• Газеты, часопісы і г.д.
  • Судуманьне  Мікола Калядны

    Судуманьне

    Мікола Калядны

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 132с.
    Мінск 2018
    15.8 МБ
    СУДУМАНЬНЕ
    МІКОЛА
    КАЛЯДНЫ
    
    Мінск «Галіяфы» 2018
    УДК 821.161.3-31
    ББК 84(4Бем)-44
    K17
    Калядны, М.
    K17 Судуманьне : аповесць / Мікола Калядны. Мінск : Галіяфы, 2018. 132 с.
    ISBN 978-985-7140-95-4.
    Напісаная лексікай без мужчынскага і жаноцкага роду ў адзіночным ліку, аповесць малюе дзіўныя ўзаемадачыненні і касмічныя прыгоды разумных істотаў, паказвае цікавы фенаменальны свет бясплоцевых стварэнняў.
    УДК 821.161.1-31
    ББК 84(4Бем)-44
    ISBN 978-985-7140-95-4	© Калядны М„ 2018
    © Дарохін П., вокладка, 2018
    © Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2018
    1
    Я тут упершыню. Столькі кіраваць міма, раскідваць усякава думкі і ніколі не зачапіцца за гэтыя дрэвы, кветы, не акружыцца ў захапленьні! Шкада. Недаравальна.
    Вось заўсёды так: жывеш упэўнена, зьмястоўна, памысна, прагнеш лепшага і дзякуеш за дадзенае — увогуле радуесься быцьцю...
    I раптам — такія... Павевы, шэпты, спомігі?..
    Нейкія імпульсы атачаюць, вабяць, клічуць, надзяць...
    Неадчэпна, настойліва...
    Запыняюць, прымушаюць...
    Штосьці павінна здацца...
    Выпадковасьцям ня веру. Упэўнены: усё рыхтуецца загадзя. Мною альбо кімсьці. Хвілінамі, гадзінамі, днямі, месяцамі, гадамі, стагодзьдзямі й г. д. аж да бясконцых касмасовых кругоў.
    У абставінах, што раптоўна адчыніліся, я пакуль не кумекаю і не празіраю. Сьпяшацца нельга. Падумаю і дайду апасьля.
    Цяпер мяне перапаўняюць адчуваньні. Няўзмогу панадлівыя. Настолькі знаёмыя і блізкія, што да дрыжыкаў прыемна й салодасна. Аж зглынаю патроху.
    Пэўна, раньш я ведаў іх. Калі?
    Ня буду мучыцца і ўспамінаць. Заяліла. Набліжуся.
    Пасылы зьмяняюцца. Адны мацнеюць, іншыя слабеюць. Нейкія зьнікаюць ды зьяўляюцца. Многімі выпадкамі — фармалізуюцца-трансфармуюцца. Пэўна, я ўплываю на іх. Цікава, яны былі-драмалі заўсёды тут самі па сабе, а я іх раскатурхваю, альбо ўзьніклі ад маіх думкаў? Ці заўважае іх яшчэ хто? Мо толькі я адно?
    Зноў унікаю — а гэта цяпер не патрэбна.
    Зараз лепш аддацца почавам, чымся развагам, — так натуральней і спаручней.
    Атрымліваецца: хоць і захоплівае няспыннае паўсядзённае мітусеньне, я ўсё-ткі не забываю звыкла-гаючых узьдзеяньняў прыродных зьяваў і пры нагодзе адразу ўнутрана скаланаюся, зачароўваюся вакольлем, удыхаю прыемныя пахі. Тут жа набягаюць асацыяцыі, успамінаюцца дзіцячыя ўражаньні, і я зноўку крыху ўшчуваю сябе за многія празьмерна сумятлівыя і няўважныя імгненьні.
    Чуткія хрыбеткі здрыгануліся і трохі казытнулі.
    Цікава, як у такіх выпадках рэагуюць іншыя мутакі? Як адгукаюцца на розныя нечаканасьці
    іхныя хрыбетніцы, асабліва азадзьдзі, купрыкі, хвосьці — часьці цела, злучаныя зь яшчэ наяўнымі рудымэнтарнымі інтымнымі прыемнасьцямі?
    Вось і я, махаючы хвосьцем, азіраюся, каб мяне ня згледзелі.
    Нікога нямашака. Дый не адчуваю. Значыцца, усё тут толькі маё і можна крышку аслабіцца.
    Ад дрыгністых пазванкоў адышло напружаньне, і яны выпусьцілі, накшталт веерных пёраў, празрыстае каляровае адросьце зь пяшчотнымі ніткамі-шчупальцамі, якія адразу захісталіся ў розныя бакі, шукаючы ўцешнага спажываньня.
    Тут жа нешта мільганула і прапала, як хуткае птушаня. Фізычна? Эмацыйна? Разумоўна? Адразу ня вызначу, бо палажэньне яшчэ не забрала цалкам.
    Паглыбляюся.
    Пакрысе праступаюць сьцені. Спачатку ледзьледзь, а потым усё больш відома і напорыста мільгацяць. Іх многа, разнастайныя, уражлівыя, ад прыемных да брыдкіх як вонкава, так і на пахі, гукі, учынкі.
    Гуляюцца, мяне пакуль не чапаюць, нібыта прыглядаюцца.
    Хай сабе, не ўпершыню. Ведаю і ўмею рэагаваць-разьбірацца. Вось толькі валтузіцца зь імі зашмат. А часатрацтва не па мне. Калі гэта яны адны мяне клікалі, тады ўсё банальна. Разьвярнуся і пайду далей. Дарма разьятрылі.
    2
    — Зусім не, — кранулі чыесьці словы, і я мігам настроілася на прыймо.
    Да мяне сьпяшалася Маро, трохі ўстурбаванае. Я гэта заўважыла дзякуючы ягоным інтанацыйным перападам.
    — Кано, куды ты прапала? — эмацыйна, а пасьля і фізычна ўсё бліжэй было друхно. — Шукаю, гукаю, якія толькі поклічы не пасылаю: і пачуцьцямі, і думкамі, і іншымі псыхічнымі квантамі, нават хацела голасна закрычаць — а цябе нідзе няма. Я ўжо пачало думаць немаведама што: а раптам, мяркую, зноў накіравалі ў гэтае Вердзьдзе ці захапілі больш далёкімі зоркамі. А мо, барані Баго, заблазнавала і вырашыла разрадзіцца. Што з табой?
    Я не хавала зьдзіўленьня ад такіх нечаканасьцяў, намервалася нешта адказаць, але, бачачы такое ўзбуджэньне, змоўчала і напрыканцы ўсхваляванага даўгаслоўя тольма ўсьміхнулася.
    — Яно яшчэ хіхікае! — падроблена абуралася гаманлівае Маро. — Усё навакольле ходырамі ходзіць ад маіх перажываньняў, а яму сьмешна! Вось зараз як паласну гнеўна, дык усе твае шчупальцы скурчацца і цельцы закаркуюцца!..
    — Ды дай ты мне хоць крыху мовіць! Памаўчы.
    — Ox, i цяжка з такімі прыяцелямі! — уздыхнула Маро, паслаўшы затым маўклівую і ласкавую хвалю.
    — Нікуды я не западзелася і не накіроўвалася, а нараджаць мне яшчэ рана. А вось што кранулі — сапраўды. I пэўна так, што я зьнікла з палёў успрыманьня, бо ты не змагло мяне знайсьці. Я нават і не падазравала, што звыклае будзённае станьнё можа мець такія наступствы, тым больш са мной.
    — А што адбылося?
    — Нічога асаблівага. Проста ў нейкае імгненьне мяне чамусьці пацягнула ўважыць адно мейсца, да якога раней я было абыякавае.
    — Адтуль клікнулі?
    — Я заўважыла гэта толькі потым. А дагэтуль абыкла зіркнула ўбок.
    — Значыць, і звычайныя позіркі спрычыняюццца, што ўжо казаць пра ўсё астатняе, напрыклад, дзеяньні.
    — Так, усё ўзаемалучнае, вынікае адно з аднаго... Але зараз няма жаданьня разважаць і філязафаваць. Мяне турбуе, чаму звыклае атачэньне, якое ні я яму ні яно мне, раптам гэтак увайшло ў маё сьведам’е?
    — Мо хто гуляецца?
    — Хм, сьмешна... А калі я глузьдзею?
    — Гэта таксама спатрэбіцца. Для большага спазнаньня.
    — Жартуеш. Можна бліскуча разважаць і нават слушна раіць, калі не датычыць цябе асабіста. А калі чапляе вось тут і тут, — і я пераканаўча паказала на сэрца і шчупальцы, — тады не да мудраваньня... Ат, годзе пра тое! Лепш распавядзі, чаму ты так палка мяне запыніла.
    — Нагадваю: я цябе шукала, нідзе не знаходзіла... I ў нейкае імгненьне на хвалях дотыкаў да цябе я ўбачыла дзіўных зданяў досыць рознага начыньня і ўсхвалявалася... Тут жа рванула, знайшла тваё нэрвовае ўзбуджэньне і, не марудзячы, адпаліла што прыйшлося.
    — Карацей, ратавала.
    — Так.
    — Няўжо былі сапраўдныя пагрозы?
    — Яшчэ якія! Ты нібыта палымнела: і шчупальцы, і ўсе вонкавыя чуткія цельцы то йшлі чырвонымі плямамі, то цалкам ірдзелі, вызрынаючы пры гэтым дзіўнае трымценьне, як відомае, так і гукавое, а хвосьце нязвычна мітусілася... Кано, я так дэталёва апавядаю,як быццам ты гэтага не адчувала само?!
    — He. Валваваньне было, але інакпіае.
    — Мо забудкі найшлі?
    — Ня ведаю... Чакай, напружуся думкамі... Няма.
    — He магло ж ты выскачыць зь сябе? Рана яшчэ: ня высьпела.
    — Зазірнуць у Сусьвецьце? Там усё адлюстраванае.
    — Рызыкоўна. Нам тое пакуль зачыненае...
    — Дзе б мы былі, калі б, мякка кажучы, ня стукаліся? Паспрабуем.
    Зноўку ўзрушыліся мае глузды — і моцныя сыгналы паімчалі ўзвыш. Я нават фізычна крыху калыўнулася, спаймаўшы прыяцелевае насьцярожанае пазіраньне.
    Невядомае замінаньне, як гальмо, перапыніла, спарадзіўшы лёгкае ўзбурэньне, але я пераадолела яго спрытна — і мае падумкі-кванты ўліліся ў агульнае рэчышча касмасовага Мысьленьня.
    Мы з Маро спацямна пераглянуліся — і яно таксама рынула за мной.
    3
    — Дык вось што гэта! — уздыхнула я аблегчана.
    — Так, узбуджэньне і здаволеньне, — вызначыла Маро і неяк загадкава паглядзела на мяне, а потым удалячынь. Гарэзьлівыя агеньчыкі бліснулі з-пад прыгожых павекаў. — Пачуцьці звыклыя, але ў якіх варунках! Пракаветных, забытых, цяжкіх і зусім неўявімых!
    — Якое ў іх мяно было раней?
    — Ня ведаю. Давай зьвернемся да касмасовых вакабуляраў.
    Ліхаманкава й разам мы скокнулі да сусьветнага інфармацыйнага поля, хутка знайшлі неабходнае і, азнаёміўшыся зь ім, ахнулі — што спарадзіла яшчэ большае захапленьне.
    — Цяжка й засвоіць: “юр, жарсьць, аргазм”, — напружвалася я, каб вымавіць.
    — Словы дзьвюхплоцевых, — падказвала Маро. — Іх зручней усьведамляць, чымся казаць. А калі падключыць увабражэньне, уявіць, убачыць вобразы, тады больш сэнсоўна паўстануць інтымныя кантакты — дарэчы, вельмі прыемныя — паміж гэтымі істотамі. Зноў-такі — спазнаньне.
    — А ты ўсё адно! Нешта мне яно зусім не па нутры. Па-першае, мяне цікавяць стасункі між вышэйшымі, а не ніжэйшымі стварэньнямі. Па-другое, баліць яшчэ мацней: чаму гэтае адбылося са мной? Я ж аднаплоцевае, мае продкі і сваякі таксама; нічым чалавечым, нават дзеля знацьця, не займаемся... Дзіўна... Калі зьяўляюцца неспадзеўкі — ідзе нешта важнае. Чаго мне чакаць яшчэ? Адкажы. Ты ж усё ведаеш.
    — Калі б усё — мяне тут не было б. Кранула толькі пачуцьці?
    — Так, фізычнае, — і я ўсёвідучым бачаньнем абгледзела сябе больш для самаперакананьня, чым дэманстраваньня, — засталося без рэагаваньня, акрамя сьпіннога.
    — Гэта зразумела: там — мазгі. А ногі, рукі, хвосьце?
    — Як звычайна, бяз дрыжыкаў.
    — Двухплоцевыя ў такіх выпадках могуць і ўпасьці, самлець...
    — He, у нас жа іншае: канчакі больш формавыя, чым функцыйныя.
    — А мо што незнаёмае, нязвыклае было?
    — Ды не, як бы...
    — А ўсё-такі? — прыглядвалася да мяне Маро.
    I я ад такіх двухсэнсоўных інтанацыяў крыху сумелася, выпусьціўшы колькі пярэстых хваляў, і завіхляла хвосьцем.
    — Чаго ты дамагаесься? — вымавіла я зычна.
    — He турбуйся залішне, — улагоджвала мяне друхно таксама галосна. — Гукі нас не ўпрыгожваюць. Яны — наканаваньне ніжэйшых, — і нанова перайшло на тэлепатычныя зносіны, перадусім крыху падумаўшы.
    — Чаму я дапытваюся? Растлумачу. Табе добра вядома, што кожнае з нас разьвіваецца па-свойму, індывідуальна, але па агульных правілах і кірунках. Яны пераважна прагрэсіўныя і пэрспэктыўныя. I ўсё-ткі сярод іх не-не ды трапляюцца астаткавыя, спадчынныя. Мабыць, гэта тлумачыцца тым, што ў нашым атачэньні працягваюць існаваць папярэднікі — людзі, якія валодаюць у асноўным састарэлымі характарыстыкамі і рэальна ўзьдзейнічаюць на нас. А пазбыцца такога, выходзіць, няпроста.
    — Ведаю, гэта — праблематычнае пытаньне нават для Найвышэйшага кіраўніцтва.