• Газеты, часопісы і г.д.
  • Святы і абрады беларусаў  Васіль Ліцьвінка

    Святы і абрады беларусаў

    Васіль Ліцьвінка

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 190с.
    Мінск 1998
    41.04 МБ
    47.6 МБ
    Так выдатны фалькларыст-збіральнік, якому "пашанцавала з дзяцінства купацца ў народных мелодыях", адзначыў мастацка-вызначальную рысу абрадаў жніва ў беларусаў — незвычайнае меладычнае багацце “спякотных мелізмаў-пераліваў" жніўных песень, блізкіх па сваёй трагедыйнай напружанасці да галашэнняў, але гімнічна ўзнёслых у сваім агульным гучанні. У гэтым у першую чаргу бачыцца галоўная эстэтычная вартасць абрадаў Жніва і іх агульнакультурнае значэнне ў выхаванні дзяцей.
    На вялікі жаль, непараўнальная распеўнасць жніўных песень руйнуецца, спрашчаецца сучаснымі прымітыўнымі шлягернымі рытмамі, атакуецца сучасным інтэнсіўна-музычным наступам, які ставіць пад пагрозу само іх захаванне. Супрацьстаяць гэтаму
    можна скрупулёзнай працай па фіксацыі і захаванні незлічоных варыянтаў мясцовых жніўных традыцый і музычным выхаваннем дзяцей на іх узорах.
    Уключэнне "спякотных" мелодый лета ў рэпертуар, канцэрты фальклорных, у тым ліку і дзіцячых, калектываў, у выхаваўчы і навучальны працэс, выкарыстанне і развіццё складанейшай музычнай формы кампазітарамі, выкананне прафесійнымі спевакамі, збіранне і публікацыя песень фалькларыстамі, настаўнікамі, кіраўнікамі дзіцячых фальклорных калектываў складуць аснову іх захавання. Але самае галоўнае: пераняць у сапраўднай мастацкай форме мелодыку жніўных песень дзеці могуць толькі з вуснаў у вусны ад сваіх маці і бабуль.
    Багатая ніва самабытнай беларускай нацыянальнай культуры звяртаецца за дапамогай да вас, шаноўныя педагогі, музыканты, выхавацелі, словамі жніўнай песні:
    Гаварыла ядраное жыта, У чыстым полі стоячы, Гаварыла:
    — Авой, не магу я ў полі стаяці, Каласком махаці, Ой, не магу!
    Толькі магу я ў полі капамі,
    У гумне стагамі, Толькі магу.
    Бо я вам уроны зраблю — Залатыя зёрны пагублю.
    Літаратура
    Буракоўская Н. Стаўмо сноп на сто коп //Настаўн. газ. 1991. 28 жн.
    Васілевіч У. "Летні дзень зіму корміць" // Мастацтва Беларусі. 1989. № 5.
    Думбо А. Дожннкн //Сельское хозяйство Беларусн. 1969. № 7.
    Жніўныя песні. Мн., 1974.
    Ліс А. Жніўныя песні. Мн., 1993.
    Ліцьвінка В., Раговіч У. Песні лета //Мастацтва Беларусі. 1988. № 5.
    Ліцьвінка В., Раговіч У. Песні восені //Мастацтва Беларусі. 1988. № 9.
    Ліцьвінка В. Гаварыла жыта яравое //Культура. 1993. 17 жн.
    Мінько Л. Дажынкі //Беларусь, 1970. № 9.
    Чернов О. Говорнло поле шнрокое //Сов. Бел. 1982. 7 авг.
    Відэафільмы: Жніво ў в. Мыслабаж Ляхавіцкага раёна; Жніво ў в. Крупец Гомельскага раёна; Жніво ў в.в. Дуброва, Букча Лельчыцкага раёна; Дажынкі ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна; Жніўная талака ў в.в. Лаўніца і Хаўхоліца Барысаўскага раёна.
    ЖАНІЦЬБА КОМІНА
    Гэта цікавае рэгіянальнае свята, дзе чуецца водгук хрысціянізаванай сустрэчы Новага года восенню. У дапятроўскую эпоху па праваслаўным календары адзначалася з 13 на 14 верасня.
    Па-першае, па грыгарыянскім календары гэта было свята Узвіжанне — "закрыванне, замыканне" зямлі на зіму: "На Узвіжанне світку з плеч, а кажух на плечы". "Узвіжанне з поля збірае". "На Узвіжання пару гадзюкі, вужакі хаваюцца ў нару".
    Па-другое, гэта было свята Стаўпца — сакральнага месца захоўвання агню ля прыпечка, які даў назву, у адрозненне ад каравайнага паўднёвага, вясельнаму паўночнаму стаўпавому чыну. На гэтую назву наслаілася імя святога Сымона. У сувязі з гэтым гаварылі: "Святы Сымон — сявец дамоў", “У Сымонаў дзень да абеду ары, а пасля абеду аратага з поля гані". Да гэтага дня прымеркавана і прыкмета: "Калі першы засевак рабіць напярэдадні Сымона Стоўпніка, то яно дасць добрую салому, але ж не будзе каласістым".
    Прыказкі “Сымон да варот, на дварэ сем пагод: круціць, муціць, зверху л'е, знізу мяце", "На Сымона ластаўкі хаваюцца ў ваду, ляцяць у вырай" сведчаць, што дзень быў першым восеньскім святам. Аб тым, што на змену чорным летнім мухам хутка прыляцяць зімовыя белыя, тэатралізавана сведчыць абрад пародыі на Жніво на ўсходзе Беларусі. Са снапа рабілі ляльку Салоху, упрыгожвалі, ставілі на стол, затым у
    кут. Адклаўшы сярпы ўбок, жнеі бралі чапялу, садзіліся на яе вярхом і скакалі па хаце, гаворачы: "Чарнушнікі — вон, а бялуіпнікі ў хату!" Прынесенымі альховымі галінкамі выганялі з хат мух са словамі: "Святы Сымон, гані мух вон!"
    3 наступленнем зімовых халадоў вельмі важным у жыцці людзей становіцца агонь, які зімой замяняў само сонца, таму невыпадкова на восеньскую сустрэчу Новага года наслаіўся цікавы, нацыянальна-самабытны абрад абагаўлення агню — Жаніцьба коміна. Ён вядомы з XIX стагоддзя ў наступным апісанні.
    ...Амаль у кожнай хаце 1 верасня па ст. ст. на Пінпічыне жэняць Коміна, гэта значыць — вялікі пячны комін, а дзе ёсць — і меншы...
    Прыгатаваўшы ўсё неабходнае для вячэры, гаспадыня абвязвае комін і лучнік новымі ручнікамі, a моладзь прыбірае іх кветкамі. Стол накрываецца новым абрусам і ставіцца пры самай печы ці пад лучнікам. Як толькі на двары сцямнее, у хату збіраецца ўся сям'я.
    Гаспадар кропіць адзін і другі комін і гаворыць прамову-пажаданне накшталт наступнага: "Паздароў Божа, дзядусю, бабусю, дзядзькаў, дзетак, чаляднікаў, прыяцеляў і дабрадзеяў! Абарані худобку, конікаў, волікаў, каровак для дзетак і зарадзі хлябец, жыта, пшаніцу і ўсякую пашніцу, абарані пчолак, вынесь іх на красну вясну, прыспор мядку і воску. Дай, Божа, каб нашаму роду не было пераводу, каб рэкі цяклі навекі!"
    Болып зразумелыя назвы коміна "посвет", "лучнік" — невялікая металічная рашотка, падвешаная да абмазанага глінай і пабеленага палатна ў форме трубы, якая зыходзіла ў адтуліну ў столі. Комін рабіўся пірамідальны, каб дым ад гарэўшай на лучніку лучыны не пападаў у хату.
    У канцы вечара гаспадыня прапануе моладзі спець жаніху-коміну вясельную песню. Пры гэтым старэйшая дачка просіць бласлаўлення ў бацькоў ці старэйшых у сям'і і пачынае пець песню, прымеркаваную да гэтага абраду. За ёй падхопліваюць хорам усе прысутныя:
    Ой, прыйшлі ночанькі доўгенькі, Пасвяці нам, комінку беленькі,
    Таленавітая спявачка з Сенніцкага р-на Матрона Крупская
    Мы ж цябе кветкамі ўбіралі, Бервяночкай, рутай аперазалі. Праца наша — дзеўка гарненька, Палюбіці коміна радзенька. Мы ж цябе будзема жаніці, Медзявуху і квасок выпіваці. Свяці ж, каміночку, ясненька, Пабуджай чалядачку раненька. Шыці, прасці, ткаці маладым, А падарачкі збіраці старым. Каліначку, ты нам спагадай, Кручу, верчу і буры праганяй. Дым і сажу нясі ворагам, Свет, ахвоту і радасць пашлі нам. Гаспадыня наша, паглядай, Мёдачку-квасочку паўлівай...
    Другі варыянт Жаніцьбы коміна зафіксаваны А Лозкам у 1988 годзе ў Лельчыцкім раёне.
    Захавальшк народных танцаў Мікола Котаў са сваім вучнем
    ...Вырывалі з градкі васілька, такі бураковы цвет, і ўстаўлялі яго ў дзірку ў палавінцы гарбуза. Потым адзін трымаў васілька і ўсе за ім хадзілі кругом посвета і спявалі або казалі:
    Свяці, наша свяціла, Каб агню нам не тушыла, Каб добра было прасці, ткаці I сеяць цяпло ў хаце.
    Калі жанілі посвета, то спявалі:
    Мой Сымонка, Мой салавейка, Як табе харашэнька! Як зацвіла калінанька Да на моце марозе, Пацалуймася, мая свацечка, Да на першым парозе.
    Магчыма, раней выконвалі і многія іншыя песні з вясельнага рэпертуару з мэтай пародыі, іранічна, дзеля жарту, смеху. У Жаніцьбе коміна прымалі ўдзел дзяўчаты, якія ўпершыню "запрадалі". Каля посвета, прадучы, слухалі былічкі, казкі, жартавалі, танцавалі...
    ...Запісы паказваюць, што "жанілі коміна" часам два разы на год: "на Сымона" (1 верасня), у некаторых мясцінах крыху раней ці пазней, калі з надыходам восені пачынала рана цямнець, і вясною на фаміным тыдні — "тыдзень пасля Вялікадня", калі дні станавіліся даўжэйшымі. Пры гарэнні лучыны можна было не толькі рабіць, але і чытаць. Крапіўка (адзін з псеўданімаў Алаізы Пашкевіч) назвала дзіцячы часопіс “Лучынка", каб несці дзецям святло ў шырокім значэнні гэтага слова. Яна пісала ў 1916 годзе: "Праз многа стагоддзяў свяціла ў нас на Беларусі лучынка. Яшчэ і цяпер дзе-нідзе ў вёсках збіраюцца на попрадкі з кудзелямі дзяўчаты, маладзіцы: песні спяваюць, казкі баюць. Старэйшая з кабет або нехта з дзяцей ахоўвае дзеда-лучніка: то вугаль абтрасе, то лучынку пакладзе. Мігаюць іскры па хаце. Пры пламенчыку складна родная песня плыве, казка баецца".
    На Беларусі, у прыватнасці на Палессі, існуе асаблівая пашана агню. Жаніцьба коміна — гэта сляды культу духаў-продкаў, дзядоў хатніка, які, паводле ўяўленняў язычнікаў, звязваўся з агнём "сварожычам" і жыў у сушні, на печы і пад ёй, у коміне. Гэта яму прыносіліся ў ахвяраванні ласункі. Паэтычна ўспрымаецца цяпер абразок з песні "Вяселле коміна
    з працай". Ён мог узнікнуць на аснове даўнейшых традыцый пакланення агню. У нас вядомы і іншыя "жаніцьбы": гульні "Жаніцьба Цярэшкі", "Жаніцьба бахара", свята «Жаніцьба свечкі» і інш.
    Як бачым, у абрадзе «Жаніцьба коміна» з-за яго маляўнічасці, тэатралізаванасці з вялікай ахвотай удзельнічаюць дзеці, таму ён можа стаць адным з першых абрадаў-святаў, якое можа быць праведзена на пачатку школьнага вучэбнага года ў любой школе.
    У праграму могуць быць уключаны карагоды, звязаныя з агнём, свечкамі, жартоўныя песні пра Сымона, прыпеўкі пра Сымонаўну, танцы, гульні.
    Прыклад адраджэння Жаніцьбы коміна, як фактычна поўнасцю забытай у свой час, вельмі паказальны. Над вяртаннем абраду ў культурны побыт сяла працуюць амаль ва ўсіх заходніх раёнах Гомелыпчыны (Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Лельчыцкім) і Берасцейшчыны (Столінскім, Пінскім, Лунінецкім). Ён рэканструяваны ў вв. Беланавічы Петрыкаўскага, Пагост Жыткавіцкага, Радзілавічах Лельчыцкага раёнаў, інсцэніраваны ў свой час у "Жывіцы" і ў адной з мінскіх школ. Апошняе асабліва радасна, бо адраджэнне самабытных нацыянальных свят у дзіцячым асяродд,зі — надзея на наша сапраўднае нацыянальнае адраджэнне ў наступным пакаленні.
    Літаратура
    Женнтьба комнна//Этнографнческое обозренне. 1898. № 3.
    Жаніцьба посвета//3емляробчы каляндар. Мн., 1990.
    Лозка А. Жаніцьба коміна//Крыніца. 1988. № 8.
    Відэафільмы: Жаніцьба коміна ў в. Беланавічы Петрыкаўскага раёна.
    Жаніцьба лучніка ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна.
    Жаніцьба посвета ў в. Радзілавічы Лельчыцкага раёна.
    ПАКРОВЫ
    Восеньскае свята Пакровы адзначаецца 14 кастрычніка. Яго асаблівасці добра адлюстраваліся ў прыказках: "Прыйшла Пакрова і пытае, ці да зімы гатова", "На Пакрове дай сена карове", "Пакрова— пастухоўскія кіі на дрова", "Прыходзіць Пакрова — раве дзеўка бы карова". У валачобнай песні спяваецца: