Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Сучасная беларуская літаратура — гэта літаратура мяжы стагоддзяў і тысячагоддзяў, што вымушае творцаў падсумоўваць перажытае і задумвацца над далейшымі шляхамі нацыі і чалавецтва. Асабліва пільная ўвага да «праклятых пытанняў» і глабальных праблем у кантэксце ірацыянальнай эпохі падштурхнула да пошуку адказаў адносна ўнутранага свету асобы і заканамерна зрабіла прадметам мастацкага адлюстравання яе суб’ектыўную свядомасць. Ва ўжо згаданай намі кнізе У. Гніламёдаў піша: «...Трэба сказаць, што ўстаноўка на самавыяўленне — хоць і не ў аднолькавай ступені — уласціва для ўсіх гэтых вызначаных намі мастацка-стылявых плыняў» [17, с. 151], Агульналітаратурныя тэндэнцыі развіцця ўплываюць на ўсю паэзію, на публіцыстычную ў тым ліку, і яна пачынае асвойваць новыя сродкі мастацкай выразнасці, не цураючыся ранейшых набыткаў. Таму, на наш погляд, аналіз публіцыстычных твораў апошніх гадоў дазволіць прасачыць змены ў працэсе развіцця ўсёй сучаснай айчыннай паэзіі. Адразу зробім вельмі істотнае ўдакладненне. Прадметам даследавання стануць творы не толькі чыста публіцыстычнага жанру, але і тыя творы, якія незалежна ад жанру нясуць на сабе адбітак публіцыстычнасці.
Сучасная беларуская паэзія, як ужо зазначалася, вельмі па-рознаму ацэньваецца крытыкамі і літаратуразнаўцамі. Іх станоўчыя водгукі мы пакуль пакінем без увагі, а зададзімся пытаннем: за што ж крытыкуюць сучасную паэзію? Як адзін з варыянтаў адказу можна прывесці такія заўвагі: «Слабасць многіх твораў нашай паэзіі апошніх гадоў у тым, што аўтары іх толькі сузіраюць і апісваюць 96
жыццё, а не ацэньваюць яго на аснове вышэйшых чалавечых каштоўнасцей. Вынік усяго гэтага — упадак этычнай актыўнасці паэзіі, адсутнасць этычнага моманту як састаўной часткі эстэтычнага перажывання. Паэзія, ігнаруючы патрабаванні формы, працягвае блудзіць у зарасніках знешняй складанасці, цураючыся эстэтычна прадуманай прастаты, упарадкаванасці» [18, с. 208]. Да сучаснай ліра-публіцыстыкі гэтыя заўвагі адносяцца ў апошнюю чаргу. У дадзеным выпадку этычны момант у значнай ступені абумоўліваецца жанрам. Праўдзівасць, прынцыповасць, эмацыянальнасць, палемічнасць як асноўныя якасці публіцыстыкі патрабуюць выразнай ацэнкі. Што да формы, то тут, відаць, іншая крайнасць: прастаты зашмат, і прастаты не прадуманай, а бязважкай, блізкай да прымітыўнага. Яе, зразумела, не пазбыцца, блукаючы «ў зарасніках знешняй складанасці». Адзін з выхадаў — творчае, падкрэслім менавіта творчае, асваенне набыткаў, дасягненняў папярэднікаў.
Літаратура пэўнага перыяду развіцця амаль заўсёды мае ўлюбёныя вобразы-сімвалы, свайго роду, як сёння можна сказаць, візітныя карткі творчасці, якія шырока выкарыстоўваюць многія пісьменнікі. Іх часта яшчэ называюць усёабдымнымі метафарамі, паэтычнымі першавобразамі свету, архетыпамі паэтычнага слова. Але, паводле справядлівай заўвагі расійскага даследчыка I. Хальтхузена, мадэль свету не вычэрпваецца ні метафарай, ні яе шматлікімі варыянтамі. «Мадэль свету, — піша вучоны, — гэта хутчэй за ўсё адкрытая мадэлюючая сістэма разнастайных полівалентных знакаў — элементаў чалавечага мыслення і чалавечай мовы» [44, с. 155].
Адным з такіх полівалентных знакаў у творчасці сучасных беларускіх паэтаў з’яўляецца вобраз-сімвал шляху. Думаецца, тут да месца будзе весці гаворку не толькі пра вобраз-сімвал, а і шырэй — пра ідэю шляху.
Пошукі шляху ў ліра-публіцыстыцы маюць перш за ўсё выразную адраджэнскую афарбоўку. З’яўленне адпаведнага вобраза ў творчасці пісьменнікаў у значнай ступені абумоўлена станам грамадства. Іменна сацыяльны аспект на сённяшні дзень найболып даследаваны, іменна на ім звычайна
акцэнтуецца ўвага пры аналізе дадзенага вобраза ў сістэме іншых папулярных цяпер у сучаснай беларускай літаратуры нашаніўскіх вобразаў (вобраз забранага краю, летаргічнага сну, Вясны, Вялікага Сходу і г. д.), якія «бытавалі як агульнапрынятыя формулы, складаныя мастацкага коду, своеасаблівага «почырку» пісьменнікаў-«нашаніўцаў» і былі непасрэдна звязаны з працэсам публіцыстычнага, нават «газетнага» («нашаніўскага») асваення рэчаіснасці» [7, с. 43],
Шлях у сучаснай паэзіі — у значнай ступені грамадзянскае і сацыяльнае дзейства ў гісторыі. Ідэя шляху цесна звязваецца з паэтычнай катэгорыяй памяці. Усе часавыя адрэзкі, усе этапы шляху знаходзяцца ў актыўным узаемадзеянні. Сучасная эпоха і будучыня, мэты шляху і іх правобразы бяруць свой пачатак у гістарычных падзеях. Тэма шляху рэалізуецца не толькі пры дапамозе метафары шляху, яна адлюстроўваецца праз шматлікія прамыя і ўскосныя аповеды і развагі пра мінулае і сучаснае жыццё. Здабыванне ўласнага шляху асобным чалавекам і цэлым народам абазначае іх жыццяздольнасць. Менавіта таму найбольш часта ідэя шляху выступае ў творах нацыянальнай праблематыкі. Тут яна рэалізуецца праз вобраз шляхувяртання, які мае некалькі варыянтаў. Адзін з іх — шлях дадому. На пытанне, куды вядуць усе дарогі свету, ёсць толькі такі адказ:
Дарожнай мудрасцю багаты, Прыйшоў да думкі чалавек: Усе іпляхі
Вядуць дахаты, Выток шануючы Спрадвек.
[29, с. 103]
Калі чалавек забывае дарогу дадому, ён становіцца чужаком на радзіме. Вяртанне ў свой край вясновай парой сімвалізуе адраджэнне душы, якое адбываецца пад уплывам адраджэння прыроды. Герой уступае ў дыялог з прыродай, адчуваючы на сабе цяжкі груз забыцця:
I стану я у цяжкім забыцці, Рукой крануўшыся кары шурпатай:
О, як мы многа трацім у жыцці, Калі на стрэчу не спяшаем з роднай хатай...
[21, с. 77]
Яшчэ адзін вобраз шляху — гэта шлях-успамін, падарожжа ў часе, калі адбываюцца сустрэчы з гістарычнымі асобамі. На старонках аднаго паважанага выдання давялося прачытаць, што надакучылі, маўляў, усе гэтыя князі, ваяры, паўстанцы... Каментарыі, што называецца, залішнія. Пагадзіцца тут, відаць, можна толькі ў адным: эстэтычна нізкавартасныя творы могуць надоўга адбіць ахвоту чытаць, сапсаваўшы самыя ўдзячныя для раскрыцця праблемы матэрыял і тэму.
Сучасная беларуская паэзія ў апошніх сваіх творах прыўносіць у паказ гістарычнага матэрыялу прыватнае, асабістае, камернае. Падзеі паказваюцца праз перажыванні канкрэтных людзей — знакамітых гістарычных асоб. Тут да месца будзе згадаць шматлікія вершы-балады В. Шніпа, напрыклад яго апошні цыкл «Балады Вялікага княства» з сямі вершаў («Балада Ягайлы», «Балада Грунвальдскай бітвы», «Балада Боны Сфорцы», «Балада Барбары Радзівіл», «Балада Сымона Буднага», «Балада Льва Сапегі», «Балада Міхала Клеафаса Агінскага»).
Зразумела, усе грані вобраза-сімвала вельмі цесна ўзаемазвязаны, і сацыяльнае нельга абысці ўвагай — гэта было б па меншай меры проста некарэктна, — але хочацца зрабіць акцэнт і на іншым, на асабістым, уласна аўтарскім разуменні ідэі шляху. У гэтым выпадку значэнне паняцця «шлях» набывае дадатковыя адценні.
У 1909 годзе А. Блок напісаў артыкул «Душа пісьменніка», дзе ёсць наступныя радкі: «Першай і галоўнай прыкметай таго, што дадзены пісьменнік не ёсць велічыня выпадковая і часовая, з’яўляецца пачуццё шляху. Пісьменнік — расліна шматгадовая. Як у касача ці ў лілеі з ростам сцяблоў і лістоў адбываецца адначасова перыядычнае развіццё каранёвых клубняў, — так душа пісьменніка пашыраецца і развіваецца перыядамі, а творы яго — толькі знешнія вынікі падземнага росту душы» [5, с. 369—370]. Выказаная думка ўзнікла як вынік саманазірання (вядома,
што ў эпісталярыі і прадмовах да зборнікаў А. Блока заўвагі пра асобныя перыяды сваёй творчасці і характарыстыка шляху цалкам займаюць выключнае месца). 3 цягам часу яна стала адным з галоўных адпраўных пунктаў пры аналізе творчасці любога аўтара, хоць значнасць пісьменніка немагчыма вымяраць у залежнасці ад адносін яго творчай сутнасці да катэгорыі шляху.
Літаратуразнаўца Д. Максімаў у сваіх работах, прысвечаных рускай класічнай паэзіі, распрацаваў паняцце пісьменніцкага шляху і прапанаваў дзве магчымыя трактоўкі. У адным выпадку шлях пісьменніка — гэта яго пазіцыя, у другім (ён убірае і папярэдні) — яго развіццё.
Беларускія пісьменнікі таксама звярталіся да гэтай тэмы. Так, побач з іншымі якасцямі сапраўднага пісьменніка Я. Колас выдзяляе наступную: «Паэт, пісьменнік у пэўнай ступені павінны быць вандроўнікамі. Прыгадайце Максіма Горкага, Пушкіна, Лермантава, Тургенева і таго ж Івана Андрэевіча Крылова, які любіў сутыкацца з народам на рынках, на кірмашах, каб пачуць ад яго трапнае слова, востры сказ» [25, с. 252],
У 1955 годзе з’яўляецца артыкул Я. Коласа «Сучаснасць і пісьменнік». Твор аддае даніну свайму часу, але ёсць у ім наступныя радкі: «Няхітрая справа патрапіць нагою ў пракладзены след, значна цяжэй, але затое і пачэсней, пракладваць шлях самому. ...уздзейнічаць на час, прадбачыць па працэсах сённяшняга дня воблік заўтрашняга — вось прызначэнне пісьменніка» [25, с. 263], Гэтыя словы ілюструюць і лёс самога Я. Коласа, які знайшоў свой непаўторны шлях у літаратуры.
Мяжа стагоддзяў і тысячагоддзяў стала эпохай вялікіх катаклізмаў, вострых супярэчнасцей і барацьбы ва ўсіх сферах жыцця. Змена светапоглядных і эстэтычных сістэм самым непасрэдным чынам паўплывала на развіццё нашай літаратуры. У творчасці многіх беларускіх пісьменнікаў вызначальную ролю мелі і маюць пошукі і пераходы да новага, працэс самавызначэння і самабудаўніцтва, якія часта выліваюцца ў тэму шляху. Моцная тэндэнцыя да аўтабіяграфізму, вызначальная для сучаснай літаратуры, таксама садзейнічае пастаяннай цікавасці да названай 100
тэмы. Заўважаецца, што пісьменнікі распрацоўваюць адну і тую ж тэму ў самых розных па жанры творах, у тым ліку — ліра-публіцыстычных.
Вядома, што метафара шляху, вандравання мае сваю даўнюю гісторыю. Яшчэ ў Бібліі чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці разглядалася як цяжкі шлях пазнання, дарога да ісціны, а чалавек прыпадабняўся да пілігрыма. На гэтай бясконцай дарозе чакае шмат расчараванняў, пакут і выпрабаванняў. Пісьменнікі гавораць пра іх як пра наканаванае і непазбежнае для сябе. Так паэт, які «думае вершы» і жыве «па-над Светам», можа мець жабрачы лёс:
Лёс звёў праз гады іх ізноў каля храма.
Зракліся іх людзі, Радзіма таксама.
Жабрак — клянчыць грошы, паэт — дорыць словы, Адзін — сын Варавы, другі — сын Хрыстовы.
[19, с. 152]