Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці Матэрыялы канферэнцыі

Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці

Матэрыялы канферэнцыі

Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
47.97 МБ
Далей савецкія ўлады фактычна наклалі табу на вывучэнне палітычнай гісторыі Беларусі познафеадальнай эпохі, выкідваючы з яе шляхту і яе ўдзел у палітычным жыцці. Паўстанне 1794 г. лічылася з’явай польскай госторыі, яго не раскрылі нават у акадэмічнай пяцітамовай “Гісторыі Беларускай ССР” і зусім праігнаравалі ў школьным вучэбным дапаможніку пад рэдакцыяй Л.С. Абецадарскага. Стараннямі выкладчыкаў БДУ сціслая інфармацыя аб паўстанні і яго кіраўніку трапіла ў дапаможнік для студэнтаў-гісторыкаў, хоць яно прызнана выключна “як яскравая старонка ў барацьбе польскага народа за сваю незалежнасць” [3, с. 163].
Толькі ў Рэспубліцы Беларусь Касцюшка і паўстанне 1794 г. сталі паўнавартасна належаць і нашай гісторыі, што разгорнута прадстаўлена у асобным параграфе трэцяга тома шасцітамовай гісторыі Беларусі [4, с. 245-259], Яго аўтар, У.П. Емяльянчык, выявіў
“беларускі след” у паўстанні не толькі праз характарыстыку мясцовых дзеячаў, удзел сацыяльных нізоў, але і ў яго літвінскіх ідэйнапалітычных асаблівасцях, выкарыстанні партызанскіх, дыверсійных метадаў змагання. У такім плане ўводзяцца і пашыраюцца сюжэты аб падзеях паўстання на беларускіх землях у новыя дапаможнікі для сярэдніх [гл.: 5, с. 3, 131-137] і вышэйшых [гл.: 6, с. 573-582] навучальных устаноў, а постаць Касцюшкі залічваецца ў шэраг выдатных айчынных дзеячаў. Пакуль яшчэ здараюцца рэцыдывы, і ў вучэбнай літаратуры, вяртання да ацэнак паўстання як выключна каталіцка-паланізатарскага [7, с. 231-232], неразумення яго, пры ўсіх слабасцях і недахопах, аб’ектыўнай прагрэсіўнасці для ўсіх земляў першай Рэчы Паспалітай. Але нават нашыя беластоцкія гісторыкі, асабліва адчувальныя да паланізацыйных праяваў ва ўсіх Рэчах Паспалітых, у мясцовым падручніку, адстойваючы “перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня”, сцвердзілі, што Касцюшка “ўдыхнуў у беларусаў надзею на лепшую будучыню. Яны падняліся на паўстаньне ня горш за палякаў” [8, с. 14, 35], Асабліва падкрэсліваюцца раўнапраўныя і паважлівыя адносіны да праваслаўных, памыснае адлюстраванне ў песнях і паданнях. Больш за тое, паводле трапнага вызначэння Алега Латышонка, “у асобе Касьцюшкі мы назіраем столькі праяваў беларускасьці, колькі іх магло быць у дадзеных гістарычных абставінах” [9, с. 393].
Прапаную сучаснае бачанне гэтай тэмы праз фрагменты з аўтарскага варыянту лекцыі “Паўстанне 1794 г. Трэці падзел Рэчы Паспалітай”, напісанай у адпаведнасці з “Праграмай па гісторыі Беларусі” для студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта [гл.:10, с. 21].
Нацыянальны герой Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка належаў да старажытнага беларускага шляхецкага роду, вядомага з 1458 г. Спачатку Касцюшкі вызнавалі праваслаўе, а ў першай палове XVII ст. былі ўжо каталікамі. Іх прадстаўнікі займалі значныя дзяржаўныя пасады ў Берасцейскім павеце. Да канца XVIII ст. уладанні збяднелага роду абмяжоўваліся маёнткам Сяхновічы (зараз Вялікія Сяхновічы і Малыя Сяхновічы ў Жабінкаўскім раёне). Хутчэй за ўсё будучы кіраўнік паўстання тут нарадзіўся і быў ахрышчаны 30 лістапада 1745 г. як Андрэй у мясцовай царкве паводле жадання маці Тэклі з праваслаўна-ўніяцкага роду Ратамскіх з Аршанскага павета. Толькі потым бацька павёз яго хрысціць нанова ў
Косаўскі касцёл, дзе былі дададзены імёны Тадэвуш і Банавентура, а, зыходзячы з метрыкі, датай нараджэння пачало лічыцца 4 лютага 1746 г., месцам бліжэйшы да мястэчка Косава фальварак Марачоўшчына (цяпер у Івацэвіцкім раёне), што тады належаў бацьку. Як і ўсе дзеці небагатай шляхты, да дзевяці гадоў Тадэвуш выхоўваўся дома, у беларускай вёсцы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у піярскай школе мястэчка Любешаў Пінскага павета, а з 1765 г. працягнуў яе ў Варшаўскай рыцарскай школе. У 1769 г. здольнаму афіцэру прафінансавалі паездку на вучобу ў Францыю. За тры гады знаходжання ў Парыжы Касцюшка не толькі ўдасканальваў свае ваенныя і асабліва ваенна-інжынерныя веды, быў слухачом у акадэміі жывапісу і скульптуры, але і пазнаёміўся з ідэямі французскіх асветнікаў, што спрыяла развіццю рэспубліканскага светапогляду. Пасля наведвання Англіі, Італіі, Швейцарыі і Германіі, улетку 1774 г. ён вярнуўся ў Варшаву, аднак афіцэрскай пасады ў войску не знайшлося, таму вымушаны быў працаваць хатнім настаўнікам. Увосень 1775 г. Касцюшка зноў едзе ў Францыю, а ўлетку 1776 г. у Паўночную Амерыку, каб ваяваць за незалежнасць англійскіх калоній. Праявіў сябе найперш як вайсковы інжынер. Яго талент забяспечваў шэраг перамог амерыканскай арміі, у іх ліку пад Саратогай (1777 г.). Касцюшка даслужыўся да звання генерала, зблізіўся з Джорджам Вашынгтонам, быў узнагароджаны найвышэйшым амерыканскім ордэнам Цынцыната, атрымаў там грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. Пазней, у 1798 г., набытай у Злучаных Штатах маёмасцю ён даручыў распарадзіцца свайму сябру Томасу Джэферсану для выкупу і даравання свабоды неграм, іх навучання, маральнага і патрыятычнага выхавання.
Аднак усе заакіянскія поспехі і заслугі не адарвалі Касцюшку ад лёсу Радзімы, куды ён вяртаецца пасля сканчэння вайны і дасягнення рэальнай незалежнасці ЗША. Праўда, вайсковай пасады давялося чакаць, займаючыся гаспадаркай у Сяхновічах, пяць гадоў, ды і тая аказалася ў арміі Каралеўства Польскага, а не ВКЛ. Гэта з горыччу, якая сведчыць аб глыбокіх зямляцка-патрыятычных пачуццях, даводзіў Касцюшка ў лісце 1790 г. да генерала Несялоўскага: “Хіба Вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я з’яўляюся? Няўжо я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць. калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэта Вас не кране для ўнясення прапановы пра мяне на сойме, каб вярнуўся, то я сам буду вымушаны, бачыць Бог, што-
небудзь кепскае сабе ўчыніць! Таму што злосць мяне бярэ: каб з Літвы ў Кароне служыў, калі Вы не маеце трох генералаў”. Патрыятызм ВКЛ тады сумяшчаўся і з патрыятызмам супольнай краіны, якую ён на чале дывізіі паспяхова абараняў у 1792 г. на Валыні, але ў знак пратэсту супраць далучэння караля да Таргавіцкай канфедэрацыі падаў у адстаўку і выехаў за мяжу. Касцюшка быў прыхільнікам “інтэграцыі” этнасаў, што насялялі Рэч Паспалітую на грунце польскіх традыцый, прывітых нашай шляхце за часы сумеснага існавання ў “дзяржаве абодвух народаў”. Вядомы наступны яго выраз адносна “русінаў”: “Прывучаць іх трэба да польскай мовы, няхай па-польску будуць усе іхныя набажэнствы. 3 часам у іх увойдзе польскі дух”. Распаўсюджванне польскай мовы, якая выконвала функцыі міжэтнічных зносін, выступала важнейшым сродкам цэментавання дзяржаўна-палітычнага адзінства Рэчы Паспалітай. У той гістарычны перыяд яшчэ не склаліся ўмовы для фарміравання ўласна беларускай нацыянальнай ідэі, а таму спадзявацца на наяўнасць яе элементаў у дзяржаўніцкім светапоглядзе шляхты было б заўчасным. Ва ўсякім разе, найперш дзейнасць Касцюшкі была скіравана на дасягненне свабоды і незалежнасці краіны, якую раздзіралі агрэсіўныя суседнія манархі. Аб сацыяльным складніку касцюшкаўскага разумення свабоды сведчыць і наступная яго заява: “Толькі за шляхту біцца не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццём”. Прадастаўленне свабоды і грамадзянскіх правоў сацыяльным нізам, сялянству асноўнаму носьбіту беларускай этнічнасці стварыла б перадумовы для з’яўлення асобнага беларускага руху. Для беларусаў, украінцаў, этнічных літоўцаў сацыяльнае разняволенне абумоўлівала тады і нацыянальнакультурнае адраджэнне.
У ВКЛ першы акт паўстання 16 красавіка абвясцілі аддзелы літвінскага войска ў Шаўлях на Жмудзі. Праз дзень іх прыклад перанялі вайскоўцы ў Лідзе, а ў Смаргоні пры падтрымцы жыхароў узяў уладу падпалкоўнік Стафан Грабоўскі і рушыў да Вільні. У ноч з 22 на 23 красавіка паўстанцы Вільні, у ліку якіх быў і рамесны люд, раптоўна захапілі вайсковыя пасты і авалодалі горадам. У палон трапіў начальнік расійскага гарнізона генерал М. Арсеньеў. 24 красавіка на Ратушнай плошчы быў урачаста абвешчаны “Акт паўстання народу Вялікага Княства Літоўскага” (Віленскі акт). Перад вялікім сходам гараджан з патрыятычнай прамовай выступіў Якуб Ясінскі. Быў створаны паўстанцкі ўрад Найвышэйшая рада ВКЛ.
Рада склалася ў большасці з прадстаўнікоў левага крыла шляхецкабуржуазнага блоку і ахоплівала асноўныя адміністрацыйныя адзінкі дзяржавы, у тым ліку і гістарычныя, як Смаленскае ваяводства. У ёй прысутнічалі наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі, мінскі стараста Міхал Бжастоўскі, рэчыцкі падкаморы Станіслаў Валовіч, аршанскі маршалак Мікалай Храпавіцкі, дэлегаты ад гарадоў і паветаў (Слонімскага, Наваградскага, Лідскага). Галоўным кіраўніком паўстання прызнаваўся Касцюшка. На наступны дзень былі асуджаны прыхільнікі Таргавіцкай канфедэрацыі: павешаны гетман вялікі літоўскі Ш. Касакоўскі і пазней маршалак Віленскай канфедэрацыі I. Швыкоўскі.
У красавіку-маі 1794 г. паўстанне шырылася па паветах заходняй часткі Беларусі. Яно перамагло ў Берасці, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку, Пінску, Ашмяне, Кобрыне, Лідзе, Браславе. Цэнтрамі руху былі найперш гарады. 3-за варожых адносін жыхароў Гародні расійскі генерал П. Цыцыянаў 26 красавіка вымушаны быў вывесці войскі за горад. 3 сабой ён прыхапіў касы Гародзенскай эканоміі, скарбовай камісіі і сукно са складоў. Пагражаючы абстрэлам горада з гармат, генерал сарваў з гараджан кантрыбуцыю і адступіў да Нясвіжа. 4 мая пакінуў Берасце і адышоў у напрамку Пінска невялікі аддзел палкоўніка Чэсменскага. Расійскія войскі скіроўваліся ў бок дзяржаўнай мяжы, вызначанай паводле падзелу 1793 г.
Вызваленчы рух ахапіў практычна ўсю тэрыторыю тагачаснай афіцыйнай Рэчы Паспалітай, дзе ўсталёўваліся паўстанцкія органы ўлады і кіравання. Найвышэйшая рада ВКЛ як выканаўчы орган паўстання складалася з дэпартаментаў, а пасля рэарганізацыі ўрада з дэпутацый: парадку (адміністрацыі і парадку), публічнай бяспекі, бюджэту і таемнай (для кіравання ваеннымі аперацыямі). Пасада Старшыні Рады павінна была займацца пачаргова штодзень згодна алфавіту. Першапачатковы склад Рады з 29 асоб прадугледжвалася дапаўняць дэлегатамі ад ваяводстваў і паветаў. Для пакарання ворагаў і здраднікаў быў утвораны Найвышэйшы крымінальны суд.