Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Занудлівы і голы, як нудзізм, Калі без толку і трусы, і штроксы, Паціху адышоў сацрэалізм, Але свае пакінуў парадоксы. Постмадэрновых творцаў пісчы цуг Працяў наскрозь паэтаў розных плойму. Хацеў бы «геній — парадоксаў друг» — Вярнуцца ў запаветную абойму.
[12, с. 6]
Стварэнне вершаў паказваецца як няпростая справа, вынікі якой часам можна падсумаваць коратка і іранічна: «Доўгі дзень // Зглуміў на прыіску слоў» (Н. Гілевіч. Доўгі дзень...) [15], I ўсё ж і.менна яна, карпатлівая праца над словам, паэзія складае сэнс жыцця творчай асобы. Якімі б ні былі абставіны, роднае слова на роднай зямлі дапамагае паэту пераадолець самыя складаныя перашкоды на сваім шляху:
Здавалася б, навошта больш пісаць На мове, іпто ў нябыт з табой сплыве, Пісаць, як на сабе кашулю рваць.
I ўсім крычаць, што Беларусь жыве. Здавалася б, навошта болей жыць У Краі, дзе нібы чужынец ты.
Жыць так, нібы супроць цячэння плыць, Нібы ісці штохвілі з цемнаты, I бачыць, быццам Бога, сіняву...
I мне штохвілі светла ад таго, Што толькі Тут я, як хачу, жыву I ведаю навошта й для чаго...
[46, с. 97]
У пары паэт—творчасць на першы план выступае менавіта творчасць. Паэт у нечым напамінае Багдановічавага летапісца, які, аддзелены ад нас смугою часу, занатоўвае думкі, тое, што само выліваецца на паперу:
I выльецца, што тоіцца на дне, Пра што не змог сказаць або прызнацца, 3 чым назаўжды самотна заставацца У неспакойным і трывожным сне.
[10, с. 116]
«Пішуць для таго, каб быць пачутымі», — заўважыў калісьці знакаміты рускі пісьменнік М. Прышвін. Відаць, з цягам часу прычыны, што прымушаюць брацца за пяро, мала мяняюцца, калі і сёння можна прачытаць:
I адчую ў душы адмыслова, Як слязінку на бляску ляза, Запаветную стоенасць слова, Што так хочацца свету сказаць.
[10, с. 115]
Трэба, аднак, заўважыць, што ў вершах пра паэзію ды і ў творах іншага кшталту, прысвечаных пытанням літаратуры, змяншаецца роля пісьменніка. Змяншаецца, на нашу думку, неапраўдана. Зразумела, на ўсё ёсць прычыны, але, выказваючы ўпэўненасць у тым, што паэзія будзе патрэбнай заўсёды, Л. Галубовіч пра беларускае вершаванае слова піша так: «Сённяшняя беларуская паэзія выглядае апатычнай, аслаблай, беззмястоўнай і безыніцыятыўнай. Нават у лепшых сваіх праявах (афарыстычнай філасафічнасці А. Разанава, дынамічнай узрушанасці У Някляева, слоўным слаламе Р. Барадуліна, какетлівай метафарычнасці Л. Дранько-Майсюка ды іранічным аптымізме А. Хадановіча) яна выяўляецца не на ўсю сваю патэнцыйную моц. Адзначана, што на сучасным сваім этапе яна не пашырае, а паступова (магчыма, што й змушана?) звужае прастору сваёй бытнасці ў грамадстве і змяншае ціск свайго духоўнага ўздзеяння на чалавека» [9, с. 205], Высокая паэзія, на думку аўтара, дзейнічае пакуль на чытача як «разавая ін’екцыя, што паніжае альбо павышае артэрыяльны (духоўны і душэўны) ціск канкрэтнага чалавека». У гэтых радках, што выйшлі з-пад пяра пісьменніка, прагучала праўда, для пісьменнікаў жа непрыемная. Рэкамендацыі, як выправіць сітуацыю, даюцца самыя розныя. «Ёсць перыяды, і наша цяперашняя эпоха сюды ж і адносіцца, калі не ўзнікала твораў мастацтва, якія застаюцца на вякі. Пытаецеся, што ж нам рабіць, калі нам наканавана жыць у такі час, калі нам не дадзена ствараць шэдэўры? Адказ просты. <...> Трэба працягваць узмацняць тое, што зараз адбываецца, а менавіта садзейнічаць узмацненню хао-
су, неўпарадкаванасці — неабходнай умовы самаарганізацыі, эвалюцыі. Парадак не ўмее самаарганізоўвацца. Хаос не вечны, але яму трэба даць сябе поўнасцю выдаткаваць», — піша С. Фаустаў, аўтар сайта Stihi.ru [45, с. 15— 16]. Падказка, скажам так, даволі спрэчная, але ў сваёй долі ісціны ёй адмовіць нельга. Напрыклад, нагнятанне хаатычнасці ў пошуках сучаснай беларускай паэзіяй новых формаў і дэманстратыўнае ігнараванне зместу прывялі да зрухаў у бок большай дасканаласці, майстэрскай адшліфаванасці і лёгкасці формы, напоўненай далёка не такім і простым зместам.
Яшчэ адзін сродак, пры дапамозе якога ўся літаратура, і паэзія ў прыватнасці (і асабліва яна), спрабуе выправіць становішча, — навізна, навізна ўсюды і ва ўсім. У сучаснай паэзіі, на жаль, вельмі многа прыкладаў нятворчага пераймання традыцыі, багата ўжо знаёмага, неаднойчы паўторанага, што той жа традыцыі на карысць не ідзе. Але і безаглядныя пошукі новага не прыносяць плёну, і ў гэтым у чытача таксама ўжо былі магчымасці і час пераканацца. «У апошнія гады асаблівую важкасць у якасці ацэнкі набыў аргумент навізны. <.„> Стан навізны ўспрымалі як безумоўную перавагу, з якой глыбакадумна вывелі прадуктыўную «сітуацыю няведання». Аднак калі навізна і ёсць вартасць, то (як маладосць) яна хутка праходзіць. Гэта ў поўнай меры пацвердзіла апошняе дзесяцігоддзе, калі ў нас на вачах з’явы паэзіі, адзначаныя ў якасці адзінай вартасці навізной, на наступны дзень пасля публікацыі ператвараліся ў безнадзейны плюсквамперфэктум», — чытаем у рэдакцыйных заўвагах часопіса «Вопросы лнтературы» [8, с. 39].
У «нагнятальнікаў хаатычнасці» ёсць многа вельмі сур’ёзных апанентаў. Аднойчы ў інтэрв’ю «Лптературной газете» Ф. Іскандэр, гаворачы аб прарочай місіі паэта, заўважыў, што ці не ў кожнага народа на самых нялёгкіх этапах яго гісторыі з’яўляліся творцы, якія сваім прыкладам насуперак аб’ектыўным абставінам даказвалі права нацыі на існаванне і духоўнае адраджэнне. Гэтым пацвярджаецца, што справа кожнага сапраўднага мастака — «выцягваць воляй да дабра з хаосу жыцця ясны сэнс, а не дадаваць да 116
хаосу жыцця хаос сваёй уласнай душы» [23, с. 15]. Сёння літаратура, напрыклад руская, па словах некаторых даследчыкаў, хоць яшчэ нясмела, пачынае браць на сябе гэту функцыю. А. Алёхін, галоўны рэдактар і заснавальнік часопіса паэзіі «Арнон» адзначае, што ў сучаснай рускай літаратуры «ў палітру, дзе традыцыйна, на працягу ледзь не цэлага стагоддзя, пераважалі трагічныя тоны разладу, усё адчувальней прымешваюцца больш гарманічныя тоны...» I далей: «Драматызм нашага быцця наўрад ці пайшоў на спад, але пошук адпаведнасцей чалавека са светам — такі ж сродак супрацьстаяння разладу» [1, с. 65],
Наўрад ці можна з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што такія ж працэсы адбываюцца і ў беларускай паэзіі, хоць некаторыя факты літаратурнага жыцця і самі творы даюць падставу гаварыць пра пэўныя падабенствы. Мастацтва слова падказвае: ніякія крызісы ў любой сферы жыцця не здольныя канчаткова пазбавіць чалавека надзеі і нішто не можа забараніць паэзіі несці гэту надзею людзям:
Цвітуць нябёсы, студзяць бег дарогі, Струменяць вецер, гушкаюць буслоў... Хай з году ў год не менее трывогі, He менее і цудадзейных сноў.
I сноў, і слоў, з якіх спадзеўка тчэцца, Ярчэючы шторанак пакрысе.
I вераць не трывозе, а спадзеўцы, Спадзеўцы светлай, як вядзецца, ўсе.
[6, с. 12]
Беларуская паэзія ў новым тысячагоддзі прадаўжае жыць не толькі надзеяй на лепшае, але і шукае новыя шляхі да мастацкай дасканаласці. Сапраўды, зараз у яе паэтаў, можа быць, больш, чым чытачоў, і існуе дастаткова рэальная пагроза быць замкнёнай у цішыні філалагічных кафедраў. Але, як сведчыць прыклад ліра-публіцыстыкі, творчыя пошукі і творчае засваенне ранейшых набыткаў айчыннага прыгожага пісьменства (якія, няхай і не ў такой колькасці, як хацелася б, усё ж маюць месца) даюць падставы спадзявацца ў будучыні на большае, чым ёсць у нас сёння.
II. Санет як традыцыйная жанравая форма сучаснай беларускай паэзіі
На мяжы стагоддзяў, у пераломныя эпохі, калі ўзнікаюць новыя эстэтычныя сістэмы, напрамкі і школы, пісьменнікі асабліва часта звяртаюцца да вопыту папярэднікаў. Заўважана, што ў паэзіі вельмі папулярнымі становяцца так званыя цвёрдыя формы, якія маюць пастаянныя памер, рыфмоўку, парадак размяшчэння і колькасць радкоў. Сярод іх — актава, віралэ, глоса, канцона, рандо, рандэль, рытурнель, санет, секстына, трыялет, тэрцына. У беларускай літаратуры апошніх гадоў названыя віды верша прадстаўлены творамі Г. Аўласенкі, Р. Барадуліна, Ю. Голуба, М. Дуксы, В. Жуковіча, В. Макарэвіча, М. Пазнякова і інш.
Сярод мноства цвёрдых формаў у сучаснай паэзіі асобна вылучаецца санет. Прычыны вялікай папулярнасці закладзены ў першую чаргу ў самой яго прыродзе. Нямецкі пісьменнік і вучоны I. Р. Бехср, аўтар працы «Філасофія санета, ці Маленькае настаўленне па санеце», называе яго закончанай формай дасканалага зместу, якая дасканалым жа чынам прадстаўляе паэтычны прынцып. Санет — гэта «ўвасабленне паэтычнай мудрасці» [4, с. 201], у якім аб’яднаны праўдзівае і прыгожае. У ім «з найбольшай дакладнасцю адлюстраваны закон мастацтва, які заключаецца ў тым, каб самымі эканомнымі сродкамі дасягнуць найбольшага эфекту» [4, с. 198]. Санет «з’яўляецца сапраўды дыялектычным відам паэзіі, у найвышэйшай ступені драматычным» [4, с. 194]. Акрамя таго, вучоныя адзначаюць лёгкасць успрымання санетнай формы. А. Фядотаў піша: «За шматвяковую гісторыю многанацыянальнай сусветнай паэзіі санет як самая дасканалая яе форма не мог не з’явіцца. Аптымальная порцыя лірычнага выказвання — лёгка аглядная, успрымальная і запамінальная, — калі прыгледзецца да вопыту выдатных майстроў мінулага і сучаснасці, вагаецца паміж трыма і чатырма чатырохрадкоўямі, гэта значыць якраз у межах 14 радкоў» [43, с. 5], Дзякуючы ўсім гэтым якасцям санет становіцца своеасаблівым аўтарскім мастацкім перастварэннем рэальнасці, дзе хаа118
тычнасць жыцця пераадольваецца дасканалай мастацкай формай і шырокі дыяпазон пачуццяў і думак пераплятаецца з тэхнічным майстэрствам.
На працягу гісторыі свайго існавання беларускі санет перажываў узлёты і падзенні. Нельга сказаць, што ў папярэднія перыяды развіцця літаратуры творцы абыходзілі яго ўвагай, але трэба адзначыць прыкметны пастаянны рост цікавасці да санета ў сучаснай беларускай паэзіі апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў. Пра гэта яскрава сведчаць факты літаратурнага жыцця. Так, у 1991 годзе выйшла кніга 3. Марозава «Апакаліпсіс душы» — першы ў еўрапейскай літаратуры вянок вянкоў санетаў, а ў 2002-м была выдадзена «Анталогія беларускага санета» (складальнік і аўтар прадмовы Я. Хвалей).
Нягледзячы на гэта беларускі санет трапляе ў поле зроку літаратуразнаўцаў не так часта, як таго заслугоўвае. Аднак спектр праблем для даследавання вельмі шырокі. Яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў XX стагоддзя В. Лебанідзэ пісаў: «Сучасная тэорыя санета адлюстроўвае не ўсю паўнату яго быцця, а толькі адзін з яго палюсоў — той полюс, у межах якога форма і змест санета адпавядаюць адно аднаму па законах класічнай гармоніі» [27, с. 52], Другі полюс, дзе адбываецца значнае пераўтварэнне або знішчэнне санетнай формы без знішчэння санета, застаецца недастаткова вывучаным. Гэта пытанне для нашай (і не толькі нашай) літаратуры актуальнае да цяперашняга часу. Сучасны беларускі санет не вызначаецца залішне смелымі эксперыментамі ў галіне формы, але ўпэўнена пацвярджае, што, вобразна кажучы, цвёрдая форма — форма не застыўшая і не зацвярдзелая.