Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
«Гэта быў адносна невялікі мірны адрэзак часу ў лёсе «змагарнай сістэмы», калі мы, юныя, усе трагедыі, войны перажывалі толькі ў кнігах і кіно. Можа, якраз тады ў сапраўды мірнай і стваральнай атмасферы пачынала ладзіцца найбольш трывалая сувязь пакаленняў, што давала адчувальны плён» [3, с. 119].
Ацэньваючы падзеі, звязаныя з вайной у Афганістане і з яе ўплывам на фарміраванне новых пакаленняў, А. Гібкоўскі прыкметна змяняе танальнасць свайго аповеду; змяняецца таксама і спосаб ацэнкі — яна пазбаўлена суб’ектыўнага элемента, які выкарыстоўваецца з мэтаю зменшыць дыдактычнасць і неаспрэчнасць, што нярэдка ўласцівы публіцыстыцы на грамадска-палітычныя тэмы.
«Паміж пакаленнямі сучаснікаў упершыню быў убіты клін, утварылася злавесная і глыбокая расколіна. Тое самае, перажыўшае вайну, беражлівае і чалавечнае пакаленне бацькоў, што выхоўвала дагэтуль сваіх наступнікаў у амаль цяплічных умовах, раптам без дай прычыны і з невытлумачальнай зацятасцю шпурнула іх, па сутнасці непадрыхтаваных, у гарніла жорсткай, а самае галоўнае, відавочна несправядлівай вайны» [3, с. 119].
Сведчанне пераходу на бесстаронна-аб’ектыўны погляд — выкарыстанне адпаведных моўных сродкаў: замест суб’ектыўнага «я» — абагуленае «мы».
«Афган — вельмі істотна паўплываў на эстафету пакаленняў. Якраз тады, на наш погляд, і адбылася першая вельмі значная пасля Другой сусветнай вайны збіўка «рытму» ў перадачы тае «эстафеты». Далей былі і іншыя — не менш драматычныя. Але першая была найбольш сімвалічнай» [3, с. 120],
Тое, што задачы, пастаўленыя публіцыстам пры напісанні артыкула, праяўляюцца паступова, спакваля, дапа236
магае лепей падрыхтаваць чытача да ўспрымання аўтарскага пункту гледжання, які ў пэўны момант набывае выразна дыдактычнае гучанне.
«Надышоў момант плаціць па вэксалях. Прычым плаціць не толькі перастарэлым «правадырам», але і ўсяму грамадству. У гіганцкай дзяржавы на той час катастрафічна збяднелі велізарныя запасы нафтавай і іншай сыравіны... Крытычна зменшыліся і запасы «сыравіны» духоўнай, якую так і не навучыліся аднаўляць... Усе ранейшыя памкненні пабудаваць «дасканалае грамадства» сталіся ілюзорнымі, і ранейшыя духоўныя імператывы не спрацоўвалі. He маючы развіцця і сілкавання, яны станавіліся архаістычнымі і выклікалі здзіўленне і раздражненне не толькі ў сусветнага акружэння, але і ў новых пакаленняў «савецкіх людзей» [3, с. 120],
Нарэшце А. Гібкоўскі падводзіць чытача і да фармулёўкі адной з галоўных задач не толькі свайго артыкула, але публіцыстыкі ўвогуле: «Нешта разладзілася ў магутнай раней сістэме, і яна пачала імкліва дэградзіраваць. Чаму так здарылася? Пра гэта ўжо шмат пісалася і гаварылася, прычым у розным ключы: ад злараднага да шчымліванастальгічнага. Але наўрад ці варта злараднічаць са сваёй уласнай гісторыі. Зрэшты, не варта і дарэмна ліць слёзы па тым, што «адбыло». Аналіз мінулага мусіць быць аб’ектыўны» [3, с. 121],
Цікавае з пункту гледжання выяўлення аўтарскай пазіцыі заканчэнне артыкула. А. Гібкоўскі, зноў выводзячы на авансцэну задэклараванага напачатку «афіцыйнага адрасата» сваіх разумовых пошукаў — знаёмага школьніка, — пасылае чытачу выразны сігнал, сцвярджаючы яго права на ўласную думку, даючы зразумець, што выкладзеныя ў артыкуле разважанні — наколькі б лагічнымі і правільнымі яны не ўяўляліся чытачу — не прэтэндуюць тым не менш на статус ісціны ў апошняй інстанцыі.
«Не ведаю, ці зразумеў ён мяне як след, але галавою ківаў даволі энергічна. Ды і выраз вачэй быў, скажам так, даволі ўсвядомлены. Праўда, было яшчэ ў вачах гэтага юнага даследчыка і нешта, як мне падалося, крыху іранічнае, нейкая няўлоўная перавага над маімі глыбакадумны-
мі развагамі. Быццам ведаў гэты малы чалавечак нешта такое, мне зусім не даступнае, тое, што за далёкім гарызонтам...» [3, с. 126],
Спалучэнне двух імкненняў — з аднаго боку, зрабіць істотны ўплыў на фарміраванне грамадскай думкі (праз уплыў на індывідуальную свядомасць), а з другога — натхніць чытача на ўласны роздум, пошукі — адна з характэрных прыкмет новай публіцыстыкі.
«Пункт гледжання», ці «думка» — рэч суб’ектыўная, яна з’яўляецца прадметам свабоднага волевыяўлення. Мець уласную думку — значыць, быць у стане сфармуляваць меркаванне наконт таго ці іншага пытання. У паняцці «пункт гледжання» засяроджваецца ўвага на здольнасці суб’екта да выбару пазіцыі, а не на змесце гэтай пазіцыі. Агульная думка — гэта сума прыватных пунктаў гледжання, а супадзенне прыватнай думкі з меркаваннем вялікай колькасці людзей — вельмі важны з псіхалагічнага боку фактар, які здольны павысіць ступень упэўненасці індывіда ў тым, што яго думка, абраная ім жыццёвая пазіцыя рацыянальныя.
Пры адсутнасці акрэсленага пункгу гледжання на абранае пытанне, пры браку дакладнага разумення, якім чынам упарадкаваная рэчаіснасць, а таксама без дакладна сфарміраванай пазіцыі публіцыст не можа ацаніць навакольнае асяроддзе. 3 гэтага вынікае, што ўласная думка, сістэма каштоўнасцей — неабходныя кампаненты для крэатыўнай ацэнкі публіцыстам з’яў і факгаў штодзённага жыцця, а яго суб’ектывізм — вынік перакананняў і асаблівасцей светапогляду.
У сацыяльнай псіхалогіі пад паняццем «пазіцыя асобы» маецца на ўвазе ўстойлівая сістэма стаўлення індывіда да грамадства, да іншых людзей і да самога сябе. Гэтая сістэма павінна быць асэнсавана ўнутрана і арганічна звязана з іншаю — каштоўнаснаю — сістэмаю, з’яўляцца, па сутнасці, адным з яе элементаў. Пазіцыя — гэта структурна-асобаснае ўтварэнне, якое адлюстроўвае харакгар узаемаадносін асобы і грамадства, вызначае сацыяльную актыўнасць асобы і яе скіраванасць на грамадска значныя мэты.
Нягледзячы на тое што пазіцыя асобы — найбольш сталае ўтварэнне, яна характарызуецца зменлівасцю і — у большай ці ў меншай ступені — мабільнасцю, бо нельга мець пэўную пазіцыю ў адносінах да іншых людзей раз і назаўжды. Кожны момант існавання чалавека і яго суіснавання з іншымі людзьмі, з навакольным асяроддзем вымагае неабходнасці свабоднага і самастойнага выбару, непазбежнасці прыняцця на сябе адказнасці за свае ўчынкі перад сабою і перад іншымі. Чалавек штодня, штохвіліны сцвярджае сябе як асоба, а гэтае сцвярджэнне немагчымае без выбару і тры.мання ўласнае пазіцыі.
Паняцце пазіцыі дастаткова шырокае, бо сюды ўключаецца не толькі меркаванне адносна вызначанага пытання, ацэнка жыццёвага факта, стаўленне да рэчаіснасці, стыль паводзін і ўчынкі. Палітычны складнік пазіцыі — гэта рысы асобы, што бачныя ў тэндэнцыі да спецыфічных альбо пастаянных паводзін і прэферэнцый. Палітычная пазіцыя — своеасаблівы вынік пэўных эмацыянальных станаў як рэакцыі на палітычнае жыццё грамадства, прычым не толькі ў самой дзяржаве, а часам і па-за яе межамі.
Маральны складнік пазіцыі — гэта сукупнасць абагуленых ведаў і маральных перакананняў асобы, якія фарміруюцца, а потым нярэдка карэкціруюцца пад уплывам сацыяльнага асяроддзя, дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, рэлігійных перакананняў і г. д.
Варта падкрэсліць, што складаная структура пазіцыі асобы не выключае яе цэласнасці. Сінтэзатарам пазіцыі заўсёды выступае маральнасць. Для чалавека ўласная пазіцыя — гэта ён сам. Асабістыя прынцыпы абавязкова маюць маральную абалонку. Таму суб’ектыўна жыццёвая пазіцыя супадае з пазіцыяй маральнай. Веды і маральнасць узаемазвязаныя ў свядомасці асобы, бо і першае і другое — асабістыя прынцыпы чалавека.
Такім чынам, пазіцыя, як і перакананні чалавека, — гэта частка яго светапогляду. Пазіцыя адлюстроўваецца ў сістэме паводзін і ўчынкаў асобы і ўключае пэўную долю ацэначнасці, маральныя арыенціры і свядомую адказнасць. I калі публіцыст выказвае сваю жыццёвую пазі-
цыю ў тэксце, які прызначаны не столькі для яго самога, колькі для шырокага кола адрасатаў, суб’ектыўнасць ацэнкі навакольнай рэчаіснасці ў пэўнай ступені трансфармуецца, і дзякуючы працяглай традыцыі ўспрымання друкаванага слова шырокімі коламі грамадства жыццёвая — і глыбока суб’ектыўная, індывідуальная — пазіцыя літаратара, журналіста, крытыка здольная падмяніць сабою пункт гледжання чытача альбо істотна паўплываць на яго светапогляд. Таму ў выпадку выяўлення публіцыстам уласнай пазіцыі ўзнікае пытанне сацыяльнай адказнасці. Сродкі масавай інфармацыі — магутная сіла ўздзеяння на свядомасць чалавека і грамадства, сродак аператыўнага данясення інфармацыі ў розныя бакі свету, найбольш эфектыўны сродак уплыву на эмоцыі чалавека, здольны пераканаць рэцыпіента найлелшым чынам. Эфекгыўнасць дзейнасці СМІ непарыўна звязана з улікам патрэб людзей, сацыяльных, духоўных, палітычных запатрабаванняў, што ўвесь час змяняюцца. Публіцыстыка не толькі адлюстроўвае рэчаіснасць, але інтэрпрэтуе яе, ставіць дыягназы, фармулюе гіпотэзы, робіць высновы з адпаведна падабраных фактаў, дэкларуе пастулаты і г. д. Польскі даследчык публіцыстычных жанраў 3. Баўэр зазначае, што «інтэрпрэтацыя свету ў публіцыстыцы заўсёды тэндэнцыйная, падпарадкаваная іерархіі каштоўнасцей, рэпрэзентаваных аўтарам, яго светапогляду альбо ідэалогіі, якую публіцыст падзяляе» [9, с. 159]. У такой сітуацыі відавочная асоба публіцыста як ініцыятара камунікатыўнага акта, ад яго вымагаецца акрэсленне ўласнага стаўлення да рэчаіснасці.
Публіцыстыка, якая размяшчаецца ў сродках масавай інфармацыі, павінна адпавядаць пэўным параметрам, у прыватнасці такім, як інфарматыўнасць, падзейнасць, аналітычнасць, даступнасць. Пры гэтым найважнейшым кампанентам журналісцкай публіцыстыкі з’яўляецца інфармацыйная падстава — факты і падзеі з жыцця сучаснага грамадства, што патрабуюць падрабязнага аналізу і дэталёвага разгляду ў перыёдыцы і іншых СМІ з мэтай зрабіць іх даступнымі і зразумелымі для масавага спажыўца навіннай інфармацыі — чыгача, гледача і слухача. Публіцыстыка ж літаратурная мае на мэце ў пэўнай ступені іншыя 240
задачы: выказванне перш за ўсё асабістага погляду літаратара на праблему, што здаецца яму найбольш актуальнай, запрашэнне чытача да супольнага роздуму, стварэнне даверу ў адносінах з аўдыторыяй, але гэтыя адносіны павінны мець даволі выразнае дыдактычнае адценне, бо адна з асноўных задач літаратурнай публіцыстыкі і прыгожага пісьменства ўвогуле — выхаванне чытача, стварэнне спрыяльнай атмасферы для працы душы, якая выяўляецца ў асэнсаванні і ўспрыманні атрыманых ведаў.