Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
С. Шаўцоў спрабуе знайсці адказ і на іншае вострае пытанне: што прымушае чалавека крывадушнічаць, жыць «двайным» жыццём. «Што прымушае «дзяліцца»... Кожны «двайны», «трайны» чалавек можа прывесці тысячу і адну прычыну ў сваё апраўданне... Іх можна зразумець, нават прыняць» [7, с. 228]. Аднак у выніку двурушнасць распаўсюджваецца на грамадства ў цэлым, разбэшчвае і разбурае яго. Людзі лгуць у дробязях і не давяраюць адно аднаму ў важных справах. У такіх умовах сумеснае існаванне і будаўніцтва агульнага дома немагчымыя. Аўтар прыходзіць да высновы, што двайное жыццё для народа — жах, які дараваць нелыа.
У цыкле замалёвак «Хворыя і малпы» С. Шаўцоў спрабуе адказаць на філасофскае пытанне пра сутнасць чалавечага жыцця: чаму чалавек марнуе жыццё, не паспяваючы здзейсніць наканаванае яму? «Людзі чакаюць: прыплывуць караблі. Вераць у цуд. У шапку, што робіцца нябачнай, у жабу-царэўну, у дыван-самалёт і іншую недарэчнасць. Атрымліваецца чаканне жыцця, а не яно само» [7, с. 231].
Чалавек заўсёды знаходзіцца навідавоку, за кожным яго крокам нехта сочыць. Гэтым «нехта» можа быць старон-
няя асоба, можа быць унутранае «я». Таму чалавек вымушаны бясконца шукаць сабе самому апраўданне, нават калі і не зрабіў нічога благога. У друку перыядычна з’яўляюцца меркаванні розных псіхолагаў і сацыёлагаў наконт самаацэнкі чалавека, яго здольнасці да самаспасціжэння і самарэалізацыі. Гэтыя меркаванні аб’ядноўвае тое, што менавіта ад стаўлення чалавека да самога сябе залежыць яго стаўленне да соцыуму. С. Шаўцоў прапаноўвае свой погляд на гэтае пытанне, надаючы яму новае гучанне: «Свой суд, ён больш страшны і бескампрамісны, чым суд публічны. Адна справа: ты пакараны, табе як бы адпушчаны грахі оптам. Але — самому сабе не адпусціш. Нават калі знойдзеш грунтоўнае апраўданне, усё роўна ў глыбіні душы будзе тачыць чарвячок сумнення: гэта для ўсіх я харошы, а сам я ведаю, хто... Вечная пакута... Можа быць, у гэтым зыходная кропка кожнай рэлігіі — змякчыць пакуты?..» [7, с. 235].
Праблема самапазнання і самаацэнкі звязана ў С. Шаўцова з праблемай духоўнасці. «У людзей заўсёды будзе патрэба асэнсаваць сябе не толькі навукова, гістарычна, біялагічна, але і духоўна. I заўсёды будуць з’яўляцца людзі, роля якіх заключаецца якраз у гэтым» [7, с. 237].
Структура публіцыстычных твораў С. Шаўцова, і перш за ўсё эсэістычных замалёвак, прыблізна аднолькавая: праз стварэнне канкрэтнай жыццёвай сітуацыі — выхад на тыпізацыю і роздум над глабальнымі праблемамі.
Вельмі цікавымі паводле формы і структуры, пабудовы аповеду, моўнага афармлення з’яўляюцца «Нататкі сумесніка» А. Асташонка [1], Складана вызначыць жанравую прыналежнасць твора, бо «Нататкі...» уяўляюць сабою спалучэнне эсэ і літаратуразнаўчага крытычнага артыкула з элементамі літаратурнага партрэта, дзённікавых запісаў-эпісталярыяў. Аднак гэта ўсё-такі эсэ, створанае ў стылістыцы постмадэрнізму: у ім багата цытат, якія не толькі падмацоўваюць аўтарскія тэзісы, але і выступаюць як асобныя пастулаты пісьменніцкай пазіцыі, а часам і як адпраўныя пункты разважанняў над пэўнымі фактамі рэчаіснасці. «Сціпласць — гэта найкарацейшы шлях у невядомасць». He памятаю, хто гэта трапна сказаў. Вядома, 252
з нясціпласцю бываюць пераборы, падчас вялікія. Як, прыкладам, у майго сябра Анатоля Сыса — аднак, прынамсі, невядомасць яму не пагражае» [1, с. 95].
Цікавыя і трансфармацыі героя эсэ: спачатку асоба аўтара быццам адстароненая, выяўляецца толькі праз ацэнкі і партрэтныя характарыстыкі калег-літаратараў: М. Стральцова, I. Пташнікава, В. Адамчыка і інш. Такая пабудова аповеду запазычана ў літаратурных эсэ і артыкулаў, аднак паступова гучанне эсэ становіцца ўсё больш індывідуалізаваным, асоба аўтара выходзіць на першы план, а сам твор набывае выразныя рысы эпісталярыя-дыярыуша, застаючыся ў той жа час па-эсэісцку камерным, хаця гаворка вядзецца пра факты і падзеі грамадскага жыцця. Узбагачаюць эсэ А. Асташонка і элементы літаратурнай палемікі, непасрэдныя звароты да другой асобы, што стварае зусім нечаканы эфект: чытач робіцца сведкам дыялога паміж аўтарам і яго апанентам, чые думкі перададзеныя дзякуючы цытаванню і ўскоснай мове.
«Іван Пташнікаў. He люблю я яго раманы. Выбачайце, Іван Мікалаевіч, у слове Вам роўных няма: Вы пах блакітнага ветру ў зацішную пагоду можаце на трох старонках распісаць, а подыхі жоўтага ў дождж — на чатырох, Вы раман пра вецер можаце напісаць... Аднак не даспадобы мне... большасць беларускіх раманаў увогуле» [1, с. 88].
«Напішыце яшчэ хоць бы два-тры аповеды, Іван Мікалаевіч, калі ласка, хоць я, вядома, разумею, што яны ў Вас нараджаюцца радзей і цяжэй, чым у багата якіх «пекараў» раманы» [1, с. 88].
Шмат у эсэ А. Асташонка пытанняў, звернутых аўтарам адначасова і да сябе, і да чытача, пытанняў, што вымагаюць глыбокага роздуму, філасофскага падыходу да асэнсавання рэчаіснасці. Такая форма стасункаў з чытачом у болыпай ступені характэрная для праблемнага артыкула, але ў «Нататках...» яна працуе на ўзмацненне перцэптыўнага эфекту. Часам А. Асташонак адказвае на пастаўленыя, здаецца, толькі перад сабой, пытанні, але часцей пакідае права на адказ за чытачом.
«Гаманіў... з выдатным хлопцам... ды паэтам, нашым земляком, даўно ўжо масквічом Славам Арцем’евым... ён...
казаў, што... верыць у тое, што беларускае слова ў паэзіі чакае лепшая доля, ніж слова расейскае... Мне чамусьці здавалася, што ён быў шчыры. Мінула дзесяць гадоў. Што ў гэтым накірунку адбылося? He ведаю — пытанне паставіў, але ж адказ даць няздатны» [1, с. 102—103].
«Дык ці будзе калі-небудзь у беларусаў свой «Новый мнр» ці сваё «Знамя», калі ў расійцаў гэты самы «Новый мнр» мала не на ладан дыхае?..» [1, с. 103].
Адзначаецца ў эсэ А. Асташонка знітаванасць з прыгожым пісьменствам — уласнамастацкай літаратурай. Яе прыкметы і ў нязвыклай арганізацыі тэксту з пункту гледжання сінтаксіса, і ў выкарыстанні парцэляцыі. Усё гэта быццам структурыруе чытацкую ўвагу, робіць твор запамінальным, дазваляе расставіць дадатковыя акцэнты.
Пошукі новых сродкаў і спосабаў кампанавання ў адно цэлае структурных кампанентаў розных жанраў пакідаюць нязменнаю ўзаемазалежнасць паміж жанравымі формамі публіцыстыкі і спосабамі выражэння аўтарскай пазіцыі ў публіцыстычным творы. Жанры як адносна ўстойлівыя тыпы тэксту, якія склаліся ў працэсе гістарычнага развіцця літаратуры, адрозніваюцца паміж сабою і па спосабе засваення і інтэрпрэтацыі жыццёвага матэрыялу. Таму выбар адпаведнай жанравай формы па-ранейшаму застаецца адным са складнікаў адэкватнага выражэння сутнасці аўтарскай пазіцыі ў публіцыстыцы, бо жанр — у пэўным сэнсе алгарытм ператварэння комплексу сродкаў выразнасці ў публіцыстычны тэкст, што аптымальна адпавядае рэальнай камунікатыўнай сітуацыі і данясенню яе сутнасці да адрасата.
Адлюстроўваючы рэчаіснасць і выказваючы ўласную пазіцыю ў дачыненні да фактаў, падзей, сацыяльных і палітычных з’яў, аўтар імкнецца даць чытачу не толькі магчымасць зразумець сутнасць таго, што адбываецца, зірнуць на ўсё не толькі ўласнымі, але і яго вачамі, падказаць, якім чынам можна дзейнічаць у пэўных умовах, што створаныя гэтымі сацыяльнымі практыкамі, альбо — у межах выяўлення ўласнага пункту гледжання — прапанаваць гатовы алгарытм паводзін. У той жа момант, скіраванасць на асэнсаванне рэчаіснасці можа пры гэтым праяўляцца 254
таксама па-рознаму: альбо адбываецца звычайная канстатацыя, альбо апісанне падзеі і нейкія практычныя парады, альбо ўсебаковы аналіз сітуацыі і пошук шляхоў вырашэння праблемы.
Літаратура
1.	Асташонак А. Нататкі сумесніка // Крыніца. — 1999. — № 10. — С. 80-114.
2.	Бахтйн М. М. Эстетнка словесного творчества: Сб. нзбр. тр. — М.: Нскусство. 1979.
3.	ГібкоўскіА. Анатомія пакаленняў // Публнцнсты / Белорус. союз журналнстов; сост.: Л. С. Екель, Б. В. Стрельцов, Г. В. Соколовскнй. — Мінск, 2000. — С. 115-126.
4.	Горохов В. М. Публнцнстнка н ее эффектнвность // Горнзонты публлцнстлкн: Опыт л проблемы. — М.. 1981.
5.	Сабіна П. Дняпроўскія плёсы // Полымя. — 1990. — № 6. — С. 175-205.
6.	Тертычный A. А. Жанры перлодлческой печатл: Учеб. пособне. — М.: Аспект-пресс, 2000.
7.	Шаўцоў С. Пункцірам // Полымя. — 2000. — № 1. — С. 217—240.
8.	Якавенка В. Крушэнне на ростані. Эсэ, артыкулы, гутаркі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. — С. 282—285.
9.	Bauer Z. Gatunki dziennikarskie. Pakt faktograficzny//Dziennikarswo i swiat mediow / Pod red. Z. Bauera, E. Chudzinskiego. — Krakow: Universitas, 2000.
Раздзел 4
ПІСЬМЕННІК I ЧЫТАЧ: ЛІТАРАТУРНАЕ ЎЗДЗЕЯННЕ НА ГРАМАДСКУЮ СВЯДОМАСЦЬ
Падобна на тое, што на Беларусі ўжо звыкліся з сітуацыяй фактычнай непраяўленасці ўплыву мастацкіх твораў на фарміраванне прынцыпаў і стэрэатыпаў успрымання грамадствам фактаў і з’яў рэчаіснасці. Дайшло да таго, што часам гаворку заводзяць пра перспектывы знікнення нацыянальнай літаратуры, і такі ракурс як быццам адмяняе актуальнасць разваг пра шляхі ўздзеяння літаратуры на грамадскую свядомасць, бо якая, маўляў, эфектыўнасць, калі клапаціцца даводзіцца пра тое, каб проста падтрымаць пісьменнікаў, дапамагчы літаратуры працягнуць традыцыю свайго існавання.
Зразумела, што любыя прапановы сканцэнтравацца выключна на захаванні нацыянальнага пісьменства і не задумвацца пра напрамкі актывізацыі ўнёску літаратуры ў выпрацоўку норм грамадскага светаўспрымання не з’яўляюцца канструктыўнымі. Пытанне пра інтэнсіфікацыю ўплыву літаратуры на грамадства ўяўляецца больш шырокім, больш універсальным, чым спрэчкі пра тое, за кошт чаго магчыма падоўжыць існаванне нацыянальнага мастацтва слова.
1
Ці магчыма істотнае ўздзеянне літаратуры на грамадскую свядомасць увогуле? Занадта ўжо ўстойлівы ў наш час недавер да пераўтваральнага патэнцыялу мастацтва, прычым у літаратурным развіцці сапраўды адзначаюцца малапрыемныя тэндэнцыі, якія прымушаюць даследчыкаў быць дастаткова песімістычнымі ў сваіх прагнозах. He 256
паспрачаешся: сур’ёзную літаратуру чытаюць усё менш, прачытаныя кнігі не робяцца стымулам для карэкціроўкі стылю паводзін, а пісьменнікі цяпер не вучаць і выхоўваюць, а пераважна забаўляюць аўдыторыю — пра гэта многа і слушна разважаюць літаратуразнаўцы не толькі на Беларусі, але і ва ўсім свеце. Бяда гэта, як бачым, агульная, і ці не наіўна спадзявацца, што з яе наступствамі мы здолеем зладзіць у межах асобна ўзятай краіны, ці не выглядае такое змаганне занадта малаперспектыўным?