Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці Матэрыялы канферэнцыі

Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці

Матэрыялы канферэнцыі
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
47.97 МБ
той час акуляры" [5, № 6, с. 158], “паводле старога нашага звычаю...” [5, № 6, с. 168], “падагрэтае піва або вінны ці які-небудзь іншы напой, запраўлены карэннямі (а не каву або гарбату, што было яшчэ рэдкасцю), пілі тады ў нашых дамах з ранку пасля абуджэння” [5, №6, с. 155] і г. д. Па гэтых рэмарках можна вывучаць гісторыю, культуру і побыт людзей XIX ст., у прыватнасці прадстаўнікоў параўнальна вялікага на беларускай зямлі шляхецкага саслоўя.
Чалавек старога пакалення патэнцыяльна памятаў даволі адцягненыя па часе падзеі: ён дакладна ведаў гісторыю і мог у яркіх фарбах пра яе расказаць. Інфармацыя аб мінулым набывала штораз большую каштоўнасць з пункту погляду таго, што XIX ст. у жыцці народаў былога Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай было трагічным перыядам, які можна ўмоўна назваць этапам ліквідацыі шляхецкага саслоўя ўладамі Расійскай імперыі, да якой былі далучаны нашыя землі. Немагчымасць пацвярджэння свайго паходжання вялікай колькасцю дробнай шляхты (дакументы не захоўваліся або вынішчаліся пажарамі ці ваеннымі падзеямі) ператварала жыццё многіх з іх у сапраўдную трагедыю. Носьбіты высакароднай свядомасці, якія жылі і працавалі сярод прадстаўнікоў знакамітай беларускай магнатэрыі, збяднелыя шляхціцы вымушаны былі злівацца з сялянствам. Зневажальнасць гэтага працэсу абумоўлівалася не толькі стратай статусу, але і неабходнасцю плаціць падаткі, і абавязкам аддаваць дзяцей у царскія рэкруты. Таму ўзрастала значнасць і самога пакалення, якое застала мудры лад жыцця, і апалагізацыі мінулага ў літаратуры. Да таго ж паступовае знікненне шляхты як такой у сувязі з царскімі рэформамі і рухам часу наперад выклікала натуральнае жаданне пакінуць нашчадкам мастацкае ўвасабленне высакароднасці, шляхетнасці як такой. Прысутная ў айчыннай ментальнасці павага да папярэдняга пакалення мела на ўвазе абсалютную пераканаўчасць і безапеляцыйнасць пачутага, што ў сваю чаргу садзейнічала аўтарскім мэтам. Сярод намераў напісання і выдання твораў, у тым ліку і дадзенага, заўважнае жаданне навучыць чытача, а таксама “задакументаваць” і перадаць наступнікам “праўду”: “Урэшце рэшт, усё, што я пішу, усе гэтыя мізэрныя апавяданнейкі не для таго выпускаю надрукаванымі ў свет, каб вастразубыя заілы ўздымалі іх на свой кол і каб з іх нагоды плявузгала потым мноства языкоў. Пішу іх, бо хацеў быў я для сваіх нашчадкаў і для іншых, што добразычліва ставяцца да гэтай працы, намаляваць праўдзівую выяву свайго часу...” [5, №6, с. 180], Сацыяльная адказнасць за падзеі, што
адбываліся ў актуальны для аўтара аповесці час, выяўляецца ў жаданні выказаць гістарычную праўду. Такая арыентацыя дазваляла пісьменнікам ачысціць сумленне і папярэдзіць абвінавачванні нашчадкаў у бяздзеянні ў складаны перыяд часу.
Глыбейшага разумення прычын актыўнага фігуравання постаці старога чалавека і праслаўлення мінулых часоў у наратыўнай прасторы твораў дапамагаюць дасягнуць навукова-папулярныя працы сучаснага амерыканскага псіхолага К. Эстэс. Яна скіроўвае сваю чытацкую аўдыторыю да старых людзей як носьбітаў індывідуальнародавай фальклорнай спадчыны з мэтай яе асэнсавання, захавання і трансляцыі. Даследчыца лічыць, што, калі знікне старое пакаленне, знікнуць і казкі, якія яна разглядае ў сваіх кнігах у якасці лепшых лекаў для чалавечай душы: “Я горача падтрымліваю тых, хто вяртае казкі сваёй сямейнай спадчыны, захоўвае іх, выратоўвае ад смерці выніка занядбання. Бо паўсюль на зямлі касцяк усіх лекарскіх і духоўных структур складаюць старыя” [7, с. 596]. Для В. СавічаЗаблоцкага стары чалавек каштоўны тым. што захоўвае ў памяці агульнанародную духоўную спадчыну. Асэнсоўваючы падзеі XX ст., становіцца ясна, наколькі важным і актуальным было апяванне страчанага і барацьбы за яе вяртанне напярэдадні наступлення культа моладзі, які разам са знікненнем саслоўнага падзелу зойме ключавое месца ў савецкай дзяржаве. Гэта аўтарская спроба і панастальгіраваць у “псіхатэрапеўтычых” мэтах, і прыгожа развітацца з некалькімі самастойнымі этапамі ў жыцці Беларусі.
I ўсё ж у разглядаемай аповесці, якая была надрукавана напрыканцы XIX ст., такі заангажаваны ў мінулае вобраз старога чалавека, выяўленага ў якасці наратара, мог успрымацца чытачамі як вельмі несучасны, неадпаведны даўно змененым, якасна іншым грамадскім умовам. Таму В. Савіч-Заблоцкі пазіцыянуе яго ў якасці даніны прыгожай традыцыі, літаратурнай “модзе”, а таксама як элемент стылізацыі мастацкага твора. Павел Завіша кідае сваю кніжку на падлогу, раз’юшаны абставінамі таго. што яго запісы апублікаваныя, ды яшчэ ў такім скажоным (з-за няшчаднай рэдактарскай праўкі роднай дачкі) выглядзе. Стыль аказваецца нібы зменены да непазнавальнасці, а паўсюль расстаўленыя пазнакі і тлумачэнні архаізмаў, лацінізмаў, старажытных слоў: “Дык што ж гэта такое! Нашто ж гэта каню пятая нага? Хіба ж можа быць такі чалавек, што не разумее лаціны?” [5. №6, с. 177], так ствараецца эфект старасвецкай адукаванасці апавядальніка. Перад
намі адна з варыяцый той “гульні” з чытачом, якая вядзецца на працягу ўсяго твора на ўсіх узроўнях яго мастацкай структуры і якую варта разглядаць у якасці праявы любові і павагі да гісторыі свайго народа.
Сюжэт аповесці “Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта” пабудаваны на ідэі супрацьстаяння прадстаўнікоў двух шаноўных і аднаго ганебнага родаў. Арлалёты і Мечнікі (аўтар карыстаецца літаратурным прыёмам называння герояў у адпаведнасці з іх пазітыўнай або негатыўнай сутнасцю) пазіцыянуюцца як носьбіты і транслятары добрых, прыгожых старадаўніх традыцый. Гажагорскія паўстаюць як руйнавальнікі спрадвечнага ладу жыцця, арыентаваныя на бяздумнае перайманне новага і іншаземнага. Падкрэсліваецца старажытнасць роду Арлалётаў, якія з’явіліся ў Польшчы ў часы Баляслава Ill Крывавуснага (XII ст.), што аўтаматычна надае яго нашчадкам арэол знакамітасці, ушанаванасці, ганаровасці. Любоў братоў Арлалётаў да роднага краю не з’яўляецца абстрактнай з’явай і складаецца з вернасці запаветам бацькоў як нормам традыцыйнай культуры з яе непарушнымі маральнымі і хрысціянскімі ідэаламі. Негатыўнае аблічча Гажагорскага абумоўлена тым, што яго продкі шмат і на працягу доўгага часу “грашылі” перад краінай, народам, Богам (адпаведна пра іх ходзіць няслава). Супрацьстаянне родаў падкрэсліваецца і праз даўнасць канфлікту паміж сем’ямі, напрыклад, калі Януш Павел Арлалёт намерваецца адлупцаваць “маладога нелюдчя" мацней, чым некалі яго праведны стрый — распуснага бацьку Гажагорскага. “7 я зусім не асуджаю гэтага, наадварот: якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын! I праўзор усялякай міласэрнасці, Бог аж у дзясятым пакаленні мае звычай караць вінаватага! I тым самым гаворыць нам, людзям, што ацэнка чалавека будзе жыць вельмі трывала ў народах, якія жывуць па Яго законах, што ацэнка тая ў іх павінна быць гамульцам для пэўных індывідаў” [5, № 1, с. 151],эмацыянальна разважае апавядальнік. Павел Завіша штораз сягае ў мінулае, паказвае прычынна-выніковыя сувязі з сучаснасцю, што дэманструе наяўнасць спадчыннасці ў асновах нацыянальнага менталітэту, у прыватнасці прадстаўнікоў беларускай шляхты.
Сям'я Мечнікаў прадстаўлена старым бацькам і яго дачкой на выданні Зоф’яй, а пра іншых членаў сям’і гаворыцца толькі намёкамі аб невылечным смутку: “...стары бацька глядзіць на згасанне свайго роду, бо з ласкі Божай не меч над яго дзіцячай калыскай, але кудзеля заткнута. Гэтастары Мечнік і дачка яго Зоф'я" [5, № 1, с. 126],
Прычына адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі палягае ў агульнанароднай трагедыі, пра якую ў творы гаворыцца толькі ўскосна, нібы шэптам. Але алюзія на паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе ўсё ж дастаткова зразумелая: “I вось толькі курган, на ім шэсць крыжоў, і то без подпісу, бо ставіць помнік ліхадзеям — злачынства!.. Блаславёны, аднак, Род, што мае многа такіх ліхадзеяў: ушанавання варты, калі не дашукаецца ліку такім злачынствам" [5, № 1, с. 140-141]. Лёс краіны заўсёды адбіваецца на перыпетыях жыцця звычайных людзей, пра што, азіраючыся ў гісторыю. неаднойчы разважаў В. Быкаў, напрыклад у адным з інтэрв’ю: “Я перакананы, што гісторыя і асабісты лёс узаемазвязаныя. Глядзіце, калі каркаломныя павароты здараюцца заўсёды так непрадказальна, як яно заўсёды было ў нашай гісторыі, дык чаго можа чалавек спадзявацца ад свайго асабістага лёсу? (...) Безумоўна, гэта моцна адбіваецца як на асабістым жыцці чалавека, так і на калектыўным жыцці грамадства” [1, с. 349], В. Савіч-Заблоцкі гераізуе лёсы тых, хто загінуў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, і атачае арэолам святасць нашчадкаў іх шаноўных знакамітых родаў.
Апагеем вернасці ідэалам канца XVIII ст. выступае апісанне пахавання прадстаўніка старэйшага пакалення Мечніка, якое дэманструе ўзор беларускай талерантнасці: на ім мірна прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх прысутных на гэтай тэрыторыі канфесій. Рытуал суправаджаецца прамовай сівабародага ксяндза Базылі. асноўным пасланнем якой становяцца сумныя думкі: “няма ўжо людзей сышло ў нябыт старое пакаленне” [5, № 6, с. 167]. “няма правадыроў народных'' [5, № 6, с. 167] і г. д. Пазіцыянуючы сябе як пасланца Бога да "’малых народау', якія спяць мёртвым сном, святар арыентуе маладых браць прыклад з продкаў. Ён эмацыянальна прамаўляе да прысутных на пахаванні людзей: ''Народ мой! Нічога не гавораць вам сэрйы вагйыя — труп скажа! Вы мёртвыя — памёрлы вас ажывіць... Дыхнула смерць на вас і сталіся вы раскіданым па розныя бакі прахам — ён дасгіь Вам жыццё і еднасць! Я вею на вас яго памяццю, вею штандарам Чысціні і веры няўжо ж не ажывеце? Няўжо не зменіцеся у аснове сваёй? Пужлівыя жаўнеры, што ідзеце ўроскідзь, ці ж вы не далучыцеся да мяне і не пойдзецеў бой з вашым святаром? Гэты труп не мёртвы, але вы мёртвыя! Гэты труп жывы, але вы павінны ўваскрэснуць! Абуджайцеся ж! Абуджайцеся і збірайцеся на гэтым месі^ы, бо спазчаеце Праўду, а Праўда вас разняволіць\г’ [5, №6, с. 167]. Ксёндз параўноўвае цяперашні стан
краіны з Ерусалімам у руінах, а яе народз габрэямі, якія перасталі бачыць Бога, матывуе ратаваць сябе.
Увага да папярэдняга пакалення рыса сталага грамадства, якое памятае і паважае сваю гісторыю, што і імкнуліся пранесці ў будучыню нашчадкі айчыннай інтэлектуальнай эліты. На працягу ўсяго твора аўтар-апавядальнік прыводзіць супастаўленне мінулых і сучасных дзён, напрыклад, узгадвае, што раней на пасады прызначалі не “маладзёнаў”, а толькі мудрых і вопытных, у адрозненне ад цяперашніх парадкаў. Прадметам увагі ў каментарыях становяцца і зусім не апымістычныя перамены маральна-этычнага плану: “ ...даўней усе без выключэння былі добра выхаваныя, у той час як сёння — толькі добра адукаваныя; але гэтым разумнікам вельмі не хапае выхавання, што для грамадства больш важна і істотна” [5, № 3, с. 82]. Заўважаецца, што “польскія дамы ўвесь час страчваюць свой даўнейшы характар...” [5, №1, с. 139] і г. д. Паказальна, што даследчык менталітэту правінцыйнай шляхты ў рускай літаратуры другой паловы XIX ст. Р. Чахор штораз называе яе асяродак “запаведнікам дваранства” [6, с. 31]. Высакароднае саслоўе на беларускай, а таксама польскай, расійскай тэрыторыях адчувала блізкасць карэнных зменаў, таму “настальгіравала” па мінулым і памастацку запавольвала незваротны працэс абнаўлення грамадскага ладу.