Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
у сакавіцкі ландшафт дадаецца жоўтая фарба:
На жоўтым полі лапік сьнегу растае — гарыць на вачах
[15],
а колер красавіка — сіні:
Мытня на мяжы.
3 маленькай сіняй хмары раптам сьнег пайшоў.
[16]
Цікавыя падставы для разваг даюць і назвы згаданых цыклаў. З’яўленне дарогі, шляху, вандроўкі — зусім не выпадковы матыў, калі гаварыць пра хайку. Як вядома, стваральнік жанру і самы знакаміты аўтар хайку, Басё, быў вандроўным паэтам-філосафам і пісаў своеасаблівыя дзённікі, дзе кароткія празаічныя запісы чаргуюцца з паэтычнымі творамі. Пра глобусаўскія цыклы «Хайку, напісаныя на дарогах зь Менску ў Вільню й зь Вільні ў Менск» і «Танку й хайку, напісаныя ў паветры ў дарозе зь Менску ў Маскву» таксама можна гаварыць як пра своеасаблівыя дзённікі дарожных уражанняў або ўспамінаў у дарозе. Адметна, што менавіта на гэту асаблівасць — «дзённікавасць» — звяртае ўвагу, характарызуючы «Высакосны год» У. Сіўчыкава Л. Дранько-Майсюк. У прадмове да кнігі ён вызначае яе як «своеасаблівы каляндарны сшытак, слоўны памінальнік, лірычна-прыватны дыярыуш, маляўнічы дзённік» [20, с. 8].
У сваім даследаванні «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы» Г. Кісліцына называе хоку адной з духоўных эмблем тых, «хто прэтэндуе на тое, каб лічыцца першым інтэлектуальным беларускім пакаленнем» [30, с. 165], маючы на ўвазе, зразумела, «Тутэйшых». Аднак хоку (хайку) не траціць сваёй актуальнасці і для прадстаўнікоў наймалодшага літаратурнага пакалення. Так, сярод лаўрэатаў конкурсаў маладых літаратараў імя Н. Арсенневай і імя Ф. Петраркі, праведзеных адпаведна ў 2003 і 2004 гадах Беларускім ПЭН-цэнтрам, — некалькі аўтараў хайку (Юлія Шастак, Арцём Арашонак, Віялета Пачкоўская).
Самае першае, што звяртае на сябе ўвагу пры знаёмстве з хайку маладых паэтаў, гэта тое, што яны нашмат болыіі вольна, чым іх папярэднікі, абыходзяцца з дэклараванымі строгімі фармальнымі канонамі жанру. Хаця, як вядома, «правіла 17-ці складоў парушаў нават Басё» [1]. Вытрымана гэта правіла толькі ва ўсіх хайку В. Пачкоўскай, якія ў той жа час змястоўна найменш адпавядаюць «аб’ектыўнасці» жанру, праз іх непасрэдна перадаюцца пачуцці аўтаркі:
Сіняя бездань.
Падаю ў твае вочы.
Больш не баюся.
Аднак суб’ектыўнасць і «пачуццёвасць», укладзеную ў хайку В. Пачкоўскай, можна патлумачыць умовамі конкурсу імя Ф. Петраркі, які называўся «Твор пра каханне». У хайку гэтай паэткі таксама можна адзначыць цікавыя элементы слоўнай гульні («Даўкі смак гарба... // Ты? Мг-м, так, ты... Несьвядома // цалую кубак» [45, с. 159]) і нетрадыцыйнае ўжыванне традыцыйных вобразаў («Вішня ў квецені // скрала ў зімы эпітэт. // Постмадэрністка» [45, с. 160]). А. Арашонак і Ю. Шастак, як ужо адзначалася, пры напісанні хайку не прытрымліваюцца ўсталяванай колькасці складоў у вершарадах. Іх трохрадковікі могуць мець самыя розныя памеры (6 — 8 — 6; 5 — 9 — 7; 10 — 5 — 10; 5 — 8 — 4; 8 — 3 — 6 і інш.). Галоўнае, што імкнуцца перадаць аўтары, гэта «дух хайку», што, як бачыцца, асабліва ўдаецца А. Арашонку:
Зорак адбітак
Бачу на досьвітку ў возеры: Белыя гарлачыкі.
[3, с. 93]
На прыкладзе гэтага хайку, акрамя ўжо неаднойчы згаданых намі адметных рыс названагажанру (аб’ектыўнасць, суадносіны прыроды і чалавека, наяўнасць указання на сезон), можна разгледзець яшчэ адзін цікавы прыём, які ўвогуле не часта сустракаецца ў хайку іншых беларускіх паэтаў. Для працытаванага верша, як і для большасці класічных японскіх хайку, уласцівая некаторая, умоўна кажучы, «сінтаксічная няпэўнасць», з дапамогай якой дасягаецца цікавы эфект двайнога прачытання. «Белыя гарлачыкі» ў дадзеным выпадку — гэта і самыя звычайныя водныя кветкі і ў той жа час метафара «зорак адбітка». Апошні радок гэтага хайку можна прачытаць і як асобны сказ: тады атрымаем два вобразы — адлюстраванне зор у вадзе і гарлачыкі. Па такім жа прынцыпе пабудаваны і некаторыя іншыя хайку А. Арашонка («Кветкі на шыбе — // Думкі паэта, // Схопленыя холадам» [3, с. 97], «Бяскрайні сусьвет: // Палявая мышка // На засьнежаным полі» [3, с. 97], «Сьвятар і ружанец. // Клён адзінокі моліцца // Пад пацеркамі зор» [3, с. 98]).
Асобнай увагі заслугоўвае адзінае хайку Глеба Лабадзенкі, змешчанае ў зборніку «12 + 1. Конкурс маладых літаратараў імя Натальлі Арсеньневай»: яно напісана з захаваннем класічнага памеру (5 — 7 — 5) і мае выразную алюзію на вядомы твор вядомай паэтэсы:
...I піша хайку Натальлі Арсеньневай Магутны Божа.
[35, с. 42]
Увогуле ж Г. Лабадзенка стаў вядомы дзякуючы не хайку, а пагер-вершам — адмыслова вынайдзенаму ім жанру. Вось як тлумачыць сам аўтар яго асаблівасці ў прадмове да сваіх твораў, апублікаваных у згаданым вышэй зборніку: «Пісаньне вершаў — працэс інтымны. Дэклямаваньне — майстэрства. Пэйджэр (пагер) — набытак цывілізацыі. Гэтыя вершы ў розныя часы дасылаліся па пагеры любімым маім людзям. Прычым — не праз апэратарку, а проста з Інтэрнэту. Без пасярэдніцтва. Пагер — выдумка небеларуская, ды абеларушаная намі. Ён не перадае знакаў «ў», «ё», «і» (толькі ангельскае), апостраф, вялікую літару. Колькасьць знакаў таксама абмежаваная — 380. Так што некаторыя вершы дзяліліся на дзьве часткі, а ў некаторых — праз эканомію сымбаляў — не хапае знакаў прыпынку. Таму вершы падаюцца ў такім выглядзе, у якім атрымлівалі іх адрасаты» [34, с. 43]. У гэтых радках Г. Лабадзенка распавёў, так бы мовіць, аб фармальных прыкметах пагервершаў. А што ж яны ўяўляюць сабой з пункту гледжання змястоўнасці? Звернемся да некаторых прыкладаў.
Аб. 23034 вейкі, вочы, шчокі, вушы: вецер мары расьцярушыу. ногі, позіркі, усьмешкі, чыпсы, піва ды арэшкі. радасьці, пакуты, мроі. нехта сьвет бяз нас устроіу. крылы, душы ды аблокі: погляд на жыцьце высокі. вейкі, шчокі, вушы, вочы. сьпі спакойна. добрай ночы.
Як бачым, тыповы пагер-верш нагадвае эпісталу (жанр, які запачаткаваны Гарацыем і мае працяглую традыцыю ў еўрапейскіх літаратурах, у тым ліку беларускай) і ўтрымлівае ўласцівыя ёй атрыбуты — наяўнасць звароту да канкрэтнага адрасата («Аб. 23034»), матыў пажадання («сыіі спакойна. добрай ночы»). Змест, укладзены ў пасланні Г. Лабадзенкі, таксама, можна сказаць, традыцыйны: яго пагер-вершы могуць насіць філасофскі («надарыцца 1 сьнег...») або жартоўны («на чорным я малюю кветкі...», «галоўнае...») характар, утрымліваць элементы інтымнай («ты закончылася...») ці пейзажнай («восень...», «паціху усе...») лірыкі. Яны вылучаюцца наяўнасцю элементаў слоўнай гульні («паціху усе... // па ці хурме // ці мандарынцы // кропля крочыць» [34, с. 51]), нязмушанасцю, размоўнасцю інтанацыі, набліжанасцю да гутарковай мовы:
Аб. 19217 ад соку соладка ад піва горка віншую аблокі ад Імя дарадцы сяджу на даху а побач зорка на ночку вырашыла застацца.
[34, с. 45]
Такім чынам, пошук уласнага, новага, нетрадыцыйнага жанру вядзецца паэтам цалкам у рэчышчы папярэдняй традыцыі, змяняецца толькі носьбіт інфармацыі, графічны запіс твора, з’яўляецца новая «паэтычная лексіка» (пагер, пін-код, канвэртаваць).
У пошуку новага (іншага, сапраўднага) імя «для сябе і сваіх вершаў» [28, с. 3] знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік літаратурнага конкурсу імя Н. Арсенневай — Анатоль Івашчанка, які ў серыі «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў» выдаў кнігу пад канцэптуальнай і шматзначнай адначасова назвай — «Вершпіск» (2006).
Пра пошукавасць і варыятыўнасць жанравага вызначэння твораў, сабраных у згаданым зборніку, сведчыць, акрамя іншага, адзін цікавы факт. Частка з гэтых вершаў 146
была надрукавана раней у самім часопісе «Дзеяслоў», № 4. У прадмове да публікацыі А. Івашчанка сцвярджаў: «Аднойчы выпадкова пачуў, як радыёдыктарка, пералічваючы жанры, у якіх працуе нейкі малады літаратар, сьмешна зблытала націск: «...апавяданьні, эсэ, абразкі...». Дагэтуль, колькі ні намагаўся, ня мог вынайсьці трапнага назову для жанру сваіх твораў. А тут — знайшоўся...» [27]. Паказальна, што амаль усе вершы, змешчаныя ў падборцы «Дзеяслова», увайшлі ў кнігу «Вершпіск», аднак не пад сваім «трапным назовам» (хаця і ўключаны ў адну нізку — «Гара Рацыі»). Магчыма таму, што ў гэтым слове — «абразкі» — расчытваецца негатыўны сэнс, што, відаць, зразумеў і сам аўтар. А магчыма, і таму, што, нягледзячы на безумоўную наяўнасць у вершах агульных як фармальных (напрыклад, адсутнасць рыфмы), так і змястоўных (найперш філасафічнасць, медытатыўнасць) прыкмет, яны ўсё ж не ўзнаўляюць адзіны «адносна ўстойлівы тып мастацкай формы» [46, с. 298], Большасць з іх маюць рысы верлібра («Суфійскі танец», «(Маў і Ляў)», «У ліфце крэсляцца шумерскія тэксты...», «Восень», «Бітва паміж розумам і думкамі...» і інш.) або верша ў прозе, ці нават, хутчэй, версэта з-за свайго прытчавага характару, як, напрыклад, «Гара Рацыі»:
...Мой Вораг жыве за межамі гэтае зімы. У яго безьліч імёнаў і безьліч абліччаў. Скрозь усе цыклы ўвасабленьняў доўжыцца наш двубой.
Яго прыстанак — гара Рацыі, якую мне не агораць. У яе міфрылавым зьзяньні адбіваецца возера Дабрачыннасьці.
Яго празрыстае цела гайдаецца над ранішнім лесам на нябесных арэлях, што зьвісаюць з распоратай срэбнай хвалі звонкімі нітамі сонечных промняў.
Спрабую наблізіцца, намагаюся зазірнуць у ягоны твар. Блюзьнерская ўсьмешка маланкі наўсьцяж разрэзвае неба. Ірвуцца ніты арэляў. Працяты вершалінамі, ён сьцякае на брук, дзе зьмешваецца з крывёю ды ванітамі горада.
(Стаю адзін пасярод залевы. Пад сьмехам нябёсаў. Той-хто-шукаўсьвятло.) [28, с. 17]
Да вольнага белага акцэнтнага верша, а менавіта такое вызначэнне мае ў некаторых слоўніках верлібр [13, с. 957], можна аднесці творы «У краіне блакітных бадхісатваў...», «Занесены па плечы снегам...», «Выводзіш іерогліф супакою...», «плывем паўз восень...», якія ў А. Івашчанкі на-
званы «чорнымі вершамі». Колер у дадзеным выпадку мае сімвалічнае значэнне і ніякага «чорнага» зместу творы не ўтрымліваюць. Яны, як і вершы, уключаныя ў «Гару Рацыі», могуць быць вызначаны як медытатыўная паэзія.
Найбольш арыгінальныя па сваёй форме і па графічным запісе slash/вершы А. Івашчанкі: напісаныя прозай невялікія творы філасофскага гучання. У іх амаль не ўжываецца вялікая літара (толькі ва ўласных назвах) і, як правіла, адсутнічаюць знакі прыпынку. Важным сродкам паэтычнай выразнасці і рытмастваральным кампанентам з’яўляюцца ў гэтых вершах паўзы, пазначаныя знакам «/» («//»):