Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці
Матэрыялы канферэнцыі
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
На працягу сакавіка-кастрычніка 2003 г. была дасяггіута дамоўленасць з пасольствам ЗША аб аказанні фінансавай падтрымкі амерыканскім урадам у будаўніцтве дома, a 23 верасня 2004 г. дом быў урачыста адчынены. Там паступова фарміруецца мемарыяльны музей Т. Касцюшкі.
Адначасова вялася карпатлівая праца па ўшанаванні імя Т. Касцюшкі ў в. Малыя Сяхновічы ў школе, якая размешчана ў былым радавым маёнтку Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Спачатку тут да 250-годдзя з дна нараджэння Т. Касцюшкі быў адчынены мемарыяльны пакой, а з 2011 г. у будынку школы пачаў дзейнічаць Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
У 2006 г., паводле ініцыятывы пасольства ЗША, на тэрыторыі пасольства ў Мінску быў усталяваны бронзавы помнік-бюст Т. Касцюшкі, а ў Берасцейскім касцёле Уваздвіжання Святога Крыжа мемарыяльная дошка ў памяць пра героя.
Дзякуючы працы Брэсцкага абласнога фонда імя Т. Касцюшкі, які дзейнічае з 1994 г. (з 2003 г. грамадскае гісторыка-культурнае абяднанне імя Т. Касцюшкі) была адноўлена ў 2004 г. мемарыяльная капліца-пахавальня воінаў-паўстанцаў 1794 г., палеглых у бітве з войскамі А. Суворава пад Крупчыцамі (Жабінкаўскі раён).
Касцюшкаўцы Берасцейшчыны ўняслі вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін паміж Польскай Касцюшкаўскай Фундацыяй і Брэсцкім грамадскім гісторыка-культурным аб’яднаннем імя Касцюшкі, якія склаліся і рэалізуюцца з 1996 г. на падставе афіцыйна зарэгістраваных Статутаў і гадавых планаў работы.
На працягу апошніх 20 гадоў традыцыйна кожны год 4 лютага дэлегацыя Польскай Касцюшкаўскай Фундацыі з навукоўцаў і прыхільнікаў вывучэння польска-беларускай гісторыка-культурнай спадчыны ўдзельнічае ва ўрачыстасцях, прысвечаных дню нараджэння знакамітага ўраджэнца Беларусі, якія праводзяцца ў Домемузеі Т. Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына (г. Косава Івацэвіцкага раёна).
Польскай Касцюшкаўскай Фундацыяй, асабіста яго старшынёй сп. Кшэснякам Л.М., перададзены ў экспазіцыю Дома-музея Т. Касцюшкі адзенне і шабля (копіі), а таксама бюст героя, гарматныя кулі і іншыя каштоўныя археалагічныя знаходкі з апошняга поля бітвы пад
Мацыёвіцамі, шэраг матэрыялаў (копій) з архіваў, музеяў і бібліятэк Польшчы аб жыцці і дзейнасці Касцюшкі.
У 1994 г. кіраўніцтвам Польскай Касцюшкаўскай Фундацыі разам з грамадскімі аб’яднаннямі Санкт-Пецярбурга таксама была ўсталявана мемарыяльная пліта ў гонар Т. Касцюшкі ў Санкт-Пецярбургу.
Брэсцкае грамадскае гісторыка-культурнае аб’яднанне імя Т. Касцюшкі з’яўляецца актыўным ўдзельнікам на Міжнародных навукова-практычных канферэнцый, праведзеных на Брэстчыне ў 1997-2012 гг., прысвечаных жыццю і дзейнасці знакамітых дзеячаў польска-беларускай гісторыі і культуры, ураджэнцаў Беларусі — Напалеона Орды, Юльяна Урсына Нямцэвіча, Адама Міцкевіча, Рамуальда Траўгута, Тадэвуша Касцюшкі, Тадэвуша Рэйтана, Марыі Радзівічуўны і інш., а таксама ўдзельнікам штогадовых Міжнародных Касцюшкаўскіх навуковых сімпозіўмаў у мястэчку Мацеёвіцы (поле апошняй бітвы Т. Касцюшкі).
Пачынаючы з 2006 г. на падставе сумеснага плана па развіццю турызму сярод моладзі паміж Польскай Касцюшкаўскай Фундацыяй, Брэсцкім грамадскім аб’яднаннем імя Т. Касцюшкі і камітэтам прафсаюза работнікаў культуры Брэсцкай вобласці адбылося 38 выездаў у Польшчу з выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці Брэстчыны ў школах, ліцэях і гімназіях імя Т.Касцюшкі. У гэты лік уваходзяць выезды дэлегацый гісторыкаў, бібліятэчных і музейных работнікаў, архітэктараў, рэстаўратараў Брэстчыны з мэтай наведвання і вывучэння арганізацыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны на шэрагу архітэктурных аб’ектаў і гістарычных мясцін Польшчы (Варшава, Грунвальд, Кракаў, БялаПадляска, Тэрэспаль, Торунь, Познань, Замасць, Беласток, Гарволін і інш.).
Арганізавана больш за 30 выездаў польскіх турыстычных маладзёжных груп з ліцэяў, школ і гімназій ім Т. Касцюшкі па гістарычных мясцінах Брэстчыны, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых дзеячаў польска-беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку Т. Касцюшкі, Ю.У. Нямцэвіча, С. А. Панятоўскага, А. Міцкевіча, Н. Орды і інш.
Дэлегацыя Польскай Касцюшкаўскай Фундацыі брала ўдзел у адкрыцці музейнага комплекса А. Міцкевіча ў в. Завоссе Баранавіцкага р-на (1998 г.), Т. Касцюшкі ў г. Косава Івацэвіцкага р-на (2005 г.), мемарыяльнай капліцы 1794 г. і гісторыка-краязнаўчага музея ў в. Сяхновічы (радавое месца роду Касцюшкаў) Жабінкаўскага
р-на (2000, 2012 гг.), шэрагу мемарыяльных дошак на Брэстчыне, у т. л. прысвечаных Н. Ордзе ў Іванаўскім, Р. Траўгуту ў Маларыцкім і Кобрынскім раёнах і інш.
Па запрашэнні Польскай Касцюшкаўскай Фундацыі дэлегацыя Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Касцюшкі брала ўдзел у адкрыцці помнікаў Т. Касцюшку ў Польшчы (Варшава, Сталёвая Воля, Конін, Тэрэспаль, Кодэнь і інш. гарадах).
У 2015 г. Дому-музею Т. Касцюшкі аўтарам перададзена ў дар асабістае фартэпіяна XIX ст.
Літаратура:
1. Агінскі, М.К. Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1794 года / М.К. Агінскі ; пер. з франц. В. Рамановіч // ARCHE. Забытае стагоддзе. № 6 (105). 2011. С. 461 -722.
2. Несцярчук, Л.М. Міхал Клеафас Агінскі : Ліцвін, Патрыёт, Творца / Л.М. Несцярчук. Брэст : аблдрукарня, 2015. 356 с.
3. Верамейчык, С.І. Міхал Клеафас Агінскі, 1765-1833. Продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі (спроба храналогіі) / С.І. Верамейчык. — Мінск : Кавалер, 2008. 128 с.
4. Ходзька, А. Залессе : паэма / А. Ходзька ; пер. і камент. В. Калніна; уступ. Л. Ходзькі ; пер. уступа А. Рабцовай і В. Рамейкі / А. Ходзька // Спадчына. 1997. № 3. С. 192-207.
5. Несцярчук, Л.М. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка : вяртанне героя на радзіму / Л.М. Несцярчук. — Брэст : Аблдрукарня, 2006,-296 с.
6. Несцярчук, Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стст. / Л.М. Несцярчук. Мінск : БЕЛТА, 2002. 336 с.
Бахановіч Н.Л. (Мінск)
КАСЦЮШКАЎСКІЯ ЧАСЫ ЯК ЛЕЙТАМАТЫЎ АПОВЕСЦІ “ПОЛАЦКАЯ ШЛЯХТА”
ВОЙСЛАВА САВІЧА-ЗАБЛОЦКАГА
Абнаўленне карты Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў канцы XVIII ст., у межах якога адбыўся ў тым ліку і трохэтапны падзел Рэчы Паспалітай паміж трыма суседнімі краінамі, засведчыла вызначальную па сваіх наступствах змену палітычнага статусу беларускай зямлі. Уражальны і неабвержны факт уздзейнічае на светаадчуванне, светабачанне і светаразуменне тагачасных грамадзян, а г. зн. і на мастацтва слова XIX ст., дзе заканамерна становяцца заўважнымі рост свядомасці і самасвядомасці нашага народа. Прыкметы гэтага ўздзеяння, думаецца, відавочныя таксама ў мастацкай прозе, якая ў дадзены перыяд развіцця літаратуры пераважна польскамоўная. Яшчэ Арыстоцель падкрэсліваў, што проза сярод іншых літаратурных родаў здольная да больш аб’ектыўнага ўзнаўлення жыццёвага матэрыялу. Над яе пазнавальнымі ўласцівасцямі дагэтуль разважаюць даследчыкі: “Задача прозы больш “прадметная”, “зямная”, бо галоўным аб’ектам мастацкай творчасці тут быў чалавек, звязаны з умовамі свайго існавання, уцягнуты ў супярэчнасці грамадскага жыцця, абцяжараны сацыяльнымі зносінамі, традыцыямі, звычаямі, павер'ямі, забабонамі і г. д.” [2, с. 33], адзначае Л. Гаранін. Нават павярхоўны агляд польскамоўнай прозы Беларусі XIX ст. дазваляе гаварыць пра тое, што ў многім яна засяроджана на недалёкім мінулым разам з яго парадкамі, ладам жыцця, настроямі і ідэаламі. Да самага канца стагоддзя яны валодаюць абсалютнай каштоўнасцю, што дэманструе ў тым ліку і аповесць “Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта”. Яе разгляд у згаданым аспекце дазволіць асэнсаваць пераемнасць гістарычных эпох і змены ў айчынным менталітэце.
Адна з перакладчыц аповесці В. Савіча-Заблоцкага на беларускую мову Ж. Некрашэвіч-Кароткая вызначае агульную скіраванасць гэтага твора: “Падзеі, што складаюць аснову сюжэта “Арлалётаў і Падканвойнага”, разгортваюцца ў самым пачатку XIX стагоддзя, адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у той час, калі, як лічыць аўтар, пачалі адбывацца карэнныя змены ў свядомасці і ментальнасці беларусаў, калі прыхільнікі старой шляхецкай культуры адчайна змагаліся з
магутным і разбуральным уплывам новай цывілізацыі і новай ідэалогіі, якую неслі з сабой прадстаўнікі гэтай цывілізацыі” [4, с. 123]. Прадстаўленай у самым пачатку “гульнёй слоў” В. СавічЗаблоцкі задае тон усяму твору: “...«сякерак век» мінуў, а «малых брушкаў» надышоў'... (век сякерак— век 18-ты: сякерка— лічба 7, пісаная па-арабску; малых брушкаў веквек 19-ты; знак 8 «двума брушкамі» завецца)” [5, № 1, с. 126], 3 дапамогай такой “графічнай метафары” пісьменнік, па-першае, апелюе да падзей падзелу Рэчы Паспалітай і звязанага з ім узброенага выступлення на беларускай тэрыторыі, па-другое, адмаўляе негатыўныя праявы сучаснасці праз параўнанне іх са старасвецкімі шляхецкімі традыцыямі. Дзве названыя тэмы разам і ўтвараюць своеадметны лейтматыў твора праслаўленне часоў, звязаных з паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі. “Цень” гэтага рамантычнага героя, а значыць і рэальнага чалавека, які змагаўся за палітычнае аднаўленне краіны і захаванне спрадвечнага грамадскага ладу як у яго духоўна-псіхалагічных, так і матэрыяльна-побытавых праявах, адносіны самога пісьменніка да мінулага прыкладна стогадовай даўніны. На думку даследчыка М. Хаўстовіча, пад псеўданімам “Пламеньчык”, які суправаджаў артыкул “Беларуская песня пра Касцюшку”, увогуле мог хавацца сам аўтар аповесці “Полацкая шляхта” або нехта не меней “замілаваны ў беларускую гісторыю ды беларускі фальклор” [9, с. 44].
Вобразная сістэма твора скіравана да апявання страчанай краіны Рэчы Паспалітай парадкаў, якія ў ёй панавалі, і сэнсавакаштоўнаснай сістэмы яе грамадзян. Адпаведна ў цэнтры твора знаходзіцца стылізаваны вобраз апавядальніка — дзевяностагадовага Паўла Завішы: напрыканцы жыцця ён адважыўся па просьбе дачкі, знакамітай аўтаркі, апісаць падзеі часоў сваёй маладосці, сведкам якіх давялося быць. Наратар сюжэтам і шматлікімі лірычнымі адступленнямі стварае выразны лейтматыў памяці аб мінулым. Вобраз старогаадзін са сталых атрыбутаў рамантычнага слоўнага мастацтва, які ў польскамоўнай прозе Беларусі XIX ст. трансфармуецца аўтарамі ў адпаведнасці з актуальнымі ў той час грамадска-гістарычнымі патрэбамі. Такі наратар узнаўляе гісторыю не толькі ў значных падзеях дзяржаўнага маштабу, але і як пэўны тып культуры, і ў побытавых дробязях. Прыналежнасць выяўленага вобраза апавядальніка да старога пакалення і адпаведна тагачаснага ладу жыцця характарызуюць такія заўвагі: “што ў тыя часы падавалася толькі ў панскіх дамах" [5, №4, с. 136], ''рэдкія яшчэ на