Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці
Матэрыялы канферэнцыі
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
На дасягненне дадзенай мэты была арыентавана дзейнасць дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх арганізацый, якія прымалі актыўны ўдзел у рэалізацыі афіцыйнай маладзёжнай палітыкі школы, арміі, шматлікіх праўрадавых маладзёжных саюзаў. У сваёй выхаваўчай працы яны так ці інакш звярталіся да выкарыстання пэўных гістарычных асоб у якасці выхаваўчых узораў, прыкладаў для наследавання. Зразумела, што важнае месца сярод гэтых выхаваўчых узораў займала постаць Тадэвуша Касцюшкі.
Калі казаць пра школу, то менавіта навучанне гісторыі лічылася адным з галоўных спосабаў рэалізацыі афіцыйнага выхаваўчага ідэалу. Пры гэтым неабходна падкрэсліць, што ў міжваенны перыяд методыка выкладання гісторыі абапіралася на прынцыпе групавання матэрыялу навучання вакол выдатных асоб. Біяграфічны фактар разглядаўся як аснова навучання. Адной з прычын выстаўлення на першых план вобразаў гістарычных герояў былі іх выхаваўчыя каштоўнасці [2, с. 162].
Акрамя ўсяго іншага, задачай навучання гісторыі ва ўсеагульнай школе было пазнаёміць дзяцей “з выбітнымі падзеямі і праявамі грамадскага жыцця і выбітнымі постацямі айчыннай гісторыі” [3, с. 34].
Да школьнай рэформы пачатку 1930-х гг. вывучэнне гісторыі пачыналася ў III класе (2 гадзіны ў тыдзень). Што тычыцца непасрэдна Т. Касцюшкі, то праграма па гісторыі для III класа прадугледжвала наступныя пункты: “Прысяга Касцюшкі ў Кракаве. Прызыў сялян да барацьбы. Бітва пад Рацлавіцамі. Касцюшка апранае
сялянскую світку. Бітва пад Мацяёвіцамі” [3, с. 36], Такім чынам, вучні атрымлівалі агульныя веды пра дзейнасць Т. Касцюшкі ў час паўстання 1794 г.
Больш падрабязна жыцце і дзейнасць Т. Касцюшкі разглядалася ў IV класе, у час спецыяльнага курса “На службе Айчыне” (2 гадзіны ў тыдзень). Гэта быў цыкл гістарычных гутарак, мэтай якіх было паглыбіць і дапоўніць веды, атрыманыя вучнямі ў III класе, і падрыхтаваць дзяцей да сістэматычнага курса ўсеагульнай і польскай гісторыі ў V і VI класах усеагульнай школы (2 гадзіны ў тыдзень) [4, с. 3], Праграма рэкамендавала разглядаць постаць Начальніка паўстання ў раздзеле “Выбраныя польскія князі і правадыры нацыі”. Яго біяграфія вывучалася згодна з наступным планам: “Дзяцінства Касцюшкі. Касцюшка ў Кадэцкай школе. Касцюшка ў Амерыцы. Касцюшка павадыр нацыі. Прысяга на Кракаўскім рынку. Рацлавіцы. Шчэкаціны, абарона Варшавы. Мацяёвіцы. Касцюшка як апякун сялян. Касцюшка ў палоне. Касцюшка ў эміграцыі. Апошнія гады Касцюшкі, смерць і пахаванне’" [3, с. 37],
У VI класе ўсеагульнай школы на уроках гісторыі вобраз Т. Касцюшкі зноў вывучаўся ў кантэксце вайны паўночнаамерыканскіх калоній з Англіяй, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй у 1792 г. і нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. [3, с. 42],
Пэўныя змены ў вывучэнні гісторыі ва ўсеагульнай школе адбыліся пасля правядзення школьнай рэформы ў пачатку 1930-х гг. Як асобны прадмет гісторыя з’яўлялася толькі ў V класе. У першых чатырох класах вучні атрымлівалі пэўныя гістарычныя веды, у тым ліку і пра Т. Касцюшку, на занятках па польскай мове. Сістэматычнае вывучэнне падзей, звязанных з жыццём і дзейнасцю Т. Касцюшкі, адбывалася ў VI класе, дзе вучні праходзілі перыяд з пачатку XVIII ст. да 1926 г. [5, с. 220]. Неабходна адзначыць, што рэфармаваныя праграмы па гісторыі прадугледжвалі ўключэнне ў працэс выкладання элементаў рэгіянальнай гісторыі [5, с. 208]. У сувязі з гэтым, напрыклад, на тэрыторыі Палескай школьнай акругі з’яўлялася магчымасць для больш падрабязнага вывучэння біяграфіі Т. Касцюшкі, як “сына палескай зямлі”.
Зразумела, што жыццё і дзейнасць Т. Касцюшкі вывучалася і на занятках па гісторыі ў сярэдняй школе, у гімназіях і ліцэях. Таксама ў другой палове 1930-х гг. у сувязі з курсам на “мілітарызацыю” свядомасці грамадства і актывізацыю патрыятычнага выхавання адбываліся значныя змены ў праграмах навучання. У выніку каля 30%
зместу праграм у той ці іншай меры былі прысвечаны ваеннай гісторыі і гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, а таксама розным пытанням абароназдольнасці краіны. Асабліва падкрэсліваліся заслугі шматлікіх нацыянальных герояў. Да апошніх адносіўся і Т. Касцюшка [6, с. 13]. Аднак галоўным героем і выхаваўчым узорам у тагачаснай польскай школе з’яўляўся маршал Ю. Пілсудскі. “Сын палескай зямлі” не мог вытрымаць канкурэнцыі з “сынам Віленшчыны”, “Першым маршалам і стваральнікам незалежнай Польшчы”. Так, у падручніку па гісторыі для VI класа для ўсеагульных школ імя Т. Касцюшкі ў той ці іншай меры ўпаміналася ў 7 падраздзелах: “Касцюшка і Пуласкі ў Злучаных штатах”, “Вайна з Расіяй. Дубенка", “Прысяга Касцюшкі”, “Рацлаўская перамога"’, “Абвяшчэнне Паланецкага ўніверсала”, “Паўстанне ў Варшаве”, ‘Тіаражэнне пад Мацяёвіцамі. Трэці падзел Польшчы”. Жыццё і дзейнасць Ю. Пілсудская асвятлялася ў 13 падраздзелах: “Маладосць Юзэфа Пілсудскага”, “Рэвалюцыя 1905 г.”, “Падрыхтоўка да ўзброенай барацьбы”, “Пачатак вайны, выступленне кадруўкі 6 жніўня 1914 г.”, “Баі Легіёнаў у Келецкім ваяводстве”, “Бітва пад Лоўчувкем”, “Шляхам Легіёнаў”, “Польская вайсковая арганізацыя”, “П.В.А. на Крэсах”, “Дзень 11 лістапада 1918 г.”, “Начальнік Дзяржавы Юзэф Пілсудскі”, “Абарона Польшчы ў 1920 г.”, “Канстытуцыя 17 сакавіка 1921 г.”. I нават у падраздзеле, прысвечаным прэзыдэнту Польшчы 1. Масьціцкаму паведамлялася пра яго першую сустрэчу і сяброўства з Ю. Пілсудскім [7],
Тым не менш, становішча, якое склалася ў галіне адукацыі, не садзейнічала паспяховай рэалізацыі афіцыйнай выхаваўчай палітыкі. Так, на тэрыторыі Заходняй Беларусі навучанне ў гімназіях было недаступным для большасці дзяцей. Вядома, што колькасць гімназій скарацілася з 85 (17 800 вучняў) у 1927/1928 навучальным годзе да 54 (15 900 вучняў) у 1938 г. [8, с. 222]. He лепшай была сітуацыя і ва ўсеагульнай школе. Пасля школьнай рэформы найбольш распаўсюджанымі ў 2-й Рэчы Паспалітай з’яўляліся ўсеагульныя школы першай ступені з I—IV класамі. Напрыклад, у Палескім ваяводстве ў 1939 г. з 1 075 усеагульных школ школамі першай ступені з’яўляліся 811 (75,5%) [9, с. 99], Такім чынам, навучанне большасці заходнебеларускіх дзяцей спынялася на ўзроўні чатырох класаў, а пасля рэформы школы іх знаемства з гістарычнй асобай Т. Касцюшкі абмяжоўвалася толькі звесткамі, атрыманымі на ўроках польскай мовы.
Неабходна адзначыць, што выхаваўчыя функцыі ў 2-й РП выконвала не толькі школа. Напрыклад, пэўная праца па грамадскапатрыятычнаму выхаванню салдат тэрміновай службы вялася ў арміі. Яшчэ ў 1919 г. быў прыняты закон аб прымусовым навучанні ў Войску Польскім. Акрамя барацьбы с непісьменнасцю, перад гэтым навучаннем ставіліся і выхаваўчыя задачы салдат павінен быў атрымаць веды, неабходныя для свядомага выканання грамадзянскіх і салдацкіх абавязкаў [10, с. 135].
Праграма прымусовага навучання з’яўлялася скарочаным варыянтам праграмы ўсеагульнай школы. Яна ўключала у тым ліку і гісторыю Польшчы, на якую адводзілася 165 гадзін. [11, с. 3 4]. Гістарычнае навучанне праводзілася на трох ступенях, у залежнасці ад узроўня адукацыі салдат. Спачатку адбываліся “гутаркі пра Польшчу і салдата-грамадзяніна”, потым “гістарычна-краязнаўчыя гутаркі” [11, с. 36-37], На заключным этапе патрэбна было “у шэрагу храналагічна выкладзеных вобразаў паказаць салдатам-вучням жыццё польскай нацыі ў мінулым і подзвігі, здзейсненыя палякамі” [11, с. 45], Праграма гісторыі Польшчы на гэтым этапе была падзелена на 39 “метадычных адзінак”. Дзве з іх, прысвечаныя вайне 1792 г. і нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1794 г., прадугледжвалі і знаёмства з жыццём і дзейнасцю Т. Касцюшкі [11, с. 49],
Пасля 1926 г. у Войску Польскім паступова усё большы націск стаў рабіцца не на непасрэдна навучанні, а на грамадска-патрыятычным выхаванні. Вядучай формай гэтай працы сталі т.зв. выхаваўчыя гутаркі. Акрамя ўсяго іншага, яны павінны былі служыць “замацаванню сярод салдат найважнейшых фактаў з гісторыі Польшчы, асабліва нацыянальна-вызваленчай барацьбы”. Аднак тут рэкамендавалася рабіць націск на асабістыя дасягненні Ю. Пілсудскага [12, с. 30], Хаця постаць Т. Касцюшкі ў кантэксце нацыянальна-вызваленчай барацьбы і гісторыі польскай арміі захоўвалася ў тэматыцы выхаваўчых гутарак.
Таксама ў выхаваўчай працы ў Войску Польскім вялікая ўвага надавалася ўдзелу ваеннаслужачых у святкаванні нацыянальных свят. Адным з іх з’яўляўся Дзень 3 мая. Пры гэтым у Войску Польскім гэта быў не толькі дзень Канстытуцыі 1791 г., але і дзень ордэна “Віртуті Мілітары” [13, с. 25], Зразумела, што ў час гэтых святочных мерапрымстваў нельга было абысціся без, як мінімум, згадвання генерал-лейтэнанта Т. Касцюшкі, які стаў адным з першых кавалераў ордэна за мужнасць, праяўленую у бітве пад Зеленцамі.
Разам са школай і арміяй актыўную выхаваўчую працу сярод маладога пакалення ў міжваенны перыяд вялі і шматлікія моладзевыя арганізацыі Стралецкі саюз “Стралец”, Саюз польскага харцарства (СПХ), Саюз сельскай моладзі “Сеў” Саюз маладой вёскі, Арганізацыя працуючай моладзі і інш. Усе яны так ці інакш звярталіся ў гэтай сваёй дзейнасці да гістарычнай постаці Т. Касцюшкі. Аб гэтым, сведчыць, напрыклад, тое, што многія харцарскія дружыны на тэрыторыі Віленскай харугві СПХ выбіралі яго ў якасці патрона свайго атрада. Харцарскія мужчынскія дружыны імя Т. Касцюшкі існавалі ў Баранавічах, Нёмане, Лідзе, Навагрудку, Слоніме, Смаргоні, Шчучыне, Вільні [14, с. 33 35]. Таксама з 1914 г. у Вільні існавала і жаночая харцарская дружына імя Т. Касцюшкі [14, с. 26]. Але трэба падкрэсліць, што Статут СПХ у рэдакцыі 1936 г. абвяшчаў ідэйным патронам усей арганізацыі Ю. Пілсудскага [15, с. 182],
Даты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Т. Касцюшкі, абавязкова прысутнічалі ў “гістарычных календарах” праўрадавых маладзёжных арганізацый і саюзаў. Напрыклад, у “Стралецкім календары на 1937 год” прыводзіліся даты хрышчэння і смерці Т. Касцюшкі, прысягі на Кракаўскім рынку, бітваў пад Рацлавіцамі і Мацяёвіцамі, абвяшчэння Паланецкага ўніверсала [16, с. 9 — 23].
У 1937 г. Праўленне і Камендатура акругі № 9 “Брэст” Стралецкага саюза выдалі праграму грамадзянскага выхавання. У ёй прадугледжвалася знаёмства членаў арганізацыі з гісторыяй Польшчы і польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Палескія стральцы павінны былі ведаць не толькі пра біяграфію Т. Касцюшкі, “сына Палескай зямлі”, але і пра палескія мясціны, звязаныя з ім (Мерачоўшчына, Сяхновічы) [17, с. 15]. Сярод свят, якія рэкамендавалася адзначаць ячэйкам саюза разам з насельніцтвам, называўся і дзень 24 сакавіка “святкаванне гадавіны паўстання Касцюшкі” [17, с. 37]. Але, як і выпадку са школай і арміяй, галоўным гістарычным персанажам, выхаваўчым ідэалам Стралецкага саюза з’яўляўся Ю. Пілсудскі. Менавіта падрабязнае вывучэнне яго біяграфіі рэкамендавалася для вывучэння праграмай.