Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Вайна, убачаная жаночымі вачыма, — гэта іншая вайна. He толькі ў сэнсе ўспрымання і адчування. Нават у па-
дзейным сэнсе. Зусім іншыя рэаліі адфільтравала жаночая памяць, зусім іншымі акцэнтамі і дамінантамі пазначаны споведзі жанчын-франтавічак.
Вось чаму адзін з ключавых сэнсава-кампазіцыйных прыёмаў С. Алексіевіч — паказ вайны праз супрацьпастаўленне жаночага і мужчынскага ўспрымання. «Вайна — не жаночая работа, — кажа адна з «сааўтараў» кнігі Вера Сафронаўна Давыдава. — Вось мужчына ператварыў яе ў работу. А жанчына не магла прыстасавацца да гэтай работы, нягледзячы на сваю вынослівасць, якая ў шмат разоў пераўзыходзіць мужчынскую, нягледзячы на сваю здольнасць да адаптацыі... Усё роўна яна не магла прывыкнуць да вайны» [5, с. 63],
Пераканаўчы псіхалагічны нюанс прасочваецца ў тых сітуацыях, калі полюснасць мужчынскага і жаночага ўспрымання франтавой рэальнасці рэалізуецца ў межах адной сям’і. Так здарылася, напрыклад, з Вольгай Васільеўнай і Саўлам Генрыхавічам Падвышанскімі, дзе старшынёй у марской часці на Балтыцы прайшла вайну жонка, а сяржантам у пяхоце быў яе муж. «Вось мы прайшлі вайну, — разважае ён, вяртаючыся думкамі да таго няпростага часу, — але ў нас быццам дзве вайны... Мы пачнём успамінаць, і я адчуваю, што яна сваю вайну запомніла, а я сваю... Я шмат што з яе расказаў запомніў і, як цяпер кажуць, «усёк» для ўнукаў. Часта ім не сваю, а яе вайну расказваю. Ім яна больш цікавая, вось што я заўважыў... У мяне больш канкрэтнага ведання, а ў яе пачуцця. А пачуцці заўсёды больш яркія» [5, с. 86—87],
Гэтая эмацыянальная дамінанта вызначае адрознасць інтэрпрэтацыі факта, вылучэнне істотнага і значнага, што нясе адбітак індывідуальнасці. Праз пачуцці выбудоўваецца і адмысловая логіка паводзін жанчыны. С. Алексіевіч удала скіроўвае гаворку, адбірае і падае факты, праз якія пераканаўча бачыцца адметнасць жаночай псіхалогіі. У размове з фельчарам Марыяй Васільеўнай Ціхаміравай яна пытаецца:
— Што вы ўзялі з сабой на фронт?
— Цукеркі.
Што?
— Цэлы чамадан цукерак. Мне там, у той вёсцы, куды накіравалі, далі пад’ёмныя. Грошы былі, і я на гэтыя грошы купіла поўненькі чамадан шакаладных цукерак. А наверх паклала фатаграфію курса, дзе ўсе мае дзяўчаткі [5, с. 52].
Гэта не проста адзін з эпізодаў той рэальнасці. Ён сімвалічны, гэты «легкадумны чамадан з цукеркамі». Такой дэталлю можа быць пазначана хіба жаночая, абсалютна немагчымая ў дачыненні да мужчыны, лінія паводзін, а ў дадзеным выпадку не проста жаночая, а кранальнадзіцячая. Так, на фронт ішлі дзяўчаткі, зусім яшчэ дзеці, непрыстасаваныя нават да дарослага жыцця, не тое што да жорсткай прозы вайны. Гэта яшчэ адзін з сутнасных акцэнтаў кнігі, яшчэ адно з пытанняў, якое неадступна гучыць у роздуме аўтара: «Як жа гэтыя звычайныя дзяўчаткі рабіліся незвычайнымі салдатамі?» [5, с. 53]. У гэтых словах С. Алексіевіч — горкае разуменне таго, што бацькоўскія пястункі, учарашнія школьніцы былі гатовы да подзвігу, але зусім не гатовы да арміі, якая ў сваю чаргу была не гатова прыняць іх, бо на такі «баявы элемент» проста не разлічвалі. Іх нават не чакалі — добраахвотна, рознымі праўдамі-няпраўдамі дзяўчаткі самахоць прабіраліся на фронт: яны хацелі быць карыснымі, яны хацелі абараняць Радзіму. Але летуценнасць і прага прыгожага прарываліся праз суровы побыт, праз няўмольнасць ваеннага статута. У памяці старшага сяржанта Тамары Іларыёнаўны Давідовіч застаўся такі выпадак:
«...Аднойчы на вучэннях... Я не магу гэта без слёз чамусьці ўспамінаць. Была вясна. Мы адстраляліся і ішлі назад. I я нарвала фіялак. Маленькі такі букецік. Нарвала і прывязала да штыка. Так і іду. Прыйшлі ў лагер. Камандзір пастроіў усіх і выклікае мяне. Я выходжу... I забылася, што ў мяне фіялкі на вінтоўцы. А ён на мяне пачаў сварыцца: «Салдат павінен быць салдатам, а не збіральнікам кветак...» Яму было дзіўна, як гэта ў такой абстаноўцы можна пра кветкі думаць.
Але я фіялкі не выкінула. Я іх ціхенька зняла і ў кішэню схавала. Мне за гэтыя фіялкі далі тры нарады паза чаргой...» [5, с. 52],
Прага гармоніі і прыгажосці, якімі чалавечая, а ў дадзеным выпадку жаночая існасць ратуецца ад знішчальнага наступу разбурэння і хаосу, — гэта ўстойлівая антыномія, яшчэ адзін з апорных ідэйна-тэматычных рэфрэнаў кнігі, праз які даводзіцца сутнасць бачання і разумення вайны. У гэтых споведзях часта пракідваецца ўвага да дэталяў, якія на фоне глабальнай чалавечай трагедыі маглі б выглядаць дробязнымі, недарэчнымі, выпадковымі, калі б менавіта праз іх не праглядаў прынцып цэласнага ўспрымання жыцця. «Шкада. Усіх шкада. He толькі людзей, а ўсё жывое» [5, с. 111], — скажа адна з жанчын, гэтым самым растлумачыўшы, чаму памяць апавядальніц учэпіста захавала, напрыклад, пакуты птушак, якія, вяртаючыся па сваіх шляхах, гінулі, гарэлі ў полымі; іржанне параненых коняў з разбітага эшалона; вясковую казу, якая, спалохаўшыся ў час бамбёжкі, прыбегла да людзей і кінулася на зямлю, з крыкам і плачам, як дзіця...
Жорсткая, разбуральная рэчаіснасць вайны і спакойная, цудоўная сапраўднасць навакольнай прыроды — вось тое супярэчлівае сутыкненне рэальнасці, той пачварны выбух відавочнай дысгармоніі, які замацаваўся ў свядомасці кожнай з яе назіральніц. «Я была мамчынай дачушкай, ніколі не выязджала са свайго горада, і я трапіла малодшым урачом у мінамётную батарэю. Што са мной рабілася! Пачнуць мінамёты страляць, а я адразу глухая. Такое адчуванне, што цябе ўсю абсмальвае. Сяду і шапчу: «Мама, мамачка, мамачка...» Стаялі мы ў лесе, раніцай выйдзеш — ціха, раса вісіць. Няўжо гэта вайна? Калі так прыгожа, калі так хораша...» [5, с. 106].
Менавіта кантрасты франтавога жыцця перш за ўсё захавала памяць. У карцінах, намаляваных сведкамі франтавых падзей, амаль няма паўтаноў, спакойных фарбаў. У іх — напятасць чалавечага высілку ў нечалавечых умовах. «Вайна павысіла значнасць кожнага факта жыцця, кожнай драбніцы быту. Там быт і быццё самкнуліся» [5, с. 53].
Псіхалогія ўспрымання ваеннай рэальнасці з’яўляецца прадметам шматлікіх даследаванняў не толькі таму, што гэта невычэрпная крыніца размаітых экстрэмальных станаў чалавечай псіхікі. «...Колькі доўжылася вайна, столь198
кі чалавек знаходзіўся ў нейкім асаблівым стане, з якога нельга было выйсці. Уяўляеце?» [5, с. 86] — дзеліцца сваім назіраннем адна з жанчын-франтавічак. Вайна — гэта вопыт выпрабавання чалавечых магчымасцей, чалавечага духу. Вайна — гэта тая рэальнасць, якая штохвілінна ставіць асобу ва ўмовы жорсткага выбару: паміж жыццём і смерцю, адданасцю і здрадай, праўдай і хлуснёй, абавязкам і пачуццём... Што, якая сіла перамагае ў жанчыне мацярынскі інстынкт, калі яна, шмат разоў рызыкуючы жыццём свайго немаўляці, хавае ў пялюшках бінты і медыкаменты і ідзе праз варожыя кардоны? Чаму магутны інстынкт самазахавання не здольны ўратаваць ад смерці зусім яшчэ юную дзяўчыну, якая свядома засланяе сабой ад кулі каханага? А нямецкія параненыя, якіх выносілі з поля бою нашы санітаркі, якіх лячылі ў шпіталях нашы дакгары? Які аргумент ламаў стэрэатып нянавісці да Bo­para, ператвараючы забойцу ў звычайнага чалавека, які пакутуе, мае патрэбу ў дапамозе?
Адна з тых, што семнаццацігадовай дзяўчынкай пайшла на фронт, успамінаючы, скажа пра той час: «3 вайны я вынесла веру ў неабмежаваныя магчымасці чалавечага духу. I пасля ўсяго перажытага не ведаю, ці ёсць што-небудзь, чаго б чалавек не змог. Вось вельмі моцнае ў мяне гэта пачуццё засталося» [5, с. 159].
Галоўнае ў кнізе С. Алексіевіч — гэта не падзейная канва, а псіхалагічны тонус, унутраная біяграфія яе гераінь. Яна даследуе эмоцыю, пачуццё, і гэта акурат той ракурс, у якім плённа адлюстроўваецца жаночае ўспрыманне. Гэта тое бачанне, у якім, па словах самога аўтара, адкрываецца «яшчэ адна вайна, таму што мы ведаем пра вайну шмат і мы ведаем пра вайну мала» [5, с. 25].
Значны па сваім аб’ёме і маштабе ахоп падзей кнігі «У вайны не жаночае аблічча» не вычарпаў аўтарскага інтарэсу да ваеннай тэматыкі. Неўзабаве з друку выйшла яшчэ адна кніга з крыху эпатажнай назвай «Цынкавыя хлопчыкі». У ёй — зусім іншая вайна, «невядомая вайна», як трапна ахрысцілі яе журналісты. У гэтым вызначэнні, думаецца, агульнанародны характар Вялікай Айчыннай супрацьпастаўлены лакальнаму прынцыпу вядзення афган-
скай вайны. Ды і сам Афганістан, вядома ж, быў для савецкіх хлопчыкаў і дзяўчат (так-так, і яны ваявалі там!) сапраўднай «terra incognita».
Артэга-і-Гасэт слушна заўважыў, што адно пакаленне выразна адрозніваецца ад іншага «новым жыццёвым успрыманнем» [18, с. 62], Па сутнасці, у гэтым сцвярджэнні няма нічога адкрытага наноў. У ім — чарговы напамін аб вытоку заўсёднай праблемы «бацькоў і дзяцей», якая знешне праяўляецца ў тым, што «маладыя ідуць у рожкі са старымі», а па сутнасці стварае тое — часам плённае, часам не вельмі — разыходжанне ў кірунках думак і ўчынкаў, праз якое робяцца магчымымі гістарычны рух, развіццё навуковай і эстэтычнай думкі, рэалізацыя рэвалюцыйных змен, вылучэнне больш канструктыўных і жыццяздольных форм на фоне малапрадуктыўных і састарэлых. Пры гэтым, зразумела, новае заўсёды будуецца на падмурку старога, ранейшага, утрымлівае яго ў сабе — як квінтэсенцыю ранейшага вопыту і ведання.
Магчыма, што, падступаючыся да задумы другой сваёй кнігі пра вайну, С. Алексіевіч не ў апошнюю чаргу задавалася пытаннем пра тое, у якой ступені нялёгкі плён перажытага нашым народам у час Вялікай Айчыннай адбіўся ў свядомасці дзяцей і ўнукаў — тых, каму надарылася стаць удзельнікамі афганскай вайны. 1 сапраўды, вельмі ўдзячным тут з’яўляецца менавіта дакументальны матэрыял — з яго непрыдуманай праўдай пра жыццё і людзей. Якой была б гэтая вайна пры іншых суадносінах індывідуальнай і гістарычнай свядомасці, пры іншай расстаноўцы светапоглядных акцэнтаў? Тыя, каго накіравалі «ахоўваць паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы», былі дзецьмі пакалення, чыё маленства супала з падзеямі Другой сусветнай. Гэта памяць жыла ў кожным доме, у кожнай сям’і, прыкметы яе былі пазначаны адчувальна, відавочна, біяграфічна. Будучыя афганцы ў свае школьныя гады з гонарам насілі акцябрацкія зорачкі і піянерскія гальштукі, з хваляваннем атрымлівалі камсамольскія білеты, апантана гулялі ў «Зарніцу», дружна віншавалі ў святы ветэранаў і слухалі іх шматлікія аповеды пра не такія ўжо і даўнія падзеі. Уяўленні, звязаныя з вайной, з абліччам савецкага байца, 200