Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці Матэрыялы канферэнцыі

Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці

Матэрыялы канферэнцыі

Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 162с.
Мінск 2018
47.97 МБ
Друкаваным органам Рады стала “Віленская нацыянальная газета”, якая выходзіла двойчы на тыдзень і рэдагавалася ксяндзом-піярам Піліпам Галанскім. У ёй змяшчаліся матэрыялы “якабінскага” характару, што сведчыла аб большай радыкальнасці літвінскага кіраўніцтва паўстаннем, чым польскага. Віленскі акт паўстання, у адрозненне ад Кракаўскага, змяшчаў заклік не толькі да “вольнасці”. але і да “грамадзянскай роўнасці”. Перавагу такіх настрояў паказваў
“Універсал да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных”, прысвечаны канкрэтнай арганізацыі паўстанцкага руху на месцах, які пачынаўся словамі: “...Слухай, Народзе Літоўскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трона, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі ты ўжо ў ім зняверыўся”. Рэспубліканскія погляды, палітыка літвінскіх паўстанцаў, іх імкненні пашырыць правы ВКЛ на самастойнасць выклікалі недавер і падазронасць у Польшчы сярод тых удзельнікаў паўстання, якія прытрымліваліся ўмеркаваных поглядаў. Знамянальна, што лозунгам паўстання ў Княстве сталі словы “свабода, роўнасць, незалежнасць”, а ў Каралеўстве замест слова “роўнасць” ужывалася “цэласць”.
На месцах узніклі непаразуменні адносна падпарадкаванасці і прызнання Кракаўскага ці Віленскага актаў паўстання. Кіраўніцтва Берасцейскага ваяводства і Кобрынскага павета раней далучыліся да Кракаўскай дэкларацыі Касцюшкі. і калі атрымалі загады з Вільні, накіравалі начальніку паўстання ліст з прапановай аб падпарадкаванасці непасрэдна яму. Таго ж пажадалі паўстанцкія кіраўнікі Гародзенскага павета. Дзеля інтарэсаў паўстання, канфлікт быў хутка вырашаны на карысць падначаленасці мясцовага кіраўніцтва Найвышэйшай радзе ВКЛ.
У паўстанні на тэрыторыі абодвух частак Рэчы Паспалітай было больш агульнага, чым асобнага, пра што сведчыла наяўнасць “парадкавых камісій” як арганізацыйных цэнтраў паўстання на месцах, згодна з Кракаўскім актам. Яны ўзніклі яшчэ падчас працы Чатырохгадовага сойма, але ў перыяд паўстання іх паўнамоцтвы былі пашыраны і скіраваны амаль выключна на яго патрэбы. У кожным павеце абіраўся і прадстаўляўся на канчатковае зацвярджэнне Касцюшку так званы “генерал зямянскі” ці “генерал міліцыі”. Ягоным абавязкам было дапамагаць парадкавым камісіям арганізоўваць паспалітае рушанне і ўзначальваць добраахвотныя паўстанцкія фарміраванні. Сярод такіх генералаў найбольш вядомымі былі: Т. Корсак і Ю. Стакоўскі ў Віленскім ваяводстве, М. Пашкоўскі ў Берасцейскім; К. Беліковіч у Браслаўскім павеце, К. Коцел у Ашмянскім, К. (Юзаф) Нарбут у Лідскім, Сегень у Ваўкавыскім, К. Ельскі ў Гародзенскім, К. Рушчыц у Кобрынскім.
Рада ВКЛ абвясціла рэкруцкі набор у войска сялян і добраахвотнікаў са шляхты. Толькі ў Вільні з ахвочых была створана трохтысячная гвардыя. Большасць шляхты далучылася да паўстання ў рэгіёнах яго распаўсюджання, а таксама частка мяшчан. Найскладаней было з асноўнай масай насельніцтва — сялянствам, ад стаўлення якога ў рашаючай ступені залежаў лёс паўстання. Несумненна, просты люд хутка даведваўся аб паўстанні, пра што сведчыць немалая колькасць фальклорных твораў. “Ай у Вільні ўво ўсе званы зазванілі, у барабаны забілі... Маладзенькі Кастуська ён пры століку стаяў у руках шапку дзяржаў...”, хоць і з блытанінай у канкрэтыцы падзей сцвярджалася ў народнай песні. У фальклоры адлюстраваліся пераважна дадатны вобраз Касцюшкі і спачувальныя адносіны да паўстання, аднак рэальныя паводзіны сялян вызначаліся спадзяваннямі на ліквідацыю прыгоннага права і перадачу ім зямлі, што ў сапраўднасці не адбылося. Выдадзены Т. Касцюшкам 7 мая Паланецкі ўніверсал абяцаў сялянам асабістае вызваленне і некаторае змяншэнне феадальных павіннасцяў. Аднак стараннямі памешчыкаў універсал застаўся на паперы і фактычна не дайшоў да сялян. Літоўская рада абмежавалася агульным і няпэўным абяцаннем “вольнасці”.
Барацьба за сялянскія душы набыла шырокі размах. Касцюшка, Ясінскі, іншыя радыкальна настроеныя кіраўнікі былі гатовы да кардынальнага вырашэння сялянскага пытання, аж да поўнага скасавання прыгонніцтва. Аднак асноўная маса шляхты, і асабліва землеўладальнікі, да такіх кардынальных крокаў былі яшчэ не падрыхтаваны, што і абумовіла абмежаванасць Паланецкага ўніверсалу і тым больш магчымасці яго рэалізацыі. Царскія ж генералы давалі сялянам дэмагагічныя абяцанні і настройвалі іх супраць паўстанцкай шляхты, што з’явілася адной з прычын абмежаванага ўдзелу сялян у паўстанні і нейтральна-пасіўнай пазіцыі іх асноўнай масы.
Са свайго боку кіраўніцтва паўстаннем рабіла контркрокі, каб нейтралізаваць дзеянні царскіх улад. У адмысловым звароце Найвышэйшай нацыянальнай рады ад 17 чэрвеня 1794 г. да “польскіх і літоўскіх жыхароў” між іншым сцвярджалася: “Расія не можа абяцаць вам лепшага стану, калі ў свеце няма горшай няволі, у якой яна земляробаў сваіх трымае, дазваляючы прадаваць тых як быдла, на пляцах... He спакушайцеся ні шляхціцы, ні пасяляне фальшываю надзеяю расійскіх дэкларацый... Польскае праўленне ўсякага стану людзям плён працы іх і гаспадарчае кіраванне раз і назаўсёды жадае
забяспечыць” [Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 16, спр. 758, ч. 2, арк. 196]. Т. Касцюшка імкнуўся выбіць з рук у царызма і рэлігійна-праваслаўную карту, спецыяльна заклікаючы праваслаўнае жыхарства да сумеснай барацьбы за вольнасць і адстойваючы роўнасць іх правоў. У адозве да жыхароў Валынскага ваяводства ад 5 верасня ён заклікаў:	пакіньце ў спакоі людзей, якія маюць з вамі
неаднолькавае веравызнанне, злучыцеся з імі любасцю да бацькаўшчыны і вольнасці народнай, адшукайце свабоду вашу і зрабіце народнае паўстанне” [Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў. Ф. ВУА, спр. 2734, арк. 508].
Чыннікам ідэйна-палітычнага ўздзеяння на насельніцтва Беларусі з’явіўся адзін з лепшых вершаваных твораў другой паловы XVIII ст. — “Песня беларускіх жаўнераў 1794 г.”. Напісаная ў адукаваным шляхецка-паўстанцкім асяроддзі, стылізаваная пад народную, песня з’явілася першым у беларускай літаратуры непасрэдным заклікам да мас узяць у рукі зброю, “косы ды янчаркі”, каб “бацькаўшчыну адзыскаць” і “гнуць каркі” знешніх і ўнутраных яе ворагаў. Менавіта да беларускага селяніна звернуты наступныя радкі верша-песні:
Ці ўжо мы ўсе сабакі?
Гаспадары — не бурлакі.
За што маем крыўду знаці?
За што церпіць наша маці?
Прадавайма оўцы, волы,
Жыта зь свірна ды ўсе долы.
Няхай ксёндз нас пасвянцае
Няхай бог дапамагае.
Бывай здарова, Грыпіна, Параска! Мая дзяўчына! Ад вас зараз ад ’яжджаем, Да Касцюшкі ўсе прыстаем. Калі назад павярнемся, Тады з вамі ўсьцісьнемся. Вольнасць для нас паны даюць I за людзей нас прызнаюць.
Арганізатарская і агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць пры ўсёй яе непаслядоўнасці і абмежаванасці, прыносіла свой плён. Агульны лік удзельнікаў паўстання ў Беларусі на ўсім яго працягу склаў да 30 тысяч чалавек. Прысутнасць касінераў у паўстанцкіх аддзелах дасягала 20-30% іх колькасці.
Вызначальным для замацавання і пашырэння паўстання было правядзенне паспяховых баявых аперацый. Для забеспячэння цэнтралізацыі кіравання вайсковымі сіламі 3 мая ў Вільню прыбылі генералы літвінскай арміі. Рада абвесціла Я. Ясінскага галоўным камандуючым узброеных сіл ВКЛ. Касцюшка надаў яму званне генерал-лейтэнанта. Аднак пры раскіданасці складаючых узброеныя сілы трох дывізій, Ясінскі рэальна камандаваў толькі адной у раёне Вільні. Ліквідацыю пагрозы сталіцы з усходу ён лічыў сваёй першачарговай ваеннай задачай.
Валодаючы ініцыятывай, Ясінскі рушыў на трохтысячны аддзел палкоўніка М. Дзеева ў Ашмянскім павеце. У паўстанцаў было каля дзвюх тысячаў рэгулярнага войска і амаль тысяча мясцовых сялянкасінераў. Бітва адбылася 7 мая каля в. Паляны з прымяненнем артылерыі і доўжылася з раніцы да вечара. Расійскі бок, страціўшы 174 чалавекі забітымі і больш трохсот параненымі, вымушаны быў адступіць да Смаргоні. Страты паўстанцаў, якія адышлі пад Вільню, склалі некалькі дзесяткаў забітымі і 34 чалавекі трапілі ў палон разам з трыма гарматамі. Упартасцю ў змаганні вылучылася асобная група шляхціцаў, віленскіх стральцоў і сялян, узброеных стрэльбамі, сякерамі, дзідамі і косамі. Поспех Ясінскага прыспешыў Цыцыянава да адыходу з-пад Гародні.
Развіццю дзеянняў літвінскай арміі перашкаджала не толькі нарастаючая канцэнтрацыя расійскіх войск, але і ўнутраныя супярэчнасці ў супольным кіраўніцтве паўстаннем. Пад націскам абвінавачванняў у радыкалізме і літвінскім сепаратызме, што зыходзілі з кансерватыўнага лагеру, Касцюшка 4 чэрвеня адхіліў Ясінскага ад агульнага камандавання войскамі. Літоўская рада, што “уносіць дух нязгоды, які абражае унію братніх народаў” была распушчана, а замест яе 10 чэрвеня створана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага, цалкам падпарадкаваная Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. Гэта скавала ініцыятыву віленскіх кіраўнікоў. Новым адзіным камандуючым быў прызначаны безыніцыятыўны польскі генерал Міхал Вяльгорскі.
Змены ў галоўным камандаванні падарвалі дух літвінскай арміі. У канцы чэрвеня расійскія войскі перахопліваюць ініцыятыву. Агульнае кіраванне здушэннем паўстання ажыццяўляў з Нясвіжа рыжскі генерал-губернатар князь Мікалай Рапнін. Ён сканцэнтраваў у Заходняй Беларусі і Курляндыі 30 тысячаў салдат, добра ўзброеных і
вымуштраваных. Яны пачалі паступова выцясняць інсургенцкія атрады з тэрыторыі Беларусі.
Тым часам з Украіны на Беларусь рухаўся расійскі корпус пад камандаваннем А.В. Суворава. На Берасцейшчыне яму супрацьстаяў польскі корпус генерал-маёра Караля Серакоўскага. У ліпені-жніўні гэты корпус прайшоў паспяховым рэйдам ад Высокага праз Шарашова, Пружаны, Ружаны да Слоніма, затым вярнуўся да Бярозы. Першапачаткова Серакоўскі меў паўтары тысячы чалавек. даволі добра ўзброеных. За кошт мясцовай шляхты і сялянства склад корпуса дасягнуў пяці тысячаў пры 26 гарматах. Аднак корпус Суворава па гэтых паказчыках меў больш чым двайную перавагу. Пасля асобных сутычак праціўнікі сышліся 17 верасня каля вёскі Крупчыцы непадалёку ад Кобрына (цяпер Жабінкаўскі раён). Найбуйнейшая ў Беларусі бітва распачалася амаль на світанні і скончылася каля 16 гадзін. Першапачаткова паўстанцы паспяхова адбівалі атакі сувораўскай кавалерыі і пяхоты, бо займалі выгодную пазіцыю перад забалочанай ракою Трасцяніца. Тады Сувораў абыходным манеўрам фарсіраваў гэтую раку, з часткай войска выйшаў у фланг абароны і захапіў узвышша над пазіцыяй паўстанцаў. Каб выратаваць асноўныя сілы, Серакоўскі адышоў у кірунку Брэст-Літоўска. Выключную ролю адыграў Берасцейскі батальён, які, ахвяруючы сабою, прыкрываў выхад з бою астатніх. 3 абодвух бакоў, а пераважна з наступаючага расійскага, страты склалі звыш тысячы ваяроў. Некаторыя паўстанцы ратаваліся за сценамі крупчыцкага кармеліцкага кляштара, але былі там пасечаны казакамі. Серакоўскі перайшоў Буг і спыніўся лагерам каля вёскі Цярэспаль. Ён разлічваў на пару дзён у запасе для атрымання падмацаванняў з Польшчы і перагрупоўкі сіл. Аднак Сувораў не затрымаўся і раптоўным моцным ударам раніцай 19 верасня разграміў і рассеяў корпус Серакоўскага.