Сучасная літаратура каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку

Сучасная літаратура

каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 286с.
Мінск 2008
84.54 МБ
Логіка ў гэтых сумненнях ёсць, але тут хацелася б прыгадаць пра даўняе, праведзенае яшчэ ў 1970-я гады ў Францыі сацыялагічнае апытанне. Вынікі яго прыведзены ў кнізе У. Кантаровіча «Літаратура і чытач» (М., 1976), і вось на што ўсім нам варта было б звярнуць увагу: многія чытачы гаварылі ў анкетах пра сваю цікавасць найперш да літаратуры забаўляльнай, да дэтэктываў ці фантастыкі, і ў той жа час ніхто, ні адзін чалавек, не назваў сярод кніг, якія зрабілі найбольшае ўражанне і прымусілі задумацца, ніводнага твора літаратуры масавай! У гэтым пункце анкеты ўсе, нават тыя, хто ахвотна разважаў пра свае сімпатыі найперш да жанраў забаўляльных, пералічвалі толькі сур’ёзныя, глыбока псіхалагічныя, нярэдка няпростыя для ўспрымання творы [4, с. 152].
Нават ініцыятары акцыі, настроеныя на лабіраванне камерцыйнай літаратуры, не чакалі такога выніку. Ускрылася ці не абсалютная разведзенасць дзвюх літаратурных плыняў, літаратура масавая, як выявілася, нават тады не адмяняе, не перакрэслівае глыбіннага ўражання, якое пакідае сапраўды высокамастацкі тэкст, калі адзін прачытаны сур’ёзны твор прыпадае на дзесятак-другі «праглынутых» раманаў забаўляльных.
Адпаведна мусім прызнаць непераканаўчым такое вось, досыць распаўсюджанае ў асяродку беларускіх літаратараў, самаапраўданне: нас, маўляў, проста не чуюць, і творы, якія нясуць агромністы выхаваўчы патэнцыял, пакідаюць незаўважанымі найперш таму, што аўдыторыя чытае зашмат кніг прымітызаваных, спрошчаных і забаўляльных. He, праблема не толькі ў павадку літаратуры масавай, відавочна, ёсць прэтэнзіі і да беларускіх аўтараў, да здольнасцей
нават тых з іх, што дэкларуюць сваю гатоўнасць да напісання тэкстаў высокага гучання, стварэння сапраўды вартых увагі мастацкіх палотнаў.
Пры гэтым у літаратурным жыцці рэспублікі праглядаюцца моманты, якія дазваляюць верыць у верагоднасць перамен да лепшага. Такія перамены могуць, нават павінны азначыцца на Беларусі — у тым, вядома, выпадку, калі здолеем разабрацца ў сутнасці праяўленых у нацыянальнай літаратуры працэсаў, калі зможам выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па аздараўленні сітуацыі. He трэба забываць, што «страх перад будучым прымушае абапірацца на сучаснае і чапляцца за яго, у той час як вера ў будучае робіць нас больш успрымальнымі да перамен» [9, с. 25].
Найперш звернем увагу на выразную цікавасць насельніцтва да нацыянальнага слова. Бо, хай гэта і выглядае парадаксальным, беларусы не згубілі цікавасці да мастацкага самавыяўлення, не адвярнуліся ад кнігі. Тыя абразліва малыя лічбы тыражоў, якія як быццам аб’ектыўна паведамляюць нам пра незапатрабаванасць беларускамоўных твораў, на справе сведчаць пра іншую, хаця і таксама малапрыемную, чытацкую рэцэпцыю. У найбольшай ступені падобная статыстыка сігналізуе пра незадаволенасць аўдыторыі якасцю літаратурных навінак, а такая незадаволенасць зусім не адмяняе гатоўнасці ўхвальна вітаць больш прывабны, больш пераканаўчы літаратурны тэкст.
Так, на Беларусі выяўляецца і універсальная, характэрная практычна для ўсіх краін тэндэнцыя змяншэння цікавасці да друкаванага слова.
Наша прыярытэтная, базісная задача — узняць узровень запатрабаванасці, даверу да беларускай кнігі. На аснове прачытанасці тэкстаў можна будзе планамерна дабівацца павышэння эфектыўнасці ўздзеяння літаратуры на грамадскую свядомасць, дзе прынцыпова важным уяўляецца асэнсаванне механізмаў павышэння чытацкага попыту на беларускую кнігу.
Тут вельмі важна выпрацаваць сістэму мер, скіраваных, па-першае, на павелічэнне цікавасці аўдыторыі да беларускамоўнага літаратурнага «прадукту» і, па-другое, на актывізацыю ўздзеяння літаратуры на грамадскую свядомасць. 258
I найперш спадзяванні тут варта ўскладаць на тую патэнцыяльную прыхільнасць беларусаў да твораў нацыянальных пісьменнікаў.
Цікавы, дарэчы, факт: у «ЛіМе» за 20 студзеня 2006 года была надрукавана гутарка А. Брава з Г. Слесарэнка, дырэктарам Барысаўскай цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк. Яна адзначыла: «3 таго часу, як газета «Советская Белоруссня» стала рэгулярна рабіць агляды кніжных навінак, замежных і беларускіх, чытачы сталі прасіць у нас менавіта гэтыя творы» [7, с. 4],
Вось так: змешчаны анонс у сапраўды масавай, папулярнай беларускай газеце — і ў бібліятэку пайшлі людзі, пачалі заказваць рэкамендаваныя, у тым ліку беларускамоўныя, творы. Прычым залежнасць акрэслілася настолькі ўстойлівая, што яе адразу заўважылі бібліятэкары — ну як тут не ўзгадаць пра сацыялагічнае апытанне, якое праводзілася ў рэспубліцы на пачатку 1990-х гадоў і вынікі якога прыведзены ў кнізе У. Скараходава «Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення» (Мінск, 1994). У анкетах людзей прасілі тады выказаць меркаванні наконт «магчымага павелічэння наведвальнасці ўстановаў мастацкай культуры рэспублікі пры ўмове знішчэння прычын, якія перашкаджаюць кантактам з імі насельніцтва» (так пазначана ў кнізе), і 68% палічылі, што попыт на кнігі ў масавых бібліятэках павялічыцца ў выпадку, калі павысіцца «арганізацыйная даступнасць устаноў культуры», гэтых самых бібліятэк [6, с. 23],
Пытанні рэкламавання кнігі, анансавання новых выданняў якраз і суаднесеныя з падпунктам «арганізацыйная даступнасць устаноў культуры». Вось ён, рэальны і даўно пазначаны сацыёлагамі рэзерв павелічэння запатрабаванасці беларускай кнігі, нават першыя крокі ў дадзеным кірунку пацвердзілі слушнасць прапанаваных спецыялістамі больш за дзесяць гадоў таму рэцэптаў. А ёсць жа і яшчэ пазначаныя ва ўсё той жа анкеце падпункты, такія як «прывядзенне ў большую адпаведнасць з узрастаючымі запытамі насельніцтва прапанаваных культурных каштоўнасцей» (12% апытаных палічылі, што падобныя меры істотна павялічаць кнігавыдачу ў бібліятэках) ці «павышэнне
ўзроўню тэрытарыяльнай даступнасці ўстаноў культуры» (у тым, што гэта прынясе плён, перакананыя 16% удзельнікаў апытання).
Гаворачы пра выданне беларускіх кніг, прывядзём надзвычай красамоўную, на нашу думку, статыстыку (яна прагучала ў дакладзе акадэміка Бабосава на канферэнцыі «Нацыянальнае адраджэнне, цывілізацыйная спецыфіка і працэсы міжнароднай інтэграцыі (СНД і вопыт развіваючыхся краін)», што праходзіла ў Мінску ў 1996 годзе): у той час як у Расіі на душу насельніцтва выдаваліся 8,3 (у 1959), 10,6 (у 1979) і 12,3 (у 1989) кнігі, на Беларусі гэты паказчык настолькі ж паслядоўна змяншаўся. У 1959-м мы мелі 1,2, у 1979-м — 0,9, у 1989-м — 0,7 кнігі на душу насельніцтва [1, с. 107]. Паводле статыстыкі, у 2005-м мы атрымалі 0,4 беларускамоўн ыя кнігі на кожнага жыхара краіны. I дадзеная лічба была абвешчана як дасягненне, бо ў папярэднія гады было нават горш!
На нашу думку, з поўным правам можна гаварыць не пра сотні, а пра дзесяткі тысяч, а можа і мільёны чалавек, адносіны якіх да беларускай кнігі варта ахарактарызаваць як прыязныя, хаця і насцярожаныя. Пра такую настроенасць аўдыторыі сігналізавалі, дарэчы, і многія ліставанні з рэдакцыямі газет («ЛіМ», «Советская Белоруссня») падчас літаратуразнаўчых дыскусій, што разгортваліся на старонках гэтых выданняў. Чытачы, занепакоеныя станам спраў у літаратуры, гаварылі пра гатоўнасць прачытаць змястоўны, сапраўды цікавы беларускі твор і наракалі найбольш на тое, што адшукаць такую, напісаную ў апошнія гады, беларускую кнігу не заўсёды ўдаецца.
Аналагічныя заявы не надта браліся ў разлік. Але цяпер шчырасць падобных заяў пацверджана практыкай. Па эфектыўнасці змешчаных у «Советской Белорусснн» анонсаў, па рэакцыі на іх мы адчулі: народ не толькі на словах цягнецца да нацыянальнай літаратуры. I тут ёсць пра што задумацца пісьменнікам.
Мы неяк забыліся, што развучыцца чытаць фактычна немагчыма (выключэнні тут фенаменальна рэдкія). He сышлі яшчэ далёка тыя пакаленні, цікавасцю многіх і многіх прадстаўнікоў якіх падтрымлівалася масавасць шмат260
тысячных тыражоў, што выдаваліся на Беларусі ў перадапошнія дзесяцігоддзі XX стагоддзя. Наўрад ці варта адным з вырашальных фактараў зніжэння попыту на кнігу абвяшчаць «татальнае невуцтва», суцэльную быццам бы неадукаванасць беларусаў.
Нават калі дапусціць, што беларусы, народжаныя ў канцы XX стагоддзя, цалкам абыякавыя да нацыянальнага пісьменства (хаця ніякай крытыкі падобнае меркаванне не вытрымлівае), усё роўна застаецца не патлумачаным механізм раптоўнага, абвальнага «знікнення» ўсіх тых, хто не так даўно з ахвотай чыгаў беларускія кнігі. Няўжо і праўда можна дапусціць, што ў дваццаць год чалавек схільны і здольны быў ацаніць досыць складаны, не прымітыўназабаўляльны беларускамоўны тэкст (у 1980-я друкаваліся пераважна сур’ёзныя пісьменніцкія работы), а ў сорак гадоў узяў ды развучыўся гэта рабіць?
He, справа не ў знікненні чытачоў, здольных усур’ёз успрымаць беларускамоўныя тэксты, нешта не задавальняе чытача ва ўзроўні пісьменніцкай прапановы. Адзначым таксама, што істотная частка аўдыторыі пераключылася на выданні іншамоўныя, пераважна рускамоўныя.
Вычарпальна патлумачыць такі перанос акцэнтаў абвінавачваннямі кшталту «не чытаюць, бо спакусіліся падкрэсленай спажыўнасцю, спрошчанасцю камерцыйных выданняў», немагчыма. Ніхто не збіраецца спрачацца з тым, што тэндэнцыя да зніжэння планкі запатрабаванняў чытача выразна акрэслілася, што многія сапраўды пайшлі па шляху найменшага супраціўлення і прызвычаіліся шукаць у творах найперш элементы забаўляльныя. Аднак нярэдка бывае і так, што чалавек шануе класіку, не абмінае высокаінтэлектуальныя замежныя творы (ды часам такая кніга чытаецца ў арыгінале), але пры гэтым усё роўна абмінае ўвагай беларускамоўныя творы. Ці карэктныя ў дадзеным выпадку папрокі ў імкненні пазбягаць глыбокіх, высокамастацкіх твораў?
He, даводзіцца ўсё ж прызнаць: на Беларусі ёсць нямала адукаваных, шчырых, далёка не абыякавых да нацыянальнай культуры, здольных і схільных чытаць сапраўды сур’ёзныя творы чытачоў. Большасць з іх валодае роднай
мовай у ступені, дастатковай як мінімум для таго, каб без праблем успрыняць беларускамоўны тэкст, — і ўсё ж чытаюць гэтыя людзі пераважна іншамоўныя (не толькі рускія!) выданні. Прычым перанос чытацкіх сімпатый набыў настолькі масавы характар, што дадзеную тэндэнцыю нелыа ўжо спісаць на катастрафічнае супадзенне выпадковых, чыста сітуацыйных фактараў. Ёсць усе падставы меркаваць пра існаванне аб’ектыўных прычын пераакцэнтацыі чытацкіх прыярытэтаў.