Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Свет пачуццяў і настрояў В. Аксак супярэчлівы, складаны, неардынарны, але яе лірычная гераіня суцяшае сябе тым, што жыццёвая неўладкаванасць, як і душэўная беспрытульнасць, самотнасць, — з’явы часовыя, якія толькі падрыхтоўваюць да іншага, вечнага шляху. У звароце да Усявышняга, у споведзі Дзеве Марыі шукае паэтэса душэўнай заспакоенасці, складаючы ў малітвах штодзённыя справаздачы ўласных паводзін, учынкаў, думак — грэшных і праведных («О, дзева-маці...», «Строфы» і інш.):
Маці Марыя, літасцю Божай дай мне не ўпасці ў нізкі адчай, меркаю поўнай спраў Тваіх гожых мой каляіністы шлях прыкмячай!..
[3, с. 68]
Калі параўноўваць вершы В. Аксак і I. Багдановіч, то можна заўважыць, што зварот да Bora, гутарка з ім у кожнай з паэтэс падаюцца па-рознаму, закранаюць розныя струны чалавечай душы. Адна імкнецца дасягнуць поўнай гармоніі, зладжанасці думак і пачуццяў, другая засяроджвае ўвагу на супярэчлівай сутнасці нязвыклых стасункаў, чалавечых узаемадачыненняў, драматызуючы пры гэтым сваю прысутнасць у касмічнай прасторы і свой лёс. Дамінантай у лірычным роздуме I. Багдановіч з’яўляецца гарманічная заспакоенасць, перавага аддаецца нацыянальнай традыцыі, у сакральную споведзь В. Аксак болын ад-
крыта і напорыста ўрываюцца драматычныя калізіі часу, узнікае шмат пакутлівых пытанняў, звернутых да самой сябе. Пошукі вядуцца на сумежжы нацыянальных і сусветных, літаратурных і біблейскіх традыцый.
Хрысціянскія матывы і вобразы шырока асэнсоўваюцца ўпершых паэтычных зборніках Ігара Пракаповіча «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999), Людмілы Сіманёнак «Разгорнуты сусвет» (1999), Лявона Неўдаха «Чорнае святло» (1998), Ларысы Раманавай «Аддай асалоду Богу» (1997). Агульнымі духоўнымі арыенцірамі бачацца «Бог, Радзіма і Любоў» (Л. Сіманёнак) — пастулаты веры і маральнаэтычнай арыентаванасці асобы. Дамінантай у звароце да Бога з’яўляюцца грамадзянскія пачуцці, балючыя перажыванні, засяроджаныя на лёсе Айчыны, Бацькаўшчыны, што найбольш выразна засведчана ў вершах Л. Неўдаха («Грэх», «Сафійскі сабор», «Немач», «Не бядуйма...», «Павешанае сэрца»), I. Пракаповіча («Крызіс... Эпоха...», «Па свеце колькі ні блукай...», «Душа мая, чаму ты спіш...», «Я перад вамі вінаваты...», «Пад сховішчам гаючай цішыні...», «Памяць», «Настальгія»):
Ціха ў храме пустэльным малюся. Літасці ў Бога прашу Беларусі.
Ціха малюся...
А там, за вуглом,
Ева гандлюе прыродным грахом. Хутка напоўняцца Божыя соты. Хто будзе мёдам?
[48, с. 21]
Драматызм супярэчлівага часу абумоўлівае публіцыстычнасць многіх твораў, дзе асэнсаванне пэўных палітычных і грамадзянскіх калізій набывае палемічную вастрыню, маналог споведзі перарастае ў дыялог водпаведзі, прамаўленне пазначана горыччу, гневам, горкай іроніяй:
Я перад вамі вінаваты, што парушаю ваш спакой, Што гавару пра Курапаты, I пра палын над галавой.
Я вінаваты перад вамі, што вам ніколі не маніў.
Пад беларускімі сцягамі Айчыну помніў і любіў.
He злодзей я, а вы — не суддзі, хоць і выносіце прысуд.
За костку псіна звягаць будзе, А кат-суддзя крычаць: «Ату!» Адзіны суд мне — лёс Айчыны.
I ёй прысвечаны мой шлях. Пражыць не пасынкам, а сынам
3 цяплом і праўдай у вачах...
[48, с. 15]
Старонкі гераічнай памяці мінулых стагоддзяў выклікаюць настальгічны настрой, нават песімістычныя ноткі адчаю. У бясколерных, выцвілых, бляклых фарбах бачыцца Айчына, у якой няма будучыні:
У мяне няма Айчыны... Я не знаю яе голасу, я не бачу яе постаці, я не адчуваю яе душы. Нават у коле сяброў...
[48, с. 8]
Лірычна-драматычныя калізіі паэтавай медытацыі абумоўленыя геапалітычнай наканаванасцю беларушчыны, аднак не пазбаўленыя веры ў гаючыя лекі бацькоўскай зямлі, бо толькі тут, у родным куце, душа адпачывае ад стрэсаў. Нават самых знявераных, аблудных дзяцей сваіх родная зямля робіць лепшымі, дабрэйшымі, растапляе лёд у заскарузлых сэрцах:
Па свеце колькі ні блукай, А ўсё адно — усе шляхі Вядуць у ціхі родны край, Дзе адпускаюцца грахі.
Пастаўце свечку на акне Для тых, хто змушаны блукаць, Хто кожны крок свой лёс кляне, Ужо стаміўшыся шукаць.
Як і I. Пракаповіч, Л. Неўдах асэнсоўвае і развівае аналагічную тэзу Л. Талстога, заяўленую ў апавяданні «Ці многа чалавеку зямлі патрэбна». У сваім трыпціху «Альфа і амега» паэт разважае пра імгненне нашага быцця на Зямлі, пра неабходнасць на парозе вечнасці крытычна ўзважваць паводзіны, учынкі, падсумоўваць набытае, вывяраць узаемадачыненні ў людскім гурце прынцыпамі біблейскай запаведзі:
3 нябёс, ад Бога, добра бачна тое:
Канец дарогі нашай на пагосце.
На гэтым свеце мы таксама госці —
3 нябёс, ад Бога, добра бачна тое.
Дык ці патрэбна нам чарнець у злосці?
Сагрэе ўсіх свячэнне залатое...
3 нябёс, ад Бога, добра бачна тое: Канец дарогі нашай на пагосце!
[42, с. 57]
У створаным паэтамі мастацкім універсуме, напоўненым кантрастамі і супярэчнасцямі, размяжоўваюцца свет і антысвет, дабро і зло, святло і цемра, боскае і сатанінскае. Так, у вершы Л. Раманавай «Любіць усё...» выявы далёка не ідэальнай, нават вычварнай, абсурднай паўсядзённасці перакрываюцца мажорнымі акордамі няхітрай, але мудрай і жыццёва неабходнай натурфіласофіі:
А на іконе — кроў. I д’яблавае вока Зацягвае мяне — і не адну мяне — кудысь глыбока; Там пуста ўсё. Там свет пачварны. Паэты — п’юць. I сны іх — мары.
I крышацца нажы аб вату.
Каханая твая гаворыць матам...
...I цягнецца жыццё зямное Як нейкі жарт, як штось дурное.
А ноч міне. I холад згубіць сілу. Ўздыхне зямля, і будзе гэтак смешна й міла Ісці па цёплых лужынах
і радавацца небу.
Любіць усё.
А болей і не трэба.
[50, с. 56-57]
Сам факт існавання чалавека на Зямлі бачыцца як дзівосны дарунак, таму паэтэса так дапытліва спрабуе зазірнуць за рысу фатальнай непазбежнасці, разгадаць таямніцу жыцця і адыходу ў іншасвет («Пяшчотна, сонечна, ўрачыста...», «Твае косы, як ноч, жывыя...»):
Дзівіцца — сёння, заўтра, праз год ці месяц чароўнаму агню, што дзесьці ў нас жыве, спяваць хоць зрэдку вымушае (а плачам больш заселена прастора).
Таемнасць — вось адно, што ёсць, што вабіць, не дае спакою, як жоўценькі гарлачык ускрай вады, — так блізенька расце, але ж не дакранешся!
[50, с. 70]
У другім з названых вершаў эсхаталагічныя рэмінісцэнцыі выклікаюць нязгоду аўтара. У заключнай сентэнцыі апошніх радкоў даволі катэгарычна адчуваецца максімалісцкае ўспрыманне навакольнага свету як рэальна існуючай прадметна-адчувальнай субстанцыі:
Болып за ўсё чалавечае слова значыць, Бо ўсё існае — толькі тут.
[50, с. 52]
Быццё і таямніцы нябыту, іншасвет, антысвет становяцца аб’екгам рэфлексіі, мастацкага псіхааналізу, у якім асаблівая ўвага надаецца зменлівым уражанням лірычнай гераіні, яе настрою, як мажорнаму, аптымістычнаму, так і мінорнаму, трывожнаму. Знарок згушчанымі фарбамі, нагрувашчваннем адмоўных эмоцый, на сумежжы явы і сну Л. Раманава імкнецца стварыць натуралістычна дакладнае відовішча Апакаліпсісу («Канец свету»):
А пазней будзе рушыцца неба...
Захлынецца ў полымі свет.
Можа, гэтак будзе ляцець камета?
I ад нашай зямлі —
Толькі след застанецца. Пылам касмічным
Асядзем ці ў холад, ці ў жар...
А цяпер — гэта сон, гэта — сніцца:
Няма небасхілу. Навокал — пажар. Я стаю перад полымем і спякотай, Людзі побач... Нідзе паратунку няма. Толькі крык-цішыня.
I на вуснах ва ўсіх — Невымоўнае дзікае «а-а-а!..» Ува ўсіх — на асветленых смерцю тварах...
[50, с. 74]
Нельга не заўважыць, што многія вобразы, на якія ўскладзена функцыя духоўнай арыентацыі ў шматлікіх узаемадачыненнях мастацкай побытавай рэальнасці, набываюць устойлівыя рысы архетыпаў. Асаблівае значэнне мае архетып свечкі як повязь паміж нябесным і зямным: «Божа! Ты ж сам гэты шлях прызначыў — // Свечку ў канцы пастаў», — просіць Л. Сіманёнак, і свечка, ёй дараваная Богам, павінна ачышчаць душу ад грахоў і асвятляць дарогу ў іншасвет. У вершы ж «Не адхіні ахвяры, Беларусь!..» «агонь грамнічнай свечкі» як сімвал веры і надзеі на адраджэнне беларушчыны «святлом любові ачышчае шлях» [53, с. 12, 18],
У многіх творах крыж — знак пакуты і веры, сакральная выява грамадскай свядомасці. У паэме М. Башлакова «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—1990) крыжы-абярэгі маюць магічнае значэнне. Яны «ад буры, пажару, // Вады і маланкі // Ахоўвалі стрэхі» [12, с. 15]. Ля іх адбываліся ўсе вясковыя падзеі і святы: бласлаўлялі дзяцей у далёкую дарогу, сустракалі гасцей, праводзілі ў апошні шлях. Ад нараджэння да скону крыжы аберагалі вяскоўцаў ад злых сіл, але знішчальны шквал чарнобыльскай бяды пранёсся над квітнеючым Палессем. Жалобным акордам прагучалі радкі М. Башлакова: «А сёння, а сёння // У стылую восень // Няма ні крыжоў // На Палессі, // Hi вёсак» [12, с. 16].
Адзнакамі вялікай трагедыі канца XX стагоддзя сталі не толькі пахаваныя пад радыяцыйным пылам вёскі і пакінутыя магілы продкаў, але і апусцелыя храмы:
Адзінокай свечкай стыне На крыжы глухіх шляхоў Храм: Марыі-Магдаліны Між заснежаных палёў.
I нідзе вакол нікога.
Толькі зябне маладзік.
Ды ў царкве прад лікам строгім Вецер моліцца адзін...
[12, с. 65]
Адзінокі, пакінуты, разбураны храм («На рэштках Храма» В. Шніпа), храм, «дзе без званоў званіцы» («Сафійскі сабор» Л. Неўдаха), укрыжаваная Беларусь («Беларусь на крыжы» Р. Барадуліна), дарога, якая вядзе «туды, дзе ўжо няма нічога» («Спазнаўшы непатрэбнасць усіх сваіх надзей...» Л. Раманавай), — даволі дакладныя і недвухсэнсоўныя выявы мастацкай рэальнасці, у якіх адлюстраваліся разбуральныя працэсы ў побыце соцыуму канца XX стагоддзя. Гэтыя архетыпы разам з тым утрымліваюць і характарыстыку лірычнага героя — чалавека няпэўных перакананняў, маргінала, які ад зямлі адарваўся і неба не дастаў, завіс паміж небам і багнаю, кідаецца з крайнасці ў крайнасць: то ён ваяўнічы атэіст, то раптам стаў непахісным вернікам. У гэтай няпэўнасці настрою і адсутнасці цвёрдых перакананняў часцей за ўсё бачыцца не што іншае, як гульня, даніна пэўным павевам часу, што трапна засведчана ў сатырычным вершы «Напярэдадні» Р. Тармолы-Мірскага.
Горкая іронія, сарказм паэта скіраваны супраць людзей з брудным сумленнем, тых, хто ідзе ў царкву не пакаяцца і ачысціць душу, а найперш атрымаць індульгенцыю адпушчэння грахоў: «Кажуць, бог — дзівак спрадвечны, // Свету маючы ключы, // За адну слязу і свечку // Можа вельмі памагчы» [33, 2000, 13 кастр.].