Судуманьне  Мікола Калядны

Судуманьне

Мікола Калядны
Выдавец: Галіяфы
Памер: 132с.
Мінск 2018
15.8 МБ
— Як цудоўна! Нездарма сэрцайка трапятала! На вясельле клікала! Да свайго шчасьця! — прыгаворвала арыё, забыўшыся на танцы і ўсё шчыгульней тулячыся да Анто. — Дачакалася!
— Ната? Скуль ты? — подзівы захапілі Анто.
— Дзе ты, там і я, — прыгожа сьмяялася хамо. — Мілосьнікі мы! Даўнютка не страчаліся, — і ўсё зазірала ў вочы.
— Што было, тое сплыло, — нечаканыя рэзкія словы Анто апарылі гуляньнікаў, і яны перасталі скакаць.
— А як жа пачуцьці? — разгубілася разгарачанае стварэньне пасьля ветлага аслабаджэньня Анто ад абдымкаў.
— Адышлі.
— I..?
— I ўсё да іх прылучанае!
— А мае жывуць. Я толькі і думаю што пра цябе.
— Выбачай, я — не.
— Хіба так бывае? Калі кахаеш, дык і думаеш. Значыцца, каханьня не было...
— Атрымліваецца, хоць мяне вабіла да цябе...
— Нешта іншае цягнула... мімалётнае, няўдумлівае...
— Мабыць... Я дзякую табе!
— Я таксама. Толькі што з таго? Як быць далей? Пачуцьці астынуць. А думкі?.. Куды зь імі?
Ната сумна паглядзела на Анто, уздыхнула, адвярнулася і ціха пакрочыла прэч.
Нашае друхно не пабегла сьледам, не запыніла і наогул анічога не зрабіла, каб неяк зьменшыць агульнае бедаваньне.
Пра тое, што ўсім сьведкам гэтага спатканьня было гаротліва, сьведчылі цёмныя і густыя хмаркі над галовамі.
А вясельле не зважала і па-ранейшаму сьвяточна бурапеніла.
17
— Жорстка, — сказала Маро, цікаўна гледзячы на Анто. — Так са сваімі каханкамі абыходзяцца ўсе арыйскія адэпты?
— Менавіта, — вочы Анто кружлялі па баках, угору, уніз, і было відаць, што яму неахвота гаварыць аб гэтым, а тым больш — паказваць сваё хваляваньне, хоць я і Маро заўважалі ягоныя выпарэньні. — Вось так: ня ведаеш, дзе ад цябе адыдзе, а дзе прыбудзе... Вучыся, Кано, і ніколі не пераймай звычкаў людзей, ня вер ніякім іхным клятбам, нават калі перад табой апекуны: заўсёды падмануць. Ня мае значэньня як: добраахвотна, змушана, абыякава. Гэта іхняе прыроднае — хавацца, маскавацца, таемнічаць. Калісьці, каб ураўнаважыць і зрабіць іх годнымі для Касмасо, ім далі каханьне: яно, маўляў,
разьнявольвае і ашчырвае. Але надзялілі толькі цераз пачуцьці. Розумы вырашылі не кранаць. I што атрымалі? Большых бязглуздых, чымся закаханыя, няма на сьвецьці. Кармічна яны атруцілі і вашыя шляхі, паважаныя мутакі. Так што не задавайцеся: не такія вы ўжо і пухнаценькія. I да зораў пойдзем разам! Іншае: ці чакаюць нас там? Мо скасуюць, як няздатных?.. Вось і мяркуйце, хто такія адэпты ад карэкаў і якія іхнія правілы... Дазволілі разгаманіцца, лепш бы болей паспыталі чалавечагавясельля... Вунь,якяно захапляе!
Але мы, уражаныя сардэчным аб’явеньнем Анто, ні на што не зважалі, унурыліся ў сваё і маўчалі. Мне зноўку стала безразрожліва і пацягнула да сваіх. He бажалася аніякіх людзкіх умоваў і асаблівасьцяў. Я ўсё больш пераконвалася, што гэта — аджылае і нікому не патрэбнае мінулае, якое нават нябёсы нішчаць разнастайнымі канцамі сьвецьця так, каб і паміну ніякага не было. А мы тут высільваемся, вывучаем! Трасцаў вам! He жадаю!
Як на тое, у навакольлі раптам нешта адбылося, бо вясельле заціхла і кудысь утаропілася. Мы таксама павярнулі галовы і зьніякавелі.
Сонечнае і блакітнае неба спачатку зьмянілася на брудна-шэрае, потым пакарабацілася і пачало драцца на ласкуціньне, якое тут жа тлела і ўвачавідкі зьнікала. Уверсе пакрысе ўтваралася і разрасталася чорнае бяздоньне.
Вясельле хутка калыхнулася, панічна замітусілася, залямантавала і пабегла.
Толькі цяпер я пабачыла маладых. Прыўкрасныя, але сжахнутыя, яны імчалі ўзяўшыся за рукі да землянога накрыцьця, што было воддаль. Нешта шчымлівае ёкнула ў маіх грудзях. Адно стварэньне было паперадзе і падалося знаёмым (адкуль?), другое крыху адставала, спатыкалася, мятушліва зіркала па баках. На нейкае імгненьне нашыя пагляды стрэліся — і мяне торгнула ізноў. “Юлё? Вось табе і каханьне!..”
— Трэ і нам ратавацца, — данесьліся да мяне словы Анто, і мы сьпешна ўключылі разумовыя арыенціры, хуценька сягнуўшы за межы матэрыяльна-часоўнага страсеньня.
18
— А што было б, калі б мы засталіся? — пацікавілася я, як толькі зноў распасьцёрліся зорныя прасьцягі.
— Калі гэтае адгалінаваньне зьнікла, прапалі і мы, як прабывалыя ўнутры, — даводзіла Маро. — А калі яго крыху пашкуматала і яно яшчэ ліпіць, мы пакуль ацалелі, але апынуліся ў незайдросным становішчы, — прыяцеля хітравата паглядзела на Анто.
— Так, — тлумачэньне Анто было ўдумлівае, — затым нас, як чужынцаў, адразу зрабілі вінавай-
цамі і пасьля жорсткіх катаваньняў, хутчэй за ўсё, прылюдна пакаралі.
— Вы так дакладна й лёгка распавядаеце, як быццам усё гэтае звыклае і ўжо адбылося, — абуралася я падыходамі. — Нагрувасьцілі нешта бессэнсоўнае: мы ж жывыя, размаўляем...
— ... альбо сьведчым яшчэ адно прасторавачасоўнае прытымбыцьце, — нясьпешна працягвала Маро. — Кано, мы намерваліся абмеркаваць гэтае пытаньне апасьля, а калі ўжо яно ўзьнікла, то слухай.
Сябро, свабодна лунаючы і назіраючы нябёсныя відовішчы, гаманіла нібы ў трубу — і ўсё наўкола галсчэла:
— Мы з Анто нездарма ўжываем параўнаньні і азначэньні, блізкія да расьлінаў, бо імкнемся прызвычаіць цябе ўспрымаць Сусьвецьце як дрэва. Малое й вялікае, мікра й макра, рэчы й зьявы — усё ў Касмасо ўладкаванае філямэнтальна і падобнае да дрэва. Мы, індывіды, паўстаём як камлі, галіны, вецьце, лісьце, плады ў суцэльным і асобным значэньні, то-бок разьбягаемся па прастаро й часо ды нагадваем клетачнае ўстройства, якое існуе ўзаемаабменна. Нас шмат. У адным мейсцы зелянеем-сьпеем, у другім — ссыхаем-адпадаем, але ўсё адно жывём вечна. Зразумела? Так што, калі ўзьнікаюць праблемы — уяўляй дрэва, мазгуй, і выйсьце прыйдзе.
Я ведала пра адзінства ўсяго прыроднага, узаемалучэньне, але ня так наглядна, відзебна й вобразна, як падало Маро.
— Тады атрымліваецца, што пройдзенае вярнуць зусім немагчыма, бо кожнае імгненьне своеасаблівае і не паўтараецца? — я наўчалася экстрапаляваць працэсы і тым самым высьвятляць, ці слушныя некаторыя мае здогады.
— Канечне, — гарачыя і прыгожыя флюіды цяклі ад Анто, і ягонае жаданьне падзяліцца думкамі было неверагодным. — I менавіта ў гэтым — непаўтарэньні, неўзнаўленьні, ноўстве — найвялікшае шчасьце ад быцьця. Ніколі ня трэба спыняцца і задавольвацца дасягнутым. Толькі наперад! Нават цераз пачуцьці! Прэч ілюзіі!
— Дык тыя падзеі, удзельнікі зачыніліся насаўсім? — я ўсё ціснула на сваё спакойна, але прыяцелі заўважылі над мяне гаротныя балачынкі.
— Чагой-та ты забедавала? — Маро нахілілася і ўлашчыла дыханьнем. — Такімі прыкрымі былі абставіны і раптам — шкадаваньне... Турбуе што?
— He, — адвярнулася я, але хвосьце выдала маё хваляваньне.
— Кажы, не стыдайся, — мяккія і лагодныя дотыкі Анто абуджалі ўнутры штосьці нязнанае.
— Ад маіх думкаў не адыходзяць вочы і позіркі таго стварэньня, — прызналася я і словам, і дрыготкімі шчупальцамі. — Першае разо
лямантавала, а другое — заручалася... Юлё. Такое жыцьцё. Няўжо загінула? Жаласьліва... I я вінаватае, не дапамагло...
Маро і Анто са зьдзіўленьнем пераглядаліся. Ці наўрад яны ведалі, што рабіць, бо доўга маўчалі. Я толькі адчувала, як глыбока і інакш яны разумеюць адбывалае, бо паветра вакол іх ніяк не вагалася.
19
— Можна! — неакрэсьлена мовіла Маро пасьля задуменьня, і мы памкнуліся да яго. — Але няпроста. Звычайна для таго, каб трапіць да патрэбнага вымярэньня, нам дастаткова этэрна настроіцца, таргануць адпаведныя касмасовыя ніткі і сягнуць. Аб’екты зьявяцца праломленымі праз нашае сьведам’е. Па-сапраўднаму, яны іншыя. Ёсьць колькі варыянтаў, але абмежаваных і таёмых, якія дазваляюць уяўленьню большменш аб’ектыўна аформіцца па жаданьні. У асноўным яны даступныя сама высокаму касмасоваму разьвіцьцю. Мы пакуль не такія. Табе, Кано, як патэнцыйнаму пасьвячонаму, можна паспрабаваць так званага прамога двухбаковага лучэньня. Яно магчымае толькі, калі існуюць прымальныя агульныя сьвядомыя сьляды адно аднаго, ці тое, каб вас лучыла аднароднае памкненьне. Ёсьць яно?
Я разгубілася, бо не магло сцьвярджаць пра нешта парнае між мною і Юлё. Як разглядаць апошнія выпадкі? Змушаныя і выпадковыя кантакты. Прыцягальныя? He. Хутчэй адпіхвальныя... А Юлё? Сьпярша гарнулася да мяне, а потым кінулася ў замужжа зь іншым... Нічога аднолькавага, усё рознае. Што ўжо казаць пра вонкавае непадабенства!
— А вашыя мімалётныя позіркі? — напамінаньне Анто зрушыла думкі, і я запытальна паглядзела на Маро як на збавеньне.
— Вось за гэтае льга зачапіцца, — ажывілася Маро, — і праверыць, ці напяліся паміж вамі хоць якія струны.
Яно сканцэнтравалася, трохі паманіпулявала рукамі і радасна гукнула:
— Ёсьцека! Ніткі памятаньня і хваляваньня. Пацягнуўшы за іх, можна наблізіць вобразы. Абнадзейвае і тое, што каханьнем адаміта бачыць цябе, Кано, глыбока і пранікае амаль да твайго наўмянальнага асяродзьдзя, не заўважаючы ўвасабленьняў ў розных сьветах.
— Значыцца, ня зглузьдзіла, а прасякла неўсьвядомлена, ня ведаючы, — разважала я, узгадваючы першае спатканьне. — Своеасаблівае затлумленьне. Няўжо пачуцьці так далёка вядуць?
— Да наўмянальнага? — дзіва ахапіла і Анто. — Ці наўрад.
Тады што?
Гэтае пытаньне ўзьнікла ўва ўсіх адначасова і выразілася над кожным іскрыстымі промнямі, скіраванымі ўвысь.
I нас пацягнула туды. Мы паімчалі. Мною ўсё мацней авалодвалі адчуваньні, якія нагадвалі зямныя дзіўнасьці, і я зь цікаўнасьцю зыркала на кампаньёнаў. Тыя вонкава нічым не выяўляліся, і мне рабілася неяк не па сабе: што адбываецца?
20
Наперадзе захаморылася, імгненьне-другое — і перад спагляньнем паўстала лясіста-пагорыстае навакольле, там-сям як панатыканае разнастайнымі хатамі.
Праясьнілася, але лёгкае засмужэньне засталося.
Мяне несла да аднаго збудаваньня сярод бухматых дрэваў. Маро і Анто паадсталі, але ўсё адно мы размаўлялі без напружаньня.
— Чымсьці яно цябе вабіць, — угляданьне Анто ў атачэньне было цікаўным і праніклівым. — Непадобна да наўмянальнага. Кано, што ты адчуваеш?
— Чагосьці бажаецца, нават вельмі, — глыбока дыхала я, пачынаючы вылучаць ружовыя флюіды.
— А нам дык нічым і ня тхне, — прамовіла Маро, пазіраючы на спакойныя аўральныя аб-
рысы Анто. — Гэта азначае, што зайсьці ўнутр дазваляецца выключна табе, таму мы застаемася тут, а ты сягай. He турбуйся, усё будзе добра, памятай: на сваім полі гаспадарыш ты! Посьпехаў!