Сучасная літаратура
каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
Трэба нарэшце ўсвядоміць небяскрыўднасць безагляднай выдавецкай актыўнасці, зразумець, што кожны выдадзены слабы твор здольны абвастрыць, паглыбіць праблему чытацкага адчужэння. I паколькі сітуацыя выглядае дастаткова пагрозлівай, варта, бадай, распрацаваць механізм штучнага, недзе нават прымусовага адсячэння таго дылетанцкага і графаманскага валу, які бескантрольна ўліваецца ў беларускую літаратуру.
Мы выдатна разумеем, што звычайна ўмяшальніцтва звонку ў літаратуру недапушчальнае. Літаратура з’яўляецца сістэмай, якая самарэгулюецца, і ніякага «кіравання», нават з найлепшымі намерамі, яна не патрабуе. Але спра272
ва ў тым, што ў беларускай літаратурнай хваробы доўгая і няпростая перадгісторыя. Перадумовы сучасных бед закладзены былі яшчэ ў 20-я гады XX стагоддзя, калі адбылося нязначнае, на першы погляд, змяненне прынцыпаў фінансавання кнігавыдавецкай справы. Тады, прыгадаем, прыбытак ад продажу кніг належаў дзяржаве, а потым гэтыя ж фактычна сродкі выдаткоўваліся ў выглядзе бюджэтных асігнаванняў на кнігавыданне.
Сэнс падмены ўвогуле зразумелы. Такім чынам фінансавая залежнасць выдавецтваў ад чытача абарочвалася фінансавай залежнасцю выдаўца ад дзяржавы. Адкрывалася выдатная магчымасць падкарэкціраваць працэс калі не напісання, дык хаця б рэпрэзентавання кніг чытацкай аўдыторыі. Маніпулюючы бюджэтнымі паступленнямі, лёгка можна было арыентаваць выдаўца на публікацыю ідэйна вытрыманай, няхай і не зусім дасканалай у плане чытэльнасці, прадукцыі — і побач з тым лёгка абсякаліся памкненні друкаваць прадказальна прыцягальныя для аўдыторыі, аднак ідэалагічна «сырыя» творы. Ранейшая зацікаўленасць у камерцыйным поспеху літаральна кожнага выдання змушала выдаўцоў больш пільна адсочваць бухгалтарскія, прыбытковыя паказчыкі.
Проста друкаваць не вельмі чытэльнае, затое ідэалагічна лаяльнае — гэта палова бяды. Справа ў тым, што дзеля падтрымкі адзіна дзейснага ў новых умовах паказчыка, падсумаванай рэнтабельнасці агульнай колькасці выданняў дзяржава вельмі хутка стала на шлях пратэкцыянісцкай абароны сваёй друкаванай прадукцыі. Без уліку гэтага фактару цяжка зразумець, чаму савецкая цэнзура, напачатку адназначна ідэалагічная, ужо ў 1950—1960-я гады прыйшла да непрымання нават увогуле бяскрыўдных, арыентаваных адзіна на займальнасць твораў прыгодніцкага, гістарычнага ці фантастычнага жанраў. Відавочна, што пры дапамозе цэнзурных перашкод паслядоўна прыбіраліся творы-канкурэнты, якія маглі б адцягнуць увагу ад малазаймальных агітак. Калі б не гэтае штучнае, пратэкцыянісцкае па прыродзе ўмяшальніцтва, нечытэльнасць многіх савецкіх твораў азначылася б яшчэ ў тыя, знешне спакойныя гады. Статыстыка ж «прачытанасці» пэўных кніг
шмат у чым залежала ад таго, наколькі дбайна прыбраныя з вачэй чытача творы іншыя, больш займальныя за тое, што дружна чыталася!
Чым больш значнымі рабіліся ідэалагічна арыентаваныя напластаванні, тым больш франтальна цэнзура павінна была працаваць «на адсячэнне». Фінал заканамерны: як толькі на пачатку 1990-х цэнзура знікла і да чытача хлынуў павадак раней недасягальных кніг — працэнт твораў малапераканальных выявіўся настолькі значным, што лагічна акрэслілася інерцыя чытацкіх антыпатый.
Гэтага не адбылося б, калі б штучнага адсейвання твораў «на займальнасць» не было. Напрацоўкі масавай літаратуры нязменна ўлічваюцца аўтарамі сур’ёзнымі, якія вымушаны суадносіць узровень сваіх кніг з мастацкімі параметрамі лепшых літаратурных узораў. Пісьменніку вельмі важна адчуць узровень жывой, канкурэнтназдольнай займальнасці. I добра, што лепшыя аўтары знаходзілі ў сабе мужнасць не аглядацца на крытэрыі чытэльнасці мінімальна дастатковай, «абы ў друк пайшло» (хаця прыгадаем таго ж Караткевіча — імкненне такое нярэдка не спрашчала, а, хутчэй, ускладняла выдавецкі лёс кніг).
Адпаведна, як толькі раней адсечаная літаратура дайшла да чытача і ўзровень займальнасці ў літаратуры павысіўся, многім аўтарам перастала хапаць таго набору літаратурных уменняў, які ўяўляўся дастатковым раней. У гэтым бачыцца прычына ці не імгненнага, на першы погляд невытлумачальнага, ахаладжэння цікавасці да літаратуры. Аднак чытацкія антыпатыі не закранулі аўтараў, якія арыентаваліся на абсалютную, без усялякіх «але», займальнасць. Увагу да лепшых твораў не адмяніла рэвізія ідэалагічных канонаў, значыць, не ідэалогія, зусім не яна ці не толькі яна ўплывала на змяншэнне зацікаўленасці чытача.
Паказальна, што аналагічныя працэсы назіраліся ва ўсіх савецкіх літаратурах, у выніку ў большасці з іх і праяўляецца сёння выкліканае інерцыйнасцю чытацкіх антыпатый імкненне маладых апеляваць да аўтарытэтаў замежных. Падобна на тое, што з’ява набыла характар заканамернасці, фактычна варта задумацца пра дэфармацыю саміх прын274
цыпаў рэгулявання ў літаратуры і пра тое, як і за кошт чаго азначылася ў савецкі перыяд гэта дэфармацыя.
Сёння схема адбору ў многім увязваецца з імпульсамі рынкавага кнігафінансавання, прынцып тут просты: рашучае чытацкае «не, чытаць не буду», увасобленае ў паказчыкі стратнасці выдання, становіцца сігналам, вельмі адчувальным для выдаўца, і той, занепакоены фінансавым дабрабытам выдавецтва, вымушана давядзе, у той ці іншай форме, адмоўнае чытацкае «не!» да літаратара.
Вядома, часам выдавец, пад уплывам меркаванняў сяброўскіх, мецэнацкіх ці іншых, можа надрукаваць аўтара, кнігі якога стабільна не знаходзяць водгуку ў чытача. Але ў цэлым сістэма спрацоўвае, творы непапулярныя друкуюцца выдавецтвамі з куды меншай ахвотай, чым творы, разлічаныя на чытацкі попыт. I дыспрапорцыі паміж чытэльным і нечытэльным няма.
Праведзеная ў 1920-я гады рэвізія прынцыпаў кнігафінансавання шмат у чым адмяніла дзейснасць чытацкага кантролю над запатрабаванасцю мастацкіх твораў. Кнігі не зусім чытэльныя (а то і зусім нечытэльныя) сталі друкаваць менавіта сістэмна. Гэту слабіну хутка скарысталі тыя рамеснікі ад літаратуры, якія заўсёды былі і застануцца ў мастацтве, пэўныя аўтары навучыліся кідкай звышідэалагічнасцю прыкрываць досыць абмежаваную змястоўнасць сваіх твораў.
Гэта з’ява назіралася ва ўсіх нацыянальных рэспубліках былога СССР. Каб прыхаваць аб’ектыўна заніжаную займальнасць «агітак», цэнзуру давялося рабіць усё болыіі і больш пратэкцыянісцкай, толькі праз адсячэнне скіраваных на займальнасць кніг удавалася падтрымаць увагу аўдыторыі да літаратуры рэкамендаванай. Фактычна мела месца маштабнае адміністрацыйнае ўмяшальніцтва ў справы літаратурныя, з вынікамі дадзенага ўмяшальніцтва мы і вымушаны змагацца сёння.
Тэарэтычна для выхаду з крызісу магчымыя два шляхі. Першы з іх аптымальны ва ўмовах, калі зацікаўленасць чытача не ўпала ніжэй узроўню, мінімальна дастатковага для рэнтабельнасці выданняў (і ў такіх умовах прынцыпы рынкавага рэгулявання запускаюцца), другі актуальны для
літаратур, дзе інерцыя чытацкага адчужэння выявілася настолькі выразна, што як моцныя, так і слабыя выданні абарочваюцца ці не аднолькава стратнымі.
У рускай літаратуры рэалізаваўся першы з прадугледжаных, так званы рынкавы, сцэнарый. I паказальна, што стартавым практычным крокам па пераадоленні чытацкага адчужэння ў многіх маскоўскіх выдавецтвах было ўвядзенне штатнай пасады так званага літаратурнага кансультанта з досыць абмежаванымі службовымі абавязкамі: запрошаны літаральна «з вуліцы» чалавек чытаў рукапісы і ацэньваў, чытэльным ці нечытэльным атрымаўся твор. Толькі калі адказ быў станоўчым, калі кансультант прыходзіў да высновы, што кніга будзе чытацца, пачыналася рэдактарская праца над творам.
Такі, прапанаваны выдаўцамі-практыкамі, рэцэпт парадаксальна сігналізаваў пра тое, што адной з прычын крызісу стала страта кантакту з аўдыторыяй, а менавіта да гэтага і прывяла дэфармацыя прынцыпаў кнігафінансавання, якая адбылася ў 1920-я гады!
Паказальны і напрамак, па якім рушыла пастаўленая ва ўмовы жорсткага рынкавага рэгулявання літаратура. Дынаміка азначылася найперш і ці не адзіна ў сферы займальнасці, вось тут зрухі адбыліся заўважныя. Сапраўды, вельмі хутка мінула пара досыць прымітыўных твораў пачатку 1990-х, алгарытмы стварэння ў рускай літаратуры дэтэктыўнага ці авантурна-прыгодніцкага рамана ці не з кожным годам становяцца ўсё больш складанымі і вытанчанымі. Прычым адмаўляцца ад схем лапярэдніх аўтараў (ці нават найперш выдаўцоў, а ўжо потым аўтараў) прымушае чытацкая перагружанасць падобнага кшталту прадукцыяй, менавіта зніжэнне попыту выступае стымулам, які актывізуе распрацоўку новых літаратурных ідэй.
Так, падобнае развіццё не пазбаўлена недахопаў, але сёння, калі схлынуў першы, самы страшны, вал літаратурнай «чарнухі», выявілася, што выдаткі былі часовымі, што руская літаратура аднаўляе нарматыўную іерархію літаратурных каштоўнасцей. Рамеснікам, і гэта ўсё больш заўважна, ужо не па сілах задавальняць чаканні аўдыторыі, чытач патрабуе нечага новага і арыгінальнага, а но276
вае і арыгінальнае можа прапанаваць толькі творца — той, хто авалодаў усім арсеналам навыкаў стварэння сучаснай, вытанчанай і ўскладненай інтрыгі. Адпаведна пара рамесніцтва рана ці позна міне, магутная лінія духоўных шуканняў рускіх аўтараў атрымае далейшае, яшчэ больш пераканаўчае, развіццё.
У беларускай літаратуры рынкавыя механізмы не запусціліся. Адпаведна мы пазбеглі таго ўсплёску «чарнухі», які меў месца ў суседзяў, але ж і рэгулятары рынкавага самаачышчэння ў нас не ўключыліся! Бо ва ўмовах, калі ці не аднолькава стратнымі абарочваюцца як моцныя, так і дастаткова слабыя беларускамоўныя творы (а прычынай гэтаму ўжо сфарміраваная інерцыя антыпатый), выдавец не адчувае імпульсаў чытацкай зацікаўленасці, выдавецтвы не даводзяць гэтыя імпульсы да літаратараў.
He, не працуе ў нас той па форме «выдавецкі», а па змесце «чытацкі» дыктат над пісьменнікам, які б літаральна змушаў аўтараў адмаўляцца ад напісання твораў малазмястоўных. He працуе, і ўсё тут! На Беларусі можа быць спакойна надрукаваны відавочна слабы, нецікавы твор. Асабліва гэта небяспечна ў атмасферы нашага спецыфічнага двухмоўя, бо тут страту даверу да кнігі нацыянальнай чытач празмерна лёгка замяшчае цікаўнасцю да белетрыстыкі рускамоўнай, сёння непрыхавана арыентаванай на займальнасць. Такім чынам, механізмы «рынкавага самаачышчэння» нам трэба запускаць абавязкова, але дзеля гэтага сёння трэба выходзіць на рубяжы хаця б мінімальнай рэнтабельнасці выданняў, пры якой азначацца імпульсы рэальнай чытацкай ацэнкі.