Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Як бы там ні было, рэалізм уключае ў сябе і праўду, і праўдападабенства, і тое, як было, і тое, як магло быць. Дакумент можа быць заменены псіхалагічным вопытам аль190
бо інтуіцыяй — і гэта таксама будзе праўда. Рэальнасць. Размова тут не пра адсутнасць ці адноснасць крытэрыяў, а пра тое, пра што неяк слушна выказаўся П. Паліеўскі, упэўнены, што «дакументальнасць» сама па сабе фантазіі не абмяжоўвае. Наадварот, яна фантазію развязвае». Думаецца, ён меў на ўвазе шматзначнасць, варыятыўнасць факта, магчымасць яго неадназначнай інтэрпрэтацыі — у залежнасці ад таго, хто, як і з якой мэтай гэта робіць. А сам па сабе дакумент — «далікатны: бачыць і не бачыць, гаворыць і не гаворыць, ведае ўсё, але абмяркоўвае толькі тое, што мы ў стане прызнаць. А што не ў стане — усё роўна накіроўвае на нас як незразумелую праўду і азадачвае» [19, с. 96],
Вось гэтая здольнасць — закрануць, азадачыць, а часам і агаломшыць да ўсяго сёння звыклага чытача — аснова запатрабаванасці і папулярнасці дакументальных твораў. Шчырая цікавасць да мемуарных, эпісталярных, біяграфічных публікацый, якая ўстойліва прасочваецца апошнім часам, сведчыць пра тое, што сучасны чытач прэтэндуе на магчымасць самастойнай, неапасродкаванай інтэрпрэтацыі фактаў.
Нібы ў адказ на гэта — пашырэнне жанравага дыяпазону айчыннай дакументалістыкі. Да прыкладу, набыла папулярнасць так званая «літаратура факта», дзе адной з самых прыкметных творчых постацей сёння з’яўляецца Святлана Алексіевіч. Пераход у 1980-я гады ад уласна журналісцкай працы да пошукаў у галіне дакументальна-мастацкіх літаратурных жанраў пазначыў новы этап яе творчай дзейнасці. Кнігі напісаны па-руску, аднак значная частка тэкстаў перакладзена на беларускую мову. Умельства пісьменніцы адчуць «нерв» чытацкай зацікаўленасці, беспамылкова вызначыць дамінанты і прыярытэты сацыяльнай псіхалогіі, актуальныя і сугучныя часу кірункі грамадскай думкі дазволіла ёй стварыць цыкл дакументальна-мастацкіх твораў, вытрыманых у агульным стылёва-кампазіцыйным ключы. «Я напісала ўжо пяць кніг, — дзеліцца яна сваімі думкамі на старонках часопіса «Вопросы лнтературы», — і яны склаліся ў своеасаблівую хроніку жыцця дзесяткаў пакаленняў. Вопыт руска-савецкай (вось такое спалучэнне!) душы. Краіна змянялася — тыпаж заставаў-
ся. Шлях душы. Адначасова ў кнігі ўмясцілася і дваццаць гадоў майго ўласнага жыцця, што таксама вельмі важна, паколькі для любога дакументальнага жанру светаадчуванне аўтара не менш значнае, чым тое, чаму ён быў сведкам» [14, с. 37],
Вядомы даследчык дакументальных жанраў П. Паліеўскі пісаў, што «раней мовай самога жыцця ўмелі гаварыць толькі мастакі. Цяпер гэта мова атрымала сваё пісьменства: кінастужкі, гуказапісы, тэлеэкран і ўсебаковы друкаваны дакумент, дзе ён можа з’яўляцца без пасрэднікаў і стварае вобразы не горшыя, чым у прафесійных пісьменнікаў» [19, с. 94], '
Сапраўды, гэта так. Але цяжка пераацаніць ролю аўтара ў працэсе адбору і арганізацыі таго матэрыялу, які складаецца пасля ў кнігу, у інтэрпрэтацыі факта і форме яго падачы. Кнігі С. Алексіевіч гавораць сотнямі галасоў. Гэта галасы тых, хто падзяліўся з пісьменніцай сваім роздумам, успамінамі, болем. Запісаныя на магнітафонную стужку, гэтыя размовы сталі матэрыялам для кніг, са старонак якіх з чытачом гаворыць жывое жыццё, пранізлівая і непрыхарошаная праўда чалавечага ўчынку, разумення, перажывання... Вось што піша А. Адамовіч пра літаратуру такога кшталту ў прадмове да першай кнігі С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча»: «...У гэтых кнігах вельмі важны прынцып — самадаследаванне. Хатыні, што даследуюць самі сябе (цераз памяць, галасы ахвяр); блакада, што сама пра сябе апавядае; жанчыны-франтавічкі, што здзіўлена пытаюцца ў саміх сябе і ў іншых: «Няўжо гэта я, мы гэта былі там, тады?» Шматгалосае даследаванне жыцця, калі аб’ект і суб’ект аповеда як два люстэркі, якія адно ў адным адлюстроўваюцца, паўтараючыся шматразова...
Дык як жа вызначыць, назваць гэты жанр? Жыццё, што само пра сябе апавядае? А можа, нават раман-араторыя? Ці: саборны раман? Дакументальнае самадаследаванне? Вусная гісторыя? Магнітафонная літаратура?
Калі столькі варыянтаў, значыць, усё яшчэ не праяснілася, не ўзнікла, не знойдзена слова. А можа, і няварта падганяць, спяшацца. Хай жанр яшчэ папрацуе, набярэцца вопыту, прыгледзіцца да самога сябе» [1, с. 4—5].
Гэты поліфанічны, шматкампанентны жанр, у якім плённа працуе С. Алексіевіч (сама яна вызначае яго як «жанр галасоў» [2, с. 160]), досыць новы, але мае ўжо сваю гісторыю. Па гэткім жа прынцыпе ў 1970-я гады была створана пранізлівая па сваім змесце і ўздзеянні на чытача кніга «Я з вогненнай вёскі...», аўтары якой — А. Адамовіч, Я. Брыль і У. Калеснік — аб’ездзілі ці не ўсю Беларусь, распытваючы жыхароў спаленых фашыстамі вёсак. Вядомы даследчык дакументалістыкі А. Лысенка піша: «Сёння ўжо, безумоўна, можна сцвярджаць, што беларускія пісьменнікі калі і не адкрылі, то многае зрабілі для развіцця і ўмацавання ў сучаснай літаратуры новай жанравай формы, падказанай самім жыццём, якая атрымала самыя розныя азначэнні: «гістарычны рэпартаж», «калектыўная споведзь», «магнітафонная памяць» і інш.» [17, с. 178],
«Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача — да вас звяртаецца» — гэта словы з прадмовы.
Кніга С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» блізкая кнізе яе старэйшых калег тэматычна, аднак гэта зусім не значыць, што яна ў нечым паўтарае яе. Найвялікшая трагедыя XX стагоддзя, яшчэ і сёння, бадай, не да канца і не цалкам асэнсаваная ў безлічы сваіх праяў і нюансаў, прымушае пісьменнікаў зноў і зноў пільна ўглядацца ў тую страшную рэальнасць. Вайна не адпускае ад сябе. Невыпадкова ў хуткім часе пасля «Я з вогненнай вёскі...» з’явілася «Блакадная кніга», напісаная А. Адамовічам у сааўтарстве з рускім пісьменнікам Даніілам Граніным.
Няпростую задачу вырашае ў гэтым выпадку кожны пісьменнік. Невычэрпныя магчымасці тэмы, яе глыбіня і магнетызм — гэта, з аднаго боку, абяцанне бясспрэчных творчых адкрыццяў і знаходак, а з другога — безумоўнае, свядомае выдаткаванне душы і сэрца.
I для пісьменніка, і для чытача.
Даказана, што мастацкі факт (гэта асабліва істотна ў размове пра дакументалістыку!) выразна ўплывае на свядомасць чытача: на ўдакладненне сістэмы каштоўнасцей, на фарміраванне вартасных прыярытэтаў, на разуменне ролі і месца ў жыцці — адным словам, удзельнічае ў працэсе самаўсведамлення асобы. Аднак нельга не заўважыць, што працэс гэты мае двухбаковы характар, бо аўтарскае, пісьменніцкае «я» ў працэсе адбору, асваення, інтэрпрэтацыі факта яшчэ ў большай ступені знаходзіцца пад моцным уздзеяннем закладзенай у факце рэальнасці, у выніку чаго асоба пісьменніка непазбежна ўключана ў кола псіхалагічных, этычных і нават фізіялагічных трансфармацый і метамарфоз!
Вось што ўспамінае з гэтай нагоды той жа Д. Гранін: «А мы пасярод працы захварэлі... Наслухаўшыся гэтых расказаў, гэтага ляманту, істэрык і слёз, захварэў Алесь Адамовіч. Ён злёг тут, у бальніцы, у Ленінградзе, нервовая хвароба. Потым зваліўся і я. Таму што адна справа — адзін аповед паслухаць, а калі за ім — адзін, другі, трэці, дзесяты і ўсё гэта ўспрымаць... невыносна» [10, с. 160],
Відаць, гэта акурат тое, што мела на ўвазе і С. Алексіевіч, заўважыўшы ў размове пра свае кнігі, што ў іх змясціліся і дваццаць гадоў яе ўласнага жыцця. Далучанасць да падзей, якія складаюць аснову дакументальнага твора, непазбежнасць таго, што кожная з гэтых падзей прапушчана аўтарам праз сэрца, праз успрыманне, ставяць пісьменніка ў эпіцэнтр дзеяння, якое разгортваецца на старонках кнігі. Пісьменнік-дакументаліст робіцца «галоўным героем» у тым сэнсе, што ад яго залежыць працэс адбору і інтэрпрэтацыі факта, тое, што іменна і якім чынам будзе прадстаўлена на суд чытача.
Кніга «У вайны не жаночае аблічча» — першы з пяці дакументальных твораў, напісаных С. Алексіевіч у жанры шматлікіх споведзей-сведчанняў, аб’яднаных адзінай тэматычнай канвой. Тэма гэта — жанчына і вайна, жанчына на вайне, той унікальны псіхалагічны вопыт, той урок, які быў вынесены з поля бітвы. I перш за ўсё — этыка вайны, якая супярэчліва сутыкаецца ў свядомасці не проста з чалавечымі, але — што нашмат болын складана — 194
з жаночымі жыццёвымі ўяўленнямі. «Так ужо здарылася, што ўся наша памяць пра вайну і ўсе нашы ўяўленні пра вайну — мужчынскія, — піша С. Алексіевіч. — Гэта і зразумела: ваявалі ж пераважна мужчыны, — але гэта і прызнанне няпоўнага нашага ведання пра вайну. Хоць і пра жанчын, удзельніц Вялікай Айчыннай вайны, напісаны сотні кніг, існуе немалая мемуарная літаратура, і яна пераконвае, што мы маем справу з гістарычным феноменам. Ніколі яшчэ на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва столькі жанчын не ўдзельнічала ў вайне» [5, с. 11],
Гэта было своечасова і справядліва: даць слова той, што поруч з мужчынамі прайшла нялёгкімі іпляхамі вайны. Убачаная вачыма мужчын, расказаная з тысячамі падрабязнасцей, гісторыя гэтай грандыёзнай эпапеі ўсё ж была б далёка не поўнай, бо жаночае ўспрыманне не проста колькасна ўзбагачае і разнастаіць карціну вайны, яно дае якасна іншы ўзровень разумення і бачання гэтай гістарычнай з’явы. «Калі паглядзіш на вайну нашымі, бабскімі, вачамі, дык яна страшнейшая за страшнае», — цытуе аўтар словы санінструктара Аляксандры Іосіфаўны Мішуцінай і дадае, што ў іх заключана галоўная ідэя кнігі. Але гэтыя споведзі — не толькі пра страшнае. Як ні дзіўна, і часам, здавалася б, недарэчна — нават у тых умовах жанчынам-франтавічкам не чужая рамантыка, пяшчота, адчуванне прыгожага... «Жаночая памяць ахоплівае той мацярык чалавечых пачуццяў на вайне, які звычайна не затрымлівае мужчынскай увагі. Калі мужчыну вайна захапляла як дзеянне, дык жанчына адчувала і пераносіла яе інакш з прычыны сваёй жаночай псіхалогіі: бамбёжка, смерць, пакуты — для яе яшчэ не ўся вайна. Жанчына больш моцна адчувала, зноў-такі з прычыны сваіх псіхалагічных і фізіялагічных асаблівасцей, перагрузкі вайны — фізічныя і маральныя, яна цяжэй пераносіла «мужчынскі» быт вайны. I тое, што яна запомніла, вынесла са смяротнага пекла, сёння стала унікальным духоўным вопытам, вопытам бязмежных чалавечых магчымасцей, якія мы не маем права забыць» [5, с. 13].