адно адным; затым эгаэсэ, у якім усё тыя ж тэмы развіваюцца на іншым узроўні». I далей: «Абраная паэтам стылістыка патрабуе ад яго віртуознасці выканання. Каб была яго творчая задача выканана на менш высокім узроўні, мы б мелі яшчэ адну «фанэру над Парыжам». Каб на болып высокім — хто ведае — новы віток беларускай паэзіі. Пакуль што мы маем паэта Дранько-Майсюка, на якога, у сувязі з вышэйсказаным, навешваю «цэтлік» аўтаміфалагізаванага неамадэрніста (у адрозненне ад постмадэрністаў, якіх апякуе Валянцін Акудовіч) [33, 1996, 29 лістап.].
Трэба сказаць, што «аўтаміфалагізаваны неамадэрніст», эстэт Л. Дранько-Майсюк пры ўсёй яго заяўленай эрудыцыі, веданні сусветнай літаратуры і мастацтва і эклектыцы паэтыкі тым не менш не выходзіць за рамкі традыцыйнага рытміка-інтанацыйнага гучання і формы вершаванай страфы: пераважна гэта катрэн, ёсць адзін ці два санеты («Ёсць нешта польскае ў табе — таемнасць тая...», «Ад снежня снеж, ад студзеня я студу...»). Сапраўды, «Стомленасць Парыжам» пацвярджае думку Л. Рублеўскай, што стылістыка містыфікацыі абуджае фантазію, узбага-
чае пошукі мастацкай самарэалізацыі творцы і сведчыць пра разняволенасць мыслення сучаснай паэзіі.
Вывучэнне інтымнай лірыкі нельга абмяжоўваць толькі прыкладамі ўзвышана-рамантычнага, гарманічнага кахання, бо гэта не адпавядае ні мастацкай, ні сацыяльнай рэальнасці. He будзем забываць, што каханне бывае не толькі шчаслівае, але і драматычнае, безадказнае, няспраўджанае. Падобныя лірычныя перажыванні асабліва глыбока выяўлены ў жаночай паэзіі (кнігі, якія называліся вышэй, — Р. Баравіковай, А. Канапелькі, Г. Каржанеўскай, Н. Маеўскай, Н. Мацяш, Я. Янішчыц і інш.).
Нельга абысці ўвагай тую сумнавядомую акалічнасць, што на парозе трэцяга тысячагоддзя ўзвышаныя, далікатныя пачуцці, як і многія іншыя духоўныя каштоўнасці, усё больш падвяргаюцца дэвальвацыі. Каханне як выява духоўнасці абясцэньваецца і саступае месца адносінам утылітарным, грубым, прымітыўным, так званаму каханню на бытавым узроўні. Пачуцці падмяняюцца сексам, гвалтам, насіллем, што мутнай пенай абрушваюцца з экранаў тэлевізараў, са старонак шматлікіх перыядычных выданняў, бульварна-дэтэктыўных раманаў і іншага чытва.
Беларуская літаратура канца XX стагоддзя таксама не стаіць у баку ад усеагульнай тэндэнцыі зніжэння параметраў духоўнасці ва ўзаемадачыненнях закаханых, што залежыць найперш ад выхаванасці кожнага паасобку, ад асабовасці і ступені самаўсведамлення сваёй чалавечай годнасці.
Тэндэнцыя абездухоўленасці кахання была заўважана яшчэ У. Караткевічам, які ў вершы «Аптымізм» не без іроніі выказаўся на гэты конт:
Наймічку таксама добра каля печкі цалаваць, Калі лёс не шле царыцы, суджанай навек табе.
[26, с. 189]
Г. Далідовіч у сваіх навелах «Жар кахання» паспрабаваў спасцігнуць сутнасць эратычных узаемадачыненняў на прыкладах гісторый, якія расказваюць каханкі.
У паэзіі аналагічную спробу зрабіў С. Адамовіч. У яго кнізе «Плавільшчыкі расы» ёсць вершы, далёкія ад эротыкі і грубага фізіялагічнага прымітыву («Я чуў, каханая, 70
што ты будуеш дом...» і інш.). У болыпасці ж вершаў, якія адлюстроўваюць агульны ўзровень духоўнай культуры сучаснага соцыуму, так званае каханне — на патрэбу дня, свабоднае ад усялякіх абавязкаў і маральных асноў, — зведзена да пасцельных эпізодаў, да задавальнення сексуальных памкненняў («Ода жаночым вусікам як эратычнаму сымболю, як знаку жаночай мужнасці, як прычыне мужчынскага неспакою», «Сентыментальная сустрэча на лініі агню» і інш.). Радкі вершаў нярэдка сагравае добрая і шчырая ўсмешка («Не магу, не хачу адмовіць...», «Зайшла. Расказала пра мужа...», «Госця» і інш.). Да гонару паэта варта зазначыць, што яго лірычны герой умее пасмяяцца і паіранізаваць над самім сабой. Выяўляючы пошласць і бездухоўнасць выпадковых інтымных сустрэч, праяў грубага сексу, агаляючы сакральнае, таемнае, што дала прырода, С. Адамовіч знарок утрыруе інтымную адкрытасць, шакіруючы падобнай эпатажнасцю.
Пропаведзь свабоднага кахання, эротыкі, сексу сродкамі масавай інфармацыі адпавядае сённяшняй рэальнасці, і ў гэтым бачыцца яе натуральнасць, аднак беларуская літаратура як выява нацыянальнага менталітэту, выхаванага стагоддзямі трывалых маральных асноў, заўсёды вылучалася высокімі духоўнымі запатрабаваннямі, цнатлівасцю, ёй па вялікім рахунку не ўласцівая і чужародная схільнасць да прапаганды пошласці, сексу, эротыкі, грубай фізіялогіі. Душа беларуса спрадвеку не прымае падобнага чытва, бо арыенцірам была і застаецца прага ідэалу, прыгажосці, чысціні. Вось чаму аголенасць таемных пачуццяў у вершах С. Адамовіча або ў празаічных творах А. Глобуса ўспрымаецца хутчэй як выклік і пародыя на каханне. Своеасаблівым мастацкім катарсісам з’яўляюцца творы хрысціянскага зместу.
У канцы XX стагоддзя беларускі чытач пасля многіх дзесяцігоддзяў забароны зноў атрымаў магчымасць далучыцца да тых твораў, матываў, вобразаў, ад якіх на доўгі час быў адлучаны ваяўнічым атэізмам. Нарэшце знята забарона з паэзіі духоўна-хрысціянскага зместу, і слова Бог, як гэта было прынята на працягу стагоддзяў, зноў пішацца з вялікай літары. Паэты на розныя галасы ўслаўляюць
геніяльнага Архітэктара, Мастака, Стваральніка Сусвету. Хрысціянскія матывы, малітвы, звернутыя да Бога, як і вершы пра каханне, сёння можна знайсці, мусіць, у кожнага з паэтаў. Неабходнасць далучанасці да святога прычасця, вера і запаведзі хрысціянскай маралі працягвалі моцна ўтрымлівацца ў душах беларусаў і ў эпоху духоўнага нігілізму. Таму наколькі нялёгка, хваравіта, з вялікімі душэўнымі стрэсамі адбываўся працэс насаджэння бязбожніцтва, настолькі лёгка адбываецца і вяртанне да вышыні. Гэты працэс павароту тварам да Бога пацвярджаецца з’яўленнем шматлікіх выданняў духоўнага зместу. У сувязі з гэтым беларуская паэзія таксама не засталася абыякавай, пра што сведчаць кнігі, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Цвінтар» (1992) і «Капліца» (1994) В. Аксак, «Вялікдзень» (1993) I. Багдановіч, «Евангелле ад Мамы» (1995) Р. Барадуліна, «На высокім алтары» (1994) Н. Гілевіча, «Божа мой, Божа» (1993) Д. Бічэль, «Святога вечара чакаю» (1995) X. Жычкі, «Малітва за Беларусь» (1989) Зніча (Бембеля), «Аддай асалоду Богу» (1997) Л. Раманавай, «На рэштках Храма» (1994) В. Шніпа і інш.
Прага высокай духоўнасці, ачышчэння душы, набыцця душэўнай раўнавагі, просьба дараваць грахі, даць годны лёс беларускаму народу — такі асноўны змест гэтай паэтычнай споведзі, звернутай да Бога.
Паказальна, аднак, тое, што асноўнымі матывамі паэзіі хрысціянскага зместу з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычныя і адраджэнскія тэмы, што пацвярджаюць усведамленне непадзельнасці асабістага лёсу творцы з лёсам беларускага народа. Значнае месца ў звароце да Бога займаюць малітвы за Беларусь, якія можна сустрэць у многіх паэтычных зборніках канца 1980-х — 1990-х гадоў. Напрыклад, у нізцы «У Вострай Браме», якой пачынаецца кніга паэзіі Д. Бічэль «Снапок» (1999), малітоўна і балюча суперажываецца лёс роднага краю і яго лепшых сыноў («Тут на Радзіме...», «Божа! Вазьмі нас...», «Балада»). Грамадзянскія і біблейскія матывы вельмі выразныя. Паэтэса просіць падараваць Радзіме незалежнасць, моліцца за свабоду і духоўную разняволенасць асобы і народа. Адчуваючы сваю творчую і грамадзянскую незапатрабаванасць, 72