Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Праходзіць пэўны час пасля таго, як Александрына атрымала паведамленне пра пасмяротную рэабілітацыю мужа. I вось аднойчы заходзіць брыгадзір Петражыцкі і паведамляе: «У ведамасці табе выпісана тры пуды жыта. Зарплата Сяльвестры за два апошнія месяцы, калі ён рабіў у калгасе. Такое ўказанне ў кантору старшыні прыслалі <...>. I сенакосу паўгектара выпісана» [2, с. 434]. Столькі каштавала жыццё чалавека. Пасля рэабілітацыі ўжо, у новых быццам умовах. Цынізм заўсёды побач з бесчалавечнасцю.
Александрына не адразу згадзілася ўзяць усё гэта. Са злосцю падумала: «Адкупіцца хочуць. У тры пуды жыта ацанілі чалавека... I вязку сена — наверх...» [2, с. 435]. Па сутнасці, так яно і ёсць. Потым падумала і рашылася: пакуль будзе атрымліваць жыта, пакуль будзе касіць — будзе разам з Сяльвестрам. I яна атрымлівае хлеб, ідзе касіць.
Сцэна касьбы апакаліптычнага зместу. Александрына косіць адна, высільваючыся, да знямогі, апантаная злосцю, губляючы апошнія сілы. Купіны, бабок, гадзюкі на купінах... Усё ў вачах і свядомасці змяшалася. Усё зразае касец. Дзесьці ў затуманенай свядомасці і памяці ўсплываюць вобразы пагранічнікаў: яны першы раз арыштоўвалі Сяльвестру: «Шарх... Бліскучая васьміручка зразае адным 180
махам і шэрыя шынялі (пагранічнікаў. — С. А.), і шэрыя галовы ў гадзюк».
За пагранічнікамі як бы ўзнікаюць уласаўцы. У часы акупацыі яны збіраліся паліць людзей: «Шарх... Каса рэжа і накрывае іх мохам у пакосе...»
З’яўляецца перад вачыма нешта падобнае да брыгадзіра Петражыцкага: «Пасля яны ўсе перамяшаліся: і галоўкі бабка, і галовы гадзюк, і пагранічнікі, і ўласаўцы, і петражыцкія <„.> Столькі гадаўя на зямлі... Як ты іх усіх перарэжаш...» [2, с. 441].
Думка гэтая прамільгнула ў Александрынінай галаве ў апошнюю хвіліну перад тым, калі яна, трацячы прытомнасць, без сілы ўпала на пракос.
Знайшла яе дачка. Потым прыедзе сын. Прывязуць доктара. Александрына паправіцца. Гледзячы на дзяцей, падумае: «Вот без вас, дзеці, нішто на зямлі не вечнае...» — гэта як светлы сонечны промень у пахмурна-балючым творы пра такі драматычны лёс жанчыны ў сярэдзіне XX стагоддзя. Але і тут апошні сказ твора нібы сцірае гэтае святло: «3 дарогі, з гары ад могілак, на вёску гнала пыл...»
Супастаўляючы творы «Ірга каласістая», «Францужанкі», «Тры пуды жыта» паводле іх эмацыянальнага ладу, характару і інтэнсіўнасці духоўнага напаўнення, можна выразна ўбачыць узмацненне напружанасці і дынамізму, значна большую ступень — у кожным наступным творы — драматызму. Адчувалася гэта не толькі ў рэальнай жыццёвай аснове, не толькі ў сюжэтным разгортванні падзей, але і ў развіцці характараў, іхняй драматызацыі, у драматызацыі, эмацыянальнай і сінтаксічнай, самой мовы. А мова ў сваю чаргу падпарадкавана была зместу, адпавядала яму, яго стварала.
У найвышэйшай ступені ўласціва ўсё гэта для апавядання «Пагоня». Эмацыянальным ладам, глыбінным ідэйным зместам, болем за чалавека, за ўсё жывое на зямлі, трагічным пратэстным гучаннем твор гэты ўсё тое, што пісьменнік сказаў пра рэпрэсіі, падазрэнні і пераслед, пакуты і выпрабаванні ў часы культу асобы, узнімае на вышэйшую ступень абагульнення, даводзіць да субстанцыянальна лагічнай высновы вынішчэння, уводзіць у сучас-
насць, праецыруе на будучыню. Гісторыя пра ваўчыную пагоню за ласём і пра тое, чым усё гэта завяршылася, набывае ў апавяданні ўсеахопнае трагічнае гучан не.
Трое ваўкоў (воўк, ваўчыца і ваўчок-пераярак) цэлы дзень ганяюць лася-адзінца. На нейкі час яму ўдалося адарвацца ад ваўкоў. Дабег да ракі. Пачаў піць і піць, хоць адчуваў, што слабее. Пісьменнік перадае яго адчуванні, фізічны стан як блізкія чалавеку. «Галодны цэлы дзень і саслабелы, ён цяпер, пасля вады з Віліі, зусім саслаб і не мог падняцца з калень. Апёршыся на іх, ён круціўся і круціўся на адным месцы, перабіраючы заднімі нагамі, пакуль не апёрся ў халоднай вадзе сваім гарбатым носам аб ільдзіну і не адштурхнуўся, выпрастаўшы пярэднія ногі, засопшы і напусціўшы пад сябе белай пары з ноздраў». Ён можа трохі пастаяць, адпачыць. Як чалавек, успамінаеперажывае сваё мінулае жыццё. Ваўкі ноччу яго даганяюць. Зграі ваўкоў аблажылі з усіх бакоў. Напалі трое. Лось забіў ваўчыцу, адкінуў параненага пераярка ўбок. Але тады воўк Мурлахапы «ў горла мёртвай хваткай учапіўся зубамі» і не адпусціў, пакуль лось не ўпаў.
«Мурлахапы, увесь ад галавы да хваста абліты ласінай крывёю, пачуў, як яго адразу адштурхнулі ад лася, што ляжаў цяпер на чырвоным снезе. Лася і відаць не было: на тым месцы краталася, здавалася, адна шэра-бурая пачварына: гыркала, стагнала, сапла, адбягала, прыбягала, кідалася, кусала сама сябе. Разяўленыя раты, зубы, вушы, лапы, кіпці, хвасты — усё калыхалася, знікала і паяўлялася зноў. Запахла кроўю, потам і ласіным калам...» [2, с. 457-458].	'
У гэтай калатнечы Мурлахапага не пускаў да лася стары воўк з прышлай зграі. «Па вачах, жоўтых, з чырвонымі крывінкамі, па нейкім далёкім-далёкім, але не забытым даўнейшым паху ён пазнаў... свайго...» [2, с. 458] брата-ваўка.
Згубіліся яны малымі пасля пажару. Потым ніколі не сустракаліся. Тут сустрэліся нос у нос, і той, прышлы, учапіўся Мурлахапаму ў горла намёртва, не адпускаў.
Гучыць голас: «Што ж ты робіш, ты ж з аднаго гнязда, ад адной маці-ваўчыцы? Ты ж і не сышоў нікуды да182
лёка, як нарадзіўся, так жыў і жывеш недзе тут, у Ліпніках ці Ямскім. Што ж ты рэжаш свайго, не пазнаўшы... Свайго ж...» [2, с. 458—459].
Голас роспачны, адчайны. I не вядома, чый гэта голас... Напэўна, голас самога жыцця. Але злосць, лютасць, зграйная лютасць нічога не разумее і не хоча разумець; яна бязлітасная. Мурлахапы сам «учарэпіўся клыкамі свайму прышламу брату збоку за шыю». Новая воўчая зграя, яшчэ больш галодная і злая, «не падступіўшыся яшчэ да лася, накінулася на іх, скрываўленых і распластаных на снезе...» Ім, Мурлахапаму і яго брату, здалося, што яны згарэлі ў агні ў далёкім маленстве. «Як усё роўна іх і не было на свеце» [2, с. 459].
Надышла раніца. Раніца пасля бойкі. Эпічна-абагульнена і разам з тым эмацыянальна адчувальна паказвае пісьменнік месца, дзе жахліва завяршылася пагоня. Паказвае поле бойкі. He, хутчэй поле самазнішчэння, поле, дзе ў поўнай меры праявіліся воўчыя законы жыцця.
«Са снегу з граем узляталі вароны», што заслалі ўвесь пагурак. Паказалася сонца. «Засвяціла на высокія асіны, якія абляпілі вароны. Вароны ад сонца парабіліся чырвоныя, як агонь». Воблакі ў небе, «цяжкія, чорныя, былі падпалены густа чырвоным скрываўленым агнём». «I над усім гэтым насілася з крыкам чорнае вараннё» [2, с. 460],
Твор гэты, можа як ні адзін папярэдні ў Пташнікава, аж да краёў напоўнены трагізмам. Здаецца, няма ў ім ніякага прасвету, ніякага промня надзеі. Мурлахапенькі, ваўчокпераярак, паранены ласём, але жывы надзеяй адужэць, бачыць «разяўленыя воўчыя морды», што глядзелі ў яго бок. Так канчаецца гэта гісторыя пра «пагоню». Надзеі — ніякай...
I ўсё ж... Усё ж свет прыроды, з такой любоўю і паўнатой узноўлены пісьменнікам, гэты шырокі свет адчуванняў, пачуццяў-успамінаў лася-адзінца, якія дзесьці набліжаюцца амаль да чалавечых, тая прага жыцця, якою надзелены не толькі лось, але і ваўчок-пераярак, — усё гэта адмаўляе знішчэнне, самазнішчэнне, пакідае ў душы светлае і жывое.
I ў гэтым творы, і ў папярэдніх («Францужанкі» і «Тры пуды жыта») адчуваецца шмат болю, непадробнага трагіч-
нага пачуцця. Можна, напэўна, сцвярджаць, што яны народжаны болем. Болем успамінаў, болем перажытага майстрам слова асабіста, болем нашага сучаснага жыцця.
Зноў жа супастаўляючы гэтыя творы з творамі трагічнага гучання ранейшымі («Тартак», «Львы»), выразна бачыш, адчуваеш іншы характар трагізму, адрознасць трагічнага светаадчування. У творах ранейшых значна глыбейшы быў пафас жыццесцвярджэння, у «Тартаку» ў падзейнай аснове, у эмацыянальным ладзе, у духоўнай атмасферы відавочная светлая перспекгыва. Сёння гэтага няма. Самым лёгкім і простым тлумачэннем было б — гады ідуць, усе мы не маладзеем, да таго ж розныя балячкі надакучаюць і г. д. Прычына ў іншым. Пташнікаў — пісьменнік, у высокай ступені залежны ад жыццёвага матэрыялу, які ён узнаўляе і асэнсоўвае. He трэба забывацца і на тое, што для яго гэты матэрыял біяграфічны: твор як бы з’яўляецца працягам біяграфіі. Прычым, біяграфія асабістая ў якіхсьці істотных момантах вывяраецца біяграфіяй народнай, біяграфіяй краіны. 1 вось гэтаправерказ’яўляецца самай істотнай. У творах ранейшых усе выпрабаванні, усе чалавечыя пакуты, увесь трагізм чалавечага і прыроднага існавання заўсёды непасрэдна ці то апасродкавана суадносіліся з тагачаснымі мэтамі для чалавека і народа больш высокімі і значнымі — свабода, вызваленне, перамога. Пташнікаў у свае дзіцячыя гады эмацыянальна, душэўна адчуў гэта, у пазнейшыя гады ўсвядоміў і выдатна па-мастацку ўвасобіў.
Драматызм і трагізм чалавечых лёсаў і народнага жыцця, якія непасрэдна ці апасродкавана суадносяцца з панаваннем культу асобы, парушэннямі законнасці і рэпрэсіямі, і па сённяшні дзень не маюць ніякага рацыянальнага больш-менш пераканаўчага вытлумачэння іх тагачаснай неабходнасці і патрэбы ў інтарэсах народа і дзяржавы. Эмацыянальна такія рэчы станоўча ніколі не ўспрымаліся. 3 гэтай прычыны, відавочна, вытокі рознага характару трагізму ў розных творах Пташнікава найперш трэба бачыць у іх рознай жыццёвай аснове, да якой у пісьменніка адносіны ў вышэйшай ступені сумленныя і праўдзівыя. Бо яна, па сутнасці, — працяг яго біяграфіі.
I яшчэ на адзін момант у творах трагічнага зместу варта звярнуць увагу. Апошнія менш «апісальныя»: у іх менш разваг пра прыроду, побыт, працу і г. д., і яны не такія разгорнутыя, як ранейшыя. Можна было б гэта паспрабаваць вытлумачыць больш строгімі адносінамі пісьменніка да свайго таленту, філасофскім паглыбленнем успрымання свету аўтара. Так, ёсць і гэта. Але не толькі. Бо вось у 2002 годзе ў часопісе «Беларуская думка» (№ 1—5) друкуецца «Ненапісаная аповесць» (час завяршэння — жнівень 2001), а ў 2005 годзе ў тым самым часопісе (№ 2, 3) апавяданне «Асколак ад зоркі» (завершана ў лістападзе, 2004 г.), і зноў можна бачыць шырокі ахоп жыцця, поўнае свабоднае дыханне свету, паказ рэчаіснасці і чалавека праз багацце падрабязнасцей і выразных дэталяў, што ўласціва ранейшым творам пісьменніка, найперш творам эпічнага ўзнаўлення свету.