Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Аднак змястоўнасць і вобразнасць танка Сіўчыкавым значна мадэрнізуюцца, у іх дадаюцца беларускія нацыянальныя элементы. Так, традыцыйны для японскай паэзіі вобраз вішнёвай квецені атрымлівае ў паэта зусім іншае напаўненне:
Гляджу скрозь шыбу пасля доўгай хваробы — пялёсткі вішань фарбуюць дахі ў сцягі бел-чырвона-белыя...
[48, с. 41]
Сіўчыкаў пераасэнсоўвае і такі шырока ўжываны ў старажытнай японскай лірыцы прыём, як выкарыстанне ў якасці зачыну вершаванай фразы геаграфічнай назвы, што несла ў сабе рытуальна-рэлігійнае (была звязана з боствам ці яго свяцілішчам) або метафарычнае значэнне (напрыклад, назва мясцовасці Фукагуса абазначае «густая трава»: вобраз дома, што зарос травой, становіцца сімвалам занядбанасці, пакінутасці). У паэтычным свеце аўтара «Высакоснага года» важнымі стаюцца, безумоўна, беларускія тапонімы, якія выклікаюць багатыя агульнанацыянальныя гістарычныя асацыяцыі:
Заслаўскі кірмаш віруе гаманліва. Дзесь непадалёк сном тысячагадовым забьшася Рагнеда.
[48, с. 81]
Або з’яўляюцца згадкай аб вельмі інтымным і асабістым:
Вусце Жодзінкі. Адарваў аерыну — гаркаваты прысмак пяшчотнага парастка нагадаў мне маленства.
[48, с. 43]
У параўнанні з традыцыйнай танка, ключавымі тэмамі якой заўсёды былі каханне, вандроўкі і прырода, сучасная танка, у тым ліку ў японскай літаратуры, дзе сёння назіраецца ажыўленне класічных малых форм паэзіі, значна пашырае свой тэматычны абсяг. У вершах У Сіўчыкава, разам з ужо згаданымі матывамі, адлюстраваннем свету прыроды і ўнутранага свету чалавека, значнае месца займае свет культуры:
Вельмі прыемна наўздагад разгарнуўшы том старадаўні ў алгарытме радкоў родную пазнаць душу.
[48, с. 38]
I гэта, безумоўна, таксама свет сучаснага чалавека, гараджаніна, што карыстаецца ўсімі выгодамі сучаснай цывілізацыі, атрыбуты якой («старая лядоўня», «даўняя стужка з-пад аўтаадказчыка», «электрастатычны джаз», той жа «алгарытм»), творча пераствораныя аўтарам, у якасці мастацкай дэталі арганічна ўваходзяць у мікракосм верша, напісанага па строгіх фармальных канонах старажытнай японскай лірыкі:
Мадэль якая у салоне гадзіннікаў — механічная або электронная пакажа шчаслівы час?
[48, с. 40]
Як было адзначана вышэй, жанр танка не набыў у беларускай паэзіі такой папулярнасці, як хоку. У пісьменні-
каў малодшага пакалення ён практычна не сустракаецца, як зрэшты і ў болып сталых майстроў слова. Выключэннем тут хіба што з’яўляецца нізка Ніла Гілевіча «Па чужых узорах» («Дзеяслоў», № 1), дзе разам з гекзаметрамі пададзены і прыклады танка. Пра іх варта сказаць колькі слоў, каб больш панарамна прадставіць названы жанр у сучаснай беларускай паэзіі, не абмяжоўваючыся толькі творчасцю У. Сіўчыкава, тым больш што ў Н. Гілевіча танка маюць свае адметныя асаблівасці. Гэта, праўда, не датычыцца фармальных прыкмет: як і аўтар «Высакоснага года», Гілевіч дакладна прытрымліваецца строгага жанравага канона. Аднак часта яго танка відавочна напаўняюцца новым зместам і настроем, далёкім ад усходняй спакойнай сузіральнасці. Паэт і ў гэтых кароткіх пяцірадковіках застаецца верным агульнаму публіцыстычнаму пафасу сваёй творчасці:
Злуюцца, крычаць:
«Дакуль ты іх будзеш сьніць —
Вершы аб волі?»
Злуюцца... А хіба ж я Снам у сьне загадаю?
[14]
Падчас у досыць незвычайных і надзвычай экспрэсіўных вобразах Гілевіч вылівае свой боль і трывогу за самае дарагое для яго як паэта і грамадзяніна:
Што гэта ў цемры
Сьвеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся: Фасфарасцыруючы, Мова выходзіць з магіл.
[14]
I ўсё ж было б няправільна сказаць, што ў Гілевіча зусім адсутнічаюць узоры вершаў, тэматычна і вобразна блізкія да класічнай танка. У наступным творы паэт вельмі тонка абыгрывае матыў хуткаплыннасці жыцця, тленнасці і нетрываласці ўсяго зямнога, скарыстоўваючы традыцыйны для японскай лірыкі вобраз апалых кветак:
Кветка за кветкай Адцьвіў і пажух няўзнак Мой агародчык.
Сумна. Бо скора, відаць, Адцьвіце мне і сонца.
[14]
Як бачым, і «па чужых узорах» майстры слова здольныя ствараць уласныя надзвычай адметныя і арыгінальныя творы. Але адкуль бярэцца гэта цікавасць да новых, нетрадыцыйных для айчыннай паэзіі жанраў? Руская паэтэса і перакладчыца Вера Маркава, вядомая сваімі перастварэннямі літаратурных помнікаў старажытнай Японіі, у адным з лістоў да жонкі Адама Глобуса Алены Адамчык (Бяляевай), разважаючы аб папулярнасці хоку, адзначала: «Мне здаецца, што хоку карыстаецца такім поспехам, таму што гэта новая незвычайная форма, а гэта дапамагае ў пошуках свайго, ніколі яшчэ нікім не сказанага слова... Новая форма — гэта перш за ўсё свежасць думкі і пачуцця. Гэта язда ў невядомае» [17, с. 90],
Для прадстаўнікоў пакалення «Тутэйшых», да якога адносіцца Глобус, з іх свядомым і нават ваяўнічым адмаўленнем звыклага канона сацрэалізму, хоку сапраўды стала той крыніцай, якая дапамагала ва ўласных светапогляднамастацкіх пошуках, што выдатна ілюструе і вышэй ужо згаданая намі кніга таксама «тутэйшаўца» У. Сіўчыкава «Высакосны год». Паказальная назва гэтага паэтычнага зборніка, а таксама назвы раздзелаў, што лагічна з яе вынікаюць: «Вясна», «Лета», «Восень», «Зіма». Як ужо адзначалася, у хоку асаблівае значэнне мае ўказанне на сезон. Яно можа быць прамое (напрыклад, у Сіўчыкава — «снежаньскі вечар», «позняя восень», «ліпеньскі ранак» і інш.) і ўскоснае. У японскай паэзіі нават распрацавана цэлая сістэма так званых «сезонных слоў» (кіго). Напрыклад, «лядзяш» гаворыць аб тым, што дзеянне адбываецца вясной, «збор вінаграда» — у канцы лета. У беларускага паэта, зразумела, ужыванне сезонных слоў звязана з асаблівасцямі беларускага клімату. Так, «пралескі» і «хрушч» натуральна асацыіруюцца з вясной, «пух таполі» — з летам, «калючы ржэўнік» і «бульбоўнік» — з восенню і г. д.
Акрамя ўскоснага ўказання на сезон, у традыцыйным японскім вершы вельмі часта ўтрымліваецца мноства своеасаблівых «намёкаў» на пэўныя мясцовасці, гістарычныя падзеі, людзей. Дзякуючы ім, па словах расійскага даследчыка і аўтара хайку А. Андрэева, у творах «адбываецца не толькі фіксацыя «тут і цяпер», але ўзнікае і «масток» у іншыя часы і краіны» [1], Такія «масткі» ўзнікаюць і ў некаторых хоку Сіўчыкава, напрыклад:
Жоўты пясочак.
Пры Курапацкіх соснах Трасу будуюць!..
[48, с. 29]
Асабліва частыя ў японскіх творах алюзіі на болын раннія тэксты. Існуе нават спецыяльны паэтычны прыём «ханкадоры» — японскі варыянт рэмінісцэнцыі. Яго мэта — пашырэнне асацыятыўнага фона пэўнага верша за кошт зместу твора-прататыпу. Запазычваліся, як правіла, лексіка ці вобразнае рашэнне, матыў, сітуацыя, канцэпцыя, агульная атмасфера. Блізкі да гэтага прыём сустракаецца і ў аўтара «Высакоснага года». Прычым рэмінісцэнцыі ў яго хоку, як і ў вершах японскіх паэтаў, ужываюцца як у падобных кантэкстах, напрыклад:
Валошку згледзеў — і рады той сустрэчы ў чужой старонцы
[48, с. 56],
так і ў кантрастных:
Прачыненая грубка — ссівелы попел. Рукапіс згарэў.
[48, с. 17]
Аднак У. Сіўчыкаў не заўсёды прытрымліваецца тых своеасаблівых «законаў», паводле якіх будуецца хоку — верш, які «не называе, а паказвае, не тлумачыць, а перадае» [1], Ён скарыстоўвае некаторыя паэтычныя прыёмы, якія вельмі рэдка або ўвогуле не сустракаюцца ў хоку, у адрознен140
не ад еўрапейскай паэзіі. Так, для гэтых твораў не характэрнае ўжыванне эпітэтаў, метафар, параўнанняў, назваў пачуццяў, прыклады чаго можна знайсці ў хоку Сіўчыкава («Дзень адышоў у нябыт, // бы кропля ў пясок» [48, с. 24], «Ападае насенне, // нібыта слёзы» [48, с. 88], «Іржэўнік колкі, // як зваротны шлях пакут. // Нудны краявід» [48, с. 94], «Кудзеркі хмараў // падсвечвае малочны // ліхтар месяца» [48, с. 122], «Сённяшні смутак, // нібы шэрань, што ранкам // кладзецца ў двары» [48, с. 126], «Неспадзеўны снег — // святочны і маркотны // на смарагдзе дрэў» [48, с. 130], «Жорсткая шэрань. // Па-за мною — доўгі цень. // Стаю самотны» [48, с. 138], «Цень таго смутку // на плечы апусціўся // адліжным ранкам» [48, с. 140].
Як вядома, аўтэнтычныя японскія танка, хоку і хайку нерыфмаваныя, хаця часам пры іх леракладзе або напісанні сваіх арыгінальных вершаў у гэтых жанрах іншамоўныя аўтары выкарыстоўваюць рыфму (так, да прыкладу, рыфмаваныя танка ёсць у В. Брусава). Уладзімір Сіўчыкаў не рыфмуе свае танка і хоку, хаця ў адным з яго вершаў сустракаецца цікавая і, думаецца, зусім не выпадковая, унутраная рыфма:
Чытаю Басё, Такубоку — пішуцца Танка і хоку.
[48, с. 25]
Як бачна з працытаваных вышэй розных прыкладаў хоку аўтара «Высакоснага года», ён паўсюль строга захоўвае неабходную колькасць складоў у вершарадах (5 — 7 — 5). У некаторых вершах для выканання гэтага правіла паэт скарыстоўвае складовы перанос:
Спалоханай пташкай з нагруднай кішэні пэйджар заціўкаў.
[48, с. 33]
Такі ж прыём нярэдка ўжывае ў сваіх творах, напісаных у форме хоку (хайку), і Адам Глобус («Крыжы пад снегам... // Вось і ўсё, што магу ска// заць пра Радзіму» [18],
«Срэбная цішы// ня — на прыдарожны лес // снег церушыцца» [18], «Танчаць за акном // сьветла-малочныя па// рушынкі сьнегу» [15], «Празь лес, па сьнезе, // заклаўшы рукі за сьпі// ну, йдзе селянін» [15]). Прыведзеныя прыклады сведчаць таксама аб тым, што для Глобуса ўласцівае выкарыстанне ў хоку метафар, эпітэтаў, параўнанняў. Згаданыя вершы ўтрымліваюць і надзвычай важнае для паэта «сезоннае слова» — снег. Два першыя творы нават уваходзяць у асобную нізку, якая так і называецца — «Хоку пра снег» («ARCHE», 2000, № 5), дзе апошні становіцца фонам, аб’ектам або суб’ектам дзеяння.
Сезоннасць важная і для цыклаў А. Глобуса «Хайку, напісаныя на дарогах зь Менску ў Вільню й зь Вільні ў Менск» і «Танку й хайку, напісаныя ў паветры ў дарозе зь Менску ў Маскву» («ARCHE», 2001, № 3). Вершы ў іх, як і ў кнізе Сіўчыкава, уваходзяць у асобныя раздзелы з гаваркімі назвамі — «Студзень», «Люты», «Сакавік», «Красавік». Прычым у фіксацыі змены сезонаў для Глобуса вельмі важным з’яўляецца колер, ён фактычна набывае знакавае значэнне, таксама становіцца ўказаннем на пэўны перыяд года. Зімовы пейзаж Глобуса падобны на чорна-белы фотаздымак з выразнай перспектывай:
Чорны сабачка засьнежанае поле перабягае
115],