Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Але індывідуальныя чалавечыя паводзіны наогул, асабліва творчыя, мала калі падпарадкоўваюцца якімсьці правілам і нормам агульнапрынятым, а тым больш афіцыйна рэкамендаваным. Творчая індывідуальнасць не проста капрызлівая, а апантана ўпартая ў сваім самавыяўленні.
Тэма рэпрэсій, пераследу, татальных парушэнняў законнасці і спрадвечных маральных нормаў як тэма асабістая і творчая выспела і сфарміравалася ў Івана Пташнікава дзесьці да другой паловы 1990-х гадоў.
У 1996 годзе ў «Літаратуры і мастацтве» было надрукавана апавяданне (сам аўтар дае жанравае вызначэнне «эскіз») «Ірга каласістая». Праз год, у 1997-м, у тым жа штотыднёвіку друкуецца апавяданне «Францужанкі»; у 1998-м, гэта значыць яшчэ праз год, — вялікае апавяданне «Тры пуды жыта». I нарэшце, у тым жа самым штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ў 1999 годзе з’яўляецца апавяданне «Пагоня».
Творы гэтыя розныя па сваім змесце, па жанравых асаблівасцях, розныя ці, больш дакладна, адрозныя ў раскрыцці і выяўленні асобы аўтара і аб’ектыўнага жыццёвага матэрыялу. Калі, напрыклад, «Ірга каласістая» ўяўляе сабой эскіз (магчыма, задумы больш шырокай), «Францужанкі» — выпадак, у чымсьці выключны, з жыцця галоўнага героя (за ім выразна праглядваецца аўтар), то «Тры пуды жыта» — аб’ёмам жыццёвага матэрыялу, ідэйна170
праблематычнай значнасцю (тут не выпадак, не эпізод, а лёс героя) — бясспрэчна «выцягваюць» на аповесць, а «Пагоня» высокай ступенню сканцэнтраванасці рэальнага жыццёвага матэрыялу, сілай і значнасцю абагульняльнай думкі ўспрымаецца як прыпавесць.
Зноў жа сваёй асноўнай тэмай, пратэстна-выкрывальнай ідэйнай скіраванасцю, асабістай далучанасцю да трагічнага жыццёвага матэрыялу, характарам спалучэння біяграфіі і гістарычнага кантэксту, адметнасцю эмацыянальнага руху творы гэтыя ўспрымаюцца як своеасаблівае мастацкае адзінства. Тут Пташнікаў у адлюстраванні і асэнсаванні тых падзей ідзе ад перадачы асабістага эмацыянальнага ўражання, успаміну-аповеду пра выпадак з асабістага жыцця, — і не мае асаблівага значэння, аўтар гэта ці выдуманы герой («Францужанкі») — да даследавання драматычнага і трагічнага лёсу блізкіх яму людзей («Тры пуды жыта») і далей аж да вывадаў самага шырокага агульназначнага зместу («Пагоня»). Дарэчы, апошні твор прысвячаецца «Усяму жывому на зямлі».
Да таго, як пісьменнік падступіў да гэтай, можа, самай балючай тэмы нашай літаратуры, да гэтага самага крывавага і змрочнага «матэрыялу» нашага жыцця, зроблена было нямала, сказана шмат. Грунтоўна. I ўсё ж Пташнікаў тут сказаў сваё і па-свойму. Яшчэ раз — услед за многімі іншымі і разам з імі — пацвердзіўшы, што кожны чалавек, і мастак у тым ліку, — гэта цэлы свет, непаўторны ў сваёй сутнасці і ў сваіх праявах. I тут самае галоўнае — заставацца самім сабою, ісці ад свайго ўнутранага «я». He хітруючы, не падманваючы сябе і іншых. Іван Пташнікаў так і зрабіў. Як і раней рабіў. I аказалася, што гэта вельмі важна. Бо такога ў літаратуры не было. У жыцці было.
У апавяданні «Ірга каласістая» згадка пра трагічны лёс Леапольда Родзевіча, як цень, халодны і цёмны, наплывае на светлае, паэтычнае захапленне хлопчыка (за ім выразна бачыцца то аўтар, то Лёлік — Родзевіч) прыгажосцю прыроды на радзіме вядомага пісьменніка і грамадскага дзеяча і радзіме аўтара. Наогул, відаць, ні ў адным папярэднім (ды і пазнейшых) сваім творы Пташнікаў не апісваў прыроду родных мясцін з такой любоўю і замілаванас-
цю. Твор напісаны пра мясціны Родзевічавы. Часам нават цяжка вызначыць, хто малюе родныя краявіды — Родзевіч ці Пташнікаў, хто іх так успрымае — у дзяцінстве. Так выразна, маляўніча, эмацыянальна дакладна.
«Чалавек нараджаецца, каб запаліць у Сусвеце зорку ці пакінуць на зямлі след», — так нязвычна для пісьменніка, з выслоўя пачынаецца гэты твор.
Далей сухое як бы паведамленне: «Леапольд Іванавіч Родзевіч (Лёля) нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 года на хутары ў Кур’янаўшчыне, тады Вілейскага павета Віленскай губерні. Ад маёй вёскі Задроздзе, а калі лічыць ад маёй канцавой хаты — можа, за паўвярсты праз балота» [2, с. 377]. Пасля Пташнікаў вельмі дакладна апісвае тыя мясціны, дзе знаходзілася сядзіба Родзевіча, а таксама тыя, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Прычым, глядзіць на ўсё дзіцячымі вачыма — сваімі ці то свайго героя, успрымае сэрцам светлым, не азмрочаным жыццёвымі нягодамі. Апісвае розныя поры году ў родных мясцінах. Перад гэтым, як бы падключаючы малога Лёлю, дадае: «Быў (Лёля. — С. А.) скрытны..., задумлівы, адзінокі і шукаў яшчэ болыпую адзіноту і на так ужо адзінокім кур’янаўскім хутары...» [2, с. 381], I ў апісаннях прыроды добра перадае гэты дзіцячы настрой адзіноты, задуменнасці, успрымання прыроды як жывой.
Вось апісанне лета: «Лета ў Кур’янаўшчыне пачынала зацвітаць ліпавым цветам. Ліпы ў алеях, зімой сухія, чорствыя і разгатыя, цяпер высіліся стагамі зялёнага сена; кроны спляліся, і не відаць праз лісце сонца; толькі пчолы, як усё роўна сетачкамі, абселі іх і цяжка калышуцца на жаўтаватых суквеццях, падаюць, паўзуць тады па траве і па белых галоўках дзяцельніцы ў вуллі, што хаткамі ў радок стаяць пасярод не зачэпленага яшчэ касой саду.
Сад набрыняў пахам дзяцельніцы, укропу, кміну, агурочніку і — ліпавага цвету. Аж, здаецца, зрывае нос» [2, с. 382-383],
Апісанне восені: «Настаўніца прыносіць з сабой восень. Шпакі на ржышчы пералятаюць з загона на загон, чародкамі, нібы маленькія хмаркі. I дзеці ў вёсках збіраюцца чародкамі, як шпакі... Пад вечар над Крайскім борам вы172
сока над зямлёй ляцяць на поўдзень першыя няроўныя клінкі гусей, падаючы адзінокі сумны голас...» [2, с. 386],
I далей крыху: «Выбрана бульба, спарадкаваны яблыкі, уцеплены вуллі, замочана «пянька» — канаплі ў сажалках, абкапаны на зіму прызбы, і на таку пачынаюць грукаць цапы. Малоцяць у два, у тры, а то і ў чатыры цапы. Роўны густы перастук ад іх чуваць па ўсёй Кур’янаўшчыне, нібы гэта б’юць не па рассцеленых снапах на таку, а ўсю зямлю, паспелую за лета, малоцяць цапамі...
У садзе шэра і пуста...» [2, с. 386—387].
Адчуваецца, відаць, што гэта не проста лета і восень наогул, а восень і лета менавіта гэтага кутка зямлі і пэўнага часу. He менш маляўнічыя, выразныя, эмацыянальна прачулыя апісанні вясны і зімы. Усё гэта разам стварае настрой захаплення жыццём, стварае непаўторныя карціны прыгажосці краю, свету, у якім рос, які любіў і апяваў Родзевіч. I на гэтым фоне, у гэтым кантэксце якім бессэнсоўным, нялюдскім, невытлумачальным падаецца ўсё тое, што сталася з гэтым чалавекам — пісьменнікам, грамадскім дзеячам — і з ягоным кутком зямлі.
Пташнікаў піша: «I яму, Лёлю-Леапольду, нібы самім жыццём было наканавана любіць і маці, і сваю Кур’янаўшчыну, дзе нарадзіўся, і тых людзей, сярод якіх рое і жыў... чыю мову ён слухаў і ведаў і пра якіх думаў і пісаў... Пасля ўжо былі Вілейка, Вільня, Гродна, Мінск, Саратаў... Жыццё і буры... I невядома, якая смерць...»
I далей вельмі істотная выснова: «Але Кур’янаўшчына ўсягды была з ім, як і ў кожнага чалавека свая любая сцежка да сваёй хаты — Радзімы». Якраз тут ён «прыкмячаў тыя «зярняткі», з якіх пасля выраслі» ягоныя лепшыя празаічныя і драматычныя творы, «і ўсё тое, што лілося з душы ў вершах...» [2, с. 390],
Так было. Была прыгажосць жыцця, прыгажосць навакольнага свету, прыгажосць бацькоўскага кутка зямлі. Яна наталяла душу мастака, напаўняла яго сэрца жывою вадою паэзіі, высокай музыкай бясконцага сусвету. Пасля 1938 года не стала Леапольда Родзевіча, не стала ягонай хаты ў Кур’янаўшчыне. Знікла на доўгі час і творчасць пісьменніка, у якой свет дзяцінства быў увасоблены. Знікла,
па сутнасці, усё. «I цяпер там ляжаць вялізныя каменні ад падмурка, за якія восямі чапляюцца калёсы, і расце састарэлая, але вечна жывая ірга каласістая». Яна выжыла і жыве. «Яе шарпаюць і калёсы, і трактары, і камбайны...» [2, с. 380], Івану Пташнікаву сваёй жывучасцю яна нагадвае жывучасць беларускай, Родзевічавай, мовы з яе шматлікімі «ласкавымі і амаль забытымі беларускімі словамі...» Твор завяршаецца словамі, што «чырванее ад ягад ірга каласістая... Як і сто гадоў назад...»
Ірга каласістая выклікала ў аўтара хвалю самых цёплых, самых багатых успамінаў аб родным краі, аб гадах дзяцінства, калі навакольны свет успрымаецца асабліва ярка, шматколерна, святочна. Драматычным струменем праз усю хвалю ўспамінаў праходзіць сюжэт, звязаны з лёсам Леапольда Родзевіча, чые жыццё і творчасць у сваю чаргу звязаны з тым самым краем, што і жыццё і творчасць Івана Пташнікава. У канцы твора якраз гэты драматычны струмень становіцца асноўным у вызначэнні агульнай атмасферы твора. Драматызм паглыбляе агульны змест твора, пакідае настрой трывожнага чакання: рэпрэсіўны катаклізм айчыннай гісторыі адбіўся не толькі на лёсе, на прыгажосці роднага. Дастаткова хоць бы прачытаць вось такі лірычна-публіцыстычны аўтараў абзац: «Хутары вы, хутары. Пры Прышчэпаве вас «наразалі» — выдзялялі, толькі бяры далёкі ад вёсак кавалак зямлі; пры Сталіне зносілі ў калгасы — усе да аднаго; пры Гітлеры ў акупацыю — палілі...» [2, с. 389].
To быў лёс народа, які непасрэдна аўтаравай біяграфіі не крануў. А можа, аўтар унутрана яшчэ не быў гатовы да такога творчага кроку.
Такі матэрыял жыцця пісьменнік не мог браць у твор не суадносячы яго са сваёй біяграфіяй. Трэба было, каб ён стаў ягоным асабіста. У творчым плане. У жыцці, напэўна, так было. Апавяданне «Францужанкі» — важны крок у гэтым напрамку.
У аснове твора — нейкая трохі дзіўнаватая гісторыя пра тое, як дзве дзяўчынкі-францужанкі з бацькам прыязджаюць пасля вайны на Беларусь, на радзіму бацькі, дзе потым іх усіх, абвінаваціўшы ў шпіянажы, забралі. Але не гэты бок 174
гісторыі цікавіць аўтара. Галоўная яго ўвага звернута на хлопчыка, падлетка пятнаццаці гадоў, якога гісторыя тая выпадкова закранула. Хлопчык раніцай ішоў ад трактара: кожную ноч ён вартаваў яго ў далёкім полі. Па дарозе напаткаў дзвюх дзяўчынак — прыгожых, чысценькіх, не патутэйшаму апранутых. Захваляваўся, дробна забілася сэрца. Нейкі час ішоў за імі. Потым, прыбавіўшы кроку, мінуў іх. Чуў, бачыў, як яны паміж сабою ўвесь час нешта гаварылі. Але гаварылі на незразумелай мове. Здаецца, нідзе нікога не было. Ва ўсякім разе хлопчык нікога не бачыў. Але прыязджае нкусавец капітан Дувалаў, выклікае хлопчыка і пачынае дапытваць: што гаварылі францужанкі? чаго прыехаў іхні бацька? што яго пацягнула на радзіму ў такі галодны час? Дапытвае адзін раз, другі. Пасля першага допыту ў хлопчыка «закруцілася галава», задрыжэлі ногі і ён, «каб не ўпасці на падлогу, ступіў і паспеў зачапіцца за лаву, што стаяла пры сцяне». Гутаркі гэтыя часам адбываліся ў прысутнасці іншых. Ніякіх доказаў ніхто не прад’яўляў. Ды яны і патрэбны не былі. Пагрозамі выбіваліся прызнанні.