Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці
Матэрыялы канферэнцыі
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
Шмат клопату з ім нацярпеўся Касцюшка... Ведаю гэта добра, таму што на працягу ўсёй рэвалюцыі неадступна быў з Касцюшкам і спалі ў адным намёце (!).
Успомніў я пра біскупа Скаршэўскага, прыгаворанага да смерці і аб моцных умяшаннях у гэтую справу. Дык вось, сам кароль прыязджаў па гэтай справе ў лагер Касцюшкі, пасля таксама нунцый папскі Літта, які даказваў, што ўжо два біскупы пакараны ганебнаю смерцю, што не прыстала вернаму Богу, высакароднаму польскаму народу, пераймаць раз'юшаную лютасць французаў. Касцюшка. хутчэй збянтэжаны, адказаў некалькімі неразборлівымі словамі, але рэшту дня быў моцна занепакоеным. Быў гэта чалавек пры вялікай адвазе лагодны, зусім не хацеў крыві, ноччу доўга мучыўся з сабою, не могучы заплюшчыць вачэй. Нарэшце запытаў у мяне, што я думаю аб справе Скаршэўскага, хіба абавязкова яго трэба вешаць?
He бачу ў гэтым неабходнасці, адказаў я, для прыкладу здраднікам ужо навешана нямала, падобныя экзекуцыі штораз болып раз'юшваюць люд, чым больш будуць на гэта яны глядзець, тым нахабней будуць станавіцца, і на падазроных, а можа і нявінных гэта пачне рушыцца, а агіда кінутая сёння на Робесп'ера і Марата і на нас упадзе. Уберажэм нашу рэвалюцыю. колькі гэта магчыма, вольнай ад лютасці абвінавачванняў.
Маеш рацыю, — адказаў Касцюшка, — але што з ім рабіць?
Ці не магчыма яго злажыць з біскупства і на ўсё жыццё закрыць у турму?
Маеш рацыю, так і зробім.
Неяк назаўтра адмяніў ён прыгавор. Скаршэўскі быў адсвячоны ад біскупства і застаўся замкнутым у турме. Пасля гэтага паведамлення Калантай не змог усядзець ад злосці, ён быў асабліва злосны на Скаршэўскага, што ў часы Таргавіцы прыняў аднятую ў Калантая малую каронную пячатку. Такім чынам, напісаў ён да Касцюшкі суровы ліст, зняважлівы, папіраючы яго недахопам энергіі, павольнасцю да двара і гэтак далей. Касцюшка быў так закрануты тым лістом, што адпісаў, што ён складае ўладу Начальніка. Тут клопат узнік для Калантая, ведаючы, як быў Касцюшка каханым усім народам, папулярным у прастога люду, забаяўся, такім чынам, што аддаленне правадыра народа будзе прыпісана яму. Дык вось, памірыўся ён з Начальнікам, аднак, глыбока ў сэрцы захаваў антыпатыю” [1, s. 210-212].
Другі эпізод, у якім апавядае Ю.У. Нямцэвіч аб генерале Заёнчаку, стварае карціну недаверу паміж Т. Касцюшкам і яго бліжэйшым асяроддзем, што магло вельмі адмоўна паўплываць не толькі на адносіны, але і на вынікі паўстання: “У час свайго аддалення ў Літву аставіў Касцюшка замест сабе галоўным ваеначальнікам пад Варшаваю генерала Заёнчака.
Калі б я сабе загадаў гэтыя ўспаміны пісаць з найадкрытнейшай шчырасцю, ненаўмысна нікога не хацеў бы ні асудзіць і не прабраць, то не змог бы тут замаўчаць таго, што мне сказаў варты адважны палкоўнік Крапінскі:
Калі я, казаў ён, у адсутнасці Касцюшкі быў на дзённым дзяжурстве ў намёце Заёнчака, пасля доўгіх ліслівасцей Заёнчак вымавіў:
Што ты скажаш пра нашага Начальніка? Як бездапаможны ўсе яго распараджэнні, як шкодная маруднасць з каралём, яго сям'ёй і сталькімі здраднікамі: не ўтрымаемся мы, калі іх спярша ўсіх не прыбярэш.
Аслупянеўшы, Крапінскі маўчаў, Заёнчак, не знайшоўшы ў ім чалавека адпаведнага сваім думкам, далей гаварыць таксама перастаў. He ўспамінаў бы можа той акалічнасці, калі бы пазней учынкі генерала Заёнчака былі таму сведчаннем. Ужо тая брутава нянавісць да караля, ужо тыя правілы вольнасці і роўнасці былі шчырымі, ураджонымі ім. Але калі пазней гэты рыцар служыў слепа Напалеону, не хацеў насіць польскі мундзір, калі яшчэ да падзення Напалеона сваё вызваленства аддаў таму, хто панаваў, калі ўслых выказаўся ў Радзе, што нічым яму ёсць айчына і Польша, што нічога ад іх ён не мае, а ўсё толькі ад Напалеона і Аляксандра, калі, сёння ўдзельна пануючы, ён нішто не пачытае за святое, бачу, што, як не ведаў ён шмат іншых правіл, яе толькі ўласны інтарэс: «Evviva chi comanda» (няхай жыве, хто апавядае). Так абыходзіліся Шчэсны, Ржэвуцкі, Бранецкі, Сухаржэўскі: у поцісках іх была айчына, ва ўчынках здрада. Хай застанецца гэтае навукаю для нашчадкаў...’" [1, s. 217-218; 2, s. 105-106],
Яшчэ адзін факт недаверу Начальніка да бліжэйшага акружэння выплывае з таемнай спешнай паездкі пад Берасце пасля атрымання паведамлення аб адступленні Серакоўскага з пад Крупчыц: “Зараз жа, калі генерал Князевіч выйшаў на ўзмацненне Серакоўскага, да якога маў далучыцца і Панінскі, Начальнік, які паведаміў мне тайна, што назаўтра са святлом пусцімся мы толькі двое конна да злучаных
сціплых атрадаў Серакоўскага, то перацярпелі мы вечар у Варшаве ў прэзідэнта Закрэўскага. Маршалак Патоцкі, Мастоўскі. Каханоўскі і яшчэ некалькі старых добрых прыяцеляў знаходзілася там. Ніхто аб нашым заўтрашнім раннім падарожжы не ведаў, толькі ў мяне не выходзіла гэта з галавы...
Назаўтра, 6 кастрычніка 1794 года, зараз жа на досвітку мы ўжо былі на конях, абодва, як заўсёды на працягу ўсёй той вайны, у шэрых куртках вырушылі з лагера каля Макатова, пакінуўшы камандаванне генералу Заёнчаку...
А чацвёртай гадзіне па поўдні спаткалі мы разведчыкаў з корпуса генерала Серакоўскага, афіцэр нам паведаміў, што генерал Серакоўскі, адступаючы з пад Крупчыц, быў ноччу атакаваны Суворавым на Тэрэспальскіх грэблях праз Буг каля Брэста, з апошніх сіл адбіваючыся, яго разгубленыя рэшткі войска той ноччу большай часткаю ўцяклі, але ў той паніцы страцілі свае гарматы...” [1, s. 218; 2, s. 108]
Імкліва набліжаўся трагічны час Мацяёвіц: “Дзясятага кастрычніка 1794 года. у пятніцу, на самым досвітку ад'ютант ад службы Кунеўскі даў нам знаць, што вораг у баявых строях падступае да нас. Сціплае наша войска да яго падыходу хутка падрыхтавалася. Праз хвіліну мы ўжо былі на конях. Начальнік, убачыўшы ў нашым тыле вёску, асцерагаючыся, што яе могуць захапіць маскалі, загадаў яе запаліць. Ніколі не забуду таго жудаснага выгляду ад ахапіўшага вёску полымя, якое ўзносілася чорнымі клубамі дыма, сялян, жанчын з децьмі на руках, жывёлін, хатніх птушак, што ўцякалі ва ўсе бакі, плачаў і енкаў, што запаўнялі паветра...
Сам жа хутка наблізіўся да эскадрона брэст-літоўскіх паўстанцаў, сабраў іх у атрад і, падбадзёрыўшы, хутка кінуўся наперад, як раптам стралецкая куля разрывае мне наскрозь правую руку вышэй локця. Выпадае зброя з рукі, кроў хвошча моцна па мне і каню майму. Бяру Бога ў сведкі, што ўбачыўшы маю кроў, не выхваляюся, а шчыра прызнаюся, што першым маім пачуццем была не боль ад раны, a якаясь ганарыстасць так скажу якісь салодкі гонар, што кроў мая пралілася за абарону любай маёй айчыны. Здавалася мне, што, аплаціўшы ёй такім чынам свой доўг, ужо будучыя засмучэнні я перанясу лягчэй. Але тая радасць, тая патрыятычная пыха, хутка ўступіла месца смутку, калі ўбачыў поўны наш пройгрыш...
Але яшчэ жахлівейшае чакала нас відовішча. Уласна, будучы занепакоеным, распытваў усіх, што сталася з Касцюшкам? Маскоўцы паведалі мне, што ён загінуў у баі. Але паміж чацвёртай і пятай
гадзінамі вечара заўважылі мы атрад жаўнераў, які набліжаўся да галоўнай кватэры, нясучы на насілках з лазы пакалечанага чалавека. Быў гэта наш храбры, але няшчасны Начальнік Касцюшка. Уся яго постаць была заліта крывёю... Касцюшка атрымаў глыбокае рассячэнне галавы і дзве раны ад дзіды вышэй бёдзер, ледзьве дыхаў. Відовішча гэтае сціснула маё сэрца, слёзы пацяклі з вачэй, доўгае маўчанне перарваў плач і енк. Кінуўся я на бледнае цела і ад той хвіліны аж да той, у якой стаў замкнёным асобна ў пецярбургскай твердзі, не пакідаў яго і ні на момант...
Глухая ноч пасля гэтага няшчаснага дня была найбалючай ва ўсім маім жыцці! Ляжаў на саломе збоку Касцюшкі і ў сто раз пакутваў болып маральна, чым фізічна. Стаяла варта перад дзвярмі і ўнутры памяшкання. Натоўп маскоўцаў напаўняў дом, ужо паволі пачалі разыходзіцца, ужо пагасілі святло, калі гоман. змешаны з вясёлым смехам і выкрыкваннем сальнасцей, саступіў месца енкам і выраканням параненых і канаючых...
Світанне, нарэшце, разагнала цені той страшнай ночы. Касцюшка прачнуўся, як чалавек, прыведзены да прытомнасці пасля глыбокага летаргічнага сну. Убачыўшы мяне параненага каля сябе, запытаў:
Што гэта ўсё значыць? Дзе мы?
На жаль! адказаў я, мы параненыя і з’яўляемся маскоўскімі палонымі, я з табою і не пакіну цябе ніколі.
Эх! Як жа, вымавіў ён слабым голасам са слязьмі на вачах, у няшчасці маім я ёсць шчаслівы, калі маю такога вернага сябра...” [1, s.222-227; 2, s.l 11-116.]
Змест рукапісу “Касцюшкаўскае паўстанне 1794 года вачыма Юльяна Урсын Нямцэвіча” складаецца з наступных частак: “Эміграцыя”, “Паўстанне”, “У Літве”, “Ад’ютант Касцюшкі”, “Аблога Варшавы”, “Верасень”, “Мацяёвіцы”, “Палон” і “Эскарт”. Яго друкаванне было б адметным падарункам як для айчыннай гістарыяграфіі, так і для памяці аб Тадэвушу Касцюшку і яго вернага сакратара і ад’ютанта Юльяна Урсын Нямцэвіча.
Літаратура:
1. Niemcewicz, J.U. Pami^tniki czasow moich. Dzielo posmiertne / J.U. Niemcewicz. Paryz, 1848. S. 197-254.
2. Niemcewicz, J.U. Pami^tniki czasow moich / J.U. Niemcewicz. Tom II. Warszawa, 1957. S. 59-139.
3. Гладышчук, A. A. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі /
A.A. Гладышчук. Мінск, 2009. 288 c.
Мельнікаў I. В. (Мінск)
КАРАЛЬ МАРАЎСКІ:
ЗАБЫТЫ ГЕНЕРАЛ ГІСТАРЫЧНАЙ ЛІТВЫ
Нарадзіўся Караль Мараўскі ў 1767 годзе ў маёнтку Завушша ля Нясвіжа. Яго бацькамі былі граф Ігнацій Мараўскі (1744-1790) і князёўна Тэафілія Канстанцыя Радзівіл (1738-1818). Дзедам будучага генерала быў дзевяты Нясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл “Рыбанька”, а бабуляй знакамітая пісьменніца, аўтар п’ес для тэатру ў Нясвіжы, Францішка Уршуля Радзівіл. Дарэчы, Караль Радзівіл “Пане каханку” будучаму вайскоўцу прыходзіўся дзядзькай [1, с. 315],
Бацька Караля служыў у асабістым войску Радзівілаў. Там ён і пазнаёміўся з Тэафіліяй. Хутка, у Львове, маладыя людзі абвянчаліся. Радзівілам не вельмі спадабаўся выбар князёўны, але перашкаджаць браку “некаранаваня каралі” не сталі. Больш таго, “Пане каханку” паспрыяў таму, што Ігнацій Мараўскі атрымаў генеральскі патэнт, а князёўна Тэафілія у пажыццёвае ўладанне маёнтак Завушша. Хутка ў маладых нарадзіўся першанец, якога назвалі Каралем у гонар дзядзькі [3],
Як і бацька, малады Мараўскі вырашыў зрабіць вайсковую кар’еру і паступіў на службу ў 2-гі пяхотны полк вялікай літоўскай булавы. У 1789 годзе яму прысвоілі званне палкоўніка і прызначылі камандзірам палка. Праз тры гады, у траўні 1792 года. 32-тысячная армія Расійскай імперыі (чатыры карпусы) перайшла межы гістарычнай Літвы. Наступ вёўся па некалькіх напрамках: на Вільню, Мінск, Нясвіж і Горадню. 31 траўня была захоплена сталіца ВКЛ. 10 чэрвеня 1792 г. рускія разбілі літоўскія войскі пад Стоўбцамі. У пачатку ліпеня адбылася кравапралітная бітва пад Берасцем, дзе супраць царскіх атрадаў змагалася дывізія войскаў ВКЛ пад камандаваннем, мінскага кашталяна, генерала-лейтэнанта войск ВКЛ Шымона Забеллы (пахаваны ў вёсцы Ізюмава пад Бабруйскам І.М.). Дарэчы, гэты чалавек адзін з першых на тэрыторыі гістарычнай Літвы прынёс прысягу на вернасць канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 г. Падчас Берасцейскай бітвы асаблівую мужнасць праявіў малады афіцэр вялікалітоўскага войска Караль Мараўскі. За гераізм сваяк Радзівілаў быў узнагароджаны кавалерскім крыжом ордэна “Віртуці Мілітары" [4, с. 217],