Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
былі адназначнымі і непахіснымі — свяшчэнны абавязак, подзвіг, геройства. Яны былі выхаваны ў лепшых традыцыях калектывісцкай ідэалогіі з добрым дамешкам крыху патэтычнага, але ў той жа час па-сапраўднаму шчырага «ура-патрыятызму». Яны былі наіўнымі, верылі ў светлае заўтра, сяброўства, каханне. I ў справядлівасць. 3 рамантычным пафасам рваліся ў бой. «Мама, ты мяне выхавала такім, цяпер не ўздумай перавыхоўваць, — горача пераконваў сваю маці навабранец-афганец. — Я паеду ў Афганістан, каб даказаць ім, што ў жыцці ёсць высокае, што не кожнаму патрэбны для шчасця поўны мяса халадзільнік» [2, с. 29].
Хто мае права даваць ацэнкі гэтай вайне, шукаць вінаватых, пакрыўджаных, герояў, злачынцаў? Аўтар не eflpa на сябе такой смеласці — судзіць і абвяшчаць прысуды. Яна прапануе дакументальны матэрыял амаль без каментарыяў, пакідаючы за сабой права толькі кампазіцыйнага яго афармлення і адбору. Аднак тое напружанне болю, расчаравання, горычы, той маштаб чалавечай бяды і страты, які закладзены ў гэтыя пранізлівыя чалавечыя споведзі, пасля выхаду кнігі ў свет дае штуршок магутнаму грамадскаму рэзанансу, праз які выявілася полюснасць разумення і ацэнак афганскай вайны.
Неяк В. Быкаў у адным са сваіх інтэрв’ю выказаўся пра адрознасць маральных крытэрыяў дзвюх войн — Вялікай Айчыннай і афганскай: «Ужо на першы погляд кідаюцца ў вочы дзівосныя аналогіі і антытэзы, дыялектычная зменлівасць ці адноснасць, здавалася б, абсалютна безадносных ісцін. Тое, што мы прызвычаіліся лічыць злом, рабілася дабром, і наадварот. Звыклыя для нас партызаны, ніколькі не губляючы свае традыцыйнае існасці, у чужой краіне ператварыліся ў загадкавых душманаў, а ненавісныя, да зубоў узброеныя карнікі — у «нашнх славных парней, честно нсполняюшнх свой ннтернацнональный долг». У гэтым сэнсе цікава было б сутыкнуць разам якога-небудзь старога бацьку, беларускага партызана, і яго маладога сына«афганца» — цікавая, мабыць, атрымалася б размова» [13, с. 17-18],
Ці ёсць, нарэшце, тая ісціна, якая паклала б канец гэтай даўняй спрэчцы? Спрэчцы паміж тымі, хто аддаваў за-
гады і хто выконваў іх; хто галасіў каля цынкавай труны па сваіх дзецях і хто ўсё ж дачакаўся іх, часам скалечаных, знявераных, зламаных; хто задумаў гэту вайну і хто назіраў за ёй з той адлегласці, калі рэальнасць пераўтваралася ў абстракцыю газетнага радка або тэлевізійнага кадра. «Чыя гэта была вайна? Вайна мацярок. Яны ваявалі. А народ не пакутаваў. Народ не ведаў» [2, с. 79].
Пазней гэту вайну назавуць палітычнай памылкай. Учарашніх герояў абвесцяць злачынцамі і забойцамі. Аднак салдат, як вядома, не адказны за стратэгію вайны. Хто адважыцца кінуць у яго камень? Ён толькі выконвае загад, гэта — яго абавязак. «Я не ехаў забіваць, я быў нармальны чалавек. Нас упэўнілі, што ваююць бандыты, што мы будзем героі, што нам усім скажуць дзякуй. Добра запомніў плакаты: «Байцы, будзем умацоўваць паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы», «Не зганьбім гонару аб’яднання», «Квітней, радзіма Леніна!», «Слава КПСС!». А вярнуўся адтуль... Там жа ўвесь час было маленькае люстэрка... А тут вялікае. Глянуў — і не пазнаў сябе... He, нехта іншы глядзеў на мяне... 3 новымі вачыма, з новым тварам...» Гэта фізічная метамарфоза — толькі невялікая частка імклівай вертыкалі змен, якія адбываюцца з чалавекам на вайне. На кожнай вайне. Але на гэтай — асабліва. Як ацаніць псіхалагічнае напружанне чалавека, які — паступова ці раптоўна — асэнсоўвае, што ён — ахвяра цынічнай хлусні. Што вызваленчая місія — не што іншае, як вынаходлівая прапаганда, за якой — акупацыйная ваенная акцыя? Па словах відавочцаў, у ваенных афганскіх шпіталях было шмат вар’ятаў (дарэчы, рэдкасць у Вялікую Айчынную). Свядомасць не згаджалася з такім гвалтам над асобай, здзекам над сумленнем, крахам ідэалаў. Плюс жорсткая рэальнасць вайны.
«Выжыць на гэтай вайне было галоўным. He падарвацца на міне, не згарэць у бронетранспарцёры, не зрабіцца мішэнню для снайпера. А для некаторых: выжыць і што-небудзь з рэчаў прывезці — тэлевізар, дублёнку... Хадзіў жарт, што пра вайну ў Саюзе даведваюцца ў камісійных крамах» [2, с. 80] — гэта таксама рэальнасць вайны, пра якую расказана словамі яе ўдзельніка. У экстрэ202
мальных сітуацыях жыццё паўстае ў сваіх гранічных праявах. Побач аказваюцца той, хто прыкрывае сваім целам ад кулі незнаёмую дзяўчыну-медсястру («Ён мяне не ведаў, ён гэта зрабіў толькі таму, што я жанчына»), і той, хто з цынічным азартам бярэ пад прыцэл зняможаную жанчыну з дзіцем, што ўдалечыні брыдзе па пыльнай дарозе. Усё жывое хоча жыць. Але вайна не пытаецца пра гэта. «У вайны подлыя законы... Першымі гінулі тыя, хто прыязджаў нацэлены на гераізм, з блакітнымі вачыма» [2, с. 80] — гэта таксама праўда пра вайну.
«У кожнага з нас у памяці свае могілкі, — горка ўздыхае жанчына-медык, якой пашчасціла вярнуцца жывой дадому. — Я цяпер не толькі любую вайну, я цяпер дзіцячыя бойкі ненавіджу. I не кажыце мне, што вайна гэта скончылася. Улетку дыхне гарачым пылам, выблісне кола стаячай вады, рэзкі пах сухіх кветак... Як удар у скроню... I гэта будзе даганяць нас усё жыццё» [2, с. 23, 26],
Жанчына на афганскай вайне... Чым яна адрозніваецца ад той, што прайшла Вялікую Айчынную? Зразумець гэта зноў жа дапамагае факт дакументальнага сведчання. A. Н. Ліцкевіч-Байрак, якую 1945 год заспеў камандзірам сапёрна-мінёрнага ўзвода, зноў і зноў вяртаецца думкамі ў ваеннае ліхалецце: «...Я ўсё памятаю. Усё хачу апісаць. Хай застанецца, хоць бы для ўнука...» [5, с. 193].
I — горкае расчараванне дзяўчыны, якую завабілі на афганскую вайну газетныя лозунгі: «Верыла ўсяму, што пісалі ў газетах... Марыла: вярнуся дадому, вынесу раскладушку ў сад і засну пад яблыняй... Пад яблыкамі... А цяпер баюся. Ад многіх можна пачуць, асабліва цяпер, перад вывадам нашых войскаў: «Я баюся вяртацца ў Саюз». I прызнанне: «Я хацела быць на вайне, але не на гэтай, а на Вялікай Айчыннай» [2, с. 36, 38, 40],
Так, гэта была зусім іншая вайна. I сутнасна вельмі розны псіхалагічны вопыт тых нашых салдат, што стралялі ў ворага ў 1940-я гады, і тых, што ў 1980-я. Абарончы і вызваленчы характар Вялікай Айчыннай істотна адрозніваўся ад мілітарысцкай акцыі на «паўднёвых рубяжах нашай Радзімы». Праўда афганскай вайны паступова адкрывалася тым, хто выконваў там загады сваіх камандзіраў.
Яны вярнуліся пераіначанымі. Тыя, хто выжыў, яшчэ і сёння нясуць на сабе цяжар чужой віны, боль страт і несправядлівасцей, памяць пра цынічную хлусню, горыч ахвяравання, якое не мела сэнсу. Кожнаму — баліць. «Я не хачу чуць пра палітычную памылку! He хачу ведаць! Калі гэта памылка, тады вярніце мне мае ногі!» [2, с. 84] — гэты пранізлівы крык гучыць у душы кожнага з іх — тых, хто страціў штосьці такое, што ніхто і ніколі ўжо не верне.
Каментарыі тут, думаецца, былі б недарэчныя. Невыпадковай здаецца тая акалічнасць, што ў «Цынкавых хлопчыках» на першым плане дакумент (і «дзеючыя асобы» дакумента). Роля аўтара пераважна абмяжоўваецца адборам (змест, мэтазгоднасць) і арганізацыяй (кампазіцыя, паслядоўнасць) матэрыялу. Абавязковымі ў дакументальных творах гэтага кшталту звычайна з’яўляюцца таксама аўтарскія прэамбула, каментарыі, эпілог (пасляслоўе). С. Алексіевіч звяртаецца да арыгінальнай кампазіцыйнай будовы: пачынаюць і завяршаюць кнігу дзённікавыя нататкі аўтара, кожнаму з трох раздзелаў папярэднічае запіс тэлефоннай размовы з ананімным удзельнікам вайны ў Афганістане, што абазначаны ў тэксце як «мой галоўны герой» («галоўны герой»). Кожны з гэтых дыялогаў, што пададзены ў напружана-драматычнай манеры, па сутнасці, мінімадэль унутрысацыяльнага канфлікту паміж тымі, хто быў у афганскую вайну «па розныя бакі барыкад»: у тым сэнсе, што адны былі ўдзельнікамі, другія — назіральнікамі.
Творчы лёс кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» — гісторыя яе стварэння, напісання, грамадска-псіхалагічная рэцэпцыя пасля выхаду ў свет — дае класічны прыклад супрацьстаяння гістарычнай і індывідуальнай свядомасці ў ацэнках фактаў вялікай грамадскай значнасці. Неаднойчы ўжо даследчыкамі было заўважана, што «суадносіны індывідуальнай і гістарычнай свядомасці суб’екта дакументальнага выказвання ўяўляюць сабой складаную праблему» [20, с. 13],
Для ўдзельнікаў афганскай вайны свядомасны канфлікт паміж грамадска-палітычнай ацэнкай ваеннай акцыі і асабістым вопытам пакут і страт мае сапраўды выбуховы характар. «Не чапай! Гэта наша!» — крычыць аўтару
ў тэлефонную трубку «галоўны герой», баронячы сваю праўду ведання і адчування. Безумоўна, яна не супадае, яна не можа супадаць з бачаннем і разуменнем таго, хто ведае вайну па расказах, фотаздымках, кадрах кінахронікі. Вопыт сузірання заўсёды адрозніваецца ад вопыту дзеяння, тым болып калі сузіранне гэта апасродкаванае, выбіральнае. Адзін і той жа факт паўстае зусім у іншым атачэнні, мае інакшы ракурс разгляду.
Аднак, думаецца, у кнізе С. Алексіевіч знойдзены разумны і справядлівы кампраміс: удзельнікі падзей самі расказваюць пра сябе, пра тое, што з імі адбывалася. Аўтарская прысутнасць тут зведзена да мінімуму, дарэчы, яна значна менш адчувальная, чым, напрыклад, у кнізе «У вайны не жаночае аблічча», дзе часцей сустракаюцца фрагменты аўтарскага тэксту, больш падрабязныя каментарыі і развагі. Адназначнае ж успрыманне тэксту нават проста немагчымае, тым больш калі гэты тэкст «абжывае» такі вострасацыяльны пласт рэальнасці, пра які ідзе размова ў «Цынкавых хлопчыках» С. Алексіевіч.
Нота трагічнага напружання пастаянна гучыць у творах пісьменніцы. 3 кнігі ў кнігу тэматычныя абсягі змяняюць сваю лакалізацыю, аднак у адным ключы заўсёды вытрымліваецца танальнасць іх эстэтычнай афарбоўкі. У той жа час і сама эстэтыка трагізму, безумоўна, мае свае сэнсавыя варыяцыі: напрыклад, у кнігах пра вайну яна зусім не тая, што ў пранізлівых споведзях з «Зачараваных смерцю». Твор, названы апошнім, — гэта спроба аўтара пры дапамозе факта паказаць і зразумець, што і чаму кіруе асобай на мяжы жыцця і смерці, якія псіхалагічныя матывацыі падштурхоўваюць чалавека да трагічнага ўчынку, якія прычыны з’яўляюцца вызначальнымі: акалічнасці прыватнага жыцця, псіхічныя асаблівасці асобы ці нешта іншае. «Логіка паводзін не вяла да гэтага, а дзеянне адбылося», [4, с. 45] — каменціруе самазабойства свайго сябра адзін з «галасоў» (аўтараў споведзей, запісаных на магнітафонную стужку). Як растлумачыць тое, чаму адзін чалавек не можа пераадолець сітуацыю, якую іншы лёгка мінае? Якія адметнасці тут найбольш істотныя: фізіялагічныя, псіхалагічныя, светапоглядныя? «Мы любім боль,